царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛІКА (італьян. maiolica ад старой назвы г. Мальёрка, праз які ў Італію ўвозілі іспана-маўрытанскую кераміку),
вырабы з каляровай абпаленай гліны з буйнапорыстым чарапком, пакрытыя непразрыстай палівай (арх. абліцоўка, посуд, статуэткі); від керамікі. Дэкар. малюнак наносяць перад абпальваннем па сырой белай паліве. Дзякуючы абпальванню пры параўнальна невысокай тэмпературы фарба захоўвае свой колер.
М. вядома са старажытнасці ў Егіпце, Вавілоніі, Іране, некат. інш. краінах Азіі. Дасягнула росквіту ў 15—17 ст. у Італіі, Іспаніі, Францыі, Германіі, у 17—18 ст. у Расіі. Значны ўклад у развіццё М. ў Рус. дзяржаве зрабілі майстры цаніннай справы — выхадцы з Беларусі С.Грыгор’еў, С.Іваноў (Палубес), І.Максімаў, старац Іпаліт, Ф.Чука, П.Заборскі.
На тэр. Беларусі рознакаляровую М. выраблялі з 12 ст. амаль ва ўсіх гарадах. Зберагліся фрагменты гродзенскага маёлікавага посуду, цацак і плітак 12—13 ст., абліцовачных плітак 14—15 ст., кафлі 15—20 ст., посуду 18—19 ст., мінскага маёлікавага посуду, полацкага, тураўскага, пінскага, мсціслаўскага посуду і плітак 12—13 ст., посуд і кафля заслаўскія, віцебскія, копыскія 16—20 ст. Найб. вядомы М. івянецкая (посуд, дробная пластыка, цацкі) і ракаўская (посуд, скульптура, цацкі, попельніцы, чарніліцы) 19—20 ст., барысаўская (посуд, цацкі, дробная пластыка, 18—20 ст.), кафля заслаўская (17 ст.), копыская (16—20 ст.), віцебская (15—19 ст.), магілёўская (17—19 ст.), мірская (16—18 ст.), мсціслаўская (15—18 ст.). У 1920-я г. М. развівалася пры Віцебскім маст. тэхнікуме, у 1950-я г. — пры Мінскім фаянсава-фарфоравым з-дзе, з 1960-х г. — пры Бел.тэатр.-маст. ін-це, Маст. фондзе Беларусі. З 1970-х г. маёлікавыя вырабы выпускаюць аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка», Гродзенскі камбінат буд. матэрыялаў, Аршанскі камбінат сілікатных вырабаў, нар. майстры. Сярод прафес. мастакоў маёлікавых вырабаў М.Байрачны, М.Бяляева, Г.Гаркуноў, Г.Гаўрылаў, В.Данчук, А.Дзятлава, Ф.Зільберт, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, В.Кірыленка, А.Концуб, Ю.Конюх, Н.Кухарэнка, М.Міхалап, М.Несцярэўскі, Т.Паражняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, З.Раўко, Т.Сакалова, У.Угрыновіч, Я.Хамініч, М.Шаўцова, Ф.Шостак. Іх творам характэрны выразная вобразная дэкаратыўнасць, значнасць зместу, эксперыментатарскія пошукі ў галіне новых пластычных і жывапісных магчымасцей керамічнай масы, глазураў, эмаляў.
Літ.:
Елатомцева И.М. Художественная керамика Советской Белоруссии. Мн., 1966;
Беларуская кераміка: [Альбом]. Мн., 1984.
М.М.Яніцкая.
Да арт.Маёліка. Кафляная печ у асабняку г. Бабруйск Магілёўскай вобл.Пач. 20 ст.Да арт.Маёліка. Кафляная печ у Прастольнай палаце Церамнага палаца ў Маскве. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНАЕ САМАВЫЗНА́ЧЭННЕ,
свабоднае і суверэннае вызначэнне нацыяй або інш. этнасацыяльнай супольнасцю дзярж. форм свайго існавання і ўзаемаадносін з інш. народамі (этнасамі); асн. прынцып нац. палітыкі, найб. поўнае выражэнне дэмакратызму ў нац. адносінах (гл.Нацыянал-дэмакратызм).
