РЭСІ́ВЕР (англ. receiver ад receive атрымліваць, прымаць, умяшчаць),
прыстасаванне (металічная ёмістасць) для збірання пары, газу ці паветра і выраўноўвання іх ціску. Выкарыстоўваецца ў кампрэсарных і паравых устаноўках, сістэмах пнеўмапрывода і інш.
У паравых машынах Р. выраўноўвае ціск пары пры пераходзе яе з цыліндра высокага ціску ў цыліндр нізкага ціску. У кампрэсарных устаноўках Р. збірае паветра (газ) пры часовым спыненні яго спажывання, выраўноўвае ціск паветра, што нераўнамерна напампоўваецца кампрэсарам, а таксама ахалоджвае паветра і ачышчае яго ад кропляў масла і вільгаці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САБАКАГАДО́ЎЛЯ,
развядзенне сабак свойскіх культурных парод. Вылучаюць С. службовую (для вартаўнічай, пагранічнай, ездавой, пастухоўскай і інш. службаў), паляўнічую (спарт. і прамысл. паляванне), дэкаратыўна-пакаёвую. Тэарэт. аснова С. — кіналогія.
Пры селекцыйнай рабоце сабак ацэньваюць і адбіраюць па канстытуцыі, экстэр’еры, рабочых і псіхічных якасцях і інш. Службовых і паляўнічых сабак гадуюць у спец гаспадарках, а таксама сабакаводы-аматары. Утрыманне сабак у гарадах і пасёлках гар. тыпу рэгламентуецца абавязковай рэгістрацыяй, правіламі ўтрымання ў жылых памяшканнях і выгулу, тэрмінамі прышчэпак і інш. Праводзяцца выстаўкі сабак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЕ́ТРЫ (сярэдневяковае лац. sal nitri ад лац. sal соль + nitrum прыродная сода, шчолач),
агульная гіст. назва нітратаў натрыю NaNO3 (натрыевая С.), калію KNO3 (калійная С.), амонію NH4NO3 (аміячная С.), кальцыю Ca(NO3)2 (кальцыевая С.), барыю Ba(NO3)2 (барыевая С.). Натрыевая (найб. пашырана) і каліевая С. трапляюцца ў выглядзе прыродных пакладаў, аднак атрымліваюць С. пераважна хім. шляхам. Выкарыстоўваюць як угнаенні (гл.Азотныя ўгнаенні), кампаненты піратэхн. саставаў, выбуховых рэчываў і інш.Гл.таксамаНітраты, Амонію злучэнні, Барыю злучэнні, Калію злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РГАН II (акадскае Шарукін),
цар Асірыі ў 722—705 да н.э. Прыйшоў да ўлады пасля звяржэння цара Салманасара V [727—722 да н.э.]. У сваёй палітыцы імкнуўся прымірыць інтарэсы жрэцтва і прывілеяваных гарадоў Асірыі і Вавілоніі з інтарэсамі ваен. партыі. Завяршыў заваяванне Ізраільскага царства (722) і Сірыі (717); у 714 перамог Русу I, цара Урарту, захапіў г. Мусасір з урарцкімі скарбамі, заваяваў шэраг абласцей ўсх. М. Азіі (імкнуўся не дапусціць саюзу Урарту з Фрыгіяй), а таксама Мідыі; у 710—709 авалодаў Вавілоніяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІДРАВА́ННЕ,
утварэнне скразной або глухой цыліндрычнай адтуліны ў дэталі або вырабе з драўніны, металу і інш.; від апрацоўкі матэрыялаў рэзаннем.
Робіцца свердлам на свідравальных станках, а таксама такарных, расточных і інш. станках ці ўручную — калаўротам, дрылём ці механізаваным інструментам (электрасвердлам, электрадрылём). Можа служыць падрыхтоўчай аперацыяй (з-за адносна невысокай дакладнасці) перад расточваннем, зенкераваннем (гл.Зенкер), рассвідроўваннем (гл.Рассвідроўка), працягваннем і наразаннем унутр. разьбы. Выкарыстоўваюць лазернае С. (гл.Лазерная тэхналогія) адтулін у алмазных кругах і інш. вырабах з матэрыялаў вял. трываласці і нізкай цеплаправоднасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАФІ́ЛЬТР,
прылада, якая змяняе энергію аптычнага выпрамянення (святла), а таксама яго спектральны састаў з мэтай вылучэння асобных участкаў спектра.
