ЗАЛЯ́ ((Zola) Эміль) (2.4.1840, Парыж — 29.9.1902),

французскі пісьменнік. Раннія творы (зб. навел «Казкі Нінон», 1864; раманы «Споведзь Клода», 1865, «Марсельскія таямніцы», 1867) напісаны пад уплывам рамантызму. Кнігамі літ. і маст. крытыкі «Што я ненавіджу» і «Мой салон» (абедзве 1866), «Эдуар Манэ» (1867) выступіў у абарону новай плыні мастацтва, у прыватнасці імпрэсіянізму. Прыродазнаўчыя адкрыцці (тэорыя эвалюцыі Ч.​Дарвіна), філасофія і эстэтыка пазітывізму (І.​Тэн) падвялі З. да распрацоўкі канцэпцыі натуралізму, асн. палажэнні якога ён выклаў у прадмове да рамана «Тэрэза Ракэн» (1867), у працах «Эксперыментальны раман» (1880) і «Раманісты-натуралісты» (1881). У 1860-я г. З. распачаў серыю з 20 раманаў «Ругон-Макары. Звычайная і сац. гісторыя адной сям’і ў эпоху Другой імперыі» (1868—93), у якой даў маштабную панараму франц. грамадства 2-й пал. 19 ст. Тут па-майстэрску выпісаны вобразы прадстаўнікоў розных класаў, саслоўяў, прафесій і іх асяроддзе: гандлёвая і фінансавая буржуазія («Чэрава Парыжа», 1873, «Дамскае шчасце», 1883, «Грошы», 1891), рамеснікаў і шахцёраў («Пастка», 1877, «Жэрміналь», 1885), сялян («Зямля», 1887), царкоўнікаў і палітыкаў («Праступак абата Мурэ», 1875, «Яго правасхадзіцельства Эжэн Ругон», 1876), мастакоў і ваенных («Творчасць», 1886, «Разіром», 1892) і інш. Роздумы пісьменніка над сац. канфліктамі эпохі, шляхамі перабудовы грамадства, захапленне ідэямі утапічнага сацыялізму знайшлі адлюстраванне ў цыкле «Тры гарады» («Лурд», 1894, «Рым», 1896, «Парыж», 1898) і тэтралогіі «Чатыры Евангеллі» (1898—1902, незавершана). За пісьмо «Я абвінавачваю» ў абарону А.​Дрэйфуса (гл. Дрэйфуса справа) прыгавораны да турэмнага зняволення, з-за чаго вымушаны быў эмігрыраваць у 1898 (вярнуўся праз год). Творчасць З., які з’яднаў «бязлітаснасць рэалізму з мужнасцю палітычнага дзеяння» (Л.​Арагон), зрабіла значны ўплыў на еўрап. і амер. раманістыку 20 ст. У бел. пер. выйшлі «Апавяданні» (1937), раманы З. «Пастка» (1939) і «Разгром» (1941).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—26. М., 1960—67.

Літ.:

Владимирова М.М. Романный цикл Э.​Золя «Ругон—Маккары»: Худ. и идейно-филос. единство. Саратов, 1984.

Т.​У.​Кавалёва.

Э.Заля.

т. 6, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЧА́НСКІ,

нацыянальны парк у Мядзельскім р-не Мінскай вобл. і сумежных участках Вілейскага (Мінская вобл.), Пастаўскага (Віцебская вобл.) і Смаргонскага (Гродзенская вобл.) р-наў. Створаны ў 1999 з мэтай захавання прыроднага комплексу Нарачанскай групы азёр, Балдуцкай групы азёр, Вішнеўскага возера, азёр Вялікія Швакшты і Свір і для больш эфектыўнага выкарыстання рэкрэацыйных магчымасцей прыродных рэсурсаў. Пл. 94 тыс. га.

