адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв.працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА Ў ЛА́ТВІІ»,
штомесячны навук.-папулярны, пед. і літ.-грамадскі часопіс. Засн. як орган «Таварыства беларускіх вучыцеляў у Латвіі» і пед. дадатак да газ.«Голас беларуса». Выдаваўся ў 1926—29 і 1932—33 у Рызе на бел. мове. З 1933 (з № 4) выходзіў 1 раз у 2 месяцы. Узнімаў актуальныя грамадска-паліт. і асв. пытанні жыцця бел. меншасці, шырока асвятляў работу і становішча бел. гімназій і школ у Латвіі, арганізацыю ў іх навуч.працэсу, дзейнасць «Таварыства бел. вучыцеляў у Латвіі» і «Беларускага навукова-краязнаўчага т-ва ў Латвіі». Пісаў пра гіст. падзеі 1917—19 на Беларусі. Змяшчаў артыкулы па гісторыі, культуры Беларусі, пра выдатных бел. дзеячаў. Рабіў агляды культ. жыцця беларусаў у Літве, Зах. Беларусі, БССР, Чэхаславакіі. Выйшлі 24 нумары. Закрыты ў сувязі з устанаўленнем у Латвіі аўтарытарнай дыктатуры К.Ульманіса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ РАЗВІЦЦЯ́,
кірунак у біялогіі, заснаваны на вывучэнні прычынных механізмаў і рухаючых сіл індывід. развіцця (антагенезу) жывёл і раслін. Як самаст. галіна даследаванняў сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Вывучае розныя аспекты працэсу развіцця на малекулярным, клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым узроўнях, вырашае фундаментальныя праблемы рэалізацыі праграм генет. інфармацыі ў ходзе антагенезу і малекулярных асноў фенатыпічных змен, нармальнага і пухліннага росту клетак і клетачных папуляцый, марфагенезу, спецыфікі клетачнай, тканкавай, органавай дыферэнцыроўкі, клетачных узаемадзеянняў, узнікнення і станаўлення рэгулятарных механізмаў, якія забяспечваюць цэласнасць развіцця, крытычных узроўняў у працэсе развіцця, рэгенерацыі і інш. Дасягненні біялогіі развіцця перспектыўныя ў кіраванні развіццём раслін і жывёл, рэгуляцыі іх колькасці, полу і інш.
Літ.:
Зуссман М. Биология развития: Пер. с англ.М., 1977;
Математическая биология развития. М., 1982;
Михайлов А.Т., Симирский В.Н. Методы иммунохимического анализа в биологии развития. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕСПЕРАПЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
сукупнасць тэхнал. працэсаў, злучаных у адзіны вытв. паток, што забяспечвае бесперапыннае пераўтварэнне зыходнай сыравіны ў гатовы прадукт. Тэхнал. працэсы ў бесперапыннай вытворчасці арганізуюцца ў межах вытв. ліній, участкаў, цэхаў ці ўсяго прадпрыемства. Пашырана ў галінах прам-сці, якія ажыццяўляюць масавы выпуск прадукцыі на аснове спалучэння асобных дэталяў (камплектуючых) у адзінае цэлае (швейная, абутковая, гадзіннікавая прам-сць), а таксама ў галінах, на якіх бесперапыннасць вытв.працэсу абумоўлена характарам тэхналогіі (энергетыка, металургія). Апошнія працуюць кругласутачна, без спынення ў выхадныя і святочныя дні, а рамонт абсталявання ажыццяўляецца ў час работы ці з выкарыстаннем рэзервовых апаратаў і агрэгатаў. Для бесперапыннай вытворчасці характэрны высокі ўзровень механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці. Яна, як правіла, скарачае час вытв-сці прадукцыі, забяспечвае больш поўнае выкарыстанне асн. фондаў, паскарае абарачальнасць абаротных сродкаў, спрыяе росту прадукцыйнасці працы. Найб. эфект дае ў паточнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБ (Станіслаў Іванавіч) (н. 6.8.1944, в. Савічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны-селекцыянер. Акад. Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1994), д-рс.-г.н. (1988), праф. (1996). Брат М.І.Грыба. Скончыў БСГА (1966), там і працаваў, з 1970 на Ганусаўскай доследна-селекцыйнай станцыі, з 1973 у Бел.НДІ земляробства і кармоў (з 1978 нам. дырэктара, кіраўнік селекцыйнага цэнтра), з 1995 віцэ-прэзідэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь. Навук. працы па селекцыі, насенняводстве і тэхналогіі вырошчвання цукр. буракоў і збожжавых культур (ячмень, авёс, трыцікале, пшаніца), распрацоўцы метадаў інтэнсіфікацыі селекцыйнага працэсу з выкарыстаннем збудаванняў са штучным кліматам. Аўтар 20 раянаваных сартоў с.-г. культур, у т. л. 2 сартоў цукр. буракоў, 12 — яравога ячменю, 2 — аўса і 4 — трыцікале. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.
