КАМЯНІ́,

урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.

Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.

Літ.:

Ляўкоў Э.А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. Мн., 1992.

У.​С.​Ларыёнаў.

Схема размяшчэння ўрочышча Камяні на беразе воз. Янова.

т. 7, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСКАГА Я.Ф. МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1964 на радзіме Я.Ф.Харскага ў в. Лаша Гродзенскага р-на пры сярэдняй школе. Больш за 1,1 тыс. экспанатаў (1998): дакументы і матэрыялы, звязаныя з жыццёвым і творчым шляхам вучонага. Сярод іх асабістыя рэчы, прадметы хатняга ўжытку, скульпт. партрэты, фотаздымкі, аўтографы. фотакопіі рукапісаў, карты, выданні яго навук. прац, а таксама кнігі з аўтографамі бел. пісьменнікаў і вучоных, мікрафільм аднаго з дакладаў Карскага, дасланы з Пражскай АН, успаміны родных і знаёмых (дачкі Н.​Я.​Баркоўскай-Карскай, унучкі Т.​С.​Карскай, рус. мовазнаўца акад. АН СССР В.​І.​Баркоўскага) і інш.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАСТРЫ́ЧНІЦКАЯ»,

гасцініца ў Мінску. Пабудавана ў 1980 (арх. Л.​Пагарэлаў, Ю.​Івахнішын, Т.​Лабінская). Складаецца з 8-павярховага прамавугольнага ў плане жылога корпуса і прылеглага да яго дваровага фасада 1—2-павярховага аб’ёму складанай канфігурацыі. Разлічана на 160 месцаў. Кампазіцыя гал. фасада асн. аб’ёму грунтуецца на верт. рытме трохвугольных эркераў. Гал. ўваход акцэнтаваны пано (мастакі А.​Кішчанка, Т.​Кіршчына). 1-ы паверх вырашаны ў выглядзе пастамента. У афармленні інтэр’ераў выкарыстаны граніт, мармур, каштоўныя пароды дрэў, пластмасы, алюміній, шпалеры і інш. аддзелачныя матэрыялы. Складаная канфігурацыя аб’ёму ўтварае адкрыты ўнутр. дворык.

Гасцініца «Кастрычніцкая» ў Мінску.

т. 8, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАНА ЭФЕ́КТ,

павелічэнне даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення (рэнтгенаўскага і γ-выпрамянення) пры рассеянні яго на свабодных або слаба звязаных электронах. Назіраецца таксама і пры рассеянні эл.-магн. хваль на пратонах, нейтронах, атамных ядрах. Адкрыты А.Комптанам у 1923.

Закон захавання энергіі-імпульсу пры дастасаванні да працэсу рассеяння на вугал v фатона на электроне масы m дае магчымасць вызначыць павелічэнне даўжыні хвалі фатона: Δλ= λ0(1−cosv), дзе λ0 — комптанаўская даўжыня хвалі электрона. Δλ не залежыць ад першапачатковай даўжыні хвалі λ і найбольшая пры рассеянні назад (ν = π). Доследы Комптана, якія пацвердзілі гэтыя вывады, сталі доказам квантавай прыроды святла.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУНІНЕ́ЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны ў 1978, адкрыты ў 1986 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. Пл. экспазіцыі 170 м², каля 6,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў рубілы і сякеры каменнага веку з раскопак археал. помнікаў Лунінеччыны, старадрук «Мінеі-чэцці» за жн. 1705, інтэр’ер сял. хаты з кроснамі і інш. прыладамі працы, вышыванкі, самаробныя вопратка і абутак пач. 20 ст., дакументы і матэрыялы пра рэв. рух 1905, грамадз. вайну, Вял. Айч. вайну (стварэнне і дзейнасць падполля і партыз. руху), вызваленне раёна ад ням.-фаш. захопнікаў, пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі, устаноў культуры і аховы здароўя.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮТЭ́ЦЫЙ (лац. Lutetium),

Lu, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 71, ат. м. 174,967; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: ​175Lu (97,4%) і радыеактыўнага ​176Lu (перыяд паўраспаду 2,4 ∙ 10​10 гадоў). У зямной кары 8 ∙ 10​−5% па масе. Адкрыты франц. хімікам Ж.​Урбенам у 1907, названы па лац. назве Парыжа (Lutecia).