Прынцып Н.с. сфарміраваўся ў выніку асэнсавання вопыту нац. рухаў, сусв. вопыту вырашэння нац. пытання. На яго аснове ў 19 ст. створаны шэраг незалежных нац. дзяржаў у Еўропе і Амерыцы, у 20 ст. адбылося мірнае дэмакр. аддзяленне Нарвегіі ад Швецыі (1905), Фінляндыі і Польшчы ад Расіі (1917), распад шматнацыянальнай Аўстра-Венгрыі на шэраг нац. дзяржаў (1918), стварэнне нац.сав. рэспублік і іх аб’яднанне ў СССР (1917—22), пасля 2-й сусв. вайны — распад каланіяльнай сістэмы і ўзнікненне больш чым 120 новых нац. дзяржаў, у канцы 20 ст. — распад СССР, Чэхаславакіі, Югаславіі і стварэнне на іх месцы суверэнных дзяржаў. Стварэнне нац. дзяржаў — аб’ектыўная гіст. і агульнасусв. тэндэнцыя. Для шматнац. грамадстваў і дзяржаў гэта можа азначаць распад, расчляненне, калі адсутнічаюць інш. шляхі і магчымасці дэмакр. і ўзгодненага вырашэння праблем міжнац. узаемаадносін. Н.с. можа ажыццяўляцца і ў форме добраахвотнага, на аснове дэмакр. выяўлення волі народаў, уваходжання нацый у саюзную дзяржаву, стварэння федэратыўных шматнацыянальных дзяржаў. У канцы 20 ст. адбываецца інтэграцыя нац. дзяржаў з даўнімі традыцыямі суверэннага існавання ў буйных утварэннях (напр., Еўрапейскі саюз), дзе адбываецца сумяшчэнне нац. суверэнітэту з працэсамі інтэрнацыяналізацыі і інтэграцыі.
Ідэя Н.с. беларусаў упершыню ўскосна выказана К.Каліноўскім (ідэя пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй).
Створаная ў пач. 20 ст. нац.-дэмакр. партыя сацыялістычнага кірунку Беларуская сацыялістычная грамада адной са сваіх бліжэйшых задач лічыла стварэнне аўтаноміі Беларусі з сеймам у Вільні ў складзе дэмакр.Рас. рэспублікі. Глыбокі ўсеагульны крызіс і распад Рас. імперыі ў выніку 1-й сусв. вайны, Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый 1917 паспрыялі прыкметнаму паскарэнню эвалюцыі агульнай ідэі свабоднай Беларусі ў кірунку практычнага дзярж.-незалежнага самавызначэння. У выніку адбылося абвяшчэнне БНР (сак. 1918), якая ў тагачасных гіст. і паліт. умовах не змагла рэалізаваць свой суверэнітэт. 1.1.1919 утворана Беларуская ССР. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая 25.8.1991 атрымала статус канстытуцыйнага закону. У Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэсп. рэферэндуме 24.11.1996, Беларусь на падставе свайго неад’емнага права на самавызначэнне абвяшчалася унітарнай дэмакр.сац. прававой дзяржавай, што валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутр. і знешнюю палітыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІГІЛІ́ЗМ,
