ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт. дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНЯ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Гарадная Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Як ганчарны цэнтр вёска вядома з 15 ст. У 19 — пач. 20 ст. ганчарствам тут займалася каля 200 сем’яў, у 1920—30-я г. — каля 500; посудам забяспечвалася амаль усё Палессе, ён трапляў на Валынь, Панямонне, пад Вільню і Варшаву. Выраблялі гаршкі, збанкі (глечыкі), гладышы, вазонніцы, глякі (бунькі), слоікі, пёрлы (макотры), кубкі, міскі і інш. Гаршкі ў залежнасці ад аб’ёму мелі розныя назвы: мамзель (умяшчае 1 кг збожжа), злівач (2 кг), адзінец (8—16 кг), паляк (больш за 16 кг). Традыцыйная гараднянская кераміка — белагліняная, непаліваная, у 15—17 ст. аздобленая выціснутым дэкорам у выглядзе паяскоў, у 18 — пач. 20 ст. — хвалістымі і роўнымі паяскамі і косымі рыскамі чырвона-карычневага колеру (рубежыкі), нанесенымі жалезістай глінай (апіска) у 2—3 рады на верхнюю частку вырабу ў працэсе вытворчасці. Посуд вызначаецца буйнымі, ёмістымі шарападобнымі формамі. З 1930-х г. пашырэнне набыло глазураванне бясколернай і каляровай палівай, ангобны дэкор знік, памеры посуду зменшыліся. Выраблялі таксама дробную пластыку наіўна-рэаліст. характару (жанравыя сцэнкі ці фігуркі жывёл). Традыцыі гараднянскай керамікі прадаўжаюць сучасныя майстры І.Генбіцкі, І.Лічэўскі, П.Гмыр, А.Вячорка, Ф.Шэлест і інш.
Я.М.Сахута.
Да арт.Гараднянская кераміка. Ганчарны посуд з в. Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСЦІ́НЫ ДВОР,
тып грамадскага будынка гандл. прызначэння, які ўключае гандл. і складскія будынкі, жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу.
У гарадах Зах. Еўропы былі пашыраны з 14 ст. (Брэмен, Кракаў, Прага). У Расіі гасціныя двары будавалі ў 13—17 ст. для іншаземных купцоў (гасцей) у Маскве, Ноўгарадзе і інш. у выглядзе прамавугольных у плане плошчаў, абнесеных мураванымі або драўлянымі сценамі крапаснога тыпу з вежамі і праязнымі варотамі. Па ўнутр. перыметры да сцен прыбудоўвалі гандл. і складскія памяшканні (звычайна 2-павярховыя), аб’яднаныя адкрытымі галерэямі. У 18—19 ст. з развіццём унутр. рынку будавалі ў выглядзе будынкаў прамавугольнага плана з адкрытымі на вуліцу або гандл. плошчу аркадамі ці каланадамі (Кастрама, С.-Пецярбург) у стылі класіцызму.
На Беларусі пашыраны ў 16—19 ст. (Полацк, Гродна, Віцебск). Драўляны гасціны двор у 18 ст. пабудаваны ў Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). На аснове гасцінага двара вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі. Сучасныя гандл. ўстановы маюць шырокую наменклатуру паводле зместу і тыпаў збудаванняў (крамы харч. і прамысл. тавараў, універмагі, універсамы, супермаркеты, гастраномы, спецыялізаваныя крамы, рынкі, гандлёвыя цэнтры, а таксама разнастайныя павільёны, кіёскі, ларкі і інш.). Гандл. ўстановы найчасцей размяшчаюць на 1-х паверхах жылых дамоў на гал. вуліцах гарадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),
дзеяч укр.нац.-вызв. руху, гісторык. Акад.АН Украіны (1924) і АНСССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ваўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл.Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.
Адбыліся ў кастр.—снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел.нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.А.Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш.навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах.ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТРАМА́,
горад у Расіі, цэнтр Кастрамской вобл., на р. Волга. Засн. ў 12 ст. 286 тыс.ж. (1997). Рачны порт. Чыг. станцыя. Аэрапорт. Буйны цэнтр тэкст. (пераважна льняной), а таксама машынабуд. (экскаватары, тэкст. машыны, аўтам. лініі, палімернае машынабудаванне, дрэваапр. станкі, фарбавальна-аддзелачнае абсталяванне і інш.), дрэваапр. (мэбля), харч., хім., абутковай і швейнай прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Інстытуты: тэхнал., с.-г., педагагічны; ф-т С.-Пецярбургскага гандл.-эканам. ін-та.
