ПАТА́ПЕНКА (Ігнацій Мікалаевіч) (снежань 1856, с. Фёдараўка Херсонскай вобл., Украіна — 17.5.1929),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Новарасійскім ун-це (Адэса), скончыў Пецярбургскую кансерваторыю. Друкаваўся з 1881. Аповесць «На абавязковай службе» (1890), раман «Не герой» (1891), апавяданні з жыцця інтэлігенцыі і духавенства. Праблемы жаночай эмансіпацыі ў аповесці «Генеральская дачка» (1891). Аўтар раманаў «Жах шчасця» (1908), «Адступленне» (1915), аповесцей «Шасцёра» (1891), «Дурань» (1902), «Брат Андрэй» (1904), зб. вершаў «Думы і песні Ігнація Бяздольнага» (1881), п’ес, мемуараў пра жыццё студэнтаў 1870-х г. «Гісторыя адной «камуны» (1928), публіцыстычных і крытычных артыкулаў, апавяданняў для дзяцей і інш. Прозе П. ўласцівы аптымізм, вострая назіральнасць, гумар, камізм.
Тв.:
У кн.: Писатели чеховской поры: Избр. произв. писателей 80—90-х гг.М., 1982. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭНА́Р ((Renard) Жуль) (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),
французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял.Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.
На бел. мову пераклаў паэму М.Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1991;
Між мінулым і будучым. Мн., 1986;
Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.
Літ.:
Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАУСТО́ЎСКІ (Канстанцін Георгіевіч) (31.5.1892, Масква — 14.7.1968),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім (1911—13), Маскоўскім (1914) ун-тах. Пасля 1917 супрацоўнічаў у газетах, «Окнах РОСТА», ТАСС. Падарожнічаў па краіне, быў на Беларусі. Друкаваўся з 1912. Першы раман «Рамантыкі» (1916—23, апубл. ў 1935). У ранніх творах (зб-кіапавяд. і нарысаў «Марскія эскізы», 1925; «Сустрэчныя караблі», 1928; раман «Зіхатлівыя воблакі», 1929) востры дынамічны сюжэт, героі — летуценнікі, якія прагнуць рамант. прыгод. Аповесці «Кара-Бугаз» (1932), «Калхіда» (1934) пра этычныя праблемы пераўтварэння навакольнага асяроддзя. Карціны рус. прыроды ў аповесці «Мяшчорская старана» (1939), апавяд. (зб. «Летнія дні», 1937) і інш. У аўтабіягр. эпапеі «Аповесць пра жыццё» (ч. 1—6, 1945—63) шмат раздзелаў прысвечана Беларусі («Карчма на Брагінцы», «Мястэчка Кобрын», «У балотных лясах», «Гнілая зіма» і інш.). Аўтар нататак пра пісьменніцкую працу «Залатая ружа» (1955), гіст. аповесцей «Лёс Шарля Лансевіля» (1933), «Паўночная аповесць» (1938; аднайм. фільм 1960), біягр. аповесцей пра людзей мастацтва «Ісак Левітан» (1937), «Тарас Шаўчэнка» (1939), п’ес «Паручнік Лермантаў» (1941), «Наш сучаснік (Пушкін)» (1949), кніг гіст.-біягр. нарысаў «Блізкія і далёкія» (1967), успамінаў, казак, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы лірызм, эмацыянальнасць, рамант. ўспрыняцце жыцця, паэтычнасць мовы. П’еса «Пярсцёнак» паст. Брэсцкім т-рам драмы і музыкі (1976). Асобныя яго творы на бел. мову пераклалі Я.Брыль, А.Кучар, А.Марціновіч, Л.Салавей і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1981—86;
Бел.пер. — Кара-Бугаз. 2 выд.Мн., 1935;
Калхіда. Мн., 1935;
Чорнае мора. Мн., 1938;
Аповесці. Мн., 1957;
Белая вясёлка: Аповесці і апавяданні. Мн., 1976.
Літ.:
Левицкий Л.А. Константин Паустовский. 2 изд. М., 1977;
Кременцов А.И. К.Г.Паустовский: Жизнь и творчество. М., 1982;
Воспоминания о Константине Паустовском. М., 1983;
Измайлов А.Ф. Наедине с Паустовским: К.Г.Паустовский — прозаик, публицист, критик, драматург.Л., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПЛЫНЬ СВЯДО́МАСЦІ»,
літаратура 20 ст. пераважна мадэрнісцкага кірунку, якая непасрэдна ўзнаўляе душэўнае жыццё, перажыванні, асацыяцыі. Тэрмін належыць амер. філосафу У.Джэмсу, які лічыў, што свядомасць — гэта плынь, рака, у якой думкі, адчуванні, раптоўныя асацыяцыі пастаянна перабіваюць адно аднаго і мудрагеліста, «нелагічна» пераплятаюцца (кн. «Навуковыя асновы псіхалогіі», 1890). Меркаванні Джэмса пра «плынь думкі», «плынь суб’ектыўнага жыцця», «плынь свядомасці» былі ўспрыняты пісьменнікамі Дж.Джойсам, В.Вулф (Англія), У.Фолкнерам, Г.Стайн, (ЗША), М.Прустам (Францыя) і інш.
