вертыкальны выступ на сцяне будынка без базы і капітэлі. Вядома ў архітэктуры Зах. і Усх. Еўропы. Звычайна ўспрымалі цяжар ад падпружных арак скляпенняў. Адначасова былі элементамі рытму і дэкору фасадаў, аздабляліся рустам, філёнгамі і інш. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст. (Сафійскі сабор у Полацку), у 17—19 ст. пашырыліся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — у стылях псеўдарус., несапраўднай готыкі, мадэрн. У сучаснай архітэктуры Л. — важны элемент стварэння рытму фасадаў. Часам маюць выгляд пілонаў.
У драўляным дойлідстве ў выглядзе Л. часам вырашалася шалёўка рэшткаў зрубаў, якую аздаблялі дэкар. разнымі накладкамі, размалёўкай. У некат. збудаваннях 18—19 ст. пад уплывам мураванай архітэктуры Л. аздабляліся канелюрамі або рустам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАСВЕ́РЖАНСКАЯ УСПЕ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры ранняга барока ў в. Новы Свержань Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Узведзена ў сярэдзіне 18 ст. на месцы драўлянай царквы 1590 (фундаваная Радзівіламі, у пач. 17 ст. перабудавана як уніяцкая). Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм (у плане — выцягнуты прамавугольнік) з прамавугольнай алтарнай апсідай і 2 нізкімі рызніцамі па баках. Над вузкім прамавугольным прытворам — масіўны чацвярык вежы з фігурнай галоўкай, накрыты гранёным купалам і аздоблены вертыкальна выцягнутымі плоскімі паўцыркульнымі нішамі, якія імітуюць аконныя праёмы. Сцены царквы ў верхняй частцы расчлянёны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі з раструбамі ў абодва бакі. Адзіны дэкар.элемент фасада — партал бакавога зах. ўвахода. Уваход у царкву з паўн. боку. Алтарная частка перабудавана ў 19 ст. Вакол храма бутавая агароджа, у якую ўбудавана брама-званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДО́Н (лац. Radon),
Rn, радыеактыўны хім.элемент VIII перыяд. сістэмы, ат. н. 86, ат. м. 222,0176, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з сумесі ізатопаў (α-выпрамяняльнікі) з масавымі лікамі 218—220 і 222, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы 222Rn (перыяд паўраспаду 3,824 сут). Утвараецца пры распадзе радыю (адсюль назва). У атмасферы 6∙10−20% па аб’ёме (адзін з самых рэдкіх элементаў); вызначае прыродную радыеактыўнасць паветра.
Аднаатамны газ без колеру і паху, шчыльн. 9,73 кг/м³ (0 °C), L -61,9 °C. Добра раствараецца ў этаноле, бензоле, гексане, адсарбіруецца сілікагелем і актываваным вугалем. Пры награванні ўзаемадзейнічае з фторам, утварае дыфтарыд RiiF, — бясколернае нелятучае крышт. рэчыва. Выкарыстоўваюць у медыцыне (радонавыя ванны) і навук. даследаваннях. Намнажаецца ў памяшканнях (пераважна з буд. матэрыялаў); дапушчальная канцэнтрацыя ў паветры 55,5 Бк/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,
адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМАЎЛЕ́ННЕ,
элемент дыялектыкі, што фіксуе адзін з неабходных момантаў развіцця і ўмову змены аб’екта, пры якой некаторыя элементы не проста знішчаюцца, але захоўваюцца ў новай якасці. Віды адмаўлення розныя. Пры зняцці адбываецца ліквідаванне прадмета як пэўнага цэлага, але з захаваннем яго асобных («станоўчых») элементаў. Дэструкцыя азначае разбурэнне, знішчэнне структуры, якую адмаўляюць. Адмаўленне ў выглядзе трансфармацыі мае месца ў выпадках пераходу ад адной стадыі развіцця да другой у рамках той жа самай сістэмы. Адмаўленне сацыяльнае — сукупнасць дзеянняў чалавека па змене наяўных грамадскіх адносін, пры якіх выяўляюцца канкрэтныя суб’екты, аб’екты, мэты, прастора, час, каштоўнасныя арыентацыі і экзістэнцыялы, сродкі, метады. У найб. рэзкіх формах сац. адмаўленне выяўляецца ў войнах, рэвалюцыях, генацыдзе, злачыннасці, міжнац. канфліктах і інш. Адмаўленне, якое вядзе да сац. прагрэсу, называюць дыялектычным, процілеглае — чыста суб’ектыўным (гл.Нігілізм).
Адмаўленне ў логіцы — мысленнае проціпастаўленне аднаго суджэння другому.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДО́ЛА (італьян. gondola),
1) аднавёславая пласкадонная лодка з узнятымі фігурнымі носам і кармой. Пашырана (з 11 ст.) у Венецыі. Даўж. каля 10 м, шыр. 1,3 м. Звычайна мае каюту або навес для пасажыраў.
2) Кабіна аэрастата для размяшчэння людзей, сілавых установак, абсталявання і баласту. Гандола стратастата — герметычная кабіна, дырыжабля — убудаванае або падвеснае на стропах памяшканне.
3) Канструкцыя абцякальнай формы некат. тыпаў суднаў, вынесеная за межы корпуса і прызначаная для размяшчэння гідралакацыйнай апаратуры, механізмаў вінтарулявой калонкі, грабных рухавікоў.