Тв.:
Ячменному полю — интенсивные сорта. Мн., 1992;
Семеноводство полевых культур. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНАСНЫ́Я ЛІ́ТАРЫ,
літары, напісаныя над радком з мэтай скарачэння слоў і паскарэння працэсу пісьма. Прыём вынасу літар зрэдку практыкаваўся ў стараслав. і стараж.-рус. уставе: гсдь (господь), мсць (мѣсяць), лѣт (лѣто), црство (царство). Выкарыстанне вынасных літар асабліва пашырылася ў старабел. скорапісе 15—17 ст., дзе стала заканамерным напісаннем над радком першай літары з групы зычных у сярэдзіне слоў (доброволный, лихтаръ), зычнай літары перад групай «ь + галосны гук» (зранене, спустошене), канцавой зычнай у розных граматычных формах (будет, поедет; дадут, плачут; в тых сеножатех; доброг, старог, спалучэнняў зычных з апошнім «т» (индикт, наместникъ, радост). Больш абмежавана вынасныя літары выкарыстоўваліся ў бел. старадруках канца 16—17 ст. У сучасным бел. правапісе не ўжываюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАНІ́ЙСКАЯ ШКО́ЛА,
усходняя галіна ранняй грэч. філасофіі. Сфарміравалася ў 6—4 ст. да н.э. ў іанійскіх калоніях Грэцыі. Гал. прадстаўнікі Фалес, Анаксімандр, Анаксімен (Мілецкая школа), Дыяген Апаланійскі, Геракліт. Для І.ш. характэрны эмпірызм, сенсуалізм, стыхійная дыялектыка. Прадстаўнікі школы імкнуліся знайсці першапачатак усяго існага, вытлумачыць аб’ектыўна-лагічную заканамернасць усякага працэсу. Лічылі, што ўсе рэчы паходзяць з нейкага адзінага матэрыяльнага першапачатку (вады, паветра, агню). Філас. даследаванні яны цесна звязвалі з патрабаваннямі практычнай дзейнасці, з’яўляліся стваральнікамі першых простых навук. прыбораў. І.ш. звычайна супрацьпастаўляюць італійскай школе — зах. галіне стараж.-грэч. філасофіі, якая сфарміравалася ў 2-й пал. 6—5 ст. да н.э. ў грэч. калоніях Паўд. Італіі, Сіцыліі і прадстаўлена піфагарэізмам і элейскай школай.