Адрозніваюць «П.с.» як асобны маст. прыём у шэрагу інш. прыёмаў і як жанравую форму (напр., раман «П.с.»). У адрозненне ад унутр. маналога, з якім часта атаясамліваецца «П.с.» як маст. прыём, апошняя адметная абрывістасцю думак, часавымі напластаваннямі, непаслядоўнасцю, тэндэнцыяй да алагічнасці, суб’ектыўнасцю, адсутнасцю, прычынна-выніковых сувязей, свядомай ненакіраванасцю аповеду. Думкі, уражанні, асацыяцыі, успаміны нібы перабіваюць адно аднаго, злучаюцца паводле прынцыпу выпадковасці і ненаўмыснасці. Да «П.с.» блізкія прыёмы «ўнутранага аналізу», «сенсорнага ўражання» (прадугледжвае абрывістасць нават асобных слоў), дысанансу і інш. У выпадку выкарыстання «П.с.» як універсальнага сродку адлюстравання рэчаіснасці гавораць пра жанравую форму — раман «П.с.», які ў адрозненне ад традыцыйнага рамана будуецца як бесперапынная плынь свядомасці і падсвядомасці. Вял. ўплыў на аўтараў, што працавалі ў рэчышчы «П.с.», зрабілі тэорыя і метад псіхааналізу З.Фрэйда.
Класічныя раманы «П.с.» — «Уліс» (1922), «Памінкі па Фінегану» (1939) Джойса, «Шум і лютасць» Фолкнера (1929). Значнае месца займае «П.с.» ў цыкле раманаў Пруста «У пошуках згубленага часу». У 2-й пал. 20 ст.маст. прыём «П.с.» выкарыстоўваецца Г.Грынам, Г.Грасам, А.Андэршам і інш., а таксама прадстаўнікамі «новага рамана» і тэатра абсурду. У бел. л-ры элементы «П.с.» сустракаюцца ў ранніх раманах К.Чорнага.
Літ.:
Мотылева Т.Л. Зарубежный роман сегодня. М., 1966;
Жлуктенко Н.Ю. Английский психологический роман XX в. Киев, 1988;
Лявонава Е.А. Плыні і постаці: З гісторыі сусвет. літ. другой паловы XIX—XX стст. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУС (Prus) Баляслаў [сапр.Главацкі
(Głowacki) Аляксандр; 20.8.1847, г. Грубешаў, Польшча — 19.5.1912], польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Гал. школе ў Варшаве (1866—68). З 1873 супрацоўнічаў у газетах і часопісах, у 1882—83 рэдактар час. «Nowiny» («Навіны»). Друкаваўся з 1872. Зазнаў уплыў польскага пазітывізму. Аўтар рэаліст. аповесцей «Анелька», «Зваротная хваля» (абедзве 1880),
«Фарпост» (1885), у якіх крытыка шляхты, жыццё рабочых, барацьба сялян супраць ням. каланізацыі. Жыццё чалавека з сац. нізоў, лёс дзіцяці і яго ўяўленне аб навакольным свеце ў навелах «Міхалка» (1880), «Антак» (1881), «Камізэлька» (1882), «Грахі маленства» (1883) і інш. Вяршыня яго рэаліст. творчасці — сац.-псіхал.раман «Лялька» (1887—89, экранізацыя 1968), у якім аналіз грамадскага і духоўнага жыцця Польшчы 19 ст., разнастайнасць характараў, банкруцтва ідэй пазітывізму, а таксама рамант. ілюзій. У сац.-быт. рамане «Эмансіпіраваныя жанчыны» (1890—93) карціна жыцця Варшавы і правінцыі, багацце псіхал. і прафес. тыпаў жанчын. Гісторыка-філас.раман «Фараон» (1895—96, экранізацыя 1966) адметны маст. дасканаласцю; на фоне паліт. барацьбы за ўладу ў Егіпце ў 11 ст. да н.э. вырашаюцца праблемы сучаснасці. Аўтар раманаў «Дзеці» (1908), «Перамены» (1911), літ.-крытычных прац. Стварыў арыгінальную форму «Хронік» (т. 1—20, выд. 1954—70). Яго творчай манеры ўласцівы спалучэнне псіхал. і сац. аналізу, гумар, лірызм, канкрэтнасць і пластычнасць апісанняў. На бел. мову асобныя творы П. пераклалі Я.Брыль, П.Бітэль, М.Чарнецкі.
