НІЧКО́Ў Барыс Уладзіміравіч (н. 24.9.1938, г. Екацярынбург, Расія),

бел. музыкант-габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (Свярдлоўск, 1961). У 1960—66 саліст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, аркестраў Бел. тэлебачання і радыё, Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі [у 1981—91 (з перапынкам) заг. кафедры, у 1986—91 прарэктар, з 1987 праф.]. Яго выканальніцкай манеры характэрны прыгажосць гуку, тэхн. дасканаласць. Арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля салістаў Дзярж. аркестра сімфанічнай і эстр. музыкі Беларусі (з 1993). Аўтар кн. «Народныя духавыя інструменты ў музычнай культуры Беларусі» (1981). Лаўрэат Рэсп. конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах (1963). Сярод вучняў Л.​Каліноўскі, Ю.​Лікін, І.​Ляшчышын, Л.​Мурашка, С.​Сяргеенка.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 11, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (20.6.1912, в. Сівіца Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 11.11.1984),

бел. харавы дырыжор, кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1967). Скончыў дырыжорска-хар. (1951) і гісторыка-тэарэт. (1952) ф-ты Бел. кансерваторыі, у 1975—80 выкладаў у ёй. З 1947 кіраваў створаным ім дзіцячым хорам Бел. радыё. З 1952 гал. хормайстар, з 1958 муз. кіраўнік, у 1974—75 маст. кіраўнік Дзярж. акад. нар. хору Беларусі. З 1981 кіраваў Мінскім нар. хорам Палаца культуры Белсаўпрофа. Аўтар твораў для арк. нар. інструментаў «Чэрвеньскія росы», «Канцэртная полька», «Палеская рапсодыя», «Беларускія напевы», «Ронда», «Беларускія малюнкі», «Фантазія на беларускія народныя тэмы», песень «Край беларускі», «Песня дружбы», «Сёстры-рэспублікі», драм. балады «Міннае поле», фалькл.-ігравой кампазіцыі «Дажынкі», апрацовак бел. нар. песень.

А.​Я.​Ракава.

т. 12, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХО́МЕНКА (па мужу Казак) Валянціна Васілеўна

(н. 2.1.1956, в. Каменка Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. спявачка (лірычнае сапрана). Засл. арт. Беларусі (1985). Скончыла Гомельскае муз. вучылішча (1975). З 1975 артыстка Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.​Цітовіча, у 1981—92 салістка Бел. тэлебачання і радыё і ансамбля нар. музыкі «Жывіца». Шмат выступала ў дуэце з мужам А.​Казаком. Голас прыгожага тэмбру, шырокага дыяпазону вылучае П. як адну з яркіх, своеасаблівых выканальніц бел. нар. песні. Збіральніца песеннага фальклору, знаўца асаблівасцей нар. выканання многіх рэгіёнаў Беларусі, інтэрпрэтатар лірычных песень бел. кампазітараў. Лаўрэат 7-га Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады (1983), міжнар. радыёконкурсу запісаў еўрап. муз. фальклору «Прыз Браціславы» (ЧССР, 1983). З 1992 жыве за мяжой.

Л.​С.​Мітаковіч.

т. 12, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІГУЛЕ́ЎСКІ Мікалай Мікалаевіч (15.10.1897, в. Вял. Падлессе Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 16.3.1967),

бел. спявак (барытон), муз. дзеяч. Засл. дз. маст. Беларусі (1957). Скончыў БДУ (1925), Бел. муз. тэхнікум (1928), Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1920—24 артыст БДТ. У 1928—41 і 1944—48 саліст, у 1948—53 адказны рэдактар муз. вяшчання Бел. радыё. У 1933—35 і 1942—44 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Артыст лірыка-драм. плана, выконваў гал. партыі ў операх рус. і замежных класікаў: Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Гразной («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Валянцін («Фауст» Ш.​Гуно), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні) і інш. Удзельнік Беларускага вакальнага квартэта.

т. 12, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПНЕ́ЎСКІ (Pniewski) Богдан (26.7.1897, Варшава — 5.9.1965),

польскі архітэктар, адзін са стваральнікаў польскай арх. школы 20 ст. Ганаровы чл. франц. Акадэміі архітэктуры (з 1952). Скончыў політэхн. ін-т у Варшаве (1923). З 1932 праф. Акадэміі выяўл. мастацтваў, з 1945 — політэхн. ін-та. Для творчасці П. характэрна спалучэнне рыс неакласіцызму і функцыяналізму. Яго пабудовы адметныя рацыянальнай прастатой форм, манументальнасцю аб’ёмаў, фактурнай выразнасцю: жылыя дамы на вул. Мадалінскага (1925—26), віла на вул. Клёнавай (1935—37), будынкі Польскага радыё (1939), Мін-ва шляхоў зносін (1946—47), Дом селяніна (1957—61, з М.​Гандзялевіч), перабудова комплексу будынкаў Сейма (1948—51), Вял. т-ра (1954—65, у сааўт.; усе ў Варшаве); віла «Патрыя» ў г. Крыніца (1934). Дзярж. прэмія Польшчы 1952.

Б.Пнеўскі. Віла «Патрыя» ў г. Крыніца. 1934.

т. 12, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНО́ЎСКАЯ Гэлена Людвікаўна (13.12.1908, Мінск — 17.5.1980),

бел. пісьменніца, перакладчыца. Скончыла Мінскі польскі пед. тэхнікум (1929), Бел. вышэйшы пед. ін-т (1934). Працавала настаўніцай у польскіх і бел. школах (Дзяржынск, Мінск), у 1932—37 — на Бел. радыё, у польскамоўнай газ. «Orka» («Ворыва»), у 1944—63 настаўнічала ў Мінску. Друкавалася з 1929. Пісала на польскай мове. Асобнымі кнігамі выйшлі аповесці «З вясной наўздагон» (1933), «Пахне зямля» (1934), драм. інсцэніроўка для дзяцей «У барацьбе за Саветы» (1934). Для яе твораў характэрна рамант. ўзнёсласць, тэма барацьбы старога і новага на вёсцы. На польскую мову перакладала творы бел. пісьменнікаў, у т. л. аповесць П.​Галавача «Спалох на загонах» (1933). На бел. мову асобныя яе творы перакладалі С.​Шушкевіч, В.​Эрнест.

М.​М.​Хмяльніцкі.

т. 13, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕБАСЦЬЯ́Н (Sebastian; сапр. Шэбешцьен; Sebestyen) Георг

(Дзьёрдзь; 17.8.1903, Будапешт — 1989),

венгерскі дырыжор. Скончыў Вышэйшую школу музыкі імя Ф.​Ліста (1921). Вучань Б.Вальтэра. З 1922 працаваў у оперных т-рах Германіі. У 1931—37 дырыжор сімф. аркестра Усесаюзнага радыё ў Маскве, дзе ажыццявіў канцэртныя пастаноўкі опер В.​А.​Моцарта і оперы «Фідэліо» Л.​Бетховена, выступаў у сімф. канцэртах (першы выканаў 1-ю сімфонію Ц.​Хрэннікава і 1-ю сюіту «Рамэо і Джульеты» С.​Пракоф’ева). З 1938 у ЗША, з 1946 у Парыжы. Працаваў дырыжорам у «Алера камік», паставіў шэраг рус. опер у Парыжскай оперы, у т. л. «Яўген Анегін» і «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага. Шмат гастраліраваў, у т. л. ў СССР у 1961.

Літ.:

Григорьев Л.Г., Платек Я.М. Современные дирижеры. М., 1969.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКІРЫ́ЦКІ (Sikirycki) Ігар (31.7.1920, г. Брэст — 2.1.1985),

польскі пісьменнік, перакладчык. Вучыўся ў Люблінскім і Лодзінскім ун-тах. Жыў і працаваў у Лодзі на радыё, у т-рах сатыры і «Арлекін» (1945—67). Друкаваўся з 1944. Аўтар паэт. зб-каў «Кліканне дрэў» (1950), «Забаўкі і эпіграмы» (1959), «Асцярожна, свежанапісанае» (1963), «Начны ўлоў» (1966), аповесці «Сямёра адсутных» (1970), кніг для дзяцей. На польскую мову пераклаў асобныя вершы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Куляшова, У.​Жылкі, М.​Аўрамчыка. Укладальнік, аўтар прадмовы і перакладчык многіх твораў у зб. М.​Танка «Выбраныя вершы» (1974). З груз. пераклаў паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.​Руставелі, з арм. — нар. эпас «Давід Сасунскі». На бел. мову яго вершы перакладалі Р.​Барадулін, Н.​Гілевіч, М.​Танк.

А.​Л.​Верабей.

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМІРНО́Ў Юрый Васілевіч (15.10.1928, в. Даманава Ржэўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 25.4.1997),

бел. спявак (лірычны тэнар). Засл. арт. Беларусі (1968). Скончыў Саратаўскую кансерваторыю (1954). З 1954 саліст Омскага т-ра муз. камедыі. У 1958—89 саліст Дзярж. к-та Беларусі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Прапагандыст вак. музыкі бел. кампазітараў. Сярод запісаных на тэлебачанні і радыё: оперныя партыі — Конрад («Кветка шчасця» А.​Туранкова), палкоўнік Лосеў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Саўка Мільгун («У пушчах Палесся» А.​Багатырова); вак. цыклы «Аб каханні і працы» С.​Аксакава на словы П.​Прыходзькі, «Поры года» Лукаса на словы Э.​Агняцвет, «Бедны Пётр» П.​Падкавырава на словы Г.​Гейнэ, кантата «Палі стэпавыя» І.​Кузняцова на словы А.​Дзеружынскага і К.​Разганаева.

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 15, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРВІ́ЛА (Шыманец-Сурвіла) Івонка

(н. 11.4.1936, г. Стоўбцы Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец, мастак, грамадска-паліт. дзеяч у эміграцыі. Дачка бел. мастака У.​Шыманца. З 1944 за мяжой (жыла ў Даніі, Францыі, Іспаніі, цяпер у Канадзе). Скончыла ў Парыжы Вышэйшую маст. школу, потым моўнае аддзяленне Сарбоны (1959). У 1958—65 на Нац. ісп. радыё ў Мадрыдзе, вяла на бел. мове радыёперадачы, якія трансліраваліся на Беларусь. У 1969—97 перакладчыца (англ. і франц. мовы) ва ўрадзе Канады. Удзельнічала ў маст. выстаўках як жывапісец. У 1989 заснавала Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля на Беларусі, яго прэзідэнт да 1997; фонд аказваў гуманіт. дапамогу пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, арганізоўваў лячэнне і аздараўленне ў Канадзе бел. дзяцей. З 1997 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Л.​У.​Языковіч.

т. 15, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)