МІКЛУ́ХА-МАКЛА́Й (Мікалай Мікалаевіч) (17.7.1846, с. Раждзественскае Баравіцкага р-на Наўгародскай вобл., Расія — 14.4.1888),

расійскі падарожнік, прыродазнавец, антраполаг, этнограф. У 1867—69 зрабіў падарожжы на Канарскія а-вы, у Марока, на ўзбярэжжа Чырвонага м. З 1871 ажыццявіў шэраг падарожжаў на Новую Гвінею, п-аў Малака, Філіпіны, Малайскі архіпелаг, у Зах. Мікранезію, Аўстралію, дзе некалькі гадоў жыў сярод карэннага насельніцтва, вывучаў яго побыт, культуру, збіраў разнастайныя калекцыі. На аснове сабранага матэрыялу даказваў відавое адзінства і роднасць усіх рас, першы падрабязна апісаў меланезійскі антрапал. тып і яго пашырэнне. Яго імем названы бераг у Новай Гвінеі, заліў у Антарктыдзе.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М.; Л., 1950—54;

Бел. пер. — Падарожжы. Мн., 1954.

Літ.:

Колесников М.С. Миклухо-Маклай. М., 1965.

М.М.Міклуха-Маклай.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд. тэхн. н. (1975). Скончыў ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Р.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАФІ́Н (ням. Paraffin ад лац. parum мала + affinis роднасны; названы з-за нейтральнасці да большасці хім. рэагентаў),

сумесь насычаных вуглевадародаў з 18—35 атамамі вугляроду ў малекуле пераважна нармальнай будовы.

Воскападобнае рэчыва без паху, tпл 45—65 °C, шчыльн. 880—915 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе і этаноле, раствараецца ў большасці арган. растваральнікаў. У звычайных умовах інертны ў адносінах да большасці кіслот, шчолачаў, галагенаў; азотнай к-той і кіслародам паветра пры 140 °C акісляецца да тлустых кіслот. Атрымліваць дэпарафінізацыяй (напр., сумессю кетонаў з талуолам) масленых дыстылятаў нафты з наступнай ачысткай. Выкарыстоўваюць для прамочвання ўпаковачнай паперы, атрымання сінт. тлустых кіслот, бялкова-вітамінных канцэнтратаў, вырабу свечак (у сумесі з цэрэзінам) парафіналячэння і інш. Гл. таксама Насычаныя злучэнні.

т. 12, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́Т ((Scott) Роберт Фолкан) (6.6.1868, г. Плімут, Вялікабрытанія —27.3.1912),

англійскі палярны даследчык. У 1901—04 кіраваў экспедыцыяй у Антарктыду, якая адкрыла п-аў Эдуарда VII, даследавала ўнутр. ч. Зямлі Вікторыі, ледавік Роса, дайшла да 82°17 паўд. ш. У 1910 узначаліў 2-ю экспедыцыю, якая ў пач. 1911 на судне «Тэра-Нова» прыбыла ў Антарктыду і засталася на зімоўку. У ліст. 1911 С. з 4 спадарожнікамі накіраваўся да Паўд. полюса, які дасягнуў 18.1.1912 (на 33 дні пазней за нарв. даследчыка Р.​Амундсена). Загінуў на зваротным шляху. Яго імем названы горы на Зямлі Эндэрбі, 2 ледавікі ў Антарктыдзе, востраў каля яе берагоў, палярныя станцыі амер. (Амундсен—Скот) і новазел. (Скот), ін-т палярных даследаванняў у Кембрыджы.

М.​К.​Багадзяж.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРОЗД (Валянцін Пятровіч) (16.9.1906, г. Буда-Кашалёва Гомельскай вобл. — 29.1.1943),

віцэ-адмірал (1941). Скончыў Вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1928), служыў на караблях Балт. флоту (БФ). Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі (інструктар-саветнік рэсп. флоту ў 1936—37). З 1938 камандуючы Паўн. флотам, удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. З вер. 1940 нач. Чарнаморскага вышэйшага ваен.-марскога вучылішча. З лют. 1941 камандзір атрада лёгкіх сіл БФ, у пач. Вял. Айч. вайны на чале атрада караблёў БФ прарваўся з Таліна ў Кранштат. З вер. 1941 камандуючы эскадрай караблёў БФ; удзельнік абароны Маанзундскіх а-воў, эвакуацыі абаронцаў п-ва Ханка, абароны Ленінграда. Загінуў на лядовай трасе пад Кранштатам. Яго імем названы эсмінец БФ (гл. «Віцэ-адмірал Дрозд») і вял. процілодачны карабель Паўн. флоту. У Буда-Кашалёве помнік.

Р.​К.​Паўловіч.

В.П.Дрозд.

т. 6, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭЙК ((Drake) Фрэнсіс) (каля 1540, Кроўндэйл, каля г. Плімут, Вялікабрытанія — 28.1.1596),

англійскі мараплавец. Віцэ-адмірал (1588). На флоце з 15 гадоў. Кіраўнік шэрагу антыіспанскіх пірацкіх экспедыцый у Вест-Індыю (1567—77, 1586); у час экспедыцыі 1577—80 (выйшла з Плімута) здзейсніў 2-е (пасля Ф.Магелана) кругасветнае плаванне, прайшоў Магеланаў праліў, выявіў новы праліў (у 19 ст. названы Дрэйка праліў), даказаў, што Вогненная Зямля не выступ Паўд. мацерыка, а асобны архіпелаг, адкрыў бухту Сан-Францыска. Меў падтрымку з боку каралевы Лізаветы I Цюдар. У 1587 здзейсніў напад на порт Кадыс (Іспанія). У 1588 фактычна камандаваў англ. флотам пры разгроме ісп. «Непераможнай армады». Памёр у час чарговай пірацкай экспедыцыі.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. [Т]. 2. С. 315—320.

