ПАЎСТА́ННЕ 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.​К.​Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л. Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач. снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.​Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.

У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.​Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.​Хлапоўскага (820 чал.). У пач. чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.​Гелгуда (гл. ў арт. Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.​Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.

Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл. Полацкі царкоўны сабор 1839).

Літ.:

Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг. Т. 2. СПб., 1863;

Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;

Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;

A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;

Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.

т. 12, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛЯ́НСТВА (ад бел. селянін — жыхар сяла, вёскі),

традыцыйная сац. група непасрэдных с.-г. вытворцаў, якія вялі гаспадарку сіламі сваёй сям’і, уласнымі прыладамі і цяглавай сілай на сваёй або арандаванай зямлі; карысталіся пэўнымі правамі і неслі абавязкі (павіннасці); мелі ўласцівыя ім псіхал. рысы: прыхільнасць да традыцыі ў вытв-сці, побыце, свядомасці, схільнасць да мясц. замкнутасці і г.д. Ва ўсіх дакапіталіст. і раннекапіталіст. грамадствах С. складала асн. частку насельніцтва і аказвала значны ўплыў на іх гісторыю. З прагрэсам вытв. сіл і развіццём грамадскага падзелу працы сяляне ўцягваліся ў сац.-эканам. сувязі, што ствараліся таварна-грашовымі адносінамі, і падвяргаліся сац. расслаенню. З іх асяроддзя ў значнай ступені сфарміраваліся класы гар. наёмных работнікаў і прадпрымальнікаў. З глыбокай старажытнасці існаваў комплекс сац.-эканам. і паліт. праблем, звязаных з сял. землекарыстаннем і землеўладаннем і канфліктамі паміж С. і інш. катэгорыямі землекарыстальнікаў (землеўладальнікаў) — т.зв. аграрнае пытанне. Для яго вырашэння на працягу ўсёй гісторыі дзярж. формы грамадства праводзіліся і праводзяцца шматлікія аграрныя рэформы, якія ў залежнасці ад таго, якія сац.-паліт. сілы іх праводзяць, маюць розны змест і па-рознаму адбіваюцца на лёсах сялян. У развітым рыначным грамадстве С. — адносна нешматлікі сац. слой (напр., у с.-г. вытв-сці Германіі ў 1990-я г. было занята 6% працаздольнага насельніцтва, Нідэрландаў — 4%, Вялікабрытаніі — 1,2%). У адных з гэтых краін амаль завершаны, у інш. працягваецца працэс замены традыц. сял. гаспадарак на чыста капіталіст. фермерскія і памяншэння колькасці С. У краінах, што развіваюцца, эвалюцыя С. ўскладнена агульнай адсталасцю сац.-эканам. развіцця. Тут, як і раней, С. складае большую ч. эканам. актыўнага насельніцтва (у 1990-я г. ў Індыі 65%, Кітаі 60%, Кеніі каля 80% і г.д.), адыгрывае значную ролю ў эканам. і грамадска-паліт. жыцці. З разбурэннем пазямельнай абшчыны С. розных краін здаўна аб’ядноўваецца ў пэўныя формы с.-г. кааперацыі. У СССР фарсіраванае каапераванне сельскай гаспадаркі адбывалася ў выглядзе калектывізацыі. З развіццём індустрыялізацыі колькасць сельскага насельніцтва тут значна паменшылася (34% у 1987). У б. рэспубліках СССР з ліквідацыяй сацыяліст. эканам. і грамадскіх адносін далейшы лёс фактычна рассяляненага сельскага насельніцтва залежыць ад шляхоў і поспеху праводзімых рыначных рэформ.

Як грамадскі клас С. складвалася на аснове аддзялення рамяства ад земляробства пры распадзе першабытнага грамадства і ўсталяванні прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці. На тэр. Беларусі гэты працэс адбываўся ў канцы 1-га — пач. 2-га тыс. н.э. З развіццём феадалізму С. разам з феадаламі складала адзін з 2 асн. класаў грамадства. У ВКЛ, куды з 13—14 ст. уваходзіла Беларусь, сяляне знаходзіліся ў эканам. і юрыд. залежнасці ад дзяржавы, свецкіх феадалаў і рэліг. устаноў, зямлёй якіх яны карысталіся, выконваючы за гэта пэўныя павіннасці (паншчына, аброк, чынш і інш.). У 15—16 ст. сфарміравалася прыгоннае права і розныя катэгорыі феад. залежных сялян (людзі «пахожыя», людзі «непахожыя», отчычы, закупы і інш.) ператварыліся ў адзінае саслоўе прыгонных сялян, якія фактычна з’яўляліся ўласнасцю феадалаў. У апошняй чвэрці 18 ст. на Беларусі дзяржава валодала 24,6% сял. гаспадарак, свецкія феадалы — 65%, царква — 10,4%. З далучэннем бел. зямель да Рас. імперыі (1772—95) становішча С. істотна не змянілася. Пасля сялянскай рэформы 1861, якая скасавала прыгоннае права, пачаўся працэс класавай дыферэнцыяцыі С. на сельскую буржуазію (кулацтва) і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам. Грамадз. правы С. заставаліся істотна абмежаванымі, яно несла асн. цяжар падаткаў і вайсковай павіннасці. У 1897 сельскае насельніцтва Беларусі (пераважна С.) складала 5774 тыс. чал. (86,5% усяго насельніцтва). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 прыватная ўласнасць на зямлю скасавана, частка канфіскаванага памешчыцкага і інш. буйнога землеўладання размеркавана сярод беззямельных і малазямельных сялян.

