АРЭ́СА, Раса,

рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).

Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.

Рака Арэса ў Любанскім раёне.

т. 2, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛІ (ад грэч. allēlōn адзін аднаго, узаемна),

алеламорфы, розныя формы (станы) аднаго і таго ж гена. Размешчаны ў аднолькавых участках (локусах) гамалагічных (парных) храмасом і кантралююць кірункі развіцця адной і той жа прыкметы (напр., белы ці чырвоны колер кветкі). Алелі ўзнікаюць пры любой змене структуры гена ў выніку мутацый або ўнутрыгенных рэкамбінацый (магчымая колькасць алеляў кожнага гена практычна незлічоная). Кожны ген можа знаходзіцца не менш як у двух алельных станах, адзін з якіх звычайна забяспечвае максімальнае развіццё прыкметы — дамінантная алеля, другі прыводзіць да частковай або поўнай страты або змены прыкметы — рэцэсіўная алеля. Ген, які мае некалькі розных станаў, утварае серыю множных алеляў. Наяўнасцю алельных генаў абумоўлены фенатыпічныя адрозненні сярод арганізмаў (гл. Фенатып). Частоты асобных алеляў у генафондзе даюць магчымасць вылічаць генет. змены ў пэўнай папуляцыі і вызначаць частату генатыпаў, што выкарыстоўваюць у селекцыі для прадказання магчымых вынікаў скрыжаванняў.

Схема гома- і гетэразіготнасці па адной пары алеляў: 1 — гомазіготнасць; 2 — гетаразіготнасць (А — дамінантная алель, а — рэцэсіўная алель).

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГА́НСКАЯ (Ядвіга Іосіфаўна) (29.2.1908, Улан-Удэ — 3.4.1992),

бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1930). Настаўнічала. У 1937 пасля арышту мужа паэта А.​Сака арыштавана, у 1938 засуджана на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлена ў лагер на Калыму. У 1948 вярнулася на Беларусь. Рэабілітавана ў 1954. Дэбютавала вершамі ў 1926. Першая аповесць «Далёка на Поўначы» (1954). Кнігі Бяганскай для дзяцей («Жэнеў галубок», 1958; «Зосіна зорачка», 1965; «Кожны марыць стаць Калумбам», 1968; «Сланечнікі», 1980, і інш.) вылучаюцца добрым веданнем дзіцячай псіхалогіі, назіральнасцю, уменнем займальна будаваць сюжэт. Перакладала з польск. (аповесці Б.​Ясенскага «Палю Парыж», 1932; Г.​Машынскай-Гофман «Вера і яе таварышы», 1965; Я.​Корчака «Кароль Мацюсь Першы», 1970) і славацкай (раманы М.​Крно «Я вярнуся жывы», 1960; У.​Мінача «Жывыя і мёртвыя», 1961, з А.​Мажэйкам; аповесці К.​Ярунковай «Брат маўклівага ваўка», 1976; Я.​Грушоўскага «Яношак», 1980).

Тв.:

Ля самага сіняга мора. Мн., 1982;

Сонцу і ветру насустрач. Мн., 1988.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ, ведыйская рэлігія,

сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.

А.​В.​Гурко.

т. 4, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРАЗЬ судна,

палотнішча (ільняная, баваўняная, сінтэтычная тканіна) ці гнуткая пласціна для пераўтварэння энергіі ветру ў энергію руху судна; адзін з самых стараж. відаў рухачоў. Ветразі адрозніваюць: па форме — прамыя (у выглядзе прамавугольніка ці раўнабокай трапецыі; ставяцца ўпоперак судна) і косыя (трох- і чатырохвугольныя; ставяцца ўздоўж судна); паводле месца размяшчэння — верхнія, заднія, лятучыя, ніжнія, пярэднія; паводле прызначэння — звычайныя і штармавыя. Вецер аказвае на ветразі непасрэдны ціск (пры размяшчэнні ветразяў перпендыкулярна ветру) ці стварае аэрадынамічную сілу (пры косым абцяканні ветразяў паветр. патокам). У залежнасці ад размяшчэння на судне кожны ветразь мае сваю назву. Выкарыстоўваюцца таксама на буерах.

