ВЕЗІ́РАЎ (Наджаф-бек Фаталі-бек аглы) (17.2.1854, г. Шуша, Нагорны Карабах — 9.7.1926),

азербайджанскі драматург. Адзін з заснавальнікаў нац. тэатра. Скончыў Пятроўскую с.-г. акадэмію ў Маскве (1878). Вывучаў рус. і зах.-еўрап. л-ру. Аўтар п’ес пра жыццё і норавы азерб. сялян, памешчыкаў, бурж. дзялкоў канца 19 — пач. 20 ст. (камедыі «Мяса табе, а косці мне», 1873; «З-пад дажджу ды ў лівень», 1895; «Героі нашых дзён», 1898; трагедыя «Гора Фахрэдзіна», 1896, і інш.). Вял. ўплыў на яго творчасць зрабілі п’есы А.​М.​Астроўскага. У фельетонах, публіцыст. артыкулах выкрываў коснасць, рэліг. фанатызм, прапагандаваў навуку і асвету.

т. 4, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГУ́НЬ,

рака ў Расійскай Федэрацыі і Кітаі, правая састаўляючая р. Амур. Па Аргуні праходзіць ч. граніцы Расіі з Кітаем. Даўж. 1620 км, пл. бас. 164 тыс. км² Пачынаецца ў гарах В.​Хінгана, у Кітаі, пад назвай Хайлар. Цячэ пераважна ў шырокай даліне, бліжэй да вусця даліна звужаецца. Жыўленне пераважна дажджавое. Сярэдні расход вады 340 м³/сек. Ледастаў з канца ліст. да пач. мая. У бас. Аргуні 1,8 тыс. азёраў агульнай пл. 50,9 км². Нерэгулярнае суднаходства ад с. Алочы (428 км). З 2-й пал. 17 ст. па Аргуні ішлі гандл. шляхі з Сібіры ў гарады Усх. Кітая.

т. 1, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНІ́Н-СІ́ЦІ (Benin City),

горад у паўд. ч. Нігерыі. Адм. ц. штата Бендэл. Засн. ў 12 ст. У сярэднія вякі (Вял. Бенін) і да канца 19 ст. сталіца дзяржавы Бенін. 203 тыс. ж. (1991). Вузел шашэйных дарог. Аэрапорт. Прадпрыемствы па перапрацоўцы натуральнага каўчуку, вырабе шын, алейныя і лесапільныя з-ды, дрэваапр. і мэблевыя ф-кі. Вытв-сць сінт. дываноў. Гандл. цэнтр (пальмавыя ядры і алей, арэхі кола, какава, каўчук, каштоўная драўніна). Разьбярства па дрэве, слановай косці і інш. саматужныя рамёствы. Паблізу нафтапромыслы. Унікальная калекцыя бронзавай скульптуры 15—17 ст. Ун-т. Этнагр. музей.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАЗВЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 351. Створаны ням.-фаш. акупантамі ў вер. 1941 на тэр. б. базыльянскага манастыра ў в. Беразвечча (цяпер у межах г. Глыбокае) Віцебскай вобл. для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Вязняў трымалі ў абгароджаным калючым дротам лагеры (пл. каля 3 га) пад адкрытым небам. Зняволеныя гінулі ад непасільнай працы, голаду, холаду, хвароб, масавых расстрэлаў. З канца 1943 сюды прывозілі італьян. салдатаў і афіцэраў. Да ліп. 1944 у лагеры загублена больш за 27 тыс. ваеннапалонных. Ва ўрочышчы Барок, за 500 м ад б. лагера, на могілках сав. і італьян. ваеннапалонных (56 магіл) пастаўлены помнікі.

