НА́ЛЬЧЫК,

горад, сталіца Кабардзіна-Балкарыі ў Рас. Федэрацыі. Размешчаны ў перадгор’ях Каўказа, на р. Нальчык. Засн. ў 1817. 237,1 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Н. — шматгаліновы прамысл. цэнтр. Прам-сць: машынабудаванне (ВА «Паўнкаўкэлектронмаш», «Паўнкаўкэлектрапрыбор» і «Тэлемеханіка»; з-ды паўправадніковых прыбораў, электравакуумны, высакавольтнай апаратуры, маш.-буд., станкабуд. і інш.), каляровая металургія, хім., харчасмакавая, лёгкая; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. Кабардзіна-Балкарскі ун-т. 2 тэатры (драм. і музычны). 3 музеі (краязнаўчы, выяўл. мастацтваў; дом-музей М.Ваўчок).

Бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у перадгор’ях Вял. Каўказа на выш. 555 м. Лекавыя фактары: умерана-кантынентальны клімат, мінер. воды Беларэчанскіх крыніц (тэрмальная ёдабромная, тэрмальная азотна-хларыдна-натрыевая гідракарбанатная, сульфідная і інш.). Мінер. воды выкарыстоўваюцца на пітное лячэнне, ванны, душы, арашэнні, пры хваробах страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевых шляхоў, сэрца і сасудаў, абмену рэчываў, нерв. і скурных. Гразелячэнне глеевымі гразямі Тамбуканскага возера. Санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку. Хваёва-лісцевы парк, канатныя дарогі і інш.

Горад Нальчык.

т. 11, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Pomorskie),

адм.-тэр. адзінка на Пн Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 22,7 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1999), гарадскога 74%. Адм. цэнтр — г. Гданьск. Найб. гарады: Гдыня, Слупск, Сопат. Рэльеф нізінны на ўзбярэжжы Балтыйскага м. і ў межах дэльты р. Вісла (Віслянскія Жулавы), у цэнтр. ч. Кашубскае Паазер’е (выш. да 329 м., г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C да -3 °C, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Вісла (з прытокамі Вда і Вяжыца), Леба, Слупя. Найб. азёры Вдзыдзе і Радунскае. Глебы пераважна падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 30% тэрыторыі (хвоя, елка, бук). Гаспадарка прамысл.-аграрная. Прам-сць: маш.-буд. (пераважае суднабудаванне і суднарамонт, радыётэхн., электронная), хім., нафтахім., фармацэўтычная, харч., дрэваапр., лёгкая. Пад с.-г. ўгоддзямі 54% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, бульбу, цукр. буракі, кармавыя травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Рыбалоўства. Турызм (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова і інш.).

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́НЗА,

горад, цэнтр Пензенскай вобл. ў Расіі. На Прыволжскім узв., на р. Сура (прыток Волгі). Нас. 534,6 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне (з-ды: дызельны, кампрэсарны, вылічальных электронных машын, гадзіннікавы, хім., тэкст. машынабудавання, веласіпедны і інш.), харч., лёгкая, дрэваапр., папяровая. Ф-ка піяніна, з-д мед. прэпаратаў. 5 ВНУ. 2 тэатры. Музеі: краязн., нар. творчасці, карцінная галерэя. Батанічны сад.