Калектывізацыя 1930 — пач. 50-х г., якая суправаджалася раскулачваннем, спрыяла ўтварэнню якасна новай сац.-класавай групы — калгаснага С. У выніку індустрыялізацыі і працэсаў урбанізацыі колькасць сельскага насельніцтва (пераважна сялян-калгаснікаў і блізкіх да іх рабочых саўгасаў) увесь час скарачалася. У 1939 яно складала 7057 тыс. чал. (79,2% усяго насельніцтва), у 1959—5575 тыс. (69,2%), у 1979—4297 тыс. (44,9%), у 1999—3084 тыс. (30,7%). З б. сялян паходзіць асн. маса сучасных рабочых, служачых, інтэлігенцыі. З пач. 1990-х г. адбываецца рэфармаванне і пераўтварэнне калгасаў і саўгасаў на аснове прынцыпаў рыначнай эканомікі праз стварэнне на іх базе калектыўна-долевых сельгаспрадпрыемстваў, акц. т-ваў і інш. новых фарміраванняў, што аб’ектыўна вядзе да далейшага скарачэння колькасці занятага ў іх С. Фарміруецца сац. слой індывід. с.-г. прадпрымальнікаў — фермерства (гл. Фермерская гаспадарка), якое выкарыстоўвае працу наёмных с.-г. рабочых.

Літ.:

Сказкин С.Д. Очерки по истории западноевропейского крестьянства в средние века. М., 1968;

Аграрный вопрос и роль крестьянства в развивающихся странах // Проблемы мира и социализма. 1978. № 12;

Классы и сословия средневекового общества. М., 1988;

История крестьянства России с древнейших времен до 1917 г.: В 5 т. Т. 1—3. М., 1987—93;

Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;

Победа колхозного строя в Белорусской ССР. Мн., 1981;

Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг. Мн., 1990;

Сарокін А.М. На ростанях айчыннай гісторыі: Бел. вёска: Ад Дэкрэта да Кодэкса аб зямлі (1917—1990-я гг.). Мн., 1999.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 15, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫРКУЛЯЦЫЯ АТМАСФЕРЫ І ТЭМПЕРАТУРНЫ РЭЖЫМ.

Важным фактарам клімату Беларусі з’яўляецца цыркуляцыя атмасферы. Чаргаванне розных тыпаў паветр. мас надае надвор’ю характэрныя рысы зменлівасці. На працягу года над Беларуссю пераважаюць зах. вятры, якія пераносяць марское атлантычнае паветра. Зімой пануюць паўд.-зах. і зах. вятры. Разам з марскім паветрам перамяшчаюцца цыклоны. Паступленне цыклонаў зімой суправаджаецца павышэннем т-ры, павелічэннем адноснай вільготнасці, воблачнасці, выпадзеннем ападкаў. У такія перыяды ўстанаўліваюцца адлігі і туманы. Зімой магчыма пранікненне кантынент. паветра ўмераных шырот, якое прыносіць марознае надвор’е. Пры гэтым сярэднясутачная т-ра паніжаецца да -10—15 °C, іншы раз да -20 °C і ніжэй. Арктычнае паветра (можа быць марскога і кантынент. паходжання), прыходзіць на Беларусь у тыле цыклонаў, якія развіваюцца на арктычным фронце. Звычайна арктычнае паветра ўрываецца пасля інтэнсіўнай адлігі, абумоўленай цыклонам. Пранікненне арктычнага паветра заўжды выклікае рэзкае пахаладанне з парывістым ветрам і пераменнай воблачнасцю. Марское арктычнае паветра, якое прыходзіць з цёплай ч. Арктыкі, адносна цёплае і стварае воблачнае надвор’е. Кантынент. арктычнае паветра, што ўрываецца з усх. ч. Арктыкі, дынамічна ўстойлівае і суправаджаецца ясным надвор’ем. Пад яго ўздзеяннем т-ра паветра паніжаецца да -40 °C і ніжэй. Улетку пераважаюць паўн.-зах. і зах. вятры, якія прыносяць атлантычнае паветра. Летам гэтыя масы больш халодныя, чым кантынентальнае паветра, але, рухаючыся на У, яны паступова праграюцца. Улетку арктычнае паветра больш цёплае, чым зімой. Праходзячы над кантынентам, яно праграецца ў ніжніх слаях і набывае сухасць, што выклікае працяглыя засухі.

Трапічнае паветра пераважае на ПдУ Беларусі. Пры руху на Пн яно паступова трансфармуецца ў кантынент. паветра ўмераных шырот, абумоўлівае рэзкае павышэнне т-ры (да 38 °C), засушлівае надвор’е летам і моцныя адлігі зімой. Цыркуляцыйныя фактары атмасферы вызначаюць скорасць вятроў. Сярэдняя шматгадовая скорасць ветру на Беларусі складае 3,5—4 м/с на раўнінах і ўзвышшах, 3,0—3,5 м/с у нізінах і далінах рэк. Восенню і зімой у сувязі з актывізацыяй цыкланічнай дзейнасці скорасць ветру павялічваецца, а вясной і летам памяншаецца на 0,5 м/с.

Т-ра паветра з’яўляецца інтэгральным паказчыкам клімату і кліматычных рэсурсаў. Цеплавы рэжым Беларусі характарызуецца паступовым паніжэннем т-ры паветра з ПдЗ на ПнУ (вынік сумарнага дзеяння паветр. цячэнняў, сонечнай радыяцыі і подсцільнай паверхні). Сярэднегадавая т-ра для ўсёй тэр. складае 5,8 °C. Сярэднія гадавыя ізатэрмы зменьваюцца ад 7 °C у Брэсцкай да 4,5 °C у Віцебскай абласцях. У асобныя гады макс. значэнняў гадавыя т-ры дасягаюць 7—9,5 °C. Найб. нізкія сярэднія гадавыя т-ры складаюць 4,5—5 °C. Працягласць цёплага перыяду года (т-ра вышэй за 0 °C) на ПдЗ Беларусі 250—260 дзён, на ПнУ 220—230 дзён.