т. 3, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛА (ад лац. bulla шарык),

1) у сярэднявеччы віслая металічная (са свінцу, серабра, золата) пячатка, якая змацоўвала папскі, імператарскі, каралеўскі, княжацкі дакумент, а таксама назва адпаведнага дакумента. Назва паходзіць ад металічных шарыкаў, праз якія працягваўся шнурок і на якіх адціскаўся адбітак спец. шчыпцамі — булаторыямі. У Рыме булы з’явіліся ў канцы 4 ст. З канца 10 ст. вядомы на Русі. Свінцовыя булы і тыпалагічна блізкія да іх пломбы 12 ст. знойдзены ў Брэсце, Ваўкавыску, Віцебску, Гродне, Мінску, Тураве і інш. Пячаткі тыпу булы полацкага кн. Ізяслава Уладзіміравіча і Ефрасінні Полацкай выяўлены ў Ноўгарадзе.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРДО́Н (франц. bourdon літар. густы бас),

1) бесперапыннае гучанне аднаго або некалькіх басовых гукаў нязменнай вышыні. Спалучэнне мелодыі з бурдонам — адна са стараж. формаў шматгалосся, уласцівая і бел. песеннаму і інстр. фальклору. Элементы бурдону захоўваюцца ў каляндарных і вясельных песнях некаторых раёнаў Палесся. У інстр. музыцы ўзнікае пры выкананні на варгане, дудзе, цытры, колавай ліры, скрыпцы, балалайцы і інш., што абумоўлена іх канструкцыяй — наяўнасцю адкрытых струн, бурдонных трубак і інш. Сустракаецца ў творчасці прафес. кампазітараў (арганны пункт).

2) Арганны рэгістр лабіяльнай групы сям’і флейтавых. Трубы метал., закрытыя з аднаго канца.

І.​Дз.​Назіна.

т. 3, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНІ́ЦА,

канструкцыйна-дэкаратыўны элемент афармлення аконнага праёма (гл. Акно). Узнікла ў стараж.-рус. архітэктуры ў выглядзе засавак (дошак на палазах), якімі зачынялі незашклёныя валаковыя вокны курных хат. У сял. буд-ве бытавала да канца 19 ст. З развіццём вял. акон, аздобленых ліштвамі, паявіліся аканіцы на «бегунах», або «пятках» (спец. шыпах, на якіх паварочваліся), з 16 ст. — на метал. завесах у замкавым, сядзібным і гар. жыллёвым буд-ве. У сучаснай нар. архітэктуры аканіцы аздабляюцца філёнгамі, дэкар. ўстаўкамі, разьбой.

Аканіцы жылога дома ў вёсцы Моцеўкі Міёрскага раёна Віцебскай вобл.
Аканіцы жылога дома ў вёсцы Старое Сяло Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́НІС ((Albéniz) Ісаак Мануэль Франсіска) (29.5.1860, г. Кампрадон, Каталонія — 18.5.1909),

іспанскі кампазітар і піяніст. Вучыўся ў А.​Мармантэля, Ф.​Ліста (фп.), Ф.​Педрэля (кампазіцыя). Буйнейшы прадстаўнік ісп. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. Стваральнік нац. ісп. стылю, заснаванага на фалькл. рытмах і інтанацыях у спалучэнні з новымі прыёмамі пісьма. Расшырыў выразныя магчымасці фп.

Сярод тв.: оперы «Магічны апал» (1893), «Пепіта Хіменес» (1896), рапсодыя для арк. «Каталонія»; сарсуэлы; каля 300 тв. для фп., у т. л. «Іспанская сюіта», «Іспанія», «Іспанскія напевы» (5 п’ес), «Іберыя» (12 п’ес); рамансы, песні, балады і інш.

Літ.:

Вайсборд М. Исаак Альбенис. М., 1977.

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ДЫР,

рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАКУ́РЫХА,

горад у Расіі, у Алтайскім краі, у даліне р. Белакурыха. За 250 км ад Барнаула. 13,6 тыс. ж. (1995). Бальнеалагічны курорт у адгор’ях Чэргінскага хрыбта. Развіваецца з канца 19 ст. Вядомасць набыў дзякуючы мясц. крыніцам слабамінералізаваных тэрмальных (28—42 °C) радонавых водаў, якія выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў кровазвароту, руху і апоры, нерв. і гінекалагічных расстройстваў, пры парушэннях у абмене рэчываў. Больш за 10 санаторыяў; пансіянаты, лячэбніцы, месцы для аэрагелія- і клімататэрапіі. Паблізу горада Цялецкае воз., Алтайскі запаведнік.

Літ.:

Казначеев В., Черявский Е. Курорт Белокуриха. 2 Изд. [Барнаул], 1967.

Белакурыха. Санаторый «Катунь».

т. 2, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)