Засн. ў 1663 як вартавы пункт на паўд. ускраіне Рас. дзяржавы. Неаднойчы на горад нападалі татары і нагайцы. У 1670 узята атрадамі С.Разіна. З 1719 цэнтр Пензенскай правінцыі ў складзе Казанскай губ. У 1723 засн. гар. магістрат (да 1866). У жн. 1774 праз П. прайшла армія Е.Пугачова. З 1780 цэнтр намесніцтва, з 1796 — губерні. У 1797—1801 павятовы, з 1801 губ. горад Саратаўскай губ. У 1874 праз П. прайшла Сызрана-Вяземская чыгунка. З 1928 цэнтр Пензенскай акругі Сярэдняволжскага краю, з 1930 раённы цэнтр Сярэдняволжскага, потым Куйбышаўскага краю, з 1937 — Тамбоўскай вобл., з 1939 цэнтр Пензенскай вобласці.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕНТАКШЫ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Swiętokrzyskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 11,4 тыс. км². Нас. 1,3 млн. чал. (1999), гарадскога 47%. Адм. цэнтр — г. Кельцы. Найб. гарады: Астровец-Свентакшыскі, Скаржыска-Каменна, Старахавіцы, Сандамір. Размешчана пераважна на Келецка-Сандамірскім узв., у межах якога вылучаюцца Свентакшыскія горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4,5 °C у Свентакшыскіх гарах да -2,5 °C на Пд, ліп. 16,5 °C і 18,5 °C адпаведна. Гал. рака Вісла з прытокамі Ніда, Каменна, Чарна. Глебы падзолістыя, на У бурыя і чарназёмныя. Пад лесам 27%. Гаспадарка аграрна-прамысловая. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 63%. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, жыта, цукр. буракі, бульбу, рапс. Садоўніцтва (асабліва каля Сандаміра). Гадуюць буйн. раг. жывёлу, коней, птушак. Прам-сць: маш.-буд. (трансп., эл.-тэхн.), чорная металургія (электрасталь, пракат), буд. матэрыялаў (цэмент, шкло, кераміка і інш.), харч. (цукр., кансервавая і інш.), лёгкая (швейная, абутковая). Здабыча жал. руды, сыравіны для буд. матэрыялаў. Турызм. Бальнеагразевы курорт Буска-Здруй.

т. 14, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на У еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934 як край, з 5.12.1936 вобласць. Пл. 120,8 тыс. км². Нас. 1623 тыс. чал. (1997), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Кіраў. Найб. гарады: Кірава-Чапецк, Вяцкія Паляны, Слабадской, Кацельніч, Амутнінск, Яранск.

Прырода. Паверхня — уваліста-хвалістая раўніна, нахіленая з Пн на Пд. Цэнтр. частку займае ўзвышша Вяцкі Увал (выш. да 284 м), парэзаны рачнымі далінамі і ярамі. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 214 м), на ПнУ Верхнякамскае ўзв. (выш. да 337 м). Карысныя выкапні: жал. руда, фасфарыты, торф, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы, ілавыя і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -15 °C, ліп. 17—19 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пд на Пн ад 400 мм да 600 мм. Рэкі належаць пераважна да бас. р. Волга. Гал. р. Вятка з прытокамі Кобра, Летка, Вялікая, Малома, Піжма (правыя); Чапца, Кільмезь (левыя); на ПнУ вярхоўі р. Кама, на З — р. Вятлуга. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя, шэрыя лясныя, па далінах рэк — поймавыя, на забалочаных нізінах — балотныя. Пад лесам каля 60%.

На Пн пашыраны хвойныя лясы, на Пд хвойна-шыракалістыя.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (дрэваапр. станкі, падымальна-трансп. абсталяванне, кабель, пральныя і кухонныя машыны, судны, прылады і інструменты), хім. (вытв-сць аўтамаб. шын і фосфарнай мукі), лясная і дрэваапр., электраэнергетыка, харч., лёгкая, буд. матэрыялаў.

Ёсць прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Вылучаецца лясная і дрэваапр. прам-сць (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць фанеры, мэблі, запалак). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва гарбарна-абутковая, вытв-сць скураных і футравых вырабаў, ільняных тканін. У харч. прам-сці найб. развіты масласыраробная, мясная, хлебабулачная. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча торфу і фасфарытаў. Нар. промыслы: гліняная дымкаўская цацка, драўляны посуд, матрошка, карункапляценне. Пад. с.-г. ўгоддзямі 3400 тыс. га, у т. л. пад ворывам 2560 тыс. Пасевы збожжавых (жыта, авёс, ячмень, пшаніца). Вырошчваюць лён-даўгунец, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Кіраў—Екацярынбург, Кіраў—Котлас, Кіраў—Ніжні Ноўгарад, аўтадарогі Кіраў—Сыктыўкар, Кіраў—Уржум, Кіраў—Йашкар-Ала. Суднаходства па р. Вятка і некаторых яе прытоках. Бальнеагразевы курорт Ніжняіўкіна.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Утворана 13.6.1934. Пл. 29,8 тыс. км². Нас. 1339 тыс. чал. (1997), гарадскога 60%. Цэнтр — г. Курск. Найб. гарады: Жалезнагорск, Курчатаў, Льгоў, Шчыгры, Рыльск, Абаянь.