сацыяльна-філасофская канцэпцыя абсалютнага адмаўлення духоўных асноў быцця і агульнапрынятых каштоўнасцей (ідэалаў, рэліг. і маральных норм, культуры, грамадскіх ін-таў, гіст. мінулага). Асн. ідэі Н. прысутнічалі ў рэліг.-філас. вучэннях сярэднявечча. У 11 ст. ератыкоў называлі «нігіліяністамі» (па назве вучэння, якое адмаўляла існаванне Хрыста); у 18—19 ст. у Еўропе тэрмін «Н.» ужываўся для абазначэння крайнасцей ідэалізму і скептыцызму. Пачынаючы з Ф.Ніцшэ, зах.філас. і этычны Н. набыў змест вучэння «пачатку эпохі заняпаду». Ніцшэ надаў Н. кірунак «пераацэнкі ўсіх каштоўнасцей», разглядаў яго як этап вызвалення ад ілюзій гуманізму ў працэсе руху да «звышчалавека», які стаіць «па той бок дабрыні і зла». Непасрэдная прычына Н., на думку Ніцшэ, — разлажэнне хрысціянскай маралі і рэліг. свядомасці, страта веры ў Бога. Новая інтэрпрэтацыя Н. ўзнікла ў 20 ст. ў філасофска-гіст. канцэпцыі «культурных цыклаў» О.Шпенглера, які лічыў еўрап. грамадства і культуру нігілістычнымі (гл.Культурных цыклаў тэорыя). «Эпоха заняпаду», якую перажывае кожны культурны арганізм, характарызуецца спецыфічнымі рысамі: разважнасцю, цвярозым практыцызмам, сенсуалістычна-матэрыялістычным падыходам да чалавека і свету. Гэтыя моманты, паводле Шпенглера, і складаюць аснову нігілістычнага светаадчування. У зах. філасофіі 2-й пал. 20 ст. праблемы Н. распрацоўваліся найперш экзістэнцыялістамі (М.Хайдэгер, К.Ясперс, А.Камю). Узнікненне Н. яны звязваюць з тым, што грамадства страціла веру ў тыя ідэалы, якія складаюць сэнс чалавечай дзейнасці. На іх думку, чалавечае жыццё ў сучасных умовах становіцца бессэнсоўным. Таму Камю заклікаў людзей усведамляць абсурднасць сваіх дзеянняў. У Расіі і на Беларусі гал. носьбітам ідэалогіі і псіхалогіі Н. былі прадстаўнікі разначыннай дэмакр. інтэлігенцыі канца 1850—60-х г. Спецыфічнай рысай гэтага Н. быў рацыяналізм, заснаваны на кульце «ведаў», пакланенні прыродазнаўчым навукам, перанясенні іх метадаў на сац. і духоўную сферы. Разбурэнне мінулага, ператварэнне яго ў «нішто» было найважнейшай прыкметай Н. Канкрэтныя справы прыхільнікі Н. разумелі як разрыў з традыц. сістэмай каштоўнасцей у адукацыі і выхаванні, барацьбу за індывідуальнасць, бунт, рэвалюцыю, разбурэнне ўсіх рэліг., дзярж. і культ. дасягненняў, як пратэст супраць усяго існуючага. Тэарэтыкі рас. Н. адхілялі кансерватыўную ідэалогію і рэліг. забабоны, ідэаліст. філасофію, дэспатызм у грамадстве і сям’і, «мастацтва дзеля мастацтва», «навуку дзеля навукі», патрабавалі свабоды асобы, раўнапраўя жанчын, абгрунтоўвалі выключную ролю інтэлігенцыі ў пераўтварэнні краіны. Н. стаў асновай светапогляду рэв.-дэмакр. кірункаў сац.-філас. і грамадска-паліт. думкі таго часу. Маючы форму актыўнага пратэсту ён падштурхоўваў да змянення навакольнай рэчаіснасці. У 1860-я г. Н. паступова страціў свой уплыў у рас. грамадстве, яго прадстаўнікі падзяліліся на рэвалюцыянераў-дэмакратаў, прапаведнікаў культурніцтва, блізкіх да лібералаў, і радыкалаў-анархістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДА НАРО́ДНЫХ МІНІ́СТРАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада Міністраў БНР. Сфарміравана Радай Беларускай Народнай Рэспублікі замест Народнага сакратарыята Беларусі ў адпаведнасці з Часовай канстытуцыяй БНР, прынятай 11.10.1918. У склад 1-й Р.