КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),
бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.В.Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).
Літ.:
Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;
Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАНКА (Антон Сямёнавіч) (13.3. 1888, г. Белаполле Сумскай вобл., Украіна — 1.4.1939),
савецкі педагог і пісьменнік. Скончыў Палтаўскі настаўніцкі ін-т (1917). Пед. дзейнасць пачаў у 1905. У 1920 стварыў пад г. Палтава і ўзначаліў прац. калонію для непаўналетніх правапарушальнікаў (з 1922 калонія імя М.Горкага). З 1927 сумяшчаў работу ў калоніі з арганізацыяй дзіцячай прац. камуны імя Дзяржынскага пад Харкавам. З 1935 нач., з 1937 нам.нач. аддзела прац. калоніі НКУС УССР. З 1937 у Маскве, займаўся літ. і грамадска-пед. дзейнасцю. Распрацаваў методыку выхаваўчай работы з дзіцячым калектывам. У калоніі і камуне стварыў высокаарганізаваны дзіцячы калектыў, дзе выхаванцы набывалі адукацыю, спалучалі навучанне з вытв. працай, маральным і фіз. выхаваннем. Шырока ўкараняў прынцып самакіравання. Характэрная рыса выхаваўчага стылю М. — спалучэнне высокага даверу з вял. патрабавальнасцю. Ва ўмовах аўтарытарных тэндэнцый у жыцці грамадства, насуперак уціску з боку пед. чыноўнікаў, ён змагаўся за ўсталяванне гуманіст. педагогікі. Пісаў аповесці, апавяданні, п’есы, кінасцэнарыі, выступаў як крытык і публіцыст. Пед. вопыт і погляды М. адлюстраваны ў маст. творах: «Педагагічная паэма» (ч. 1—3, 1933—35), «Сцягі на вежах» (1938); «Кніга для бацькоў» (1937) і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—7. 2 изд. М., 1959—60;
Пед. соч. Т. 1—8. М., 1983—86;
Избр. пед. соч. Т. 1—2. М., 1978.
Літ.:
А.С.Макаренко: Указ. тр. и лит. о жизни и деятельности. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЧА́НСКІХ РЫБАКО́Ў ВЫСТУПЛЕ́ННЕ 1935,
барацьба сялян прынарачанскіх вёсак супраць забароны ўрадам Польшчы свабодна лавіць рыбу. Паводле прынятага польскім урадам у 1932 закона аб нацыяналізацыі рэк і азёр воз. Нарач перайшло да Дырэкцыі дзярж. лясоў і здадзена ў арэнду акц. т-ву на чале з памешчыкам Яблонскім, які ў 1935 забараніў сялянам рыбны промысел. Сяляне навакольных вёсак адмовіліся выконваць гэтае распараджэнне. Пачаліся сутычкі з паліцыяй, арышты. ЦККПЗБ накіраваў на Нарач сваіх прадстаўнікоў А.К.Шчасную і А.І.Багданчука, звярнуўся з адозвай «Брацкае слова да рыбакоў возера Нарач і ўсіх азёр Заходняй Беларусі», выдаў лістоўку «Возера належыць вам». У чэрв. 1935 выбраны забастовачны к-т, у які ўвайшлі рыбакі І.П.Зарэцкі, К.І.Субач, М.І.Субач, І.А.Чарняўскі і інш. У жн. пачалася забастоўка, прагнаны арандатар, сяляне не пускалі на працу штрэйкбрэхераў, вялі арганізаваную лоўлю і продаж рыбы. Паліцыя правяла арышты. Да забастоўкі далучыліся рыбакі Браслаўскіх азёр, баставала каля 40 вёсак. Дружыны самаабароны ахоўвалі лодкі і сеткі. Улады вымушаны былі пайсці на частковыя ўступкі: павысілі цану на рыбу, дазволілі сялянам лавіць рыбу сваімі сеткамі. Барацьба за свабодную лоўлю рыбы і адмену закона аб нацыяналізацыі працягвалася да вер. 1939. Выступленню нарачанскіх рыбакоў прысвечана паэма М.Танка «Нарач» (1937), карціна В.Цвіркі «Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач» (1957) і інш.
Да арт.Нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935. Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач. З карціны В.Цвіркі 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́ЛЬ ((Ravel) Марыс Жазеф) (7.3.1875, г. Сібур, Францыя — 28.12.1937),
французскі кампазітар. Ганаровы д-р музыкі Оксфардскага ун-та (1929). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1905). Фарміраванне творчасці Р. праходзіла пад уплывам К.Дэбюсі, а таксама рус. кампазітараў М.Рымскага-Корсакава, А.Барадзіна, асабліва М.Мусаргскага (з І.Стравінскім Р. працаваў над партытурай «Хаваншчыны» для пастаноўкі оперы ў Парыжы, аркестраваў «Карцінкі з выстаўкі»). У творах спалучаў тэндэнцыі імпрэсіянізму (каларыстычныя гармонія і аркестроўка, складаныя рытмы) з класічнай яснасцю і выразнасцю формы, ярка прасочваецца сувязь з франц., ісп. і інш. фальклорам. Пазней выразна акрэсліліся неакласічныя тэндэнцыі. Сярод твораў: оперы «Іспанская гадзіна» (паст. 1907), «Дзіця і чараўніцтва» (паст. 1925), балеты «Дафніс і Хлоя», «Сон Фларыны, ці Матухна-гусыня», «Адэлаіда, ці Мова кветак» (усе паст. 1912), харэагр. паэма «Вальс» (1920); інстр. музыка: для арк. уверцюра «Шахеразада» (1898), «Іспанская рапсодыя» (1907), «Балеро» (харэагр. паст. 1928; на сцэне Бел.т-ра оперы і балета паст. 1963, 1971, 1984); 2 канцэрты для фп. з арк. (1-ы для левай рукі, 1930; 1931); для фп. «Павана на смерць інфанты», «Гульня вады», сюіта «Пахавальня Куперэна», цыкл «Адбіткі» і інш. Выступаў як піяніст і дырыжор пераважна са сваімі творамі.
Літ.:
Крейн Ю. Симфонические произведения М.Равеля. М., 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел.паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж.бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),
рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл.Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. СПб., 1994.
Літ.:
Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧАНІ́НАЎ (Аляксандр Ціханавіч) (25.10.1864, Масква — 4.1.1956),
рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую і Пецярбургскую (1893, клас М.Рымскага-Корсакава) кансерваторыі. Пасля 1917 канцэртаваў як дырыжор і піяніст, праводзіў лекцыі-канцэрты. З 1925 жыў за мяжой (у Парыжы, з 1939 у Нью-Йорку). У творчай спадчыне найб. каштоўныя камерна-вак. і хар. жанры (больш за 100 рамансаў, цыклы хароў а капэла). Істотнае месца ў яго творчасці займае музыка для дзяцей і царкоўная (імкнуўся адрадзіць стыль старадаўняга рус. спявання і ўзбагаціць яго хар. фактуру). Працуючы ў Музычна-этнаграфічнай камісіі і Беларускай песеннай камісіі, глыбока адчуў своеасаблівасць ладава-інтанацыйнай будовы бел.муз. фальклору. Даў класічныя ўзоры апрацовак бел. песень (захаваліся 17 для голасу і фп., 11 для мяшанага хору). На тэмы нар. песень напісаў у Парыжы «Беларускую рапсодыю» для сімф. аркестра і п’есу для скрыпкі і фп. «Дар Белай Русі». Аўтар музыкі да п’есы В.Шашалевіча «Апраметная» (паст. 1926, БДТ-2). Сярод інш. твораў: 6 опер, у т. л. «Дабрыня Мікітавіч» (паст. 1903), «Сястра Беатрыса» (паст. 1912), «Жаніцьба» паводле М.Гогаля (паст. 1948), дзіцячыя «Сон елачкі» (1911), «Церамок» (1919), «Кот, певень і ліса» (1924); 5 сімфоній (1894—1937), сімф.паэма «Да перамогі» (1943), камерна-інстр. ансамблі, музыка да драм. спектакляў і інш.
Літ. тв.: Моя музыкальная жизнь. Париж, 1934.
Літ.:
Александров Ю. Страницы жизни // Сов. музыка. 1964. № 10;
Нелидова-Фавейская Л. Последние годы // Там жа;
Шырма Р.Р. Песня — душа народа. Мн., 1976. С. 39—42, 74—76.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЗНА (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.5.1938, в. Закружка Мінскага р-на),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1961). Настаўнічаў на Браслаўшчыне (Віцебская вобл.), працаваў на Бел. радыё, у час. «Полымя», з 1981 у выд-ве «Юнацтва». Друкуецца з 1956. Аўтар больш за 20 паэт. зб-каў, у т. л. «Край мой сінявокі» (1963), «Жураўліны досвітак» (1969), «Святло ліўня» (1972), «Цеплыня» (1977), «Цішыня баразны» (1981), «Шумяць вербы...» (1982), «Музыка ў свеце» (1985), «Расколіна на Звоне Свабоды» (1986), «Душы разгуканай мелодыя» (1988), «Азёры дабрыні» (1995), кніг для дзяцей «На сяле ў бабулі» (1975), «Кыонг і яго сябры» (1982), «Зямля — два паўшар’і» (1988), «Мір і сонейка — для ўсіх» (1990), «Хітры і мудры» (1994), «Насціна кніжка» (1995), «Іграй, жалейка, не змаўкай...» (1998). Тэмы яго твораў — памяць мінулай вайны, любоў да роднага краю, жыццё і праца, шчасце, радасць і паўсядзённы клопат сучасніка. Шматлікія яго вершы пакладзены на музыку бел. кампазітарамі У.