ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯАН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,
навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.
Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн.абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ЗБУДАВА́ННЯЎ,
раздзел будаўнічай механікі, які вывучае ваганні збудаванняў, што выклікаюцца дынамічнымі нагрузкамі, распрацоўвае метады разліку такіх збудаванняў, спосабы вібраізаляцыі і гашэння ваганняў. Звязаны са статыкай збудаванняў і агульнай тэорыяй ваганняў.
У Д.з. даследуюць ветравыя і сейсмічныя ваганні, ударнае ўздзеянне рухомых цел, вібрацыю і інш. нагрузкі, уздзеянне ваганняў на абсталяванне і людзей, вызначаюць мяжу трываласці і інш. дынамічныя характарыстыкі матэрыялаў і канструкцый, правяраюць надзейнасць разліковых схем збудаванняў і інш.
Асн. задачы Д.з. — вызначэнне ўласных частот і праверка збудаванняў на рэзананс; вызначэнне ўнутр. сіл у элементах збудаванняў, перамяшчэнняў, скорасцей і паскарэнняў мас збудаванняў, якія выкліканы дынамічнымі нагрузкамі і ўздзеяннямі. Для рашэння гэтых задач карыстаюцца тэарэт. метадамі даследавання (аналітычныя і лікавыя, з выкарыстаннем выліч. тэхнікі) і эксперыментальнымі (засн. на даследаванні фіз. мадэлей збудаванняў, на натуральных выпрабаваннях і назіраннях).
Літ.:
Строительная механика. Динамика и устойчивость сооружений. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕЛЕНАГУ́РСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zielonogórskie),
адм.-тэр. адзінка на З Польшчы. Пл. 8868 км², нас. 669 тыс.чал., гарадскога 61,9% (1993). Адм. ц. — г.Зялёна-Гура. Найб. гарады: Нова-Суль, Жары, Жагань, Свябодзін, Губін, Сулехаў, Любска. Займае зах.ч. Велікапольскай нізіны, на Пн Любускае паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Клімат умераны. Сярэдняя т-растудз. -1,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. рака — Одра з прытокамі Ныса-Лужыцка і Бубр. Глебы малаўрадлівыя (падзолістыя). 48,4% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: харчасмакавая (мукамольная, мясная, спіртавая), маш.-буд. (таварныя вагоны, тэкст.абсталяванне), тэкст. (дэкаратыўныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны), абутковая, дрэваапр., буд. матэрыялаў, шкляная. Здабыча нафты і газу. Пад с.-г. ўгоддзямі 40% тэр. Вырошчваюць жыта, пшаніцу, ячмень, сланечнік, рапс, кармавыя культуры. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮКО́ЎКА,
рабочы пасёлак у Гомельскім р-не. Падпарадкоўваецца Чыгуначнаму раённаму Савету г. Гомеля. За 12 км ад Гомеля, чыг. станцыя на лініі Гомель—Жлобін, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. 11,1 тыс.ж. (1998).
Вядома з 1873 як ст. Лібава-Роменскай чыгункі. З 1929 пасёлак рабочых Гомельскага шклозавода, з 1935 рабочы пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў ноч на 18.8.1941 каля К. адбыўся бой паміж батальёнамі Гомельскага нар. апалчэння і ням. танкавай часцю. З 18.8.1941 па 26.11.1943 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Абсталяванне завода і частка рабочых эвакуіраваны ў Башкірыю, заводскія карпусы і пасёлак у час акупацыі зруйнаваны, у 1943—45 адноўлены.
Шклозавод, прадпрыемствы тарфяной (з-д «Імпульс»), швейнай прам-сці. 2 сярэднія школы, школа-інтэрнат, школа мастацтваў, Палац культуры шклозавода, б-ка, бальніца, аптэка, паліклініка, спарткомплекс, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік работнікам шклозавода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНЕМАНІ́ЧНАЯ СХЕ́МА, мнемасхема,
сукупнасць сігнальных прыстасаванняў і ўмоўных відарысаў абсталявання і ўнутр. сувязей аб’екта, якія ў выглядзе схемы размяшчаюцца на дыспетчарскіх пультах ці спец. панэлях. Наглядна паказвае структуру аб’екта, стан (становішча) яго часткі элементаў, ход вытв. працэсу, дазваляе кантраляваць рэжымы аб’ектаў і працэсаў і кіраваць імі. Выкарыстоўваецца на прамысл. прадпрыемствах (устаноўках), у энергет. сістэмах, на чыг. станцыях і інш., а таксама на тэхн. выстаўках і ў навуч. мэтах.
Сігнальнымі прыстасаваннямі на М.с. служаць пераважна візуальныя індыкатары, абсталяванне і ўнутр. сувязі аб’екта паказваюцца з дапамогай сімвалаў Адрозніваюць М.с. мімічныя (з выкарыстаннем фарбаў, каляровых плітак і інш.), светлавыя і камбінаваныя. Дзеянне найб. пашыраных светлавых М.с. заснавана на электралюмінесцэнцыі, нізкавольтнай катодалюмінесцэнцыі і электрааптычных эфектах у вадкіх крышталях. Інфармацыя аб стане аб’екта паказваецца зменай колернасці або яркасці свячэння элементаў М.с., перамяшчэннем светлавога зайчыка, зменай канфігурацыі ці памераў светлавой плямы і г.д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕРКАВА́ЛЬНАЕ ЎСТРО́ЙСТВАў электраэнергетыцы,
электраўстаноўка для прыёму электраэнергіі (ад генератараў электрастанцыі, сілавых трансфарматараў, пераўтваральнікаў пераўтваральнай падстанцыі і інш.) і яе размеркавання паміж асобнымі спажыўцамі (па кабельных і паветр. лініях электраперадач). У склад Р.ў. ўваходзяць: выключальнікі, раз’яднальнікі, разраднікі, рэактары электрычныя, зборныя шыны (звычайна секцыянаваныя), трансфарматары току і напружання, вымяральныя прылады. Кіраванне апаратурай Р.у. аўтаматычнае ці паўаўтаматычнае.