На тэр. парку больш за 30 азёр агульнай пл. больш за 170 км². Рэльеф з дробна- і сярэднеўзгорыстых марэнных узвышшаў з катлавінамі, буйна- і сярэднеўзгорыста-градавых марэнных узвышшаў з камамі, спадзістахвалістых водна-ледавіковых раўнін з азёрамі, дзюнамі, камамі, катлавінамі, участкамі нізінных балот. Расліннасць падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. У фауне 243 віды пазваночных: 10 амфібій, 5 паўзуноў, 179 гняздуючых птушак, 49 млекакормячых; барсук, бусел чорны, гагара чорнаваллёвая, журавель шэры, пугач, скапа і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У іхтыяфауне 32 віды, у т. л. рэдкія і каштоўныя — стронга ручаёвая, галавень, рапушка, язь і інш. Азёры парку зарыбляюцца прамыслова-каштоўнымі відамі: вугром еўрапейскім, карпам, сазанам, сігам, судаком. У флоры каля 900 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. бяроза карлікавая, кураслеп лясны, марошка, меч-трава звычайная, торбачнік альпійскі, цюльпан лясны, чарнакорань голы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. Водарасці батрахасперум ружанцападобны, кладофара эгаграпільная, насток слівападобны, занесеныя ў Чырв. кнігу, трапляюцца толькі ў воз. Нарач і яго басейне. У леса-балотным масіве Чарэмшыца выяўлены комплексы рэліктавых імхоў з гімнакалеі ўздутай і інш. На тэр. парку шмат помнікаў прыроды, у т. л. ўчасткі ландшафтаў — п-аў Дубовая rapa (воз. Мядзел), берагавы ўступ Сцепянёўскі (воз. Нарач), озавыя грады Лукінская, Цюкшынская, Качаргінская, геал. агаленне Студзянец, больш за 20 валуноў; мінер. крыніцы. Тут размешчаны найбуйнейшы на Беларусі курорт Нарач з санаторыямі, дамамі адпачынку, гасцініцамі.

А.​А.​Галдзянкоў.

Да арт. Нарачанскі: 1 — воз. Мястра; 2 — воз. Нарач.

т. 11, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎЗУНЫ́, рэптыліі (Reptilia),

клас вышэйшых пазваночных (амніёт). Вядомы з сярэдняга карбону (каля 300 млн. г. назад). Паходзяць ад стэгацэфалаў; мелі 2 гал. эвалюц. ствалы — зверападобных (далі пачатак млекакормячым) і дыяпсід (архазаўраў і лепідазаўраў, якія далі пачатак птушкам). Найб. разнастайныя былі ў мезазойскую эру (каля 200—150 млн. г. назад), калі сярод іх з’явіліся марскія (іхтыязаўры і інш.) і лятаючыя (птэразаўры) формы. 4 сучасныя атр.: кракадзілы, лускаватыя, чарапахі і дзюбагаловыя; больш за 8 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей, найб. у тропіках і субтропіках. Жывуць у розных біятопах: ад сухіх адкрытых месцаў да рознага тыпу лясоў, балот і вадаёмаў. Некат. ўпадаюць у зімовую або летнюю спячку. Каля 150 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 7 відаў: вераценніца ломкая, гадзюка звычайная, мядзянка, вуж звычайны, чарапаха балотная, яшчаркі жывародная і порсткая. Мядзянка і чарапаха балотная занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. ад некалькіх сантыметраў (некат. яшчаркі) да 10 м (некат. змеі), маса ад некалькіх грамаў да 500 кг і больш (некат. кракадзілы, чарапахі). Цела ўкрыта рагавой луской, пласцінкамі або панцырам. Канечнасці пяціпальцыя, у некат. відазмененыя (марскія чарапахі, хамелеоны) або рэдукаваныя (змеі, некат. яшчаркі). П. — пайкілатэрмныя жывёлы. Сэрца трохкамернае (у кракадзілаў чатырохкамернае). У галаўным мозгу — зачаткавая кара (неапалеум). Сярод змей і яшчарак ёсць ядавітыя. Пераважна драпежнікі, некат. чарапахі і яшчаркі расліннаедныя. Раздзельнаполыя. Размнажаюцца яйцамі, многім уласціва яйцажыванараджэнне і жыванараджэнне; некат. змеям і яшчаркам уласцівы партэнагенез. Асобныя віды — аб’екты промыслу. Прэпараты змяінага яду выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Вывучае П. герпеталогія.

Літ.:

Дарафееў А.М., Конюшка В.С., Ляшко А.А. Рыбы, земнаводныя, паўзуны. Мн., 1981;

Жизнь животных. Т. 5. 2 изд. М., 1985;

Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. давед. Мн., 1996.

А.​М.​Петрыкаў, Э.​Р.​Самусенка.

