«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),
сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах.ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш.геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл.Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІТА́ЦЫЯ (ад лац. cavitas пустата),
з’ява ўтварэння ў кропельнай вадкасці поласцей, запоўненых газам, парай ці іх сумессю; парушэнне суцэльнасці ўнутры вадкасці. Ўзнікае пры мясцовым паніжэнні ціску ніжэй за крытычнае значэнне (для рэальных вадкасцей яно прыбл. роўнае ціску яе насычанай пары пры дадзенай т-ры). Калі паніжэнне ціску адбываецца з-за павелічэння скорасці ў патоку вадкасці, К. наз. гідрадынамічнай; калі пры праходжанні акустычных хваль — акустычнай. Знікненне поласцей суправаджаецца мех. імпульсам, падобным да гідраўлічнага ўдару, што неспрыяльна адбіваецца на рабоце гідратурбін, грабных вінтоў, помпаў і інш. (вібрацыя, змяншэнне ккдз, разбурэнне рабочых органаў). Акустычная К. ляжыць у аснове большасці выпадкаў практычнага выкарыстання ультрагуку. У біял. аб’ектах імпульсы ціску ў кавернах абумоўліваюць імгненныя разрывы мікраарганізмаў і прасцейшых. Гэтай з’явай карыстаюцца для выдзялення з жывёльных і раслінных клетак гармонаў, ферментаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ВА-ПАСРЭ́ДНІЦА,
1) мова міжнацыянальных (міжэтнічных) і міждзяржаўных зносін (гл.Міжнародныя мовы).
2) У больш вузкім значэнні — мова, праз якую адбылося запазычанне (гл.Запазычанні ў мове) асобных слоў або канструкцый іншамоўнага паходжання. У сучаснай бел. мове вылучаецца значная колькасць лексічных адзінак, у розны час запазычаных з інш. моў. Запазычанне большасці слоў адбывалася праз пасрэдніцтва ў першую чаргу польск. і рус. моў. Напр., праз рус. мову з замежных моў (асабліва з грэч. і лац.) у лексіку бел. мовы прыйшлі словы «аўдыторыя», «варыянт», «ідэя», «кампанент», «мелодыя», «орган», «параграф», «піраміда», «сейф», «трамвай», «утопія» і інш., праз польск. — лац. «колер», ням. «дах», венг. «палаш», італьян. «палац», франц. «пісталет» і інш. У сваю чаргу бел. мова была пасрэдніцай пры запазычанні ў рус. мову слоў з польск. і ням. моў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЗМЕ́ННАСЦЬ СУ́ДДЗЯЎ,
адзін з асн. канстытуцыйных прынцыпаў судаўладкавання большасцідэмакр. краін свету. Заключаецца ў тым, што суддзя, які прызначаны (у рэдкіх выпадках — выбраны), займае сваю пасаду пажыццёва або да дасягнення пэўнага ўзросту. У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам «Аб судаўладкаванні і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь» ад 13.1.1995 суддзі выконваюць свае абавязкі бестэрмінова, акрамя назначаных на гэтую пасаду ўпершыню. Суддзі, назначаныя на такую пасаду ўпершыню, пасля 5 гадоў работы суддзёй назначаюцца бестэрмінова. Суддзі па адм. справах і выканаўчых вядзеннях назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь тэрмінам на 5 гадоў. Суддзі ўсіх судоў нязменныя: яны не могуць быць пераведзены на інш. пасаду або ў інш. суд без асабістай згоды. Паўнамоцтвы суддзі могуць быць спынены толькі ў парадку і на падставах, устаноўленых законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСЛЕ́ДНАСЦЬ,
