нагрэў токаправодных цел (пераважна металаў) віхравымі токамі, якія наводзяцца ў іх пераменным эл.-магн. полем.
Матэрыялы (загатоўкі, вырабы), якія трэба нагрэць, змяшчаюць у эл.-магн. поле, што ствараецца спец.індуктарам (падключаецца да крыніцы сілкавання непасрэдна або праз трансфарматар). Выкарыстоўваецца пераменны ток прамысл. (50 Гц), сярэдняй (да 10 кГц) і высокай (больш як 10 кГц) частаты. Для І.н. характэрна вылучэнне цяпла ў паверхневым слоі, адсутнасць эл. кантакту з крыніцай току, лёгкасць аўтаматызацыі і ўключэння ў паточныя лініі. Выкарыстоўваецца для плаўкі металаў і сплаваў (гл.Індукцыйная печ), зоннай плаўкі, тэрмічнай апрацоўкі (для загартоўкі, коўкі, штампоўкі), зваркі і інш. Пра награванне эл.-магн. полем дыэлектрыкаў гл. ў арт.Дыэлектрычны нагрэў.
Схемы індукцыйнага нагрэву: а — для загартоўкі (1 — індуктар, 2 — выраб, 3 — трансфарматар, 4 — кандэнсатар, 5 — генератар); б — для плаўлення металу (1 — крыніца току, 2 — блок кандэнсатараў, 3 — індуктар, 4 — тыгель, 5 — метал, які плавіцца).
туркменскі паэт.Нар. пісьменнік Туркменістана (1967). Скончыў Туркменскі ун-т (Ашхабад, 1961). Друкаваўся з 1946. Першы зб. вершаў — «Крыніца маёй сілы» (1951). У кнігах паэзіі «Спаборніцтва» (1972), «Жыццё» (1975), «Вясенні вецер» (1977), «Зямля» (1978), «На паўдарозе» (1979) роздум пра сэнс жыцця, месца мастака ў ім, пра грамадзянскі ідэал. Аўтар зб.літ.-крытычных арт. «Літаратура і жыццё» (1981), эсэ «Летнія запісы» (1986) і інш. Шматлікія яго творы сталі нар. песнямі. Пераклаў на туркм. мову вершы Н.Гілевіча, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін, В.Жуковіч, Х.Жычка, М.Маляўка, Ю.Свірка, М.Танк, Л.Філімонава. Дзярж. прэмія Туркменістана імя Махтумкулі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗІ́НСКІ (Міхаіл Леанідавіч) (20.7.1886, г. Гатчына Ленінградскай вобл. — 1.2.1955),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў юрыд. (1909) і гіст.-філал. (1914) ф-ты Пецярбургскага ун-та. Чл. аб’яднання акмеістаў «Цэх паэтаў», рэдактар-выдавец час. «Гиперборей» (1912—13), сакратар час. «Аполлон» (1913—17). У 1914—37 працаваў у Рас. публічнай б-цы, з 1918 адначасова ў выд-ве «Сусветная літаратура». Друкаваўся з 1912. У паэт.зб. «Горная крыніца» (1916) абвостраная ўвага да тэм вечнасці і гармоніі. З 1920-х г. друкаваўся толькі як перакладчык: «Гамлет» У.Шэкспіра, «Дон Кіхот» М.Сервантэса, «Кала Бруньён» Р.Ралана, творы Мальера, Лопэ дэ Вэгі, Р.Кіплінга, Р.Шэрыдана, Фірдаўсі і інш., пераклады якіх захоўваюць нац. асаблівасці і індывід. стыль аўтараў. Найб. значная праца — пераклад «Боскай камедыі» Дантэ (1939—45; Дзярж. прэмія СССР 1946). На рус. мову пераклаў бел. паэму «Тарас на Парнасе».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́НА (лац. membrana скурка, перапонка),
1) у тэхніцы — тонкая гнуткая пласцінка (плёнка), звычайна замацаваная па перыметры. Прызначана раздзяляць 2 поласці з рознымі ціскамі або аддзяляць замкнёную поласць ад агульнага аб’ёму.