Паўзуны: 1 — ігуана цыклура; 2 — гекон дзённы; 3 — чарапаха арау; 4 — дынадон чырванапоясны; 5 — гатэрыя; 6 — варан камодскі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЦЕ́ЙШЫЯ (Protozoa),

падцарства аднаклетачных жывёл групы эўкарыёт. Разглядаюцца як зыходны этап у эвалюцыі шматклетачных жывёл. 5 (па інш. класіфікацыях да 9) тыпаў: саркамастыгафоры (Sarcomastigophora), апікомплексы (Apicomplexa), міксаспарыдыі, мікраспарыдыі, інфузорыі. Больш за 40 (70) тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у марскіх і прэсных водах, у глебе, многія — паразіты, узбуджальнікі хвароб чалавека і жывёл. Некат. паразіт. П. выкарыстоўваюцца для барацьбы з насякомымі—шкоднікамі с.-г. і лясных раслін. Амёбы, інфузорыі і інш. шырока выкарыстоўваюцца ў біяфіз., генет., цыталагічных і інш. даследаваннях. П. — важная састаўная ч. кругавароту рэчываў у біясферы, удзельнічаюць у ачыстцы забруджаных вод, фарміраванні донных адкладаў. На Беларусі найб. трапляюцца жгуцікавыя, саркодавыя, інфузорыі, мікраспарыдыі, міксаспарыдыі, сярод выкапнёвых — прамянёвікі і фарамініферы.

Памеры пераважна мікраскапічныя (0,002—0,15 мм), у некат. буйнейшыя (да 2 см). Адасобленыя або каланіяльныя арганізмы. Форма зменлівая (амёбы), шарападобная (прамянёвікі), прадаўгаватая (інфузорыі). Вонкавы слой цытаплазмы ўтварае пелікулу, у караняножак — ракавіна. Маюць адно або некалькі ядраў аднолькавай (апаліны) або рознай (большасць інфузорый) будовы. У цытаплазме размешчаны скарачальныя, стрававальныя, выдзяляльныя вакуолі, фібрылярныя ўтварэнні і інш. арганелы, якія выконваюць пэўныя функцыі. Рухаюцца з дапамогай псеўдаподый, жгуцікаў, раснічак. Здольныя да фотасінтэзу або жывяцца гатовымі арган. рэчывамі, многія — драпежнікі. Размнажэнне бясполае (дзяленне, пачкаванне) або палавое (кан’югацыя, капуляцыя). Многія П. пры чаргаванні форм размнажэння маюць складаныя жыццёвыя цыклы (асабліва спаравікі). У неспрыяльных умовах утвараюць цысты. З’яўляюцца кормам для заабентасу, зоапланктону, малявак рыб і інш. Вывучае П. — протазаалогія. Гл. таксама Пратысталогія.

Літ.:

Серавин Л.Н. Простейшие..: Что это такое? М., Л., 1984;

Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987;

Хадорн Э., Винер Р. Общая зоология: Пер. с нем. М., 1989.

А.​С.​Шалапёнак.

Прасцейшыя: 1 — спірастома звычайная; 2 — трубач блакітны; 3 — дылептус гусепадобны; 4 — афрыясколекс хвастаты; 5 — эўплотас звычайны; 6 — апаліна жабіная; 7 — дыдыні насаты.

т. 13, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКАЯ СВЯДО́МАСЦЬ,

сукупнасць уяўленняў, поглядаў, навук. тэорый аб чалавеку і навакольным свеце (натуральным і штучным), аб іх мінулым, сённяшнім і будучым. Не зводзіцца да арыфм. сумы індывід. свядомасцей членаў грамадства, а ўтварае арган. цэласнасць са сваімі спецыфічнымі ўласцівасцямі: грамадскім статусам і заканамернасцямі развіцця, прызначэннем і функцыямі. Грамадская свядомасць узаемадзейнічае з інш. сферамі грамадскага жыцця (вытв-сцю матэрыяльных даброт, сям’ёй і г.д.), а таксама ўплывае на асабістае жыццё індывідаў і іх паводзіны ў грамадстве. Грамадская свядомасць утварае з інш. грамадскімі з’явамі адзіную непарыўную тканіну, але пры гэтым адносна самастойная ў працэсе рэалізацыі сваёй грамадскай ролі і функцый. Грамадская свядомасць не тоесная пасіўнаму адлюстраванню таго, што адбываецца ў іншых сферах грамадства, і адыгрывае значную актыўную ролю. Аднак сама гэтая актыўнасць па-рознаму вытлумачваецца ў розных сістэмах філас.-гіст. ведаў. Калі ў ідэалістычных вучэннях ёй надаецца абсалютна самаст., субстанцыянальнае значэнне (чалавечы розум творыць навакольны свет), то паводле матэрыялістычных канцэпцый яна ёсць неабходны, але зусім не самадастатковы момант функцыянавання адзінага сац. цэлага. Матэрыялізм зыходзіць з таго, што грамадская свядомасць дыялектычна адлюстроўвае грамадскае быццё і абумоўлена ім; гэты вывад пакладзены ў аснову матэрыяліст. тэорыі пазнання. Грамадская свядомасць мае складаную ўнутр. структуру, якая ўключае розныя ўзроўні (тэарэт. і звычайная свядомасць, ідэалогія і грамадская псіхалогія) і розныя формы свядомасці (паліт. і прававая свядомасць, мараль, рэлігія, мастацтва, філасофія, навука). У сучасным грамадстве асаблівае значэнне набывае здольнасць грамадскай свядомасці мысленна апераджаць рэальны рух гіст. працэсу, што знаходзіць сваё выяўленне ў функцыі сацыяльнага прадбачання. Дасягнуты крытычны ўзровень спажывання прыродных рэсурсаў і забруджвання навакольнага асяроддзя пры крайне нераўнамерным размеркаванні, матэрыяльных даброт, якія атрымліваюцца ад гэтага, абвастрэнне многіх іншых глабальных праблем сучаснасці востра ставяць перад ім пытанне пра выжыванне. Таму павелічэнне ролі грамадскай свядомасці ў жыцці грамадства на мяжы 20 і 21 ст. звязваецца з праблемамі, ад вырашэння якіх залежыць лёс чалавецтва.