у крымінальным працэсе Рэспублікі Беларусь сукупнасць устаноўленых законам прыкмет крымін. справы, паводле якіх КПК вызначае, які орган павінен весці следства або дазнанне па гэтай справе. Адрозніваюць П. прадметную (радавую), тэрытарыяльную (мясцовую) і персанальную. Прадметная П. вызначаецца характарам злачынства, у залежнасці ад якога размяжоўваецца П. паміж следчымі пракуратуры, органаў дзярж. бяспекі і фін. расследванняў, унутр. спраў, а таксама органам дазнання. Персанальная П. вызначаецца асаблівасцямі суб’екта злачынства. Напр., справы пра злачынства непаўналетніх падследныя следчым органам унутр. спраў, справы пра злачынствы ваеннаслужачых — следчым ваен. пракуратуры. Тэрытарыяльная П. вызначаецца месцам учынення злачынства: як правіла, папярэдняе следства праводзіцца ў тым раёне (горадзе), дзе адбылося злачынства. З мэтай забеспячэння найб. хуткасці, аб’ектыўнасці і паўнаты расследавання яно можа праводзіцца па месцы знаходжання злачынца або на месцы знаходжання большасці сведак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎМА́ЛПЫ (Prosimii),
падатрад млекакормячых атр. прыматаў. Вядомы з эацэну Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 45 млн.г. назад). 6 сям.: лемуравыя, тупаевыя, даўгапятавыя (Tarsiidae), індрыевыя, або індрызідавыя (Indrisidae), лорыевыя, або лорызідавыя (Lorisidae), руканожкавыя (Daubentoniidae). 24 роды, 53 віды. Пашыраны ў трапічных лясах Афрыкі, в-ва Мадагаскар, Паўд.-Усх. Азіі, Малайскага архіпелага. Жывуць на дрэвах невял групамі, парамі або паасобна. 22 віды ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж цела да 106 см, хвост у некат. відаў можа быць удвая даўжэйшы. Заднія канечнасці ў большасці даўжэйшыя за пярэднія. Поўсць густая, мяккая. часта яркіх адценняў. Вочы вялікія. Мозг з малой колькасцю баразён і звілін, вял. паўшар’і ўкрываюць мазжачок няпоўнасцю. Усёедныя. Нараджаюць 1—4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІФАРМАЛЬДЭГІ́Д,
поліметыленаксід, поліаксіметылен, сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі фармальдэгіду, [—CH2O—]n. Ступень полімерызацыі n > 1000, нізкамалекулярны П. — парафармальдэгід.
У прам-сці пад агульнай назвай «П.» выпускаюць гомапалімер CH3COO[—CH2O—]nCOCH3 і супалімер фармальдэгіду з 2—3% (па масе) этыленаксіду, 1,3-дыаксалану ці інш. суманамерамі. Тэрмапласт. Мал. м. (3—7)∙104, шчыльн. 1410—1430 кг/м³, tпл 175—180 °C (гомапалімер) і 164—166 °C (супалімеры). Не раствараецца ў вадзе і большасціарган. растваральнікаў. Разбураецца пад уздзеяннем модных кіслот; супалімеры ўстойлівыя ў растворах шчолачаў. Для П. характэрны высокая стомленасная трываласць і зносаўстойлівасць, стабільнасць памераў вырабаў і нізкая паўзучасць. П. лёгка афарбоўваецца, зварваецца, механічна апрацоўваецца. Выкарыстоўваюць пераважна як канстр. матэрыял, які замяняе каляровыя металы і сплавы, у машына-, аўтамабіле- і прыборабудаванні, а таксама для вырабу тэхн. валакна і плёнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРШЧЭ́ЎНІК (Heracleum),
род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 70 відаў. Пашыраны ва ўмеранай і субтрапічнай зонах Еўропы, Азіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя — баршчэўнік сібірскі (Heracleum sibiricum), які расце на ўзлесках, уздоўж дарог, каля жылля, на пустках і схілах, і звычайны (Heracleum sphondylium) — рэдкая расліна, занесеная ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, каля 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. вядомы баршчэўнік Сасноўскага (Heracleum sosnowskyi), што вырошчваўся як эксперым. сіласная культура і добра натуралізаваўся каля дарог, жылля, палёў і ў далінах рэк.
Двух- або шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным галінастым сцяблом выш. да 5—6 м. Лісце чаргаванае, трайчастае, перыстае або двойчыперыстае. Кветкі дробныя, белыя, зеленавата-жоўтыя, ружовыя, у складаных парасоніках. Плод — яйцападобны або адваротнаяйцападобны плоскі віслаплоднік. Кармавыя, лек., дэкар., харч., меданосныя і эфіраалейныя расліны. Сок большасці відаў, асабліва баршчэўніка Сасноўскага, выклікае дэрматыты.