н.м. (5-ы ўрад БНР) уваходзілі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф): А.Луцкевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Я.Варонка (міністр унутр. спраў) В.Захарка (нам. старшыні да вер. 1919, міністр фінансаў), Л.Заяц (дзярж. кантралёр), А.Ладноў (міністр ваен. спраў), А.Смоліч (міністр асветы), А.Цвікевіч (міністр юстыцыі). Пазней Варонку на пасадзе міністра змяніў К.Цярэшчанка. 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР. на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Найвышэйшая рада пацвердзіла паўнамоцтвы кабінета Луцкевіча, у складзе якога засталіся таксама Смоліч і Цярэшчанка. Пасля адстаўкі Луцкевіча (28.2.1920) Найвышэйшая рада свой кабінет не фарміравала. 6-м урадам БНР лічыцца кабінет, створаны 13.12.1919 Нар. радай. У склад гэтай Р.н.м. уваходзілі прадстаўнікі Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў і БПС-Ф: В.Ластоўскі (старшыня), Я.Бялевіч (міністр фінансаў, з вер. 1920 А.Вальковіч), Т.Грыб (міністр унутр. спраў), К.Дуж-Душэўскі (дзярж. сакратар), Ладноў (міністр замежных спраў, пазней Цвікевіч), Заяц (дзярж. кантралёр), Цвікевіч (нам. старшыні, міністр юстыцыі). У выніку ганенняў з боку польск. акупац. улад кабінет Ластоўскага эмігрыраваў. Да ліст. 1920 ён знаходзіўся ў Рызе, потым у Коўне (Каўнасе). На Першай Усебеларускай канферэнцыі (1921, Прага) Р.н.м. прызнана адзіным законным органам выканаўчай улады на Беларусі. 1.10.1922 створаны 7-ы ўрад БНР — Дзярж. калегія на чале з П.Крачэўскім. 8-ы ўрад БНР сфарміраваны 23.8.1923. У склад Р.н.м. увайшлі Цвікевіч (старшыня, міністр замежных спраў), Варонка (міністр асветы; неўзабаве выехаў у ЗША), Захарка (в.а. міністра фінансаў), Заяц (дзярж. кантралёр), У.Пракулевіч (дзярж. пісар). Прэзідыум Рады БНР прыняў склад гэтага кабінета «да ведама», але не зацвердзіў яго пастановай. У ліст. 1923 Р.н.м. пераехала з Коўна ў Прагу. Перад Другой Усебеларускай канферэнцыяй (1925, Берлін) Р.н.м. абвясціла ўрад БНР «зліквідаваным і спыніўшым сваю дзейнасць», аднак старшыня Рады БНР Крачэўскі і яго нам. Захарка не прызналі акты Р.н.м. правамоцнымі. Пасля канферэнцыі старшынёй Р.н.м. стаў Захарка. У 1928—43 ён спалучаў гэту пасаду з выкананнем абавязкаў старшыні Рады БНР. З сак. 1943 да сак. 1946 старшынёй Рады БНР і Р.н.м. быў М.Абрамчык. З чэрв. 1948 Р.н.м. не фарміравалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАРО́ДНЫЯ ГУ́ЛЬНІ,