Унікальны па кампазіцыйнай цэласнасці ансамбль цэнтра К. (канец 18 — пач. 19 ст.) узнік на месцы старога цэнтра — скапаных земляных і драўляных умацаванняў крамля і Новага горада паводле генплана 1781—84. Сярод помнікаў: сабор Богаяўленскага манастыра (1559—65, размалёўкі 1672), Іпацьеўскі манастыр (16—17 ст.; у ім знойдзены Іпацьеўскі летапіс), з каменнымі сценамі, вежамі, Троіцкім саборам (1650—52; размалёўкі 1685, мастак Г.Кінешамцаў і інш.), са званіцай (1603—05; цяпер у манастыры філіял музея-запаведніка з помнікамі драўлянага дойлідства), цэрквы Ушэсця на Дзебры (1652). Іаана Багаслова (1681—87). У стылі класіцызму пабудаваны комплекс гандл. радоў (1770—1830-я г.), пажарная каланча (1825—28, арх. П.Фурсаў), будынак Дваранскага сходу(1838, арх. Праве). У 1977 узведзены гасцінічна-турысцкі комплекс «Волга» (арх. Р.Нікіцін, П.Шчарбінін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РБУТЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»), Родапачынальнік літоўскі баярын Нарыбут (Нарбут) атрымаў маёнткі ад вял. князёў ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча [1432—40] і Казіміра [1440—92], Паводле родавай легенды, Н. былі адгалінаваннем магнацкага роду Осцікаў, таму часам пісаліся Осцікамі-Нарбутамі. Найб. вядомыя: Войцех Нарбутавіч (? — 1510?), харужы дворны ў 1501—05, маршалак гаспадарскі ў 1505—09. Мікалай Войцехавіч (? — каля 1556), староста крэўскі і мазырскі, маршалак гаспадарскі ў 1546—53, ваявода падляшскі з 1551. Станіслаў Мікалаевіч (? — 1596), староста ашмянскі, ваявода мсціслаўскі з 1595. Дамінік (? — пасля 1807?), староста міжэвіцкі, лідскі чашнік у 1770—74 і войскі ў 1774—94. Пасол на сеймы 1764, 1782, Чатырохгадовы сейм 1788—92, чл. «Згуртавання сяброў урадавай уставы». Падпісаў Віленскі акт паўстання 1794, чл.Найвышэйшай літоўскай рады. Юстын (каля 1773—25.9.1845), удзельнік паўстання 1794, гісторык. Аўтар кн. «Нарыс каранёў літоўскага народу» (Гродна, 1818, 2-е выд. 1820), «Унутраная гісторыя літоўскага народу з часоў Яна Сабескага і Аўгуста II...» (т. 1—2, Вільня, 1842, 2-е выд. 1843). Станіслаў (4.5.1853, б. маёнтак Шаўры, Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 11.3.1926), урач. Д-р медыцыны (1879). Скончыў Баварскі ун-т у Мюнхене, Дэрпцкі (Тартускі) ун-т. На ўласныя сродкі збудаваў бальніцу ў Браславе, дзе яму пастаўлены помнік. Гл. таксама Нарбут К., Нарбут Л.Т., Нарбут Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,
агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял.кн.Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТЛЮ́РА (Сымон Васілевіч) (17.5.1879, г. Палтава, Украіна — 26.5.1926),
украінскі паліт., ваен. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў духоўнай семінарыі, адкуль выключаны за ўдзел у нац.-вызв. руху. Эмігрыраваў у г. Львоў (тады ў Аўстра-Венгрыі). З 1900 чл.Рэв.укр. партыі, потым Ўкр. с.-д. рабочай партыі. Пасля вяртання ў Рас. імперыю з 1904 працаваў у Кіеве (укр.газ. «Громадська думка» і «Рада», з 1906 рэдактар газ. «Слово»). У 1907 з-за праследаванняў паліцыі пераехаў у Пецярбург, потым у Маскву, дзе ўдзельнічаў ва ўкр. гуртках «Кабзар» і «Грамада». З 1912 рэдактар газ. «Українська жизнь». З 1914 у арміі, з 1915 старшыня Гал. кантрольнай камісіі Усерас. земскага саюза па Зах. фронце. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 кіраўнік Укр. франтавога к-та; чл., старшыня Усеўкр. вайсковага к-та пры Цэнтральнай радзе, потым сакратар (міністр) Ген. сакратарыята Цэнтр.рады па ваен. справах. У час гетманшчыны старшыня Кіеўскага губ. земства і Усеўкр. саюза земстваў. З 14.11.1918 чл.Украінскай дырэкторыі ўрада і гал. атаман войск Укр.нар. рэспублікі, з 10.11.1919 — старшыня ўрада. Пасля разгрому войск Дырэкторыі войскамі А.І.Дзянікіна і Чырв. Арміяй уступіў у саюз з Польшчай. Летам 1920 эмігрыраваў, з 1924 жыў у Парыжы, дзе забіты Ш.Шварцбардам, які помсціў яму за яўр. пагромы на Украіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.
Тв.:
Бел.пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.
Літ.:
Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;
Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;
Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;
Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.