уласцівасць пароды неабарачальна дэфармавацца без мікраскапічных парушэнняў суцэльнасці пад уздзеяннем мех. нагрузкі; яна павялічваецца з ростам т-ры і ціску. Найб. пластычныя горныя пароды — гліны, графіт, каменная соль і інш.Пад ціскам 0,98—1,96 МПа граніт і дыябаз робяцца пластычнымі. Пластычнасць гліністых парод залежыць ад вільготнасці пароды, дысперснасці, мінер. саставу і інш., характарызуецца межамі пластычнасці (верхняй — мяжа цякучасці і ніжняй — мяжа раскочвання) і лікам пластычнасці (рознасць вільготнасці верхняй і ніжняй мяжы). У інж.-геал. практыцы грунты паводле ліку пластычнасці падзяляюць на групы: гліны (>17), суглінкі (17—7), супескі (7—0), пяскі (0).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТМІ́ЧНАЯ ГІМНА́СТЫКА,
комплексы фізічных практыкаванняў, якія выконваюцца пад музыку; разнавіднасць аздараўленчай гімнастыкі. Узнікла ў ЗША у 1960-я г., у Расіі і Беларусі — з сярэдзіны 1970-х г. Заняткі Р.г. павышаюць жыццёвы тонус, разумовую і фіз. працаздольнасць, запавольваюць працэс старэння, паляпшаюць работу сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, абмен рэчываў, дзейнасць залоз унутр. сакрэцыі, супраціўляльнасць арганізма неспрыяльным уздзеянням, спрыяюць захаванню сілы, гнуткасці і прыгажосці цела.
Пры складанні комплексаў Р.г. ўлічваюцца ўзростава-палавыя асаблівасці, узровень фіз. падрыхтаванасці. Выкарыстоўваюцца агульнаразвівальныя практыкаванні і танц. рухі пад музыку, якая задае тэмп, рытм рухаў і фіз. нагрузку. Гл. таксама Аэробіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭ́ЗА (Teresa),
Маці Тэрэза [свецкае Баяджыў Агнес Гонджа (Bojaxhiu); 26.8.1910, Скоп’е, Македонія — 5.9.1997], албанская каталіцкая манахіня, заснавальніца і кіраўніца Ордэна міласэрнасці. З 1928 паслушніца ордэна «Ірл. сёстраў Ларэта», выкладала ў місіянерскай школе св. Марыі ў Калькуце (Індыя). У 1935 прыняла манаскі пострыг пад імем Т. У 1946 заснавала Ордэн міласэрнасці, члены якога павінны дапамагаць усім абяздоленым. Пад кіраўніцтвам Т. створана больш за 50 школ у Індыі і інш. краінах для дзяцей самых бедных пластоў насельніцтва, засн. прытулак для паміраючых жабракоў, лепразорый, першы цэнтр для хворых на СНІД і інш. дабрачынныя ўстановы. Нобелеўская прэмія міру 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯНЬ СЮЕСЕ́НЬ (н. 11.12.1911, г. Ханчжоў, Кітай),
кітайскі вучоны і канструктар у галіне ракетабудавання і касманаўтыкі. Акад.АН КНР, д-р н. (1940), праф. (1947). Скончыў Шанхайскі політэхн.ін-т «Цзяатун» (1934) і Масачусецкі тэхнал.ін-т (1939). У 1939—55 у ЗША; працаваў у Масачусецкім і Каліфарнійскім тэхнал. ін-тах. У 1950—55 пад дамашнім арыштам. З 1955 у Кітаі, арганізатар і кіраўнік Пятай акадэміі пры мін-ве абароны КНР Канструктар першага кіт.ШСЗ «Дунфанхун I» (1970), міжкантынент. ракеты «М-9»; пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляецца касм. праграма КНР (да 2000 запушчана 75 ШСЗ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ КАСЦЁЛ ІАА́НА ХРЫСЦІ́ЦЕЛЯ,
помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1769 з цэглы ў в. Васілішкі (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.) пры кляштары базыльян. У 1832 пераасвячоны пад царкву, з 1919 зноў касцёл. Мураваная 3-нефавая базіліка пад 2-схільным дахам з паўкруглай апсідай і сакрысціяй. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі вежамі з паўцыркульным шчытом паміж імі. Пластыку ствараюць увагнутасці і акругласці вежавых граняў, слаістыя лапаткі, пілястры з валютамі, цягі і карнізы, прамавугольныя філёнгі. Сіметрычна-восевая трохчасткавая кампазіцыя фасада падкрэслена лучковымі ўваходнымі і аконнымі праёмамі, нішамі, круглымі люкарнамі. У інтэр’еры каларыстычна насычаныя, пластычна вырашаныя алтары (галоўны, 2 бакавыя, 4 кулісныя), выкананыя ў стылі ракако, упрыгожаныя пазалочанай лепкай. Перад касцёлам — мураваная 3-арачная брама, абрыс якой адпавядае пластыцы яго гал. фасада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦЫКЕ (Gercike), Герсіке, Гарцыке,