Буднікам, Я.Глебавым, Э.Зарыцкім, І.Лучанком, Ю.Семянякам, Л.Захлеўным, У.У.Карызнам і інш., найб. папулярныя з іх увайшлі ў зб-кі песень «Клубныя вечары» (1979), «Люблю цябе, Белая Русь» (1984), «Салавей спявае» (1990), «Гэта наша Радзіма» (1998). Уражанні ад наведвання В’етнама і ЗША — у аснове цыкла публіцыстычных твораў (паэма «Размова наросцяж», вершы). Творчасць К. адметная выразнасцю мовы. меладычнасцю, рытміка-інтанацыйным багаццем. Перакладае з укр., літ. і інш. моў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Літ.:
Гніламёдаў У. Упоравень з векам. Мн., 1976. С. 97—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯСКО́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (20.4.1881, г. Модлін, цяпер Новы-Двор-Мазавецкі, Польшча — 8.8.1950),
расійскі кампазітар, педагог, муз. крытык. Нар.арт.СССР (1946). Д-р мастацтвазнаўства (1940). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1911), вучань А.Лядава, М.Рымскага-Корсакава, Я.Вітала. З 1921 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Удзельнічаў у арганізацыі Дзярж.муз.выд-ва. Адзін з найб. значных сімфаністаў 20 ст. Яго творчасці ўласцівы самабытнае ўвасабленне класічных традыцый, шырокія абагульненні, разнастайнасць тэм і вобразаў, зварот да муз. фальклору пры даволі свабоднай яго інтэрпрэтацыі, пошукі новага. Сярод твораў: 27 сімфоній (1908—49), 3 сімфаньеты (2 для стр.арк.), сімф. прытча «Маўчанне» паводле Э.По (1910), сімф.паэма «Аластар» паводле П.Б.Шэлі (1913), уверцюры (1939, 1947); «Славянская рапсодыя» (1946), канцэрты для скрыпкі (1938), віяланчэлі (1944) з арк., творы для духавога арк., камерна-інстр., у т. л. 13 стр. квартэтаў (1930—49); санаты для скрыпкі і фп. (1947), 2 для віяланчэлі і фп. (1911, 1942), 9 санат (1909—49) і п’есы для фп., кантаты, хары, рамансы (больш за 100) і інш. Стварыў кампазітарскую школу. Сярод вучняў: А.Вепрык, Ф.Вітачак, Дз.Кабалёўскі, В.Мурадэлі, М.Пяйко, М.Тулебаеў, А.Хачатуран, Б.Чайкоўскі, В.Шабалін, А.Эшпай. Аўтар артыкулаў пра творчасць рас. і замежных кампазітараў. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946 (двойчы), 1950, 1951.
Літ.:
Асафьев Б.В. Избр. труды. Т. 5. М., 1957;
Долинская Е. Мясковский // Музыка XX в. М., 1984. Ч. 2, кн. 4;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РВІД ((Norwid) Цыпрыян Каміль) (24.9.1821, в. Ляскова-Глухы каля Варшавы — 23.5.1883),
польскі пісьменнік. Вучыўся ў варшаўскай гімназіі, маст. школах (1831—40). З 1842 жыў за мяжой (Германія, Італія, Бельгія, Францыя, ЗША, Англія), з 1854 у Парыжы. Прадстаўнік другога пакалення польск. рамантыкаў. Непрызнаны пры жыцці, апублікаваў толькі частку напісанага (шмат з яго спадчыны згублена). Сярод лепшых твораў: лірычныя вершы, прысвечаныя выдатным людзям і падзеям («Памяці Бэма жалобная рапсодыя», 1851, выд. 1910; вершы ў гонар А.Міцкевіча «Што ты зрабіў Афінам...», 1856, і «Спартак», 1857; «Фартэпіяна Шапэна», 1865, і інш.), лірычны цыкл «Vademecum» (1858—66, выд. 1947), філас.паэма «Асунта» (1870, выд. 1908), драм. фантазія «За кулісамі» (1865—66, паст. 1946), трагедыі «Пярсцёнак велікасвецкай дамы» (1872, паст. 1936) і «Клеапатра» (1872—79, паст. 1934). Аўтар навел, філас.-эстэт. трактатаў, цыкла эсэ «Чорныя кветкі» (1857, выд. 1904) пра парыжскія сустрэчы з Міцкевічам, Ю.Славацкім, Ф.Шапэнам. Распрацоўваў праблемы гісторыі цывілізацыі і сучаснасці, культуры еўрап. народаў, агульначалавечай маралі і інш., імкнуўся да стварэння новых паэт. сродкаў. Яго творчай манеры ўласціва філасафічнасць, інтэлектуальная гульня, афарыстычнасць, сімволіка, схільнасць да парадоксаў. іронія. Аўтар шматлікіх малюнкаў, афортаў, гравюр. На бел. мову яго вершы пераклалі А.Мінкін, В.Сёмуха.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—5. 2 wyd. Warszawa, 1980;
Бел.пер. — у кн : Прыйдзі, стваральны дух. Мн., 1986;