Самы цёплы месяц на Беларусі — ліпень. Яго сярэднямесячная т-ра мяняецца ад 17,5 °C на Пн да 19 °C на Пд. У асобныя гады назіраюцца істотныя адхіленні (на 3—4 °C) ад звычайнай т-ры. Ліпеньскія ізатэрмы маюць шыротнае распасціранне, што абумоўлена вызначальнай роляй у фарміраванні тэмпературнага рэжыму ўлетку сонечнай радыяцыі і аслабленнем цыкланічнай дзейнасці ў зах. пераносе паветр. мас. Абсалютныя макс. т-ры паступова павялічваюцца ад 35 °C у Віцебску да 38 °C у Гомелі. Найб. халодны месяц — студзень. У гэтым месяцы сярэдняя т-ра складае -6,7 °C, а яе тэр. зменлівасць знаходзіцца ў межах ад -4,5 °C на ПдЗ да -8 °C на ПнУ. У зах. раёнах Беларусі звычайна цяплей амаль на 2 °C, чым ва ўсходніх. У асобныя гады дадатныя або адмоўныя анамаліі т-ры могуць дасягаць 3—6 °C. Абсалютныя мінім. т-ры мяняюцца ад -41 °C у Віцебску да -35 °C у Гомелі. Студзеньскія ізатэрмы маюць амаль мерыдыянальны напрамак як вынік пераважнага ўздзеяння цёплых і вільготных атлантычных паветр. мас у параўнанні з радыяцыйнымі фактарамі. За перыяд інструментальных назіранняў адзначаецца ўстойлівая тэндэнцыя павышэння сярэднегадавой т-ры на 1 °C. Найб. істотны рост т-ры характэрны ў студзені—красавіку.


Абсалютныя экстрэмумы, °C
Станцыя I II III IV V VI VII VIII IX X XI XII Год
Максімум
Віцебск 6 28 35 24 35
Мінск 8 26 35 25 35
Гродна 10 29 36 25 36
Магілёў 6 28 36 25 36
Брэст 12 31 37 26 37
Гомель 9 29 38 26 38
Мінімум
Віцебск -41 -18 4 -15 -41
Мінск -39 -18 4 -13 -39
Гродна -34 -15 3 -14 -36
Магілёў -37 -18 3 -15 -37
Брэст -36 -8 6 -14 -36
Гомель -35 -14 6 -12 -35

Сярэднія месячныя і гадавыя тэмпературы паветра, °C
Станцыя I II III IV V VI VII VIII IX X XI XII Год
Віцебск -7,9 -7,2 -2,7 5,1 12,6 16 17,8 16,2 11,1 5,3 -0,3 -5,1 5,1
Мінск -6,9 -6,2 -2,0 5,5 12,7 16 17,7 16,3 11,6 5,8 0,2 -4,3 5,5
Гродна -5,1 -4,4 -0,5 6,3 12,9 16,1 17,8 16,7 12,5 7 1,7 -2,7 6,5
Магілёў -7,6 -6,9 -2,3 5,5 12,9 16,3 18 16,5 11,6 5,4 -0,1 -4,9 5,4
Брэст 45 -3,5 0,7 7,3 13,6 16,7 18,4 17,4 13,3 7,7 2,6 -1,8 7,3
Гомель -7 -6,1 -1,5 6,6 13,9 17 18,5 17,4 12,5 6,5 0,7 -4,1 6,2

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАДАЛО́ГІЯ,

1) сукупнасць прыёмаў даследавання, якія ўжываюцца ў якой-н. навуцы.

2) Вучэнне пра метады навук. пазнання і пераўтварэнне свету, ужыванне навук. светапоглядных прынцыпаў да працэсу тэарэт. пазнання і практыкі. Пытанні М. пазнання былі аб’ектам увагі яшчэ ў антычнасці, калі Арыстоцель распрацаваў вучэнне аб катэгорыях як арганізуючых формах пазнання (сваю лагічную сістэму ён называў «арганонам» — універсальным сродкам ісціннага пазнання). У сярэдневякоўі праблемы М. не выходзілі за рамкі лагічных пабудоў. У новыя часы М. набыла самастойны статус у сістэме навук. ведаў. Англ. філосаф Ф.​Бэкан упершыню ўзброіў навуку распрацоўкай індукцыйнага метаду, шляхам абгрунтавання ролі эмпірычных метадаў у пазнанні. Франц. вучоны Р.​Дэкарт паставіў на першы план распрацоўку рацыяналістычных асноў М. пазнання, выкарыстанне дэдуктыўнага метаду. Спроба пераадолець абмежаванасць рацыяналістычнай і эмпірычнай плыней у М. была зроблена прадстаўнікамі ням. класічнай філасофіі І.​Кантам, І.​Фіхтэ, Ф.​Шэлінгам, Г.​Гегелем, якія ажыццявілі пераход да распрацоўкі дыялектычнай М. ў яе ідэаліст. форме. Пры гэтым дыялектыка разглядалася як усеагульны метад пазнання і духоўнай дзейнасці. Пераапрацаваныя на матэрыяліст. аснове дыялект. прынцыпы былі пакладзены ў аснову марксісцкай М. Дыялектычна-матэрыяліст. М. (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін) зыходзіць з таго, што навук. пазнанне магчыма толькі тады, калі яно адлюстроўвае аб’ектыўныя законы прыроды і грамадства. Надаючы такой М. рысы ўсеагульнасці, марксізм разглядае яе таксама як сродак рэвалюцыйна-практычнага пераўтварэння рэчаіснасці.