Прырода. К.в. займае паўд.-зах. схілы Сярэднярускага ўзв. (выш. да 275 м). Паверхня — узгоркавая раўніна, моцна парэзаная далінамі рэк, ярамі і лагчынамі. Карысныя выкапні: жал. руда (Курская магнітная анамалія), фасфарыты, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -8 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 500—600 мм за год. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Сейм, Псёл) і Дона (Аскол). Глебы чарназёмныя, на ПнЗ шэрыя лясныя. Пераважае культурная расліннасць, участкі лесастэпаў і стэпаў (Стралецкі і Казацкі стэпы) засталіся толькі ў Цэнтральначарназёмным запаведніку. Пад лесам каля 8% тэрыторыі (дуб, ясень, ліпа, клён). З жывёл трапляюцца лось, казуля, ліс, куніца, заяц-русак, суслік і інш.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — жалезарудная, электраэнергетыка, машынабудаванне і металаапрацоўка, хім., харч., лёгкая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча (10,5 млн. т, 1996) і абагачэнне жал. руды (Міхайлаўскі горна-абагачальны камбінат, г. Жалезнагорск). Вытв-сць электраэнергіі 20 млрд. кВт∙гадз. (1996), пераважна на ЦЭЦ. Буйная Курская АЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены вытв-сцю аўтамаб. акумулятараў, кавальска-прэсавага абсталявання, лічыльных машын, падшыпнікаў, элеватарнага абсталявання, свідравальных установак, сродкаў аўтаматызацыі для цукр. прам-сці, трактарных агрэгатаў, аўтарамонтам. Завод «Атамрамонт» (Курчатаў). Вытв-сць гумава-тэхн., гумавых, пластмасавых вырабаў, лекавых сродкаў. Больш за 10 цукр. з-даў. Развіта мясная, малочная, масласыраробная, кансервавая, крупяная прам-сць. Вытв-сць камбікармоў. Лёгкая прам-сць (гарбарна-абутковая, трыкат., швейная, пяньковая). Вытв-сць дываноў. Дрэваапрацоўчая і мэблевая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя канструкцыі і вырабы, цэгла, вапна). Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Пад с.-г. ўгоддзямі 2432 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае 1640 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень, авёс, грэчка) і тэхн. культуры (цукр. буракі), бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз, птушку. Пчалярства. Даўж. чыгунак 1,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,8 тыс. км. Гал. чыгункі Масква—Харкаў, Кіеў—Варонеж, аўтамагістраль Масква—Сімферопаль. Мясц. суднаходства па р. Сейм.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 9, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАЗІ́ЛІЯ (Brasilia),

горад, сталіца Бразіліі. Размешчана ў цэнтр. ч. Бразільскага пласкагор’я, на беразе штучнага вадасховішча. 1596,3 тыс. ж. (1991, у межах Федэральнай акругі). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Лёгкая і харч. прам-сць. Ун-т.

Рашэнне пра буд-ва Бразіліі прынята Нац. кангрэсам Бразіліі ў 1955 з мэтаю выканання спец. параграфа канстытуцыі 1891 пра перанос сталіцы з Рыо-дэ-Жанейра ў пункт, блізкі да геагр. цэнтра краіны. Буд-ва пачата ў 1957. Афіц. перанос сталіцы адбыўся 21.4.1960.