адна са стараж. формаў нар. творчасці беларусаў. Узніклі з язычніцкіх уяўленняў чалавека пра навакольны свет і звязаны з яго імкненнем паўплываць на незразумелыя прыродныя сілы. Пазней нар. гульні сталі забавай, сродкам маральнага, эстэт. і фіз. выхавання. Вядома больш за 400 беларускіх народных гульняў, якія не маюць строгіх правілаў, у розных месцах адну і тую ж гульню называюць і ладзяць па-рознаму. Гульні сінтэзуюць элементы песеннага і славеснага фальклору, танца, нар. тэатра, прац., ваен. і спарт. майстэрства. Найбольш стараж. з іх звязаны з паляваннем і паходзяць ад рытуальных скокаў, у якіх чалавек, імітуючы паводзіны жывёл і птушак, імкнуўся з магічнымі мэтамі ўвасобіцца ў інш. істоту (гульні «Каршун», «Мядзведзь», «Пастух і воўк», «Гусі», «Каза», «Журавель»). Многія гульні заснаваны на імітацыі прац. працэсаў («Проса», «Лён», «Канапелькі», «Рэдзька», «Млынок» і інш.), большасць з іх трансфармавалася ў гульнёвыя карагоды. Вытокі вял. колькасці традыц. гульняў ляжаць у абрадавай паэзіі. Асабліва многа іх звязана з нар. календаром. Гэта і веснавыя гульні — гуканне вясны, валачобніцтва (гл.Валачобнікі), Юр’е, ваджэнне і пахаванне «стралы», провады русалкі, траецкія гульні і інш. Шмат гульнёвых забаў адбывалася на Купалле — скокі праз вогнішча, качанне па жыце, пошукі папараць-кветкі. У час іх правядзення выбіралі арганізатара — Купаліша. Гульнёвы характар у час жніва набылі цырымоніі першага і апошняга снапа, «завіванне барады». Зімой у доўгія калядныя вечары наладжвалі шматлікія забавы, гульні з выкананнем песень, пераапрананнем у «цыгана», вадзілі «Казу», «Каня», «Кабылу», «Жураўля», «жанілі Цярэшку» (гл.«Жаніцьба Цярэшкі»), гулялі ў «Яшчура» і шчадравалі. Багаццем гульнёвых рытуалаў вылучаецца вяселле, магчыма, таму ў народзе кажуць «гуляюць вяселле». Сватанне, выкуп месца для маладой, падзел каравая і інш. дзеянні, страціўшы свойстараж. сэнс, сталі вясельнымі гульнямі. На вяселлі адбываюцца тэатралізаваныя жартоўныя паказы, у час якіх госці «жэняць» падстаўных маладых, і гульня ператвараецца ў звычайную пацеху. Гульні далі жыццё многім бел. танцам («Бычок», «Качан», «Падушачка» і інш.). Нар. гульні вызначаліся свабоднай імправізацыяй, лёгкасцю пераходу ад сур’ёзнага да жартоўнага, вясёлага, што стала асновай мастацтва вандроўных прафес. акцёраў — скамарохаў. Многія гульні дарослых перайшлі ў дзіцячую аўдыторыю і сталі дзейсным сродкам нар. педагогікі, развіваюць здольнасць да творчай імправізацыі, узаемавыручку, калектывізм і інш. лепшыя якасці («У гусі», «Жмуркі», «У жорава», «Вецер», «Лось», «Пячэнне хлеба», «Грушка» і інш.). У аснове спарт. гульняў ляжаць разнастайныя спаборніцтвы, яны развіваюць спрыт, звычку да псіхічных і фіз. намаганняў (гл.Азярод, Апука, Бабкі, Гула, «Гуські», «Калаўрот», Барацьба «да крыжа», Барацьба «на крыжы» і інш.). Многія традыц. гульні захаваліся ў сучаснай культуры, асабліва ў разнастайных формах нар. тэатра, з часам яны ўвабралі ў сябе элементы сучаснасці, многія з іх сталі асновай для развіцця бел. харэаграфічнага мастацтва, драмы і тэатра.