Патрэбы навукі і практыкі 20 ст. абумовілі ператварэнне М. ў спецыялізаваную галіну ведаў. У адрозненне ад тэорыі пазнання, аб’ектам якой з’яўляецца пазнавальная дзейнасць у цэлым, М. акцэнтуе ўвагу на структурнай арганізацыі і сродках пазнання, унутр. механізмах і логіцы развіцця ведаў. Змястоўны аспект М. ўключае ў сябе такія праблемы, як: структура навук. ведаў увогуле і навук. тэорый у прыватнасці; структура і аперацыянальны склад метадаў навукі; крытэрыі навуковасці; заканамернасці нараджэння, функцыянавання і змены навук. тэорый; паняційны апарат навукі і прынятыя ў ёй спосабы тлумачэння; умовы і межы выкарыстання канкрэтных сродкаў М. і інш. Фармальны аспект М. ўключае фармалізаваныя і фармальныя метады даследавання; мову навукі; тыпалогіі сістэм ведаў і г.д. Істотны ўклад у распрацоўку гэтага кірунку М. зрабілі прадстаўнікі неапазітывізму, якія шырока выкарыстоўвалі метады фармальнай логікі для аналізу навук. ведаў.

Літ.:

Бэкон Ф. Новый Органон // Соч. 2 изд. М., 1978. Т. 2;

Горский Д.П. Проблемы общей методологии наук и диалектической логики. М., 1966;

Кун Т. Структура научных революций: Пер. с англ. 2 изд. М., 1977;

Идеалы и нормы научного исследования. Мн., 1981;

Лоўдзі Д. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995.

С.​А.​Яцкевіч.

т. 10, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1848 У ФРА́НЦЫІ,

першая з рэвалюцый 1848—49 у Еўропе, якая прывяла да скасавання рэжыму Ліпеньскай манархіі і ўсталявання ў Францыі Другой рэспублікі. Пачалася на хвалі вострай незадаволенасці грамадства эканам. становішчам, панаваннем у паліт. жыцці буйной фін. буржуазіі, адсутнасцю ўсеагульнага выбарчага права, уціскам грамадз. свабод. Рэвалюцыі папярэднічала шырокая паліт. кампанія апазіцыі ў форме банкетаў у падтрымку выбарчай рэформы Забарона аднаго з такіх банкетаў выклікала 22.2.1848 у Парыжы масавыя дэманстрацыі, якія 23—24 лют. перараслі ў нар. паўстанне. У выніку кароль Луі Філіп вымушаны быў адрачыся ад прастола і пакінуць Францыю. У сфарміраваны 24 лют. часовы ўрад Францыі ўвайшлі як памяркоўныя рэспубліканцы, т.зв. паліт. дэмакраты са старой паліт. эліты (А.Ламарцін, Ж.​Ш.​Дзюпон дэ л’Эр, Л.​А.​Гарнье-Пажэс, І.​А.​Крэм’ё, А.​А.​Ледру-Рален), так і сацыялісты (Ж.Ж.Л.Блан і кіраўнік адной з тайных суполак рабочы А.Альбер). 25 лют. часовы ўрад абвясціў Францыю рэспублікай. Пад націскам патрабаванняў рабочых аб праве ўсіх на гарантаваную працу 25 лют. ўрад дэкрэтаваў гэта права: створаны нацыянальныя майстэрні, Люксембургская камісія для распрацоўкі мер па паляпшэнні становішча працоўных. 4 сак. абвешчана ўсеагульнае выбарчае права. Адначасова цяжкое фін. становішча прымусіла ўрад увесці дадатковы 45%-ны падатак, які закрануў інтарэсы дробных уласнікаў. На выбарах ва Устаноўчы сход (23—24 крас.) большасць галасоў атрымалі паліт. дэмакраты, а сацыялісты і сац.-дэмакраты пацярпелі паражэнне. Трэць месцаў у Сходзе атрымалі кансерватары розных манархісцкіх груповак. 4 мая першае пасяджэнне Сходу пацвердзіла абвяшчэнне рэспублікі. У створаны Сходам урад — Выканаўчую камісію — сацыялісты не ўвайшлі. 15 мая масавая дэманстрацыя на чале з А.Бланкі і інш. радыкаламі спрабавала захапіць будынак парламента і разагнаць Устаноўчы сход. Гэтыя падзеі паскорылі палярызацыю паліт. сіл у Францыі. Роспуск урадам 21 чэрв. нац. майстэрняў выклікаў 23—26 чэрв. паўстанне рабочых Парыжа. Яно было жорстка задушана нац. гвардыяй на чале з ген. Л.Э.Кавеньякам, які фактычна і ўзначаліў рэсп. ўрад. 4 ліст. Устаноўчы сход прыняў канстытуцыю, якая ўсталявала ў Францыі прэзідэнцкую рэспубліку з аднапалатным парламентам. На прэзідэнцкіх выбарах 10 снеж. прэзідэнтам Францыі абраны Луі Напалеон Банапарт (гл. Напалеон III), які 2.12.1851 здзейсніў дзярж. пераварот, што азначала канчатковае паражэнне рэвалюцыі.

Літ.:

Застенкер Н. Революция 1848 г во Франции. М., 1948;

Революции 1848—1849 Т. І—2. М., 1952;

Собуль А. Из истории Великой буржуазной революции 1789—1794 гг. и революции 1848 г. во Франции: Пер. с фр. М., 1960.