Абсталяванне аднаго ланцуга Р.ў. канструкцыйна вылучаецца ў адну ячэйку. Р.ў. напружаннем да 35 кВ звычайна размяшчацца ў памяшканні (закрытае Р.ў.), пры напружаннях 35 кВ і вышэй — на адкрытым паветры (адкрытае). Ва ўмовах моцна забруджанай атмасферы і пры магчымасці асядання на ізалятарах токаправодных рэчываў Р.ў. робяць закрытымі да напружання 220 кВ. Найчасцей усе элементы Р.ў. да 35 кВ манціруюцца ў метал. заводскіх шафах (т.зв. камплектныя Р.ў.), пашыраны кампактныя герметычныя, у якіх ізаляцыяй служыць элегаз (гексафтарыд серы SF6) пад ціскам у некалькі атмасфер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯРАШЭ́ВІЧ Уладзімір Кірылавіч (н. 15.8.1940, в. Жукевічы Гродзенскага р-на),
бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Д-ртэхн.н. (1988), праф. (1990). Акад.Бел.інж. акадэміі (2001). Скончыў БПІ (1962). З 1971 у Ін-це надзейнасці машын АН Беларусі, з 1978 у апараце Прэзідыума АН Беларусі. З 1981 у Бел.нац.тэхн. ун-це (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па парашковай металургіі, кампазіцыйных матэрыялах, тэхн. эксплуатацыі і рамонце аўтамабіляў. Распрацаваў тэхналогіі і абсталяванне для атрымання зносаўстойлівых пакрыццяў з парашковых матэрыялаў імпульснымі метадамі.
Тв.:
Обслуживание и ремонт легковых автомобилей. Мн., 2000 (разам з Я.Л.Савічам, М.М.Болбасам);
Научные исследования и решение инженерных задач. Мн., 2003 (разам з С.С.Кучурам, М.М.Болбасам);
Коленчатые валы автомобильных двигателей. Мн., 2004 (разам з М.А.Белацаркоўскім, Я.Л.Савічам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМУ́ШКА,
абсталяванне для скормлівання кармоў с.-г. жывёлам і птушкам. Умяшчае макс. разавую порцыю кармоў, забяспечвае гігіенічныя ўмовы кармлення, зручная для загрузкі кармоў, ачысткі і дэзінфекцыі.
Бываюць стацыянарныя, паўстацыянарныя (пад’ёмныя), пераносныя, перасоўныя і аўтам. (аўтакармушкі). Выкарыстоўваюць таксама К.-транспарцёры, кармавыя карыты, К. камбінаваныя, індывідуальныя і групавыя. Для буйн. раг. жывёлы найчасцей выкарыстоўваюць стацыянарныя К. з адна- і двухбаковым падыходам, на даільных устаноўках — індывідуальныя для канцэнтраванага корму, для свіней — адна- і двухбаковыя, у якіх задні борт вышэйшы за пярэдні, для курэй — аўтакармушкі бункернага тыпу і жалабковыя.
Кармушкі: а — кармушка-транспарцёр (1 — стужка, 2 — ланцуг); б — аўтакармушка (1 — карыта, 2 — бункер з кормам, 3 — размеркавальны конус); в — аўтакармушка з сістэмай распазнавання жывёл (1 — камбікорм, 2 — станцыя кіравання, 3 — антэна, 4 — датчык, 5 — шнэкавы дазатар); г, д — паваротная і спараная кармушкі для свіней, е — бункерная аўтакармушка для курэй (1 — конусны бункер, 2 — кормаправод, 3 — кармавая чаша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАД’ЁМНА-ТРА́НСПАРТНАЕ МАШЫНАБУДАВА́ННЕ,
галіна машынабудавання па вырабе абсталявання для механізацыі пад’ёмна-транспартных і пагрузачна-разгрузачных работ. Асн. прадукцыя: пад’ёмныя краны, канвееры, падвесныя дарогі (гл.Канатная дарога, Манарэйкавая дарога), аўтапагрузчыкі, аўтакары, электракары, экскаватары, ліфты, машыны для выгрузкі сыпкіх і кускавых матэрыялаў з вагонаў, абсталяванне для апрацоўкі кантэйнерных і пакетных грузаў і інш. На Беларусі развіваецца з 1960-х г. У 1964—75 Магілёўскі завод «Строммашына» выпускаў пасажырскія ліфты. Магілёўскі ліфтабудаўнічы завод (з 1969) выпускае: пасажырскія і грузавыя ліфты грузападымальнасцю да 5 тыс.кг, а таксама лябёдкі да ліфтаў. На прадпрыемствах акц.т-ва«Амкадор» выпускаюцца розныя віды пагрузчыкаў (вілачных, з тэлескапічнай стралой, колавых аднакаўшовых франтальных і інш.). Асобныя віды пагрузчыкаў і кранаў вырабляюцца на Магілёўскім заводзе транспартнага машынабудавання «Магілёўтрансмаш». ВА «Будмаш» (Мінск) вырабляе казловыя эл. краны, доследны мех.з-д у Дзяржынску — маставыя эл. краны. Іл.гл. ў арт.Будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне.