ВІ́ЛЬЯМС (Пётр Уладзіміравіч) (30.4.1902, Масква — 1.12.1947),

рускі тэатр. мастак, жывапісец, графік. Засл. дз. мастацтваў Расіі (1944). Праф. (1947). Вучыўся ў студыі В.Мяшкова (з 1909) і ў Вхутэмасе (1919—24) у К.Каровіна, І.Машкова і інш. Чл. Т-ва мастакоў-станкавістаў (1925—30). Напачатку займаўся станковым жывапісам (партрэт У.​Меерхольда, 1925, «Акрабатка», 1926). Ілюстраваў дзіцячыя кнігі. З 1929 у т-ры, у 1941—47 гал. мастак Вялікага т-ра ў Маскве. Тэатр. работы: «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (МХАТ, 1934), «Вільгельм Тэль» Дж.​Расіні (1942; Дзярж. прэмія СССР 1943), «Папялушка» (1945; Дзярж. прэмія СССР 1946), «Рамэо і Джульета» (1946; Дзярж. прэмія СССР 1947) С.​Пракоф’ева — усе ў Вялікім т-ры. У Бел. т-ры оперы і балета аформіў «Пікавую даму» П.​Чайкоўскага (1934).

М.​Л.​Цыбульскі.

П.Вільямс. Эскіз дэкарацый да спектакля «Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса (МХАТ, 1934).

т. 4, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЧАРО́ВА (Людміла Мікалаеўна) (н. 19.1.1950, Мінск),

мастак тэатра. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). У 1973—80 маст. рэдактар выд-ва «Беларусь», з 1983 у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі (з 1989 мастак-пастаноўшчык). Высокая культура малюнка, сакавітасць і гарманічная прыгажосць каларыту вызначаюць створаныя ёю эскізы касцюмаў да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса (1989), «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага (1993), балета «Карсар» А.​Адана (1991), афармленне опер «Мадалена» С.​Пракоф’ева (1989), «Рыгалета» Дж.​Вердзі (1994), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1995), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1996), фантазіі «Шэкспір і Вердзі» (1992). Па яе эскізах створаны таксама касцюмы да спектакляў «Залёты» В.​Дуніна-Марцінкевіча (1992) у Бел. т-ры імя Я.​Коласа, «Ідылія» Дуніна-Марцінкевіча (1993) у Бел. т-ры імя Я.​Купалы і інш.

Л.Ганчарова. Эскіз касцюма да оперы «Кавалер руж» Р.​Штрауса.

т. 5, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЖАКЕ́ВІЧ (Іван Сідаравіч) (18.1.1864, с. Вішнапаль Чаркаскай вобл., Украіна — 19.1.1962),

украінскі мастак. Нар. мастак Украіны (1951). Вучыўся ў іканапіснай школе Кіева-Пячэрскай лаўры (1876—82, выкладаў там у 1905—07), у Кіеўскай школе малявання М.Мурашкі (1882—84), у Пецярбургскай АМ (1884—88). У 1883 прымаў удзел у аднаўленні фрэсак 12 ст. Кірылаўскай царквы ў Кіеве, у 1904—08 працаваў над размалёўкамі трапезнай і царквы Усіх святых Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар карцін на быт. і гіст. тэмы («Кіева-Пячэрская лаўра. Від на корпус архітэктара Сцяпана Коўніра», 1905—06; «Кій, Шчэк і Хорыў і сястра іх Лыбідзь», «Маці ідзе!..», абедзве 1907; цыкла «Краявіды старога Кіева», 1913; «Бунт сялян», «На паншчыне», «Уманская разня», усе 1926—28; «Партызаны ў засадзе», 1944, і інш.), ілюстрацый да твораў Т.​Шаўчэнкі, М.​Гогаля, Лесі Украінкі і інш.

І.Іжакевіч. Маці ідзе!.. 1907.

т. 7, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМЕ́НКА (Аляксандр Іванавіч) (н. 16.10.1946, Мінск),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1970). Адзін са стваральнікаў і гал. мастак (з 1995) выд-ва «Панграф». Сярод твораў у кераміцы: кампазіцыі «Злыя каралі» (1975), «Гартаючы старонкі кніг Якуба Коласа» (1982), «Песня травы» (1996), рэльефы «Напалм» (1976), «Беларускія спартыўныя гульні» (1979), трыпціх «Свет Міколы Гусоўскага» (1980).