Тв.:
Pisma. T. 1—29. Warszawa, 1948—52;
Listy. Warszawa, 1959;
Wybór pism. T. 1—10. 5 wyd. Warszawa, 1974—75;
Бел.пер. — Міхалка. Мн., 1930;
Грахі маленства: Апавяданні. Мн., 1981;
На канікулах // Далягляды, 1987. Мн., 1987;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—7. М., 1961—63.
Літ.:
Szweykowski Z. Twórczość Bolesława Prusa. 2 wyd. Warszawa, 1972;
Pieścikowski E. Nad twórczością Bolesława Prusa. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАРА́З (Уладзімір Германавіч) (27.4.1865, г. Оўруч Жытомірскай вобл., Украіна — 10.5.1936),
этнограф, пісьменнік, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў сістэм. вывучэння гісторыі, этнаграфіі, культуры і быту народаў Поўначы. За прыналежнасць да партыі «Народная воля» сасланы на Калыму (1890—98). З 1921 праф. Пецярбургскага ун-та, з 1932 дырэктар Музея гісторыі рэлігіі і атэізму АНСССР. Адзін са стваральнікаў пісьменнасці, фундаментальных прац па этнаграфіі і фальклоры народаў Поўначы; аўтар першых падручнікаў, слоўнікаў, граматыкі чукоцкай мовы, манаграфіі «Чукчы» (ч. 1—2, 1934—39). Пісаў вершаваныя і празаічныя творы пад псеўданімам Тан (кн. «Чукоцкія апавяданні», 1899; «Калымскія апавяданні», 1931; аповесці «Восем плямёнаў», 1902; «Дні волі», 1906; «Ахвяра дракона», 1909; раман «Уваскрэслае племя», 1935, і інш.). Творы Багараза вызначаюцца маст. дакладнасцю, жывой нар. мовай, сувяззю з фальклорам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНАРДЭ́Н ДЭ СЕН-П’Е́Р ((Bernardin de Saint-Pierre) Жак Анры) (19.1.1737, г. Гаўр, Францыя — 21.1.1814),
французскі пісьменнік-сентыменталіст. Аўтар кн. нарысаў «Падарожжа на Іль-дэ-Франс» (1773), рамана-трактата «Аркадыя» (не скончаны, 1781), філас. эсэ «Эцюды аб прыродзе» (1784), «Гармоніі прыроды» (выд. 1815), сатыр.-філас. навел «Індыйская хаціна» (1791), «Сурацкая кавярня» (1791; рус.пер. Н.М.Карамзіна, 1792; пер. і перапрацоўка Л.М.Талстога, 1891). Як і для Ж.Ж.Русо, для Бернардэна дэ Сен-П’ера характэрны культ прыроды і пачуцця, жыцця ў згодзе з законамі прыроды і свайго сэрца. Раман-утопія «Поль і Віржыні» (1788) — гімн каханню і «натуральнаму чалавеку».
Тв.:
Рус.пер. — Поль и Виржиния: Роман. М., 1962.
Літ.:
Гуляев Н.А. Бернарден де Сен-Пьер // История зарубежной литературы XVIII в.: Страны Европы и США. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЦА́ЦІ ((Buzzati) Дзіна) (16.10.1906, г. Белуна, Італія — 28.1.1972),
італьянскі пісьменнік. Адзін з майстроў апавядання ў італьян. і еўрап. л-ры 20 ст. Вядомасць прынеслі раман «Тартарская пустыня» (1940) і зб. апавяданняў «Сямёра пасланцоў» (1942), у якіх рэха філасофіі (твораў К.Ясперса, М.Хайдэгера, Ж.П.Сартра) і рэальнасці часоў 2-й сусв. вайны. Зацікаўленасць Буцаці экзістэнцыяльнымі пытаннямі, сувязь з праблематыкай твораў Ф.Кафкі адчувальныя ў зб-ках апавяданняў «Страх у Ла Скала» (1949), «Падзенне Баліверны» (1954), «60 апавяданняў» (1958), аповесці «Павялічаны партрэт» (1960) і інш. Непакой, адчуванне абсурднасці існавання і подыху смерці — асн. рысы светапогляду яго персанажаў. Падзеі, на першы погляд рэальныя, у творах Буцаці захоўваюць элемент фантастычнага, ірэальнага. Аўтар кніг для дзяцей, п’ес, оперных лібрэта. Займаўся жывапісам і маст. крытыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў 13 ст. ў бас.р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г.Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.