П.​А.​Тупік.

т. 13, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́ВА ў мовазнаўстве,

асноўная структурна-семантычная адзінка мовы. С. называе прадметы, з’явы, дзеянні, прыкметы і выражае розныя адносіны паміж імі. Выступае сродкам выражэння паняццяў пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў, адлюстроўвае ступені абстрагаванага пазнання рэчаіснасці, уступае ў сэнсавыя і грамат. сувязі з інш. С., служыць сродкам фарміравання і выражэння думак, выражае пэўныя адчуванні. пачуцці, эмоцыі ўдзельніка моўных зносін да выказанай ці ўспрынятай інфармацыі. Разнастайнасцю функцый С. тлумачыцца дыялектычнае спалучэнне ў ім канкрэтнага і агульнага, прамога і пераноснага значэнняў, наяўнасць іх розных эмацыянальна-экспрэсіўна-ацэначных і стылістычных адценняў, якія набывае С. ў працэсе функцыянавання ў літ. і гутарковай мове. Спалучэнне прамога (устойлівага) і пераноснага (зменлівага) у семантыцы С. дае магчымасць дасягаць узаемаразумення паміж усімі носьбітамі пэўнай мовы, выкарыстоўваць С. як адзінку наймення новых прадметаў і з’яў, як фактар стварэння яркіх вобразна-выяўл. сродкаў у мове маст. л-ры. На ўжыванні С. ў пераносным значэнні засн. метафара, метанімія, перыфраза, сінекдаха, сінестэзія; зменлівы элемент значэння ляжыць у аснове маст. прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці (аксімаран, алегорыя, іронія, увасабленне). У якасці структурнай адзінкі мовы С. характарызуецца як гук ці спалучэнне гукаў. Яму ўласціва семантычная ідыяматычнасць (умоўнасць сувязі гукавога комплексу з пэўным значэннем). У творах маст. л-ры, асабліва ў паэзіі, маст.-выяўл. і экспрэсіўная выразнасць С. падкрэсліваецца і ўзмацняецца гукавой арганізацыяй мовы На гукавой сугучнасці С. і іх частак засн. рыфма і асобныя віды эўфаніі (алітэрацыя, анафара, асананс, гукаперайманне, эпіфара). У С. вылучаюць два бакі: план выражэння (знешняя форма) і план зместу (значэнне). Сувязь паміж гэтымі бакамі ў пэўны перыяд існавання мовы можа быць матываванай (напр., «снягір», «лістапад») і нематываванай («рука», «маці»). С. мае грамат. і лексічнае значэнне. Грамат. значэнне ўласціва адначасова цэламу класу ці вял. групе С. (напр., род, лік, склон характэрны для назоўнікаў, трыванне, лад, час, спражэнне — для дзеясловаў). Лексічнае значэнне з’яўляецца індывідуальным, яно непасрэдна суадносіцца з адпаведным паняццем, адрознівае змест кожнага слова ад інш. слоў. Сукупнасць усіх С. пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад і ўзровень наз. лексікай. Лексіку вывучаюць лексікалогія, граматыка, фразеалогія, стылістыка і інш. лінгвістычныя дысцыпліны Фіксацыяй і сістэматызацыяй лексікі займаецца лексікаграфія.

Літ.:

Уфимцева А.А. Слово в лексикосемантпческой системе языка. М., 1968;

Виноградов В.В. Избр. труды: Лексикология и лексикография. М., 1977;

Тимофеев Л.И. Слово в стихе. М., 1982;

Плотников Б.А., Трайковская В.Ф. Дихотомическая лексикология. Мн., 1989;

Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;

Красней В.П. Грані слова. 3 выд. Мн., 1996.

В.​П.​Красней.

т. 15, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ 1794 у Польшчы, Беларусі і Літве,

нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць акупацыі Расіяй і Прусіяй часткі тэр. Рэчы Паспалітай, за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772, далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сейма 1788—92. Паўстанне падрыхтавана тайнымі патрыят. арг-цыямі, якія аб’ядноўвалі прагрэс. колы шляхты і мяшчан, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Лейпцыг) у складзе Г.Калантая, І., С. і Я. Патоцкіх, С.​Малахоўскага, К.​Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нац. ўзбр. сіламі прызначаны Т.Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў ген.-м. І.​Дзялынскі, у Вільні — палк. Я.Ясінскі. Удзельнікі паўстання падзяляліся на 2 групоўкі: памяркоўных прыхільнікаў рэформ 1788—92 і радыкалаў («якабінцаў»; гл. «Віленскія якабінцы»), якія імкнуліся ўзняць усенар. паўстанне і правесці радыкальныя рэформы на ўзор Вял. франц. рэвалюцыі пад лозунгам «Свабода, роўнасць і братэрства». Паўстанне пачалося 12.3.1794, калі брыгадзір польск. войска А.​Мадалінскі адмовіўся выконваць загад урада аб скарачэнні 1-й Велікапольскай брыгады і разам з войскам накіраваўся ў Кракаў, дзе быў прызначаны пачатак паўстання. 24 сак. ў Кракаве Касцюшка абвясціў Акт паўстання, паводле якога ён атрымліваў найвышэйшую ўладу і пасаду галоўнакамандуючага. Быў створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая нацыянальная рада, мясц. органы ўлады — парадкавыя камісіі ваяводстваў і паветаў, якія складаліся са шляхты і мяшчан. 4 крас. пад Рацлавіцамі (каля Кракава) паўстанцы разбілі 2 калоны рас. войска (гл. Рацлавіцкая бітва 1794). У гэтай бітве ўдзельнічалі касінеры (сяляне, узброеныя косамі, замацаванымі тарчма на дрэўках). Паўстанне ахапіла Сандамірскае, Люблінскае, Мазавецкае ваяв., Холмскую зямлю. 17—18 крас. яно перамагло ў Варшаве. 7 мая Касцюшка выдаў Паланецкі універсал, паводле якога сялянам давалася на пэўных умовах асабістая свабода.

На Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў часцей войска ВКЛ 16 крас. ў г. Шаўлі (Шаўляй, Літва), у ноч на 23 крас. — у Вільні, дзе частка рас. войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 крас. ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэв. ўрад — Найвышэйшая літоўская рада на чале з Ясінскім. У раду ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока і прадстаўнікі асобных тэр. ВКЛ. Гал. кіраўніком паўстання Найвышэйшая літ. рада прызнала Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы. Выдавалася рэв. «Gazeta narodowa Wileńska» («Віленская нацыянальная газета»). У пачатку паўстанне мела поспех. Яго падтрымалі сяляне, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 крас. ў Гродне створана мясц. кіраванне — парадкавая камісія. У крас.—маі паўстанцы ўзялі ўладу ў Брэсце, Ваўкавыску, Слоніме, Навагрудку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Рас. войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 — да Мінска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літ. рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узбр. сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне ген.-лейтэнанта. У маі 1794 Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 мая яго дывізія нанесла паражэнне рас. войску каля в. Паляны (непадалёк ад г. Ашмяны). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тыс. сялян з сякерамі, косамі, віламі, коп’ямі. У гэты час абвастрыліся адносіны паміж кіраўнікамі паўстання. Пад націскам кансерватыўных колаў Касцюшка 4 чэрв. адхіліў ад кіраўніцтва паўстаннем на Беларусі і Літве Ясінскага як радыкала. Замест яго галоўнакамандуючым прызначаны ген.-лейт. М.​Вяльгорскі. Загадам Касцюшкі Найвышэйшая літ. рада распушчана і 10 чэрв. створана больш памяркоўная Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага. Найвышэйшая нац. рада ў Варшаве ўзяла пад свой кантроль кіраўніцтва паўстаннем у Літве і Беларусі, чым скавала ініцыятыву мясц. кіраўнікоў. 12—16 чэрв. М.​К.​Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Мінскай губ. Яго атрад прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жн. Агінскі з новым атрадам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс, Латвія), каб адцягнуць ад Вільні рас. войскі. У 2-й пал. жніўня 3-тыс. атрад палк. С.Грабоўскага правёў новы рэйд у Мінскую губ., але 4 вер. разбіты ў Любанскім баі 1794. Рас. камандаванне кінула на Вільню 3 карпусы. 11 жн. горад быў акружаны і пасля бою 12 жн. капітуляваў. Войска ВКЛ адступіла да Гродна, куды пераехалі і паўстанцкія ўлады. На дапамогу рас. арміі выступіла пруская армія. 6 чэрв. пад Шчакацінамі (на Пн ад Кракава) корпус Касцюшкі пацярпеў паражэнне ад аб’яднанай рас.-прускай арміі, Кракаў быў здадзены. Аўстрыя ўвяла свае войскі ў Люблінскае ваяв. З Украіны быў накіраваны корпус ген.-аншэфа А.​В.​Суворава, які ў Крупчыцкім баі 1794 разбіў корпус ген.-м. К.​Серакоўскага. 19 вер. пад Цярэспалем войскі Суворава разбілі атрады Серакоўскага і ген.-м. К.​Князевіча. 10 кастр. ў Мацяёвіцкай бітве 1794 корпус Касцюшкі зноў пацярпеў паражэнне, а ён сам паранены, захоплены ў палон і зняволены. Начальнікам паўстання прызначаны ген.-лейт. Т.Ваўжэцкі. Карпусы Суворава 4 ліст. штурмам узялі Прагу (прадмесце Варшавы), 6 ліст. здалася Варшава. Рэшткі паўстанцкіх войск на чале з Ваўжэцкім адступілі на Пд, дзе 16 ліст. рассеяны рас. войскамі. Паўстанне, у якім удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх слаёў польск., бел., літ. грамадства на чале са шляхтай (усяго каля 150 тыс. чал., у т. л. на Беларусі і Літве 30—40 тыс.), было задушана. Яно адкрыла перыяд шляхецкай рэвалюцыйнасці на Беларусі, стварыла новы рэв. асяродак ва Усх. Еўропе, які быў працягам Вял. франц. рэвалюцыі. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

Літ.:

Пичета В.И. К истории восстания Костюшко 1794 г. // Уч. зап. Ин-та славяноведения АН СССР. 1953. Т. 7;

Грыцкевіч А.П. Паўстанне 1794 г.: перадумовы, ход і вынікі // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1;

Емяльянчык У. Паланез для касінераў: (З падзей паўстання 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.​Касцюшкі на Беларусі). Мн., 1994.

А.​П.​Грыцкевіч.

Да арт. Паўстанне 1794. Бітва пад Рацлавіцамі 4.4.1794. Малюнак А.​Арлоўскага.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́Й, Рэспубліка Алтай,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 92,6 тыс. км². Нас. 192 тыс. чал. (1993): алтайцы, рускія, казахі і інш.; гар. насельніцтва 30%. Сталіца — г. Горна-Алтайск.