Літ.:

Общественное сознание и его формы. М., 1986;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М., [1990);

Сорокин П.А. Человек. Цивилизация. Общество. М., 1992.

В.​І.​Боўш.

т. 5, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРЫТАНАСЕ́ННЫЯ, кветкавыя расліны (Magnoliophyta, або Angiospermae),

аддзел вышэйшых раслін, якія маюць кветку. 2 класы (аднадольныя і двухдольныя), больш за 450 сям., каля 12,5 тыс. родаў і каля 250 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 112 сям., 560 родаў, каля 1500 відаў; таксама інтрадукавана больш за 6 тыс. відаў, форм і сартоў раслін. Прадстаўлены дрэвамі, кустамі, травамі, наземнымі, воднымі, эпіфітамі, сапратрофамі, паразітамі, насякомаеднымі раслінамі. У параўнанні з інш. вышэйшымі раслінамі П. маюць больш дасканалую анат. будову: у ксілеме — сапраўдныя сасуды-трахеі, у флаэме (лубе) — клеткі-спадарожніцы. Семязародкі (семязавязі) размешчаны ў поласці завязі. Гаметафіты спрошчаныя і развіваюцца хутчэй за голанасенныя. Характэрная асаблівасць П. — двайное апладненне (адзін з 2 сперміяў зліваецца з яйцаклеткай, а другі — з 2 палярнымі ядрамі зародкавага мяшка). Пасля апладнення развіваецца зародак, заключаны ў семя, якое знаходзіцца ў плодзе (адсюль назва). З-за адсутнасці пераканаўчых выкапнёвых продкавых форм П. няма агульнапрынятай гіпотэзы аб іх паходжанні і эвалюцыі. Першаснымі П. былі, верагодна, дрэвавыя расліны з вечназялёным лісцем і двухполымі кветкамі. Эвалюцыя ішла шляхам шырокай адаптыўнай радыяцыі вельмі хуткімі тэмпамі. Самыя стараж. выкапнёвыя рэшткі адносяць да раннемелавога перыяду, але дзякуючы высокай эвалюц. пластычнасці ў сярэдзіне мелавога перыяду П. займаюць дамінуючае становішча. Вял. ролю ў іх эвалюцыі і рассяленні адыгралі насякомыя-апыляльнікі. П. — адзінкавая група раслін, якая ўтварае складаныя шмат’ярусныя згуртаванні, што спрыяе больш інтэнсіўнаму выкарыстанню навакольнага асяроддзя і асваенню новых мясцін існавання. Самая важная для чалавека група раслін. Харч., лек., карм., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 5 (ч. 1—2), 6. М., 1980—82;

Тахтаджян А.Л. Система магнолиофитов. Л., 1987.

Пакрытанасенныя. Двухдольныя (1—12). Складанакветныя: 1 — нівянік звычайны; 2 — піжма звычайная; 3 — васілёк перысты. Бабовыя: 4 — цэзальпінія Джыліса; 5 — чына лясная; 6 — куравай эспарцэтавы. Казяльцовыя: 7 — боцікі клабучковыя; 8 — сон-трава расчыненая; 9 — пылюшнік водазбіральналісты. Ружавыя: 10 — дуброўка гусіная; 11 — яблыня ягадная; 12 — вятроўнік звычайны. Аднадольныя (13—20). Злакі: 13 — трыснёг звычайны; 14 — купкоўка зборная; 15 — авёс пасяўны; 16 — кукуруза. Архідныя: 17 — дэндробіум высакародны; 18 — катлея Трыяны; 19 — ятрышнік Фукса; 20 — чараўнік двухлісты.

