НОВАНАРО́ДЖАНАЕ ДЗІЦЯ́,

дзіця з моманту нараджэння і да канца першага месяца жыцця. Бывае даношанае (цяжарнасць 38—41 тыдзень), неданошанае дзіця, пераношанае (цяжарнасць больш за 41 тыдзень). Пасля нараджэння Н.д. прыстасоўваецца да ўмоў навакольнага асяроддзя. Адбываецца ўдасканальванне органаў і сістэм арганізма, асабліва сардэчна-сасудзістай сістэмы, сістэмы імунітэту. Н.д. мае масу цела ў сярэднім 3000—4000 г, даўж. 50—52 см. Даўж. галавы Н.д. складае чвэрць цела, акружнасць чэрапа — 34—36 см (на 1—2 см больш за акружнасць грудной клеткі) Да 3-га дня адпадае кукса пупавіны. У першыя 3—4 дні ў Н.д. адбываецца «фізіялагічная» страта масы цела (да 10%), з 6—7-га дня маса пачынае прыбываць (за 1-ы тыдзень павялічваецца на 600—700 г). Пераношанае Н.д. мае прыкметы трафічных парушэнняў (напр., шчыльныя косці чэрапа з закрытымі швамі і малымі цемечкамі), больш схільнае да захворванняў.

І.​У.​Дуда.

т. 11, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯЛАГІ́ЧНЫЯ СІСТЭ́МЫ,

сукупнасць узаемазвязаных і ўзаемадзейных жывых элементаў рознай складанасці (гены, клеткі, тканкі, органы, арганізмы, біяцэнозы, экасістэмы, біясфера). Валодаюць уласцівасцямі цэласнасці, адноснай устойлівасці, а таксама здольнасцю адаптацыі да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя, развіцця, самаўзнаўлення і эвалюцыі. Біялагічныя сістэмы — адкрытыя сістэмы, для якіх умовай існавання служыць абмен энергіяй, рэчывам і інфармацыяй паміж часткамі сістэмы і з навакольным асяроддзем. Важнейшая праблема ў вывучэнні біялагічных сістэм — іх прасторавая і часавая арганізацыя, якая прадугледжвае ўключэнне ў сістэму некалькіх элементаў (больш за адзін), што адрозніваюцца пэўным наборам камплементарных паміж сабой прыкмет, на аснове чаго грунтуюцца ўзаемаадносіны паміж элементамі і забяспечваецца ўстойлівасць сістэмы. Тэорыя інфармацыі дазваляе ўвесці колькасныя ацэнкі ўзроўню арганізацыі, што забяспечваецца множнасцю, ступенню разнастайнасці элементаў і сувязяў паміж імі. На гэтай аснове адрозніваюць дэтэрмінаваныя, імаверныя і хаатычныя сістэмы. Біялагічныя сістэмы захоўваюць сваю спецыфічнасць у зменлівых умовах асяроддзя. Іх іерархічнасць і самарэгуляцыя забяспечваюцца шматузроўневым кіраваннем на аснове адваротных сувязяў. Гл. таксама Сістэмны падыход.

А.​С.​Леанцюк.

т. 3, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДАРА́К,

паясное жаночае адзенне, спадніца з шарсцяной ці паўшарсцяной саматканкі. Вядомы па ўсёй Беларусі за выключэннем паўн.-зах. раёнаў. Шылі з 3—5 полак. Малюнак (у клетку або ў падоўжныя ці ў папярочныя палосы) утвараўся на вохрыста-ружовым, вішнёвым, сінім, зялёным, серабрыста-белым, чорным фоне тканіны. Дадатковымі элементамі дэкору служылі запрасаваныя складкі, вышыўка, карункавыя тасёмкі, стужкі. У 19 — пач. 20 ст. найб. пашыраныя былі клятчастыя андаракі (чырвона-чорныя клеткі па ўсім полі — ваўкавыска-камянецкі строй). Паступова да чорнага і чырвонага колераў пачалі дадаваць зялёны, ружовы, жоўты і інш. У паўд.-зах. і цэнтр. раёнах Беларусі пераважалі андаракі ў папярочныя палосы (ляхавіцкі строй, пухавіцкі строй), ва ўсх. — у падоўжныя (шырокія чырвоныя чаргаваліся з вузейшымі белымі). З пач. 20 ст. пашыраны аднатонныя чырвоныя, сінія і інш. андаракі. Святочныя андаракі абавязкова гафрыравалі. Выйшаў з ужытку ў 1930-я г.

Андаракі з в. Збляны Лідскага раёна Гродзенскай вобл. 1920-я г. (уверсе) і з Брэсцкай вобл. Пач. 20 ст.

т. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІСТАХІ́МІЯ (ад гіста... + хімія),

навука, якая вывучае хімічны састаў тканак і клетак жывёл з мэтай высвятлення асаблівасцей абмену рэчываў у іх структурных элементах; раздзел гісталогіі. Даследуе тонкія механізмы тканкавага і клетачнага метабалізму бялкоў, нуклеінавых кіслот, вугляводаў, ліпідаў, вызначае лакалізацыю актыўнасці гармонаў і ферментаў, абгрунтоўвае спецыфіку функцый клетачных арганел.