Бываюць плоскія, гафрыраваныя, інш. складанага профілю; метал. (з сталі, фольгі, элінвару, бронзы) і неметал. (з гумы, скуры, пластмасы і інш.) Выкарыстоўваюцца ў мех. гуказапісвальных і гукаўзнаўляльных апаратах (мікрафонах, тэлефонах), як адчувальныя элементы (у мембранных цягамерах, дыфманометрах), для ўшчыльнення (у мембранных помпах, вакуумных клапанах і інш.).
2) У тэорыі пругкасці — замацаваная па контуры бясконца тонкая плёнка, модуль пругкасці якой у перпендыкулярным да паверхні напрамку роўны нулю. Такая М. з’яўляецца пругкай сістэмай, выкарыстоўваецца як нясучы элемент у мембранных вісячых сістэмах. У прыблізных разліках прымаецца нерасцяжнай.
3) М. біялагічныя — структуры, што забяспечваюць цэласнасць клетак і арганел. Гл.Біялагічныя мембраны.
4) Крыніца гуку ў некаторых муз. інструментах: нацягнутая на рэзанатар скура, сінт. плёнка і інш.Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРХУ́ТА (Яраслаў Сільвестравіч) (8.3. 1930, в. Мілейкі Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 20.3.1996),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў БДУ (1949—52), скончыў Мінскую Вышэйшую парт. школу (1973). Працаваў у раённых, рэсп. газетах, на Бел. тэлебачанні, у час. «Вожык», «Родная прырода». Друкаваўся з 1946. Пісаў вершы і прозу. Асн. тэмы твораў — чалавек і прырода, прыгажосць роднай зямлі, каханне. Адметнасць прозы — лірызм, паэтычнасць (зб. «Ты пайшла ў сонца», 1973). Краязнаўчая тэматыка, эцюды пра родны край, яго славутых людзей у кн. «Жаваранак над полем» (1985), «Зямля бацькоў нашых» (Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1992), «Пад высокім сонцам» (абедзве 1988), «Дарогамі надзеі і трывог» (1989), «Крыніца ёсць у родным краі...» (1992). Дасціпнасцю і займальнасцю адметныя кн. для дзяцей «Казка зялёнай дубровы» (1960), «Там, дзе жыве Юлька» (1978), «Перапёлачка» (1979). Гумарыстычныя і сатыр. апавяданні, гумарэскі, фельетоны ў кн. «Мудрая цялушка» (1976).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІ́НІЙСтарэйшы,
Гай Пліній Секунд (Gaius Plinius Secundus; 23 ці 24, г. Кома, Італія — 24.8.79), старажытнарымскі пісьменнік, вучоны і дзярж. дзеяч. Дзядзька і прыёмны бацька Плінія Малодшага. Карыстаўся падтрымкай рым. імператараў Веспасіяна і Ціта, быў імператарскім пракуратарам у Нарбонскай Галіі і Іспаніі. Загінуў у час вывяржэння Везувія, калі камандаваў флотам у Мізене. П. — аўтар «Натуральнай гісторыі» ў 37 кн., якая напісана на аснове вывучэння 327 грэч. і 146 рым. аўтараў. Гэта своеасаблівая энцыклапедыя прыродазнаўчых ведаў антычнасці па астраноміі, фіз. геаграфіі, метэаралогіі, этнаграфіі, антрапалогіі, заалогіі, батаніцы, сельскай і лясной гаспадарцы, медыцыне, мінералогіі, металургіі і інш. Да канца 17 ст. выкарыстоўвалася як крыніца ведаў пра прыроду. Гіст. творы П. («Германскія войны» ў 20 кн., «Працяг гісторыі Аўфідыя Васа» ў 31 кн. і інш.) не захаваліся, яны былі выкарыстаны Тацытам у якасці крыніц для «Аналаў» і «Германіі».