М.​К.​Багадзяж.

Ф.Дрэйк.

т. 6, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬ, дызельны рухавік,

рухавік унутранага згарання, у якім дызельнае паліва загараецца ад уздзеяння высокай т-ры паветра, сціснутага поршнем. Названы ў гонар Р.Дызеля. Адрозніваюць Д. двух- і чатырохтактавыя; з аб’ёмным і плёначным сумесеўтварэннем; паводле канструкцыі камеры згарання — з нераздзеленай камерай, перадкамерныя, віхракамерныя, паветракамерныя і інш.

У Д. з нераздзеленай камерай згарання паліва ўпырскваецца непасрэдна ў цыліндр, дзе раўнамерна распыляецца; у астатніх — сумесеўтварэнне залежыць ад завіхрэнняў паветра, якія ўзнікаюць з-за асаблівасцей канструкцыі. Удзельны расход паліва ў найб. дасканалых Д. да 190 г/(кВт∙гадз); ккдз да 44%; ступень сціскання паветра да 20; магутнасць да 30 тыс. кВт, павышаюць яе наддувам. Д. выкарыстоўваюцца на транспарце, у энергетыцы (гл. напр., Дызельная электрастанцыя).

В.​А.​Сяргеенка.

Дызель: 1 — фарсунка; 2 — клапан; 3 — цыліндр з поршнем; 4 — паліўная помпа; 5 — каленчаты вал.

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯФА́НТАВЫ ЎРАЎНЕ́ННІ,

від алгебраічных ураўненняў ці іх сістэм з цэлымі каэфіцыентамі, у якіх рашэнні шукаюцца ў цэлых або рацыянальных ліках. Названы ў гонар Дыяфанта.

Колькасць невядомых у Д.у. перавышае колькасць ураўненняў (невызначальныя ўраўненні). Д.ў. 1-й ступені ax+by=1 пры ўзаемна простых a і b мае бясконцае мноства рашэнняў. Д.ў. 2-й ступені таксама можа мець бясконцае мноства рашэнняў, напр., ураўненне Пеля x​2 − Ay​2 = 1 (A>0; A — няпоўны квадрат). Агульная тэорыя Д.у. вышэйшых ступеняў адсутнічае, але даказана невырашальнасць вядомай праблемы Ферма: Д.ў. x​n + y​n + z​n не мае рашэнняў у натуральных ліках x, y, z і n>2 (А.​Вайлс, Р.​Тэйлар, ЗША, 1995).

Літ.:

Гельфонд А.О. Решение уравнений в целых числах. 4 изд. М., 1983.

В.​І.​Бернік.

т. 6, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КІЕЎСКІ САБО́Р у С.-Пецярбургу,

помнік позняга рус. класіцызму. Закладзены ў гонар Пятра I, названы імем св. Ісакія Далмацкага. Пабудаваны ў 1818—58 паводле праекта А.​А.​Манферана (дапрацаваны ў 1821—25 В.​П.​Стасавым, А.​А.​Міхайлавым 2-м). Манум. аб’ём будынка (агульная выш. 101,52 м, памеры ў плане 111,5 м × 97,6 м) завершаны купалам (дыяметр 21,83 м), з чатырох бакоў да яго прымыкаюць 8-калонныя порцікі карынфскага ордэра з франтонамі, аздобленымі статуямі па вуглах і гарэльефамі ў тымпанах (скульптары І.​П.​Віталі, А.​В.​Лаганоўскі, П.​К.​Клот і інш.). Інтэр’ер сабора апрацаваны малахітам, парфірам, мармурам, аздоблены мазаікай і размалёўкамі (жывапісцы К.​П.​Брулоў, Ф.​А.​Бруні). Да 1917 гал. храм горада. З 1931 музей.

Літ.:

Арзуманян АМ. Адмирал. М., 1980.

Ісакіеўскі сабор.

т. 7, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (англ. Caroline Islands, ісп. Carolinas Islas),

архіпелаг у зах. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Уваходзяць у склад дзярж. утварэнняў: Федэратыўныя штаты Мікранезіі (Цэнтр. і Усх. Караліны: а-вы Косрае, Панпеі, Трук, Яп) і Рэспубліка Палау (зах. К.а., падапечная тэр. ЗША). Усяго 936 асобных або сабраных у групы астравоў агульнай пл. каля 1320 км². Нас. каля 105 тыс. чал. (1988). Буйнейшыя а-вы: Бабелтуап, Понапе, Кусаіе, Яп, Трук — вулканічныя (выш. да 791 м), абкружаны больш нізкімі каралавымі рыфамі. Астравы зах. групы адносяцца да сістэмы астраўных дуг, для якіх характэрна ўстойлівае павольнае падняцце. Астравы ўсх. групы сфарміраваны на акіянічным ложы. Радовішчы фасфарытаў. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Вечназялёныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства. Адкрыты ў 1528 ісп. мараплаўцам А. дэ Сааведра. Названы ў гонар ісп. караля Карла II.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)