парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.
Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТА́Л (ням. Portal ад лац. porta уваход, вароты),
архітэктурнае абрамленне дзвярнога праёма (пераважна ў манум. грамадскіх, культавых і інш. будынках). Вядомы са старажытнасці. Для архітэктуры Стараж. Егіпта і антычнасці характэрны простыя па аздабленні П. з плоскімі перамычкамі, для стараж. Месапатаміі — арачныя П., на Б. і Д. Усходзе былі пашыраны прамавугольныя П. з нішамі — піштакі. З 11 ст. ў раманскай, гатычнай і стараж.-рус. архітэктуры пашырыліся арачныя, т.зв. перспектыўныя (звужаныя ўглыб), П., аформленыя ў выглядзе ўступаў, у вуглах якіх размяшчаліся калонкі, злучаныя архівольтамі. Рэнесансавыя і барочныя П. звычайна аздаблялі пілястрамі, калонамі, якія неслі антаблемент або франтон. Часта П. ўпрыгожвалі скульптурай, разьбой, лепкай, размалёўкай, кафляй.
Тыпы парталаў.Партал касцёла кармелітаў у г. Глыбокае Віцебскай вобл. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РУСНІКІ, кавалеры (Papilionidae),
сямейства дзённых матылёў атр. лускакрылых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей; асабліва шматлікія і разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна на травяністых раслінах, трапляюцца на кустах і дрэвах. На Беларусі 4 віды: апалон, махаон, падалірый і апалон чорны, або мнемазіна; усе занесены ў Чырв. кнігу.
Крылы ў размаху да 25 см, шырокія; заднія з выемкай на баку, у многіх відаў заканчваюцца падоўжаным вырастам. Афарбоўка крылаў яркая, разнастайная. Вусікі булавападобныя. Развіццё з поўным ператварэннем. Вусені масіўныя, стракатыя, кукалкі зялёныя ці бурыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРФЯ́НЕ старажытнаіранскія плямёны, якія ў 1-м тыс. да н.э. і ў першыя стагоддзі н.э. жылі на ПдУ ад Каспійскага м. (цяпер тэр.Паўд. Туркменістана і Харасана). Размаўлялі на адной з іран. моў, займаліся пераважна земляробствам (ірыгацыйныя збудаванні ў Парфіі вядомы з пач. 1-га тыс. да н.э.). Уваходзілі ў Мідыйскае царства, у час праўлення Кіра II — у Ахеменідаў дзяржаву. У 320-я г. да н.э. заваяваны Аляксандрам Македонскім, з 281 да н.э. ў складзе дзяржавы Селеўкідаў. Каля 250 да н.э. на землях П. узнікла самаст.Парфянскае царства. Пісьменства П. створана на аснове арамейскага алфавіта. Парфянскай мовай карысталіся ў 3—4 ст.н.э. пры Сасанідах, каля 6 ст. яе выцесніла перс. мова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГО́НІЯ (Patagonia),
прыродная вобласць у Паўд. Амерыцы, на Пд Аргенціны, на Пд ад рэк Рыо-Каларада і Рыо-Негра і на У ад Андаў. Пл. 650 тыс.км. Паверхня — пераважна ступеньчатыя плато, якія ўзвышаюцца ад Атлантычнага ак. на 3 да 2200 м. Клімат умераны, засушлівы. Ападкаў на б.ч. тэрыторыі 150—300 мм за год, на Пд да 600—700 мм. Характэрны моцныя вятры. У П. (прав. Чубут) — полюс холаду Паўд. Амерыкі (абс. мінімум т-ры -33 °C). Рэкі, якія бяруць пачатак у Андах, перасякаюць плато ў глыбокіх каньёнах. Найб. азёры: Наўэль-Уапі, В’едма, Лага-Архенціна і інш. каля падножжа Андаў. Пераважае злакава-хмызняковая паўпустыня, у перадгор’ях Андаў — стэп. Авечкагадоўля. Здабыча нафты і прыроднага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГО́НСКІЯ А́НДЫ (Andes Patagonicos),