Першыя даследаванні па гістахіміі правёў франц. фармацэўт Ф.​В.​Распай (1825—34). Як самаст. навука гістахімія ўзнікла ў 1930-я г. з выхадам працы Л.​Лізона (1936). З дапамогай гістахіміі паказана сувязь змен колькасці РНК з сінтэзам бялку і пастаянства колькасці ДНК у храмасомным наборы, выяўлены клеткі, што прымаюць удзел у сінтэзе гармонаў і імунаглабулінаў, абгрунтавана роля нейрамедыятараў, антыцел і г.д.

На Беларусі развіццё гістахім. даследаванняў звязана з дзейнасцю С.​М.​Мілянкова і яго вучняў. У гісталагічных і патагісталагічных лабараторыях і цэнтрах Беларусі вывучаюцца паталаг. працэсы, структурныя змены, характэрныя для пач. праяўленняў хвароб, асабліва пухліннага паходжання. Для клінічнай дыягностыкі выкарыстоўваецца шэраг гістахім. рэакцый.

А.​С.​Леанцюк.

т. 5, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЯ́ТАРЫ (лац. mediator пасрэднік),

нейратрансмітэры, біялагічна актыўныя рэчывы, якія перадаюць узбуджэнне ці тармажэнне з нервовых клетак на іншыя (нервовыя, мышачныя, залозістыя). Найчасцей М. — нізкамалекулярныя рэчывы, якія ўтвараюцца з амінакіслот, сінтэзуюцца ў нейронах. Да М. належаць ацэтылхалін, гістамін, норадрэналін, сератанін і інш., некат. к-ты (напр., α-глютамінавая). У нейронах існуе селектыўнасць прадукцыі М. У залежнасці ад М. розныя нерв. ўтварэнні вегетатыўнай нерв. сістэмы падзяляюць на адрэнэргічныя (норадрэналін) і халінэргічныя (ацэтылхалін). З нерв. клеткі М. паступаюць да перадсінаптычных канцоў нерва, дзе назапашваюцца ў сакраторных пузырках. Пры праходжанні нерв. імпульсу М. вызваляюцца з пузыркоў, звязваюцца з рэцэптарамі на постсінаптычнай мембране, выклікаюць змену яе палярызацыі і далейшае праходжанне імпульсу. Потым М. разбураюцца ферментамі (напр., ацэтылхалін — халінэстэразай), што аднаўляе папярэдні ўзровень палярызацыі мембраны і гатоўнасць сінапсу да перадачы наступнага нерв. імпульсу.

Літ.:

Харкевич Д.А. Фармакология. 6 изд. М., 1999;

Руководство по медицине: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1997.

М.​К.​Кеўра.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛАДНЕ́ННЕ, сінгамія,

працэс зліцця мужчынскай і жаночай палавых клетак (гамет); аснова палавога размнажэння ў раслін, жывёл і чалавека. У выніку апладнення ўтвараецца зігота, якая дае пачатак новаму арганізму. Пры гэтым аднаўляецца дыплоідны набор храмасом, характэрны для саматычных клетак арганізма, і забяспечваецца перадача спадчынных прыкмет ад бацькоў да нашчадкаў.

Адрозніваюць апладненне вонкавае, калі палавыя клеткі зліваюцца па-за арганізмам, і ўнутранае, якое адбываецца ўнутры палавых органаў індывіда (перакрыжаванае апладненне і самаапладненне). У жывёл і чалавека апладненню папярэднічае асемяненне. У жывёл з унутраным апладненнем (пераважна наземныя жывёлы) ёсць спец. прыдаткавыя палавыя органы для пераносу спермы з цела самцоў у цела самак. У большасці жывёл, што жывуць у вадзе (ігласкурыя, малюскі, некаторыя рыбы і земнаводныя), назіраецца вонкавае апладненне: у навакольным асяроддзі адкладаюцца яйцаклеткі і сперма, дзе і зліваюцца. У шэрагу раслін (бактэрыі, сіне-зялёныя водарасці) тыповы палавы працэс, у т. л. апладненне, адсутнічае. У ніжэйшых раслін назіраюцца розныя віды палавога працэсу: ізагамія, анізагамія, аагамія, кан’югацыя і інш. Вышэйшым раслінам уласціва аагамія. У голанасенных і пакрытанасенных раслін апладненню папярэднічае апыленне. У пакрытанасенных ажыццяўляецца т.зв. двайное апладненне.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,

раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.​Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет. сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.

Э.​В.​Крупнова.

