ПЕ́РШАГА МА́Я,
міжнароднае свята салідарнасці працоўных, дзень іх барацьбы за свае сац., эканам. і паліт. правы, за мір і сяброўства паміж народамі. Устаноўлена ў ліп. 1889 парыжскім кангрэсам Інтэрнацыянала 2-га ў памяць аб жорстка задушаных уладамі выступленнях (1—4.5.1886) рабочых г. Чыкага (ЗША), якія патрабавалі ўвядзення 8-гадзіннага рабочага дня. Упершыню адзначалася ў 1890 ў Германіі, Даніі, ЗША і інш. краінах. У Расіі ўпершыню адзначана ў 1891 (С.-Пецярбург), на Беларусі — у 1895 на тайным сходзе 40 рабочых Мінска. З пач. 20 ст. пад уплывам рэв. партый святкаванне П.м. палітызавалася і адзначалася ў форме забастовак, стачак, мітынгаў і дэманстрацый. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адбылося першае ў гісторыі Расіі і Беларусі легальнае святкаванне Першамая. З 1918 у Расіі, пазней у СССР і інш. сацыяліст. краінах П.м. адзначалася як дзярж. свята, закліканае ўслаўляць афіцыйна абвешчаную перамогу працоўных над капіталіст. эксплуататарамі. У некат. краінах СНД адзначаецца як выхадны дзень, пазбаўлены ідэалагічнага значэння (Свята працы, Свята вясны і працы і інш.). У Рэспубліцы Беларусь П.м. — дзярж. Свята працы.
Літ.:
Почебут Г.А. Первомай. Л., 1961.
т. 12, с. 307
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ,
саюз магнацка-шляхецкіх колаў Рэчы Паспалітай, утвораны ў 1767 супраць спроб караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага і яго акружэння (група Чартарыйскіх) узмацніць цэнтр. ўладу шляхам памяркоўных рэформ. Вытокі Р.к. ў рашэннях сейма 1766, які адхіліў планы рэформ, у т. л. аб прадастаўленні паліт. і грамадз. правоў дысідэнтам (некатолікам). Гэта стала зачэпкай для ўмяшання Расіі і Прусіі, якія ў сак. 1767 утварылі дысідэнцкія Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767. У адказ шырокія колы каталіцкай шляхты і духавенства ў Кароне і ВКЛ сталі злучацца ў мясц. канфедэрацыі. 23.6.1767 у г. Радам (Люблінскае, цяпер Мазавецкае ваяв., Польшча) з’ехаліся 178 паслоў ад кароннай і літ. канфедэрацый, якія абралі К.С.Радзівіла маршалкам Р.к. — аб’яднанай канфедэрацыі Рэчы Паспалітай. Аднак рас. пасол у Варшаве М.В.Рапнін патрабаваў паставіць на чале канфедэрацыі караля, узаконіць раўнапраўе дысідэнтаў і пакінуць існуючы дзярж. лад пад апекай Расіі. Пад пагрозай чарговага гвалту радамчане згадзіліся з гэтымі патрабаваннямі. Яны ўвайшлі ў праекты «вечнага» дагавору з Расіяй, акта Кардынальных правоў, і былі ўзаконены скліканым 5.11.1767 надзвычайным сеймам Рэчы Паспалітай пад пратэктаратам Расіі. Усе канфедэрацыі былі распушчаны.
Я.К.Анішчанка.
т. 13, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСО́ЛАЎ (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 9.10.1948, в. Кручполле Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
рускі пісьменнік, вучоны. Акад. Рас. акадэміі славеснасці (1998). Д-р юрыд. н. (1991), праф. (1994). Скончыў Маскоўскі ун-т (1972).
З 1978 працаваў у Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС, з 1981 у Бабушкінскім райкоме КПСС Масквы, з 1986 у Ін-це марксізму-ленінізму, з 1988 у ЦК КПСС, Вярх. Савеце СССР, ва ўрадзе Расіі, у 1993—98 нам. старшыні Вышэйшага атэстацыйнага камітэта Расіі, адначасова з 1992 заг. кафедры Маскоўскай юрыд. акадэміі. У раманах «Выканаўца» (1994), «Цяжкае раздарожжа» (1996), «Жнівеньскі зарапад» (1998), «На зямлі белых рос» (1999), «Сімвал маці» (2000) асэнсаванне некат. аспектаў гіст. развіцця сучаснай Расіі, падрабязнасці распаду СССР. Аўтар зб-каў прозы, паэзіі, драматургіі «Не забі» (1993), «Вершы і апавяданні» (1995), «Дрэва дабра і зла» (1996), «Мне прыснілася канюшына» (1997), «Граф Александрэ» (1999) і інш. Ініцыятар многіх гуманітарных акцый, у т. л. па адкрыцці карціннай галерэі ў г. Рагачоў, уклаў асабістыя сродкі ў буд-ва царквы ў в. Ціхінічы.
С.С.Лаўшук.
т. 13, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ГЕРМА́НСКІ ДАГАВО́Р 1879,
дагавор аб саюзе паміж Аўстра-Венгрыяй і Германіяй, падпісаны 7 кастр. ў Вене. Быў накіраваны пераважна супраць Расіі і Францыі. На яго аснове склаўся Траісты саюз 1882.
т. 2, с. 90
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРОЛЬДМА́ЙСТАР,
службовая асоба ў Расіі ў 1722—1917, якая ўзначальвала Герольдыю (Герольдмайстарскую кантору). Выконваў функцыі герольда: загадваў складаннем гербаў, дваранскіх спісаў, сачыў, каб дваране не ўхіляліся ад дзярж. службы і інш.
т. 5, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЫЛЯ́РЫЯ (лац. cancellaria),
1) аддзел установы, заняты справаводствам, а таксама памяшканне гэтага аддзела.
2) Назва некаторых дзярж. устаноў у Расіі ў 18 — пач. 20 ст. Напр., тайная К. — орган паліт. вышуку.
т. 8, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЯКА́МСК,
горад у Татарстане, цэнтр Ніжнякамскага раёна, у Расіі. Размешчаны на левым беразе р. Кама. Горад з 1966. Нас. 212,7 тыс. ж. (1996). Порт. Прам-сць: ВА «Ніжнякамскнафтахім», «Ніжнякамскшына», харч., лёгкая.
т. 11, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,
фізіка-геаграфічная правінцыя на Пд Беларусі, Пн Украіны і ў Бранскай вобл. Расіі. Займае пл. каля 270 тыс. км². Яе частка ў межах Беларусі вылучаецца як падправінцыя Беларускае Палессе.
т. 11, с. 549
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫАМУ́Р’Е,
тэрыторыя на Д. Усходзе, у бас. сярэдняга і ніжняга цячэння р. Амур, на Пд ад Станавога хрыбта і Удскай губы Ахоцкага м., у межах Хабараўскага краю і Амурскай вобл. Расіі.
т. 13, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́Р’Е,
тэрыторыя на рас. Д. Усходзе; Прыморскі край і паўд. ч. Хабараўскага краю Расіі; таксама неафіц. назва тэр. Прыморскага краю. Уключае ўзбярэжжа Японскага м., прылеглыя хр. Сіхатэ-Аліня і Прыханкайскую нізіну.
т. 13, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)