Прынцып работы С. грунтуецца на з’явах паглынання святла (абсарбцыйныя С.), інтэрферэнцыі святла (інтэрферэнцыйныя С.), дысперсіі святла (дысперсійныя фільтры), палярызацыі святла (палярызацыйныя С.) і інш.Найб. пашыраны абсарбцыйныя С., вырабленыя з каляровага аптычнага шкла. Адрозніваюцца пастаянствам спектральных характарыстык, устойлівасцю да ўздзеянняў святла і т-ры, высокай аптычнай аднароднасцю. Выкарыстоўваюцца ў каляровай фатаграфіі, пры падводнай кіназдымцы, святлатэхніцы, фотаметрыі, колераметрыі, ультрафіялетавай, інфрачырвонай і люмінесцэнтнай мікраскапіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЛЕНІ́ДЫ,
злучэнні селену з менш электраадмоўнымі элементамі. Вядомыя для металаў і неметалаў. Крышт. рэчывы часта з метал. бляскам. Па хім. уласцівасцях блізкія да сульфідаў і тэлурыдаў. Маюць паўправадніковую або метал.эл. праводнасць. Выкарыстоўваюць у фотарэзістарах і фотаэлементах (С. цынку, кадмію, ртуці), у лазерах (С. галію), як кампаненты сухіх антыфрыкцыйных змазак пры ўмовах высокага вакууму (напр., у касм. апаратах) і цвёрдых змазак вузлоў трэння машын, каталізатары ў арган. сінтэзе (С. малібдэну, вальфраму, ніобію), пігменты для фарбаў (С. кадмію). Гл.таксамаСеленарганічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАСАСХО́ВІШЧА,
збудаванне ў выглядзе траншэі або вежы для прыгатавання і захоўвання сіласу. Ахоўваюць сіласную масу ад доступу паветра, пранікнення вады і прамярзання.
Будуюцца звычайна на тэр. жывёлагадоўчых або птушкагадоўчых ферм з найкарацейшымі адлегласцямі падачы сіласу для скормлівання. Траншэі бываюць наземныя, паўзаглыбленыя і заглыбленыя, сцены іх звычайна уцяпляюць грунтам, днішчы робяць з нахілам для сцёку вадкасці. Аб’ём 500—4000 м³. Гл.таксамаСянажнае сховішча.
Сіласасховішча: 1 — наземнае з жалезабетонных блокаў; 2 — з бутавага каменю; 3 — паўзаглыбленае з цэглы; 4 — з жалезабетонных пліт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДЫКА́Т (ням. Syndikat ад грэч. syndikos які дзейнічае сумесна),
1) пагадненне картэльнага тыпу, якое прадугледжвае, што яго ўдзельнікі збываюць свае тавары праз адзіную гандл. кантору (звычайна ствараецца ў выглядзе акц.т-ва або т-ва з абмежаванай адказнасцю), якая ажыццяўляе таксама закупкі для ўдзельнікаў С. Яны захоўваюць вытв. і юрыд. самастойнасць, але ў адрозненне ад картэля страчваюць камерцыйную незалежнасць 2) Аб’яднанне, у якое ўваходзяць прадпрыемствы, што вырабляюць масавую аднатыпную прадукцыю.
3) Назва прафес. саюзаў у некаторых краінах, напр. у Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДО́ВАЕ ПІСЬМО́,
тып пісьма, у якім паасобныя склады абазначаюцца графічнымі знакамі.
Развілося са стараж. сістэм пісьма на аснове фонаідэаграфіі (японскае С.п. кана), а таксама алфавітнага пісьма кансанантнага тыпу (пісьмо брахмі ў Індыі; кожны знак адпавядае адкрытаму складу з пэўным зычным, але форма знака крыху зменьваецца ў залежнасці ад таго, які галосны ў складзе). У знакі С.п. ператварыліся ідэаграмы, якія напачатку абазначалі аднаскладовыя словы. С.п. пашырана ў Індыі, Эфіопіі, М’янме, Тайландзе, Камбоджы, Карэі, Японіі.