т. 5, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭРНАЯ ТАМАГРА́ФІЯ,

метад рэнтгеналагічнага даследавання, пры якім атрымліваюць аксіяльны (папярочны) «зрэз» цела пацыента шляхам апрацоўкі праз ЭВМ даных пра паглынальную здольнасць тканак пры праходжанні праз іх кругавога сканіруючага пучка рэнтгенаўскіх прамянёў. Мае высокую кантрастную здольнасць, што дазваляе дыферэнцыраваць тканкі з розніцай шчыльнасці ў межах 0,5—2%. Метад заснаваны на вымярэнні паказчыкаў аслаблення. Шкала шчыльнасці — ад -1000 (паветра) да +1000 (косці) умоўных адзінак; таўшчыня зрэзаў пры К.т. 2—10 мм. Адзінку вымярэння К.т. — аслабленне — наз. адзінкай Хаўнсфілда. За распрацоўку і выкарыстанне К.т. амер. вучоны А.​Кормак і англ. вучоны Г.​Хаўнсфілд у 1979 атрымалі Нобелеўскую прэмію.

К.т. — метад удакладнення дыягназу (выяўленне пухлін, кіст, паразітарных пашкоджанняў, змен пасля запаленняў і траўм, заган развіцця, дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў і інш.) у галаўным мозгу, прыдаткавых пазухах носа, арбітах, пазваночніку і спінным мозгу, органах грудной клеткі, брушной поласці, малога таза, касцях і мяккіх тканках. Дапамагае вызначыць лакалізацыю і велічыню паталаг. працэсу, дынаміку развіцця хваробы і вынікі лячэння, месца і аб’ём для хірург. ўмяшання, для тапаметрыі пры прамянёвай тэрапіі і інш. К.т. робяць тамографамі. Існуе К.Т., заснаваная на эфекце ядзерна-магн. рэзанансу, пазітронная.

Л.​Л.​Аўдзей.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШЭ́НІ ТЭО́РЫЯ ў радыебіялогіі, мішэні прынцып,

адна з тэорый уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў на біял. аб’екты. Сфармулявана ў 1920—30-я г. Паводле М.т. ў біял. аб’ектах ёсць асабліва адчувальныя аб’ёмы — «мішэні», пашкоджанне якіх вядзе да пашкоджання ўсяго аб’екта. Дыскрэтная прырода выпрамяненняў і іх узаемадзеянняў з рэчывам дазваляе, асабліва ў выпадку іанізавальных выпрамяненняў, зыходзіць з уяўленняў аб «абстрэле» рэчыва часціцамі розных энергій (фатоны, хуткія электроны і інш.), а ў сувязі з гэтым — з прынцыпу пападання і «мішэні». У выніку нават рэдкіх пападанняў у такую «мішэнь» невял. дозы іанізавальных выпрамяненняў могуць выклікаць гібель клеткі або якія-н. рэдкія спецыфічныя рэакцыі ў ёй (напр., мутацыі асобных генаў), частата якіх павялічваецца з дозай выпрамянення. У М.т. распрацаваны матэм. падыходы, якія тлумачаць характар залежнасці радыебіял. эфектаў ад дозы выпрамянення і інш. фактараў. М.т. не з’яўляецца універсальнай і не растлумачвае ўсе біял. эфекты, што ўзнікаюць пад уздзеяннем іанізавальных выпрамяненняў.

Літ.:

Тимофеев-Ресовский Н.В., Иванов В.И., Корогодин В.И. Применение принципа попадания в радиобиологии. М., 1968;

Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЭРАГЕ́НЫ (ад лац. cancer рак + ...ген(ы)], бластамагены, рэчывы або фізічныя агенты, здольныя выклікаць утварэнне злаякасных пухлін ці садзейнічаць іх узнікненню з нармальнай тканкі. Да К. адносяцца розныя хім. злучэнні (азотфарбавальнікі, араматычныя аміны, азбест, нітразаміны), фіз. фактары (рэнтгенаўскія прамені, ядзерныя выпрамяненні), некат. біял. агенты (анкагенныя вірусы, метабаліты трыптафану, стэроідныя гармоны). Канцэрагеннае ўздзеянне звязана з хім. актыўнасцю і электроннай будовай пэўнай ч. малекулы, якая ўтварае комплексы з некаторымі кампанентамі клеткі (нуклеінавыя кіслоты, бялкі). К. падзяляюць на 3 групы: мясцовага дзеяння, арганатропныя (выклікаюць пухліны ў пэўных органах), множнага дзеяння (выклікаюць розныя пухліны ў розных органах). Эфект залежыць ад дозы, працягласці ўплыву, стану рэактыўнасці арганізма, здольнасці тканак ці органаў назапашваць (дэпаніраваць) рэчыва. Новаўтварэнні ўзнікаюць праз ​l/5 — ​1/7 працягласці жыцця арганізма (у чалавека 15—20 гадоў, у мышэй 4—6 месяцаў). Многія К. маюць мутагенныя ўласцівасці (гл. Мутагенез). Папярэджанне ўздзеяння К. на арганізм заснавана на прадухіленні забруджвання паветра, вады, глебы прамысл. адходамі, недапушчэнні канцэрагенных прымесей у ежы і пітной вадзе, ажыццяўленні прафілакт. мер у галіне прафесіянальнай, камунальнай і асабістай гігіены.

Літ.:

Нейман И.М. Основы теоретической онкологии. М., 1961;

Киселев Л.Л. Онкобелки — продукты онкогенов. Тирозиновые протеинкиназы // Молекулярная биология. 1985. Т. 19, вып. 2.

т. 8, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)