Да арт.Беларускія народныя гульні. Медалі з выявамі гульняў «Барацьба «да крыжа», «Апука», «Гула». Мастак А.Зіменка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш. фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ.Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г.Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г.рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛКазіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл.Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл.Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУБО́К (сапр.Голуб) Уладзіслаў Іосіфавіч
(15.5.1882, ст. Лясная Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 1937),
бел.тэатр. дзеяч, драматург, рэжысёр, акцёр, мастак. Буйны дзеяч нац. сцэны, першы нар.арт. Беларусі (1928). У 1908 пачаў літ. дзейнасць як паэт і празаік. Друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. Выдаў зб. «Апавяданні» (Пецярбург, 1913). Пісаў таксама гумарэскі, сатыр. апавяданні. З 1917 выступаў як драматург. Аўтар каля 40 п’ес з жыцця бел. народа (пераважна меладрамы, камедыі, вадэвілі, фарсы), якія шырока ставіліся ў бел.прафес. і самадз. т-рах. Значнае месца яны займалі ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, дзе Галубок у 1917—20 выступаў як акцёр і рэжысёр. Былі пастаўлены: «Апошняе спатканне» і «Пісаравы імяніны» (1917), «Бязвінная кроў» (1918), «Бязродны» і «Праменьчык шчасця» (1919). У Бел.дзярж. т-ры (цяпер Нац.т-р імя Я.Купалы) ставіліся яго «Залёты дзяка» («Пісаравы імяніны»), «Ганка», «Апошняе спатканне», «Бязродны» (усе 1921). Яго шматгранны талент найб. ярка і поўна раскрыўся ў арганізаваным ім у 1920 у Мінску калектыве — Трупе бел. артыстаў (гл.Беларускі трэці дзяржаўны тэатр). Аснову рэпертуару складалі п’есы Галубка: «За мураванай сцяной» (1920), «Душагубы», «Пісаравы імяніны», «Залаты бог» (1921), «Ганка», «Мужычае шчасце», «Былое», «Ліхадзеі» (1922), «Пан Сурынта», «Плытагоны», «Падкідыш» і «Ветрагоны» (1923), «Пан-князь» (1924), «Беларускія зажынкі» (1925), «Пінская мадонна» і «Краб» (1928), «Рыкашэт» (1935); рэж. усіх, акрамя апошняй, быў сам Галубок. Яго пастаноўкі вызначаліся сакавітасцю нар. гумару, маляўнічасцю, былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі. Сам Галубок з жыццёвай верагоднасцю, бытавой і псіхал. дакладнасцю выконваў драм., характарныя і камедыйныя ролі ў сваіх п’есах: Авечка («Суд»), Дзяк («Пісаравы імяніны»), Ксёндз («Пінская мадонна»), Пан Сурынта (аднайм. п’еса) і інш. У сцэн. творчасці ён наследаваў традыцыі стараж.бел.нар.т-ра, што ішлі ад скамарохаў, батлейшчыкаў, выканаўцаў нар. драмы; творча развіваў вопыт Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Галубок стварыў глыбока самабытны, непаўторны свойт-р, выхаваў вял. групу бел. акцёраў (А.Бараноўскі, С.Бірыла, Б.Бусел, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш.). Праводзіў вял.культ.-асв. работу сярод насельніцтва, дапамагаў маст. самадзейнасці, выступаў з лекцыямі і дакладамі, выпускаў баявыя лісткі і насценгазеты, выступаў у перыяд. друку з публіцыст. і тэатразнаўчымі артыкуламі. Як мастак-дэкаратар ён афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п’ес. Вядомы як пейзажыст (карціны «Раніцай», «Туманы», «На рацэ Бярозе», «Сож»; удзельнічаў у шэрагу рэсп. выставак). У канцы 1920-х г. на Галубка пачаліся ганенні і абвінавачанні ў нацыяналізме. У 1931 яго адхілілі ад маст. кіраўніцтва т-рам, працаваў дырэктарам і акцёрам. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1957.
Літ.:
Звонак А. Уладзіслаў Галубок // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967;
Сабалеўскі А. Уладзіслаў Галубок // Сабалеўскі А. Беларуская савецкая драма. Мн., 1969. Кн. 1;
Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок Мн., 1969;
Адхінуўшы заслону часу...: Успаміны пра Ўладзіслава Галубка. Мн., 1979;
Карабанава Л.В. Драматургія Уладзіслава Галубка. Мн., 1982.