Літ.:
Богомолов А.С. Античная философия. М., 1985;
Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;
Виндельбанд В. История древней философии: Пер. с нем. Киев, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІТЭРА́ЦЫЯ (ад лац. iteratio паўтарэнне) у матэматыцы, вынік паўторнага выкарыстання якой-н. матэм. аперацыі. Напр., калі y=𝑓(x)=𝑓1(x), то функцыі 𝑓2(x)=𝑓[𝑓1(x)], 𝑓3(x)=𝑓[𝑓2(x)], ..., 𝑓n(x)=𝑓[𝑓n−1(x)]наз. адпаведна 2-й, 3-й, ..., n-й І. функцыі 𝑓(x), n — паказчыкамі І., пераход ад 𝑓(x) да 𝑓2(x), 𝑓3(x), ... — ітэрыраваннем. Для некаторых класаў функцый можна пабудаваць І. з адвольным рэчаісным (ці камплексным) паказчыкам. Для рашэння алг. ўраўнення метадам І. яго запісваюць у форме x=𝑓(x) і выбіраюць пачатковае набліжэнне x=x0, а наступныя набліжэнні вылічваюць па формулах x1=𝑓(x0), x2=𝑓(x1), ..., xn=𝑓(xn−1). Пры збежнасці працэсу будзе вылічаны корань зададзенага ўраўнення. Выкарыстоўваецца ў розных раздзелах матэматыкі. Гл. таксама Паслядоўных набліжэнняў метад.
Літ.:
Боглаев Ю.П. Вычислительная математика и программирование. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЭФІЦЫЕ́НТ КАРЫ́СНАГА ДЗЕ́ЯННЯ (ккдз),
характарыстыка эфектыўнасці сістэмы (устройства, машыны) у адносінах да працэсу пераўтварэння або перадачы энергіі, які адбываецца ў гэтай сістэме. Ккдз — безразмерная велічыня η, якая вызначаецца адносінамі карысна выкарыстанай энергіі (Wк), пераўтворанай у работу пры цыклічным працэсе, да сумарнай колькасці энергіі (W), перададзенай сістэме: η = Wк/W.
Для эл. рухавіка Wк — работа на вале рухавіка, якая выконваецца за кошт спажываемай ім эл. энергіі; для рухавіка ўнутр. згарання Wк — работа на вале рухавіка, а W — энергія, якая вылучылася пры поўным згаранні паліва. У выніку розных страт энергіі (з-за вылучэння джоўлевай цеплыні, з-за гістэрэзіса, трэння, непаўнаты згарання паліва і інш.), а для цеплавых рухавікоў таксама з-за другога закону тэрмадынамікіккдз любой рэальнай устаноўкі заўсёды меншы за 1. Ккдз цеплавых электрастанцый дасягае 0,4, рухавікоў унутр. згарання 0,4—0,5, эл. генератараў 0,95, трансфарматараў 0,98.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СНА-ЎРО́ЧНАЯ СІСТЭ́МАнавучання,
арганізацыя навуч.працэсу, пры якой вучні размяркоўваюцца па класах у адпаведнасці з узростам і ведамі, а асн. формай навучання з’яўляецца ўрок. Змест навучання вызначаецца навуч. планамі і праграмамі. Заняткі (урокі) праводзяцца паводле раскладу (складаецца на аснове навуч. плана). Працягласць заняткаў і перапынкаў паміж заняткамі строга рэгламентавана.
К.-ў.с. склалася ў 16 ст. і паступова замяніла індывідуальнае навучанне. Яе ўсталяванне звязваюць з дзейнасцю Страсбургскай школы І.Штурма (1538), якая мела асобныя класы, навучанне праводзілася на аснове навуч. плана, чаргавання навучання і адпачынку. К.-ў.с. была прынята таксама ў езуіцкіх школах і калегіумах. У 16 ст. яе выкарыстоўвалі ў пач. школах Чэхіі, Польшчы, ВКЛ, Венгрыі, Саксоніі, Браўншвайга і інш. Тэарэтычнае абгрунтаванне К.-ў.с. даў Я.А.Каменскі. На Беларусі яе элементы ўпершыню выявіліся ў дзейнасці брацкіх школ, езуіцкіх школах і калегіумах (16—17 ст.).