Серабрыста-белы метал, tпл каля 1660 °C, шчыльн. 9849 кг/м³. У паветры пакрываецца ўстойлівай аксіднай плёнкай. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, серай, вадародам і інш. неметаламі. Метал. атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду LuF3 кальцыем.

т. 9, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ МУЗЕ́Й ЭТНАГРА́ФІІ,

філіял Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея. Адкрыты ў 1981. Пл. экспазіцыі 760 м², каля 4,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999). Матэрыялы музея знаёмяць з матэрыяльнай і духоўнай культурай сялян Магілёўскага Падняпроўя і гарадскім побытам магіляўчан канца 19 — пач. 20 ст. Сярод экспанатаў прылады працы, прадметы побыту, нар. адзенне краснапольскага і магілёўскага строяў, калекцыі ручнікоў кожнага раёна Магілёўшчыны, абразоў магілёўскай іканапіснай школы 17—19 ст., кафлі і драўлянай скульптуры 17—19 ст., фарфоравага і сярэбранага посуду, самавараў, мэблі, газавых лямпаў, царк. кнігі, часопісы 19 — пач. 20 ст.

С.​Б.​Рыбакова, Ж.​Я.​Клімуць.

т. 9, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫЯ́НСКІЯ АСТРАВЫ́ (Marianas Islands),

група астравоў на З цэнтр. ч. Ціхага ак., у Мікранезіі. Складаецца з 15 буйных астравоў (Гуам, Рота, Сайпан і інш.) і некалькіх дробных астравоў і рыфаў. Пл. больш за 1,1 тыс. км². Нас. каля 210 тыс. ж. (1997). В-ваў Гуам — уладанне ЗША, астатняя частка ўваходзіць у Садружнасць Паўн. Марыянскіх Астравоў. Астравы вулканічнага і каралавага паходжання. Частыя землетрасенні. Выш. да 965 м. Вільготныя трапічныя лясы, саванны. Трапічнае земляробства. Рыбалоўства. Асн. порт Аганья (на в-ве Гуам). Ваенна-марскія і ваенна-паветр. базы ЗША. М.а. адкрыты ў 1521 Ф.Магеланам.

т. 10, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ЖАНЧЫ́Н.

Існавала ў 1901—14 у Мінску. Засн. гар. галавой К.​Э.​Чапскім. Знаходзілася пад уплывам дзеячаў ліберальна-апазіцыйнага руху. У рабоце т-ва ўдзельнічалі пераважна жонкі чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Мела юрыд. аддзел, прысяжныя павераныя якога давалі бясплатныя юрыд. кансультацыі, бюро па арганізацыі лекцый. Жанчыны-ўрачы вялі курс жаночай гігіены, выкладчыкі гімназіі К.​В.​Фальковіча чыталі лекцыі па астраноміі, гісторыі і л-ры. У 1904—05, 1912—13 пры т-ве дзейнічалі нядзельныя школы, быў адкрыты прытулак для дзяцей рабочых. Спыніла дзейнасць з пачаткам 1-й сусв. вайны.

З.​В.​Шыбека.

т. 10, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІЯ МУЗЫ́ЧНЫЯ КУ́РСЫ Адкрыты Г.​Львовай у вер. 1914 у Мінску пры Аляксееўскай жаночай гімназіі на базе класа фп. ігры

(існаваў пры гімназіі з 1913). Тэрмін навучання 3 гады. Заняткі праводзіліся па класах фп. (выкладчык Львова),

скрыпкі (Ю.​Жухавіцкі), спеваў (Ю.​Багуслаўскі), сумеснай ігры (Г.​Іваноўскі), хар. спеваў (Ф.​Леўчанка). Выкладаліся таксама агульнатэарэт. дысцыпліны — методыка фп. ігры, тэорыя музыкі і эстэтыка (Львова), сальфеджыо і гармонія (Л.​Эмерман). Асаблівая ўвага аддавалася вывучэнню методыкі ігры на фп., заснаванай на навейшых прыёмах выканання. 2 разы на год адбываліся канцэрты навучэнцаў. Выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю выкладчыкаў муз. школ.

А.​І.​Ахвердава.

т. 10, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)