Тв.:
Рус.пер. — Естествознание. Об искусстве. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫЙНАЯ ЗБРО́Я,
адзін з магчымых відаў зброі масавага паражэння, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні баявых радыеактыўных рэчываў. Дастаўка іх у зону паражэння можа ажыццяўляцца з дапамогай авіябомбаў, распыляльных авіяц. прылад, беспілотных самалётаў, крылатых ракет і інш.
Баявыя рэчывы Р.з. — парашкі або растворы, якія маюць у сабе высокаактыўныя і караткадзейныя ізатопы хім. элементаў, здольных да іанізавальнага выпрамянення. Асн.крыніца іх атрымання — адходы ядз. рэактараў, а таксама апрамяненне спец. рэчываў у ядз. рэактарах. Знешняе і ўнутранае біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў выклікае ў чалавека прамянёвую хваробу або лакальнае пашкоджанне асобных органаў, таксічнае атручэнне (чалавек страчвае працаздольнасць, мае патрэбу ў працяглым лячэнні). Дзеянне Р.з. параўнальнае з дзеяннем радыеактыўных рэчываў на арганізм чалавека, жывёл, расліннасці, якія ўтвараюцца пры выкарыстанні ядзернай зброі і заражаюць навакольнае асяроддзе. Інтэнсіўнае і працяглае выпрамяненне выклікае гібельныя наступствы для жывёльнага і расліннага свету ў мясцовасці паражэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗЕ́РВЫ (франц. réserve ад лац. reservare зберагаць, захоўваць),
1) запасы, рэсурсы, грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на захоўванні і ў выпадку патрэбнасці могуць быць выкарыстаны з пэўнымі мэтамі.
2) Крыніца, адкуль чэрпаюцца неабходныя дадатковыя матэрыялы і сілы, напр., рэзервы вытворчыя, працоўныя Р. і інш. 3) Фарміраванні ўзбр. сіл, а таксама людскія рэсурсы і запасы матэрыяльных сродкаў, прызначаныя для папаўнення і забеспячэння дзеючых арміі і флоту. Р. як элемент аператыўнага пастраення (баявога парадку) прызначаны для рашэння нечаканых задач, што ўзнікаюць у ходзе аперацыі (бою). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць Р.: стратэг., аператыўныя, тактычныя; агульнавайск., процітанк., процідэсантныя, спец. войск (інж., хім., сувязі) і інш. У Рэспубліцы Беларусь стратэг. Р. — асобныя злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Галоўнакамандуючага Узбр. Сіламі, а таксама запасы матэрыяльных сродкаў, тэхнікі, узбраення, што захоўваюцца на цэнтр. складах (базах); аператыўны Р. — злучэнні і часці, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні камандзіраў армейскіх карпусоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́КСЫ (Sachsen),
група стараж.-германскіх плямён, якія аб’ядналіся ў 3—4 ст. у племянны саюз. У раннім сярэдневякоўі займалі тэр. на Пн Германіі — на У ад Рэйна і на З ад Эльбы; у сярэдзіне 5—1-й пал. 6 ст. частка С. перасялілася ў Брытанію (гл.Англасаксонскае заваяванне, Англасаксы). Кантынентальныя С. ў 6—8 ст. падзяліліся на вестфалаў, остфалаў, ангарыяў (энграў) і нордальбінгаў. Сац. лад (асн.крыніца — Саксонская праўда, гл.Варварскія праўды) не зведаў уплыву ант. рабства, захоўваў архаічныя рысы, але характарызаваўся рэзкім расслаеннем на эдэлінгаў (племянная знаць) і фрэлінгаў (ніжэйшы пласт). Каралеўская ўлада адсутнічала. У выніку саксонскіх войнаў (772—804) Карла Вялікага С. заваяваны франкамі і ўключаны ў склад Франкскай дзяржавы. Насуперак супраціўленню С. прымусова насаджаліся феад. адносіны. У 843 вобласць С. адышла да Усх.-Франкскага каралеўства, у канцы 9 ст. тут створана Саксонскае герцагства. С. склалі этнічную аснову т.зв. ніжніх саксонцаў (гл.Ніжняя Саксонія, Саксонія).