Будаваўся з 1957 пад кіраўніцтвам арх. Л.​Косты паводле яго ген. плана. Горад у плане нагадвае самалёт або птушку ў палёце (у «фюзеляжы» — цэнтр. плошчы з грамадскімі будынкамі, у «крылах» — жылыя раёны). На цэнтр. трохвугольнай пл. Трох улад размешчаны Палац урада, будынкі Нац. кангрэса і Вярх. суда; на беразе вадасховішча — Палац прэзідэнта (Палац Світання). Пабудаваны таксама сабор (1970), будынкі мін-ваў унутр. спраў (1966), узбр. сіл (1974) і інш. Гал. аўтар экспрэсіўных, пластычных і сімвалічных па форме грамадскіх будынкаў арх. О.Німеер. Стварэнне Бразіліі — смелы горадабуд. эксперымент, дзе выявіліся навізна і своеасаблівасць планіроўкі і забудовы, дакладнасць арганізацыі трансп. патокаў, удала выкарыстаны ландшафт.

т. 3, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКМАЛА́,

горад, сталіца Казахстана, на р. Ішым. 277 тыс. ж. (1992). Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (с.-г. машыны, помпы, рамонт вагонаў і інш.), лёгкая (швейная і інш.), харч. (мясная, малочная) прамысловасць; вытв-сць буд. матэрыялаў. 4 ВНУ. Драм. т-р. Музеі: гіст.-краязнаўчы, мастацкі, Сакена Сейдуліна.

Засн. ў 1830 як рус. ваен. ўмацаванне Ак-Мола («белая магіла»). Цэнтр гандлю і зборны пункт караванаў на шляху з Ташкента і Бухары ў Еўропу. З 1832 г. Акмолінск, з 1868 павятовы цэнтр Акмолінскай вобл. З 1920 у складзе Кіргізскай (Казахскай) АССР, у 1920—28 цэнтр Акмолінскай губ., у 1928 — 30 — акругі, у 1930—32 цэнтр Акмолінскага р-на. З 1929 злучаны чыгункай з Петрапаўлаўскам, з 1931 — з Карагандой. У 1932—39 цэнтр раёна Карагандзінскай вобл., з 1936 у Казахскай ССР, з 1939 цэнтр Акмолінскай вобл. З 1954 арганізац. цэнтр асваення цалінных зямель. У 1960—65 адм. ц. Цаліннага краю, з 1961 наз. Цалінаград, з 1965 цэнтр Цалінаградскай вобл. З 1992 наз. Акмала, з 1995 сталіца Казахстана.

т. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс. км². Нас. 79,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах. ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц. — пас. гар. тыпу Агінскае.

Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб. г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).

Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМ’Е́Н (Amiens),

горад на Пн Францыі, адм. ц. дэпартамента Сома і гал. горад гіст. вобласці Пікардыя. Прыстань на р. Сома. 154 тыс. ж. з прыгарадамі (1990). Маш.-буд., металургічная, хім., лёгкая і харч. прам-сць.

У старажытнасці Ам’ен — цэнтр гальскага племені амбіянаў, у сярэднія вякі — аднайм. графства. У 1435—77 у складзе Пікардыі ўваходзіў у Бургундскую дзяржаву. Тут заключаны Ам’енскі мірны дагавор 1802. Каля Ам’ена адбыліся буйныя ваен. аперацыі ў час франка-прускай 1870—71 і 1-й сусв. войнаў (гл. Ам’енская аперацыя 1918). Моцна разбураны ў часы 1-й і 2-й сусв. войнаў. Пры аднаўленні (1944—54, па планах арх. П.​Дзюфо) захавана сярэдневяковае аблічча гіст. цэнтра. Вядомы арх. помнікамі: руіны познаант. сцен, амфітэатра і тэрмаў, гатычны Ам’енскі сабор, цэрквы Сен-Жэрмен (15 ст.), Сен-Ло (16 ст.), Сен-Рэмі (17 ст., рэканструявана ў канцы 19 ст.), Сен-Жак (1838), гадзіннікавая вежа (15—18 ст.), цытадэль (1589), рэнесансавыя атэлі, ратуша (17 ст., перабудавана ў 19 ст.), прэфектура (б. будынак інтэнданцтва, 1761), тэатр (1779—83). Музей Пікардыі (засн. ў 1854).

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)