паўднёвая частка горнай сістэмы Анды, у Паўд. Амерыцы, у Чылі і Аргенціне, на Пд ад 39°паўд. ш. Складаюцца з Патагонскай (Галоўнай) Кардыльеры на У і а-воў Чылійскага архіпелага на 3. Выш. 2—3 тыс.м, найб. — 4058 м (г. Сан-Валянцін). У паўн.ч. моцная сейсмічнасць, на Пн — вулканы; Ланін, Асорна і інш. Клімат умераны, вельмі вільготны (ападкаў да 5000 мм і больш за год) і халаднаваты. Ледавікі (пл. каля 20 тыс.км²). Шмат буйных ледавіковых азёр: Льянкіўэ, Наўэль-Уапі. У паўн.ч. на схілах хваёва-лістоўнічныя вечназялёныя лясы, на зах. схілах пераважна лістападныя букі, на паўд. і ўсх. — мяшаныя лістападна-вечназялёныя і хваёвыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВА-КІТА́ЙСКІЯ ГО́РЫ,
горная сістэма на Пд і ПдУ Кітая, у межах Паўд.-Кітайскай платформы, на Пд ад р. Янцзы. Утварае выгнутую на ПдУ дугу даўж. каля 2000 км. Асн. хрыбты; Наньлін і Уішань; шэраг кароткіх хрыбтоў і масіваў рознага распасцірання. Пераважаюць выш. 800—1000 м, найб. 2158 м. Восевыя зоны хрыбтоў складзены з гранітаў і інш.крышт. парод, па перыферыі — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карст. Характэрны «грыбы», «калоны» і інш. формы выветрывання. Ападкаў 1300—1700 мм за год, пераважна летам. Важны кліматападзел, на Пн пераважаюць субтрапічныя, на Пд — трапічныя ландшафты. На паўн. схілах — шыракалістыя субтрапічныя лясы з дубу, вязу, грабу, буку, на паўд. — вечназялёныя трапічныя лясы з перавагай лаўру, магнолій, камелій і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ВІЧ (Мікалай Браніслававіч) (15.7.1897, в. Мазурына Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. — 26.6.1973),
контр-адмірал (1944). Канд. ваенна-марскіх н. (1942), праф. (1951). Скончыў Марскі корпус у Петраградзе (1917). Служыў на караблях Балт. флоту, камандаваў тральшчыкам, эсмінцам. З 1931 выкладаў у Ваенна-марской акадэміі (ВМА). У сав.-фінл. вайну 1939—40 нам. камандзіра і нач. штаба атрада асобага прызначэння Балт. флоту. З мая 1941 нач. кафедры ВМА. У час Петсама-Кіркенескай аперацыі 1944нач. паходнага штаба камандуючага Паўн. флотам. З 1954 у адстаўцы. Аўтар прац пераважна па тактыцы ВМФ, у т. л. падручнікаў для ваенна-марскіх навуч. устаноў.
Тв.:
Развитие тактики Военно-Морского Флота. Т. 1—4. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНІК,
інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.
Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДА́ЧА ДА́НЫХ,
перадача інфармацыі, прадстаўленай у выглядзе пэўнага кода. Тэрмін выкарыстоўваўся ў тэлеграфіі, пазней таксама для абазначэння працэсу абмену інфармацыяй паміж ЭВМ з дапамогай апаратуры. Асн. характарыстыкі сістэм П.д. — скорасць перадачы, імавернасць памылкі і інш.
У пашыраным сэнсе П.д., у т. л. тэлефанія, электронная пошта, відэаканферэнцсувязь, праграмы радыё- і тэлевізійнага вяшчання — перадача эл. сігналаў (пераважна лічбавых) сродкамі электрасувязі. Адрозніваюць лакальныя і глабальныя (напр., Інтэрнет) сеткі П.д., якія дазваляюць атрымліваць любы від паведамленняў. Глабальныя сеткі П.д. з’яўляюцца сеткамі агульнага карыстання і даюць абанентам максімум паслуг сувязі. П.д. ажыццяўляецца па лічбавых каналах правадной і бесправадной (напр., радыёканалах) сувязі; пры П.д. па аналагавых каналах дадаткова выкарыстоўваюцца спец. прылады — мадэмы.