4) Элемент канструкцыі самалёта або верталёта, які мае абцякальную форму і прызначаны для размяшчэння рухавіка, шасі і інш. 5) Самаразгрузны чыгуначны паўвагон з плоскай гарыз. падлогай, у якой зроблены люкі.
Венецыянская гандола для плавання па каналах.Да арт.Гандола. Адзін з першых аэрастатаў (1783, Францыя): 1 — шар; 2 — канаты; 3 — гандола з двума чалавекамі на борце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ І ГОМАМАРФІ́ЗМу логіцы,
паняцці, якія характарызуюць адносіны паміж структурамі аб’ектаў, сістэм, вобразаў і інш. Сістэмы ізаморфныя, калі кожнаму элементу адной з іх або кожнай аперацыі (сувязі) у адной сістэме адпавядае элемент, аперацыя (сувязь) у другой і наадварот. Поўны ізамарфізм можа быць толькі паміж абстрактнымі аб’ектамі (гл.Абстракцыя). Ізамарфізм звязаны не з усімі, а толькі з некаторымі ўласцівасцямі і адносінамі аб’ектаў, што параўноўваюцца; інш. ўласцівасцямі і ў інш. адносінах яны могуць адрознівацца. Калі адпаведнасць адназначная толькі ў адзін бок, сістэмы гамаморфныя. Гамаморфны вобраз — гэта няпоўнае, прыблізнае адлюстраванне структуры арыгінала (напр., адносіны паміж картай і мясцовасцю, паміж грамзапісам і гукавымі ваганнямі паветра). У тэорыі пазнання паняцці І. і г. выкарыстоўваюцца пры аналізе адпаведнасці паміж вобразам і прадметам, тэорыяй і аб’ектам, пры аналізе пераўтварэння інфармацыі. Паняцці І. і г. цесна звязаны з паняццем мадэліраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНА́ДА (франц. colonnade),
рад або рады калон, аб’яднаных гарыз. перакрыццем ці антаблементам. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынкаў выкарыстоўваюцца ў выглядзе порцікаў і галерэй, якія прылягаюць да будынка, аб’ядноўваюць яго асобныя часткі, звязваюць з навакольным асяроддзем (з прасторай двара або плошчы). Можа быць самаст. збудаваннем. Унутры будынкаў К. абрамляюць залу, выкарыстоўваюцца для расчлянення і адначасова сувязі асобных ч. параднага інтэр’ера. Вядома ў манум. архітэктуры Стараж. Егіпта, Грэцыі і Рыма. Пашырана ў еўрап. архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму.
На Беларусі К. выкарыстоўваліся ў палацавых пабудовах стыляў барока, класіцызму, а таксама гандл. будынках 19 ст. У архітэктуры 20 ст. выкарыстоўвалася як асн.элемент кампазіцыі гал. фасадаў (гал. корпус Нац.АН Беларусі, Дом прафес. саюзаў у Мінску, будынак Бел.т-ра імя Я.Коласа ў Віцебску і інш.). У выглядзе К. аформлены гал. ўваход у Цэнтр.бат. сад Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНТА́Н (лац. Lanthanum),
La, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 57, ат. м. 138,9055, адносіцца да рэдказямельных элементаў. Прыродны Л. складаецца з 2 ізатопаў 139La (99,911%) і радыеактыўнага 138La (перыяд паўраспаду 2 ∙ 1011 гадоў). У зямной кары 2,9 ∙ 10−3% па масе. Адкрыты швед. хімікам К.Мосандэрам у 1839. Назва (ад грэч. lanthanō хаваюся) абумоўлена цяжкасцю атрымання.
Серабрыста-белы метал, tпл 920 °C, шчыльн. 6162 кг/м³. У вільготным паветры акісляецца. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, мінер. к-тамі, пры награванні — з большасцю металаў і неметалаў. Выкарыстоўваюць для легіравання алюмініевых, магніевых, нікелевых і кобальтавых сплаваў, як кампанент міш-металу — сплаў 45—50% цэрыю, 22—25% Л., 15—17% неадыму і інш. рэдказямельных элементаў з жалезам (да 5%) і крэмніем (0,1—0,3%), для паляпшэння мех. уласцівасцей сталі, чыгуну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАФО́Н (ад мікра... + фон),
пераўтваральнік энергіі акустычных хваль у эл. сігналы, прапарцыянальныя гукавому ціску. Характарызуецца адчувальнасцю, дыяпазонам рабочых частот, дынамічным дыяпазонам, накіраванасцю і інш. Выкарыстоўваецца ў тэлефаніі, тэлебачанні, радыёвяшчанні, гуказапісе, вымяральнай тэхніцы і інш.
Мае адчувальны элемент (мембрану), які вагаецца пад уздзеяннем гукавога ціску. Паводле прынцыпу дзеяння найб. пашыраны электрастатычныя (кандэнсатарны і электрэтны), дынамічныя і п’езаэл. М. У кандэнсатарным М. рухомая мембрана і нерухомы электрод утвараюць кандэнсатар пераменнай ёмістасці, да якога далучана знешняя крыніца сілкавання. У электрэтных М. найб. пашыраны мембраны з металізаванай электрэтнай плёнкі (гл.Электрэт), якая адначасова з’яўляецца крыніцай эл. поля. У дынамічных М. з мембранай жорстка злучана шпуля, што вагаецца ў пастаянным магн. полі і дзе ўзнікае эрс. У п’езаэл. М. да мембраны далучаны п’езаэлемент (гл.П’езаэлектрычнасць).