Ветразі трохмачтавага карабля: 1 — фор-топсель; 2 — фор-бом-брамсель; 3 — фор-брамсель; 4 — фор-марсель; 5 — фок; 6 — грот-топсель; 7 — грот-бом-брамсель; 8 — грот-брамсель; 9 — грот-марсель; 10 — грот; 11 — круйс-топсель; 12 — круйс-бом-брамсель; 13 — круйс-брамсель; 14 — круйс-марсель; 15 — бізань; 16 — клівер; 17 — другі клівер; 18 — фор-стаксель; 19 — стакселі.

т. 4, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ І ПРЫЁМ РАДЫЁХВА́ЛЬ,

працэс пераўтварэння энергіі крыніцы ваганняў электрычнага току (або зараду) у энергію бягучых электрамагнітных хваль і далейшага пераўтварэння энергіі гэтых хваль у энергію пераменнага электрычнага току. Ажыццяўляецца з дапамогай перадавальных і прыёмных антэн.

Для эфектыўнага выпрамянення (або прыёму) радыёхваль неабходны незамкнуты (адкрыты) эл. ланцуг, у якога адлегласць паміж участкамі з проціфазнымі ваганнямі току (зараду) параўнальная з палавінай даўжыні эл.-магн. хвалі (для патрэб тэле- і радыёвяшчання выкарыстоўваюцца эл.-магн. хвалі з даўжынёй да 2 км і частатой больш за 150 кГц) або такіх участкаў няма. У самым простым выпадку ланцуг складаецца з 2 аднолькавых адрэзкаў прамалінейнага проваду (сіметрычны вібратар; гл. таксама Герца вібратар), злучаных двухправоднай лініяй сувязі з крыніцай ваганняў. У кожны момант часу зарады адрэзкаў роўныя па модулі і процілеглыя па знаку (эл. дыполь), што вызначае канфігурацыю створанага эл. поля. Токі ў адрэзках супадаюць па напрамку, і таму сілавыя лініі створанага магн. поля — акружнасці. Прыём радыёхваль — працэс, адваротны працэсу выпрамянення. Гл. таксама Дыпольнае выпрамяненне.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРБАЛО́ІД (ад гіпербала + грэч. eidos выгляд),

незамкнутая цэнтральная паверхня 2-га парадку. Бывае адна- і двухполасцевы; пры перасячэнні гіпербалоіда з плоскасцю ў залежнасці ад параметраў атрымліваюцца ўсе канічныя сячэнні, а таксама пара прамых (у выпадку аднаполасцевага гіпербалоіда). Праз кожны пункт аднаполасцевага гіпербалоіда праходзяць 2 прамыя (прамалінейныя ўтваральныя), якія цалкам ляжаць на яго паверхні, г. зн. аднаполасцевы гіпербалоід — лінейчастая паверхня, утвораная дзвюма сем’ямі прамых; выкарыстоўваецца як стрыжнёвая канструкцыя вежавых збудаванняў, напр. секцыі Шухаўскай радыёвежы на Шабалаўцы ў Маскве.

Кананічнае ўраўненне гіпербалоіда ў прамавугольнай сістэме каардынат: x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = 1 (аднаполасцевы), x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = -1 (двухлопасцевы); гіпербалоід неабмежавана набліжаецца да паверхні x​2/a​2 + y​2/b​2 − z​2/с​2 = 0 (асімптатычны конус; a, b, c — даўжыні паўвосяў гіпербалоіда). Калі a = b, то атрымаецца гіпербалоід вярчэння.

Гіпербалоід: а — двухполасцевы; б — аднаполасцевы.

