КУЎШЫ́ННІКАЎ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 21.1.1936, в. Альхоўка Луганскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне педыятрыі і гематалогіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958) і працуе ў ім (з 1992 заг. кафедры). Навук. працы па адаптацыі дзіцячага арганізма да неспрыяльнай экалагічнай сітуацыі ў рэспубліцы, прафілактыцы анкалагічных і гематалагічных захворванняў у дзяцей.

Тв.:

Комплексная коррекция нарушений гомеостаза, вызываемых лейкозной опухолью и ее терапией у детей // Педиатрия. 1990 № 4;

Гематологические болезни у детей. 2 изд. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙКАЦЫ́ТЫ (ад грэч. leukos белы + kytos клетка),

белыя крывяныя клеткі, бясколерныя шарападобныя клеткі крыві і лімфы пазваночных жывёл і чалавека. Маюць ядры, самастойна рухаюцца (могуць і супраць цёку крыві), выконваюць пераважна ахоўную функцыю. Адрозніваюць Л. зярністыя — гранулацыты (базафілы, нейтрафілы, эазінафілы) і незярністыя — агранулацыты (лімфацыты, манацыты). Маюць агульнае паходжанне з эрытрацытамі і трамбацытамі. У 1 л крыві здаровага чалавека 3,8—9 × 10​9 Л. Функцыянуюць у тканках арганізма: знішчаюць мікраарганізмы, змярцвелыя клеткі, прадукты распаду і інш. (гл. Імунітэт).

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Аляксеевіч) (н. 23.10.1921, Тбілісі),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р біял. н., праф. (1962). Скончыў азербайджанскія ун-т (1945) і мед. ін-т (1949). З 1971 у Бел. ін-це фіз. культуры (прарэктар і заг. кафедры), у 1978—93 у Бел. пед. ун-це. Навук. працы па механізме нейрагумаральнай рэгуляцыі адаптыўнага гамеастазу на аснове вывучэння функцыян., структурных і абменных працэсаў у розных органах і тканках арганізма.

Тв.:

Открытое сердце. Мн., 1971;

Гомеостаз: Филос. и общебиол. аспекты. Мн., 1979.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВО́НАВА (Алена Васілеўна) (н. 8.9.1924, г. Смаленск, Расія),

бел. вучоны ў галіне паталаг. анатоміі. Д-р мед. н. (1971), праф. (1980). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1947), з 1952 працуе ў ім. Навук. працы па ўзаемаадносінах паталаг. кампенсатарных рэакцый арганізма ў працэсе развіцця хваробы, парушэннях мазгавога кровазвароту, эксперым. тэрапіі ішэміі галаўнога мозга.

Тв.:

Динамика взаимоотношений патологических и компенсаторных реакций организма при некоторых формах нарушения кровообращения. Мн., 1974 (у сааўт.);

Центральные механизмы нейрогуморальной регуляции функций в норме и патологии. Мн., 1985 (у сааўт.).

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАВЫДЗЯЛЕ́ННЕ,

рэфлекторны акт выдалення мачы з арганізма чалавека і жывёл. Адбываецца перыядычна па меры напаўнення мачавога пузыра (мочаўтварэнне — бесперапынна). У здаровага чалавека сутачны дыурэз (колькасць мачы, якая выдаляецца за суткі) складае да 75% ад колькасці выпітай вадкасці. Выцяканню мачы з пузыра перашкаджаюць 2 кальцавыя слоі мышачных валокнаў: унутр. і вонкавы сфінктэры. Пры М. рэфлекторна расслабляецца вонкавы сфінктэр і скарачаюцца мышцы сценак пузыра. М. рэгулюецца нерв. цэнтрамі спіннога і галаўнога мозга. Парушэнні ўзнікаюць пры пашкоджанні мышцаў мачавога пузыра, некат. хваробах нерв. сістэмы.

т. 10, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,

канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.

т. 11, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВІ́ЗАРНЫЯ О́РГАНЫ (ад ням. provisorisch папярэдні, часовы ад лац. provideo прадбачу, загадзя клапачуся),

органы зародкаў і лічынак шматклетачных жывёл, якія знікаюць у працэсе іх далейшага развіцця (напр., брушныя канечнасці і жабры лічынак у насякомых, сасуды жаўточнага мяшка зародкаў рыб, паўзуноў, птушак і інш.). Адна з форм цэнагенезу ці эмбрыяадаптацыі. П.о. забяспечваюць важнейшыя функцыі арганізма да сфарміравання дэфінітыўных органаў, характэрных дарослым асобінам. У сучасных арганізмаў П.о. дазваляюць меркаваць пра арганізацыю іх продкаў, што істотна для ўзнаўлення працэсу эвалюцыі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВЕ́РСІЯ (ад лац. reversio вяртанне) у генетыцы, узнаўленне ў мутантнага арганізма дзікага (нармальнага) фенатыпу ў выніку паўторнай мутацыі. Адбываецца за кошт прыгнечання (супрэсіі) уздзеяння мутантнага гена або шляхам сапраўднай мутацыі. Арганізм, які ўзнік у выніку супрэсіі, мае псеўдадзікі фенатып, а пры сапраўднай зваротнай мутацыі — нармальны, таму што геном вяртаецца ў зыходны стан (напр., узнаўленне зыходнай нуклеатыднай паслядоўнасці ў гене, які быў закрануты прамой мутацыяй). Частата і характар Р. залежаць ад тыпу змен, якія адбыліся пры прамой мутацыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЧАК (Міхаіл Рыгоравіч) (н. 10.1.1929, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1981). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1955), з 1966 працуе ў ім (з 1979 рэктар, з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па пытаннях таракальнай хірургіі, праблемах рэактыўнасці арганізма пры пасляаперацыйных гнойных ускладненнях.

Тв.:

Послеоперационные осложнения абдоминальной хирургии. Мн., 1986;

Изолированная бифуркация трахеи. Мн., 1992 (разам з У.​П.​Харчанкам, У.​У.​Анічкіным).

т. 14, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАТЭРАПІ́Я (ад бара... + тэрапія),

метад лячэння хворых штучна створаным павышаным або паніжаным ціскам паветра. Заснаваны на ўплыве змененага атм. ціску на функцыі сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм і газаабмену арганізма. Праводзіцца з дапамогай спец. апаратаў (мясцовая баратэрапія) або ў баракамерах і біятронах (агульная баратэрапія). Апошнія могуць дадаткова абсталёўвацца крыніцамі УФ-выпрамянення, рэгулятарамі т-ры, вільготнасці, колькасці аэраіонаў, кіслароду (для гіпербарычнай аксігенацыі). Мясцовую баратэрапію выкарыстоўваюць пры ангіяспазмах, аблітэральных эндартэрыітах, неўралгіях і інш., агульную — пры лячэнні бранхіяльнай астмы, пачатковых формаў гіпертаніі, кесоннай хваробы, ішэміі сэрца і інш., а таксама некаторых хірург. і родадапаможных аперацыях.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)