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАЎЛЯ́НСКІ РАЁН.

Размешчаны на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,6 тыс км². Нас. 12,5 тыс. чал. (2000), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Нароўля. Уключае 25 сельскіх населеных пунктаў, 5 сельсаветаў: Вербавіцкі, Галоўчыцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уся яго тэрыторыя забруджана радыенуклідамі: 4,2 тыс. га с.-г. угоддзяў маюць. забруджанасць 5—15; 17,3 тыс. га — 15—40; 4,7 тыс. га — 40—100 Ku/км². Скасаваны 3 сельсаветы (Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі), адселены 35 населеных пунктаў; адсяленне працягваецца. За перыяд 1986—95 колькасць насельніцтва скарацілася на 17,3 тыс. чал.

Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная, месцамі забалочаная, 85% яе на вышыні 120—140 м, уздоўж р. Прыпяць — 110 м і ніжэй. Найвыш. пункт 162 м (за 5 км на Пд ад в. Красноўка). Карысныя выкапні: соль, нафта, газ, каменныя і бурыя вуглі, мінер. фарбы, гліна, пясок, торф, мінер. воды (тэрмальныя расолы). Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў каля 582 мм за год. Вегетац. перыяд 196 сут. Найб. р. Прыпяць з прытокамі Мытва, Славечна, Жалонь, Нараўлянка. Азёры ў поймах рэк, найб. з іх Семержаў і Старуха. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (41,9%), дзярнова-падзолістыя (26,4%), поймавыя (алювіяльныя 20,4%). Пад лесам 53% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя і інш. Найб. масівы на 3. Пад балотамі 0,9% тэр., асушана 6,3 тыс. га. Найб. балотныя масівы Канаўскае балота, Мухаеды. У раёне ч. Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Нароўля, хвоя звычайная (участак росту) і дуброва ў Кіраўскім лясніцтве. Зоны адпачынку Белабярэжская, Галоўчыцкі парк.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 29,9 тыс. га (18,7%), з іх асушаных 14,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 5 калгасаў, 2 саўгасы, 1 дапаможная і 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бабовых і кармавых культур, кукурузы, бульбы. Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», малочныя прадукты і інш.) і дрэваапр. (мэбля, сталярныя вырабы, піламатэрыялы) прам-сці; з-д гідраапаратуры. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі з Нароўлі ў Чарнобыль (Украіна), Мазыр, Ельск. У раёне 6 сярэдніх, 5 базавых школ, школа мастацтваў, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 16 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый-прафілакторый «Палессе». Музей этнаграфіі і нар. рамёстваў. Помнік архітэктуры — царква Параскевы (18 ст.) у в. Вербавічы. Выдаецца газ. «Прыпяцкая праўда».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 11, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.​Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.​Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.​Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.​Л.​Войніч, «Любоў Яравая» К.​Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.​Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.​Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.​Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.​Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.​Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.​Штока, «Арганаўты» Ю.​Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.​Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева, «Характары» паводле В.​Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Хамуціус» паводле А.​Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.​Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.​Рамановіча паводле аповесці З.​Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.​Палескага, «Папараць-кветка» І.​Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.​Макаёнка, «Разумная дачка» У.​Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.​Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.​Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.​Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.​Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.​Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.​Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.​Іпатавай, «Машэка» М.​Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.​Тургенева, «Жывы труп» Л.​Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.​Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.​Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.​Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.​Дзюмануара і А.​Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.​Шоу, «Атэла» У.​Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.​Касоны, «Від з моста» А.​Мілера, «Лаліта» Э.​Олбі (паводле У.​Набокава), «Гісторыя кахання» Э.​Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.​Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.​Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.​Палосін; нар. артысты Беларусі Т.​Заранок, А.​Логінаў, Г.​Маркіна; засл. артысты Беларусі М.​Абрамаў, Т.​Аляксеева, А.​Асторына, Н.​Ганчарэнка, Л.​Весніна, У.​Говар-Бандарэнка, В.​Захарава, Т.​Канавалава, Г.​Качаткова, З.​Курдзянок, П.​Маркін, А.​Самараў, Л.​Сторажава, Б.​Уксусаў, Б.​Уладамірскі, Ю.​Уласаў, С.​Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.​Яўдошанка, К.​Перапяліца, Г.​Токараў. Гал. рэжысёр Я.​Натапаў (з 1996), гал. мастак В.​Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.​М.​Бакіевіч.

Да арт. Брэсцкі тэатр драмы і музыкі. Сцэна са спектакля «Хамуціус» паводле А.​Куляшова.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)