т. 5, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́НТА (польс.: gont),

драўляны матэрыял для крыцця даху і сцен у форме невял. тонкіх дошчачак, востра саструганых з аднаго боку і з пазам з другога. Робіцца з яловай, хваёвай, асінавай і інш. драўніны, даўж. звычайна 50—60 см, шыр. каля 10 см. Дах з гонты служыць 25—35 гадоў. Вядома ва ўсёй Еўропе. У Беларусі гонта вядома з даўніх часоў, рабілася ўручную (радыяльным расколваннем), пазней — на механізаваных станках (распілоўваннем). Гонтай крылі дахі ўсіх тыпаў будынкаў. Дошчачкі ўваходзілі адна ў адну і прыбіваліся да дахаў. Кожны верхні рад гонты перакрываў ніжэйшы, таму крыццё атрымлівалася шматслойнае — да 4 слаёў (касцёл у Койданаве, 18 ст.). Часам гонты ніжняга, навіслага над карнізам рада рабілі завостранымі, што ўпрыгожвала дах (сядзібны дом у Борках Дзятлаўскага, званіцы ў Белагрудзе Лідскага і Шарашове Пружанскага, касцёл у Жытомлі Гродзенскага р-наў).

С.​А.​Сергачоў.

Канструкцыя абшыўкі з гонты.
Дах з гонты на царкве ў вёсцы Строчыца Мінскага раёна.

т. 5, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

статыстычныя работы земстваў па абследаванні сельскай гаспадаркі і сялянскіх промыслаў, уліку надзельнай зямлі для размеркавання земскіх павіннасцей. Падзялялася на асн. і бягучую. Асн. З.с. вывучала эканам. ўмовы і гасп. становішча сялянства (звесткі пра яго колькасць, занятасць, адукацыю, зямельныя даходы, колькасць жывёлы і інш.). Метад збору звестак — падворны перапіс, а таксама выбраныя, т.зв. бюджэтныя абследаванні некат. тыповых сял. гаспадарак. Бягучая З.с. рэгістравала становішча сял. гаспадарак за кожны справаздачны год. У Расіі ўзнікла ў 1870-я г. У Беларусі пачала развівацца пасля ўтварэння ў сак. 1911 губ. земскіх упраў (Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай) і стат. к-таў пры іх, якія правялі ў 1915 перапіс жывёлы ў Мінскай, падворны перапіс жывёлы ў Віцебскай губ., гар. перапіс у Магілёве (1917) і інш., удзельнічалі ва Усерасійскіх с.-г. і пазямельных перапісах 1916 і 1917.

Літ.:

Земские подворные переписи, 1880—1913: Поуездные итоги. М.,1926;

Караваев В.Ф. Библиографический обзор земской статистической и оценочной литературы (1864—1903). Вып. 1—2. СПб., 1906—13.

Л.​М.​Міхневіч.

т. 7, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПЫ (ад іза... + грэч. topos месца),

разнавіднасці атамаў пэўнага хім. элемента, ядры якіх маюць аднолькавую колькасць пратонаў і розную — нейтронаў. Тэрмін «І.» прапанаваў англ. фізік Ф.​Содзі ў 1910. Выкарыстоўваюць у якасці ізатопных індыкатараў; радыеактыўныя І. — і як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення; І. урану і плутонію з’яўляюцца ядзерным палівам.

Маюць аднолькавыя зарад ядраў і будову электронных абалонак, блізкія хім. ўласцівасці і займаюць адно месца ў перыяд. сістэме хім. элементаў (адсюль назва). Існаванне І. даказана эксперыментальна ў 1906—10 пры вывучэнні радыеактыўных элементаў. Кожны хім. элемент можа мець стабільныя і радыеактыўныя І. Большасць прыродных элементаў — сумесь І.; залежнасць іх ізатопнага складу ад узросту ўзораў і ўмоў іх утварэння пакладзена ў аснову вызначэння ўзросту горных парод і рудных радовішчаў. Маюць блізкія фіз.-хім. ўласцівасці, таму іх адноснае ўтрыманне амаль не змяняецца пры розных прыродных працэсах. Невял. адрозненні ўласцівасцей І. прыводзяць да ізатопных эфектаў і выкарыстоўваюцца, напр., для іх раздзялення.

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)