АПТЫ́ЧНАЯ ВОСЬ,

1) напрамак у аптычна анізатропных крышталях, уздоўж якога святло праходзіць без падвойнага праменепераламлення.

2) Прамая, на якой размешчаны цэнтры ўсіх пераламляльных і адбівальных паверхняў, што ўтвараюць аптычную сістэму (лінзавую, люстраную або люстрана-лінзавую).

3) Вось сіметрыі пераламляльных паверхняў лінзы або адбівальнай паверхні люстэрка; праходзіць праз цэнтры крывізны паверхняў перпендыкулярна да іх.

т. 1, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУЛЕ́Й САТУРНІ́Н (Луцый) (Lucius Apuleius Saturninus; ? — 100 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч, папуляр. Нар. трыбун. У 104 — квестар, кіраваў у Остыі ўвозам хлеба. У 101 выступіў з выкрыццём сенатараў, падкупленых пасламі цара Пантыйскай дзяржавы Мітрыдата VI Еўпатара. Правёў праз нар. сход законы аб надзяленні зямлёй ветэранаў Марыя і вывядзенні калоній у правінцыі. Забіты прыхільнікамі аптыматаў.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКІНСКАЕ ЦЯЧЭ́ННЕ,

цёплае паверхневае цячэнне ў паўн.-ўсх. ч. Ціхага ак., паўн. галіна Паўночна-Ціхаакіянскага цячэння. Т-ра вады 2—7 °C зімой, 10—15 °C летам. Скорасць 0,9—1,8 км/гадз. Праходзіць з Пд на Пн, затым з У на З у заліве Аляска; праз усх. пралівы Алеуцкіх а-воў уваходзіць у Берынгава мора.

т. 1, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСО́РБЦЫЯ,

1) паглынанне рэчыва з газавай сумесі вадкасцю. Адбываецца ва ўсім аб’ёме паглынальніка, праводзіцца ў абсорберах. Выкарыстоўваецца ў хім. вытв-сці (напр., пры атрыманні азотнай, салянай, сернай кіслот, соды), а таксама пры ачыстцы газаў, у аўтаномных сістэмах жыццезабеспячэння.

2) Паглынанне эл.-магн. выпрамянення або гуку пры праходжанні праз рэчыва (гл. Паглынанне святла, Паглынанне гуку).

т. 1, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСФО́Р (тур. Karadeniz Bogazi, грэч. Bosporos),

праліў паміж Еўропай і Азіяй (п-аў Малая Азія). Злучае Чорнае і Мармуровае моры. Даўж. каля 30 км, шыр. ад 0,7 км да 3,7 км. Найменшая глыб. на фарватэры 33 км. У Басфоры — бухта Залаты Рог. Порт Стамбул (Турцыя). Праз Басфор пабудаваны аўтамаб. мост (даўж. каля 2,8 км).

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБ-ЭЛЬ-МАНДЭ́БСКІ ПРАЛІ́Ў,

паміж Аравійскім п-вам і Афрыкай. Злучае Чырвонае м. з Аравійскім. Шыр. да 26,5 км. Глыб. на фарватэры 182 м. Востраў Перым падзяляе праліў на Вялікі і Малы рукавы. Праз праліў і Суэцкі канал пралягае самы кароткі водны шлях з Еўропы ва Усх. і Паўд. Азію і Аўстралію.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ХАВА,

возера ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., у бас. р. Вір (цячэ праз возера), за 12 км на ПдУ ад г. Бабруйск. Пл. 0,42 км², даўж. 1 км, найб. шыр. 750 м. Пл. вадазбору 85,3 км². Мелкаводнае. Схілы катлавіны спадзістыя. Берагі забалочаныя, пад хмызняком. Дно на 70% плошчы выслана сапрапелем. Злучана з воз. Плывун.

т. 4, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФАНАСКАПІ́Я (ад грэч. diaphanēs празрысты + ...скапія),

прасвечванне прыдаткавых пазух носа, вочных яблыкаў для вызначэння іх стану. Пры паталаг. зменах (пухліна, запаленне, іншароднае цела) пашкоджаны бок зацемнены. Д. робяць у зацемненым памяшканні спец. эл. лямпачкай, замацаванай на ручцы або ў спец. метал. капсуле. Д. верхнясківічных (гаймаравых) пазух носа робяць праз рот.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕА́ЗЫ, ДНКазы,

ферменты класа нуклеаз, якія каталізуюць расшчапленне фосфадыэфірных сувязей у полінуклеатыдных ланцугах ДНК. Шырока прадстаўлены ў клетках жывёл, раслін і мікраарганізмаў. Удзельнічаюць у рэгуляванні распаду і сінтэзу ДНК, аднаўленні структуры яе малекул праз выдаленне пашкоджаных участкаў. Уласцівасць Д. аднаўляць структуры малекул выкарыстоўваюць у геннай інжынерыі пры выдаленні ці ўманціраванні ў малекулу ДНК патрэбнага гена.

т. 6, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХНА́РКА,

рака ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Дрыса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 208 км². Выцякае з воз. Белае, цячэ ў забалочанай мясцовасці па Полацкай нізіне, працякае праз воз. Дахнарскае. Асн. прыток р. Лонніца (справа). Даліна ў ніжнім цячэнні добра выражаная, шыр. 200—300 м.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)