Прырода. Тэр. размешчана ў высакагорнай паўн. ч. Алтая (выш. да 4506 м, г. Бялуха). Горныя хрыбты (Катунскі, Курайскі, Паўн. і Паўд. Чуйскія) падзелены глыбока ўрэзанымі далінамі і шырокімі катлавінамі, т.зв. стэпамі (Абайскі, Уймонскі, Чуйскі і інш.). Клімат рэзка кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -12 да -32 °C, ліп. 9—18 °C. Ападкаў ад 100 мм (у катлавінах) да 1000 мм (на ПнЗ) за год. Буйныя рэкі Катунь і Бія; воз. Цялецкае. Значныя запасы электраэнергіі. Лесасплаў па р. Бія. Глебы пераважна горна-падзолістыя, у паўн.-зах. ч. на ніжніх схілах гор і ў далінах чарназёмныя. 25% тэр. займаюць горна-таежныя лясы з перавагай хвойных парод (сібірская лістоўніца, кедр, піхта), на выш. больш за 2000—2500 м субальпійскія і альпійскія лугі. Алтайскі запаведнік.

Гісторыя. На тэр. Алтая выяўлены стаянкі чалавека эпохі палеаліту (Улалінка, У-Кан). Праз Алтай праходзілі гуны, цюркскія плямёны, уйгуры, енісейскія кыргызы, каракітаі, манголы. З пач. 13 ст. ўваходзіў у манг. імперыю Чынгісхана, потым у склад розных феад. аб’яднанняў. Шчыльнасць насельніцтва была невялікая. Яно займалася качавой жывёлагадоўляй, паляваннем, арэхавым промыслам; панавалі патрыярхальна-феад. адносіны. З каланізацыяй Сібіры Расіяй плямёны алтайскіх жывёлаводаў пачалі прымаць рус. падданства. Гэты працэс узмацніўся ў час спусташальнай вайны 1755 паміж Маньчжурскімі правіцелямі Кітая і Айрацкім ханствам (Джунгарыяй), у склад якога ўваходзіў Алтай. Ратуючыся ад знішчэння, у 1756 алтайцы прынялі падданства Расіі. У студз. — сак. 1918 тут абвешчана сав. ўлада. У чэрв. 1918 Алтай заняты белагвардзейцамі, са жн. 1919 пачаўся партыз. рух супраць войскаў Калчака. У кастр. 1919 партызаны аб’ядналіся ў дывізію (больш за 18 тыс. чал.) з бальшавіцкім штабам (камандзір І.​Я.​Траццяк). У крас. 1920 устаноўлена сав. ўлада. 1.6.1922 у складзе РСФСР утворана Айроцкая аўт. вобл., перайменаваная ў 1948 у Горна-Алтайскую аўт. вобл., а яе цэнтр Айрот-Тура — у Горна-Алтайск. У 1993 Алтай абвешчаны Рэспублікай у складзе Рас. Федэрацыі.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: лясная, дрэваапр., лёгкая (тэкст., гарбарная, абутковая), харч. (мясная, масларобная і інш.), вытв-сць буд. матэрыялаў, электраэнергетыка (будуюцца Чэмальская і Катунская ГЭС на р. Катунь). Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, авечкагадоўля, козагадоўля; гадуюць якаў, маралаў і плямістых аленяў. Пасевы кармавых і збожжавых культур у горных катлавінах і далінах буйных рэк (авёс, ячмень і інш.). Развіта пладаводства. Пчалярства. Пушны промысел. Асн. транспартная магістраль — Чуйскі тракт. Аэрапорт. Горнакліматычны і кумысалячэбны курорт Чэмал. Турызм (воз. Цялецкае, горна-лыжная траса даўж. 1500 м).

т. 1, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПА́ДКІ АТМАСФЕ́РНЫЯ.

Выпадаюць з воблакаў (дождж, імжа, снег, крупы снежныя і ледзяныя, снежныя зерні, ледзяны дождж і град) або асядаюць на зямной паверхні ў выніку кандэнсацыі вадзяной пары ці замярзання пераахалоджаных кропляў вады (раса, шэрань, галалёд, іней). Адрозніваюць паводле характару выпадзення. Абложныя выпадаюць са слаіста-дажджавых і высокаслаістых воблакаў, звычайна звязаны з цёплым фронтам, працяглыя, ахопліваюць вял. плошчу. Ліўневыя выпадаюць з кучава-дажджавых воблакаў, прымеркаваны да халоднага фронту, непрацяглыя, з раптоўным пачаткам і канцом, зменлівай інтэнсіўнасці. Імжыстыя выпадаюць са слаістых і маламагутных слаіста-дажджавых воблакаў.

Ападкі атмасферныя — адно са звёнаў кругавароту вады ў атмасферы. Колькасць ападкаў вымяраецца вышынёй слоя вады ў міліметрах, які ўтварыўся на гарыз. паверхні пры адсутнасці выпарэння і інш. страт. Гадавая сума ападкаў атмасферных на Зямлі ў сярэднім 1130 мм (больш за 500 тыс. км³ вады). Размеркаванне ападкаў на Зямлі вельмі нераўнамернае, яно залежыць ад агульнай цыркуляцыі атмасферы і асаблівасцяў подсцільнай паверхні. Асаблівы ўплыў на размеркаванне ападкаў атмасферных мае рэльеф. Пэўная занальнасць размеркавання парушаецца мясц. фактарамі. Найбольш вільготная на Зямлі экватарыяльная зона, дзе выпадае ад 3000 мм на Амазонскай нізіне ў Паўд. Амерыцы да 9655 мм на наветраных схілах масіву Камерун у Афрыцы. У тропіках выпадае ў сярэднім 1000—2000 мм за год (на сушы больш, чым у моры). Максімальная колькасць ападкаў атмасферных назіраецца ў зоне трапічных мусонаў на плато Шылонг у Індыі, дзе на выш. 1300 м у Чэрапунджы выпадае 10 902 мм ападкаў атмасферных за год. Прыкладна столькі ж (у асобныя гады) на наветраных схілах гор у зоне пасатаў на Гавайскіх а-вах. Мінімум ападкаў атмасферных у пустынях, дзе выпадае 50—250 мм і менш (у некаторых пунктах на сярэднім Ніле і ў пустыні Атакама ў Чылі ападкаў атмасферных не бывае па некалькі гадоў).