старажытны горад 11—13 ст. у Полацкай зямлі, на правым беразе Зах. Дзвіны. За 180 км ад Полацка, 2 км ад нас. пункта Ерсіка (Латвія). Паселішча Герцыке існавала з 10 ст. У 2-й пал. 11 — 1-й пал. 13 ст. горад належаў Полацкаму княству як фарпост і цэнтр феад. ўладання ў Ніжнім Падзвінні. Насельніцтва складалася з латгалаў і славян. У «Хроніцы Лівоніі» Генрыха Латвійскага пад 1209 упамінаецца як багатая княжацкая рэзідэнцыя з некалькімі правасл. цэрквамі і цэнтр удзела кн. Усевалада. У 1209, 1214 і 1215 на Герцыке нападалі крыжакі, разрабавалі і спалілі яго. У 1230 перайшоў пад уладу рыжскага епіскапа. Пасля 14 ст. ў пісьмовых крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАА́ФАЎ ПУЗЫРО́К (ад прозвішча анатама і фізіёлага Р.Граафа),
спелы яйцавы фалікул з поласцю, што развіўся ў коркавым слоі яечніка млекакормячых і чалавека пад уздзеяннем фалікуластымулюючага гармону. Сценка Граафага пузырка складаецца з вонкавай злучальнатканкавай абалонкі, пад якой знаходзіцца шматслойны фалікулярны эпітэлій, што высцілае поласць Граафава пузырка, запоўненую серознай вадкасцю. Эпітэлій утварае выступ у поласць Граафава пузырка (яйцаносны бугарок), у ім змяшчаецца яйцо. Фалікул выпрацоўвае гармон эстраген, які рыхтуе палавыя шляхі да ўспрымання яйца пасля авуляцыі (вызвалення яго з Граафава пузырка і яечніка). Яйцо пасля авуляцыі трапляе ў яйцавод, дзе можа сустрэцца са сперматазоідам і апладніцца. У жывёл, што нараджаюць многа дзіцянят, адначасова растуць і выспяваюць некалькі Граафавых пузыркоў. Частка фалікулаў (да 95%) не дасягае перадавуляцыйнага стану, што садзейнічае ўзнікненню атрэзіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЦКІ Кузьма Мікітавіч (24.10.1897, г. Таганрог, Расія — 14.3.1973),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Ген. Арміі (1955). Скончыў Вышэйшую стралк.-тактычную школу (1922), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У арміі зкрас. 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз.сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну зчэрв. 1941 на Зах., Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах, удзельнік абароны Ліды, Гомеля, бітвы пад Масквой. 11-я гвардз. армія пад яго камандаваннем вызначылася ў Гарадоцкай аперацыі 1943, Беларускай аперацыі 1944, удзельнічала ў вызваленні Оршы, Барысава, Мінска, Маладзечна. Да 1962 на адказных пасадах у Сав. Арміі. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗБО́РСК,
старажытны горад Русі (цяпер с. Стары Ізборск у Пячорскім р-не Пскоўскай вобл.). Упершыню згадваецца пад 862. Паводле легенды, у І. пасяліўся Трувор (адсюль назва першага стараж. паселішча — Труворава гарадзішча, што ўзнікла ў 8 ст.). У 1313—1320-я г. неаднаразова асаджваўся крыжакамі. У 1329 крэпасць перанесена на т.зв. Жэраўю Гару, а ў канцы 14 — пач. 15 ст. вакол крэпасці фарміравалася новая гар. структура з пасадамі і могільнік. На думку некат. даследчыкаў, летапісны І. знаходзіўся ў сутоках рэк Пскава і Вялікая, дзе ў сярэдзіне 11 ст. быў знішчаны і потым адноўлены пад назваю Пскоў. Частка жыхароў зруйнаванага горада пасялілася на Труворавым гарадзішчы, якое з таго часу пачалі называць І.
А.В.Іоў.
Да арт.Ізборск. Сцяна Ізборскай крэпасці з вежамі. 14 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́НСКІ Мсціслаў Адамавіч (28.4.1839, Вількамірскі пав. Віленскай губ. — 12.11.1868),
этнограф, фалькларыст, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскай медыка-хірург. акадэміі (1860—62). Супрацоўнічаў у газ. «Kurier Wileński» («Віленскі веснік»), час. «Tygodnik Ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Kłosy» («Калоссе»), «Biblioteka Warszawska» («Варшаўская бібліятэка») і інш. Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру бел., літ. і польск. народаў. У арт. «Дзяды» (1862), «Танцы насельніцтва з-пад Віліі» (1864), «Прыказкі жыхароў з-пад Віліі» (1866), «Некалькі слоў пра звычаі насельніцтва ў Мінскай губерні», абразках «Уражанні з падарожжа», «Успамін пра Пініпчыну» (усе 1867) і інш. падаў цікавыя звесткі пра побыт, абрады, звычаі, адзенне, фальклор беларусаў, літоўцаў і палякаў. Паэтычнасць бел.нар. песень адзначаў у працы «Пра паэтычныя ўяўленні літоўска-крывіцкага народа ў яго песнях» (1867).