Аформіў інтэр’еры будынкаў бел. аддзялення рас. інфарм. агенцтва «Навіны» (1971, рэльефы), б. ЦК КПБ (1976, цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; паркеты, люстры, дэкар. агароджы), рэстарана «Беларусь» у Брэсце (1979; манум. размалёўка «Паляванне ў Белавежскай пушчы»). Стварае дызайн каштоўных папер, манет, марак, памятных медалёў. Працуе таксама ў жывапісе («Партрэт Казіміра Малевіча», «Гарадскі раманс», абедзве 1992). Аформіў кн. «Садружнасць незалежных дзяржаў», «Сядзібны партрэт Беларусі XVII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь» (1996, абедзве з Дз.​Бяліцкім).

А.Зіменка. Партрэт Казіміра Малевіча. 1992.

т. 7, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́ЕЎ (Абдулхак Аксакалавіч) (н. 30.12.1918, г. Туркестан Чымкенцкай вобл., Казахстан),

узбекскі жывапісец. Нар. мастак Узбекістана (1968). Вучыўся ў Самаркандскім маст. тэхнікуме (1931—36), Маскоўскім маст. ін-це (1938—41). Аўтар нац. па каларыце партрэтаў паэта і мысліцеля А.​Наваі, пісьменнікаў Айбека, І.​Рахіма, К.​Яшэна, «Аўтапартрэта ў кіргізскай шапцы» і інш.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКХАНА́ЛІІ,

у Старажытным Рыме святкаванні, містэрыі ў гонар Дыяніса (Вакха). Першапачаткова да ўдзелу ў вакханаліях дапускаліся толькі жанчыны, пазней і мужчыны. З 2 ст. да н.э. набылі характар оргій. У 186 да н.э. на вакханаліі сенацкім указам накладзены абмежаванні. У пераносным сэнсе вакханаліі — дзікі разгул, оргія.

Вакханалія. Мастак Н.​Пусэн. 1620-я г.

т. 3, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАШУКЕ́ЛІ (Элгуджа Давідавіч) (н. 22.8.1928, Тбілісі),

грузінскі скульптар-манументаліст. Нар. мастак Грузіі (1979). Вучыўся ў Тбіліскай АМ (1950—55). Аўтар алегарычнай статуі «Маці-Грузія» (дрэва, 1958; алюміній, 1963), помніка Вахтангу Гаргасалу (1967) у Тбілісі, манумента Перамогі ў Горы, мемарыяла Славы героям-маракам у Поці (абодва 1979). Дзярж. прэмія СССР 1982.

Э.Амашукелі. Помнік Вахтангу Гаргасалу. 1967.

т. 1, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕГЯ́Н (Мгер Манукавіч) (н. 26.1.1909, г. Эчміядзін, Арменія),

армянскі жывапісец і графік. Нар. мастак Арменіі (1960). Вучыўся ў Вышэйшым дзярж. маст.-тэхн. ін-це (Масква; 1927—30), АМ у Ленінградзе (1930—31). Аўтар маляўнічых пейзажаў, сакавітых нацюрмортаў, партрэтаў, пейзажна-жанравых карцін («На востраве Севан», «Калыханка», «Лета»), графічных пейзажаў (малюнкі, акварэлі, афорты, лінагравюры), прасякнутых лірычным настроем.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ (Антоній Самуэль) (10.6.1774, г.п. Тураў Гомельскай вобл. — 22.6.1838),

бел. жывапісец і тэатр. мастак. Вучыўся ў Ф.Смуглевіча. Творчую дзейнасць пачаў дэкаратарам у прыдворным т-ры М.​К.​Агінскага ў Слоніме ў 1880, потым працаваў у Варшаве. Аўтар фрэсак у палацах Мастоўскага і Сабалеўскага (Варшава); пісаў таксама жывапісныя карціны (партрэты, пейзажы і інш.).

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРГО́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.

Да арт. Гаргоны. Галава Медузы. Мастак Караваджа. Каля 1600.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)