На тэр. Беларусі ападкі атмасферныя прыносяць цыклоны з Атлантычнага ак. і Міжземнага м., частка іх фарміруецца як мясцовыя ў выніку канвекцыі. За год выпадае ад 540 мм і менш (на Палессі) да 769 мм (на Навагрудскім узвышшы). Максімальная колькасць 1115 мм назіралася ў 1906 (Васілевічы), мінімальная 299 мм — у 1963 (Брагін). У сярэднім за год бывае ад 145 дзён з ападкамі (на ПдУ) да 195 дзён (на З і ўзвышшах Беларускай грады). Працягласць ападкаў атмасферных за год у сярэднім складае ад 1000—1200 гадзін (на Пд і З) да 1300—1500 гадз (на ПнУ рэспублікі). Максімальная працягласць за год 2034 гадз адзначана ў 1980 у Мінску.

Літ.:

Швер Ц.А. Закономерности распределения количества осадков на континентах. Л., 1984;

Атмосфера: Справ. Л., 1991;

Климатические характеристики земного шара. Л., 1977;

Климат Минска. Мн., 1976.

В.​Р.​Жумар.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАСЛА́ЎЕ (ад слоў «правільнае праслаўленне» Бога),

адзін з асноўных кірункаў у хрысціянстве (побач з каталіцызмам, пратэстантызмам і стараж. ўсходнімі цэрквамі). Склалася як яго ўсх. галіна пасля падзелу Рымскай імперыі (395) і аформілася ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Атрымала пашырэнне гал. чынам ва Усх. Еўропе і Б. Усходзе. Першапачаткова была пануючай рэлігіяй Візантыйскай імперыі, таму зведала ўплыў яе гіст. развіцця, што адбілася ў яе веравучэнні і ў арганізацыі правасл. цэркваў.

Аснову веравучэння П., сфармуляванага ў сімвале веры, прынятым на Нікейскім (325) і Канстанцінопальскім (381) усяленскіх саборах, складаюць Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (патрыстыка, пастановы першых 7 усяленскіх сабораў і інш.). Яно зыходзіць з прызнання трыадзінага Бога — творцы і кіраўніка Сусвету, замагільнага свету, пасмяротнай адплаты, збавіцельнай місіі Ісуса Хрыста, які адкрыў магчымасць для выратавання чалавека, на якім ляжыць пячаць першароднага граху. Адно з гал. месцаў у богаслужэбнай практыцы П. займаюць 7 хрысціянскіх таінстваў. хрышчэнне, прычашчэнне, свяшчэнства, пакаянне (споведзь), мірапамазанне, шлюб, ялееасвячэнне (сабораванне). Вял. значэнне надаецца святам і пастам. У П. адвяргаецца не прызнаюцца* шэраг прынятых у каталіцызме догматаў (аб бязгрэшнасці папы рымскага, аб зыходжанні Св. Духа і ад Бога-бацькі, і ад Бога-сына, аб чысцілішчы, аб бязгрэшным зачацці Ганнай Дзевы Марыі, аб цялесным унебаўзяцці Дзевы Марыі), па-іншаму выконваюцца некат. таінствы. Існуюць адрозненні ў царк. архітэктуры і начынні, строях святароў, інш. атрыбутыцы і абраднасці. У П. богаслужэнне вядзецца на родных (у слав. краінах — на царк.слав.) мовах. Святары (не манахі) павінны быць жанатымі, архірэі — бясшлюбнымі (пасвячаюцца з манаскага духавенства). У П. аўтакефальныя (самастойныя) цэрквы складаюць усяленскую правасл. царкву, аднак адсутнічае адзіны духоўны цэнтр. Канстанцінопальскі патрыярх, прадстаяцель царквы ў сталіцы б. Візант. імперыі традыцыйна захоўвае тытул усяленскага, але не мае адм. улады над інш. цэрквамі.

На 2001 у свеце 15 кананічных аўтакефальных цэркваў: Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыяхійская, Іерусалімская, Руская, Грузінская, Сербская, Румынская, Балгарская, Кіпрская, Эладская, Албанская, Чэшскіх зямель і Славакіі, Польская, Амерыканская (пералічаны паводле часу атрымання аўтакефаліі; 9 першых з іх узначальваюцца патрыярхамі) са сваёй шматступеньчатай іерархіяй (гл. Духавенства, Епіскап, Мітрапаліт). Шэраг рэліг. аб’яднанняў таксама называюць сябе цэрквамі, але яны не атрымалі кананічнага прызнання (Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква на эміграцыі, Украінская аўтакефальная правасл. царква, Кіеўскі патрыярхат і інш.). Прыхільнікі П. складаюць большасць вернікаў у Расіі, Беларусі, Украіне, Малдавіі, Грузіі, Балгарыі, Сербіі, Чарнагорыі, Македоніі, Грэцыі, Кіпры, Румыніі. П. значна пашырана ў Албаніі, Ліване, Сірыі і інш. краінах, а таксама сярод эмігрантаў з гэтых краін у Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі традыцыйна годам увядзення П. лічыцца 992 (заснаванне Полацкай праваслаўнай епархіі). Гісторыю П. на Беларусі гл. ў арт. Беларуская праваслаўная царква.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 12, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)