комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.
На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл.Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл.гар. зямель і складаюць каля 40 тыс.га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр.бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Да арт.Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВА́НА (La Habana),
горад, сталіца Кубы. Размешчана на ПнЗ вострава на беразе Мексіканскага заліва. Адм. ц. правінцыі Гавана. Мае статус самаст. правінцыі — Горад Гавана (Ciudad de la Gabana). 2176 тыс.ж. (1993). Буйны трансп. вузел. Гал. порт Кубы (больш як 3/5 імпарту і каля ¼ экспарту краіны), рыбалоўны порт. Міжнар. аэрапорт Хасэ Марці. Гал.эканам. (каля 1/2 усёй прамысл. прадукцыі краіны), навук. і культ.цэнтр. Металургічны камбінат, нафтаперапр.з-д, прадпрыемствы маш.-буд., суднарамонтнай, цэм., хім., фармацэўтычнай, тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, мэблевай, шкларобнай, папяровай, харч. (перапрацоўка мяса, малака, мукамольная), тытунёвай, піваварнай, спіртагарэлачнай прам-сці.
Засн.ісп. заваёўнікам Д.Веласкесам каля 1515 на паўд. беразе в-ва Куба, у 1519 перанесена на паўн.-зах. бераг. У 16—17 ст. неаднойчы спустошана англ., франц. і галандскімі піратамі. З канца 16 ст.адм. ц. Кубы. У 1762—63 акупіравана Англіяй, да 1898 належала Іспаніі, у ісп.-амер. вайну 1898 акупіравана ЗША (да 1902). З 1902 сталіца Рэспублікі Куба. У 1959 пасля перамогі рэвалюцыі ў Гаване створаны нац.-рэв. ўрад Кубы.
Старая Гавана захавала маляўнічае аблічча калан. перыяду: крэпасці Эль Мора (1589—1630), Сан-Карлас дэ ла Каванья, Сан-Сальвадор дэ ла Пунта, Ла Рэаль Фуэрса, Пласа дэ Армас з муніцыпалітэтам і Домам пошты, Кафедральны сабор (усе 18 ст.), шматлікія цэрквы і будынкі ў стылі барока. У 19 ст. ўзніклі раёны багатых асабнякоў, у 20 ст. — арыстакратычныя раёны Мар’янао і Мірамар. Сяродарх. помнікаў: Нац. капітолій (1925—29, арх. Р.Атэра), Мін-ваўнутр. спраў (1951—54, арх. А.Капабланка), Мед. цэнтр (1956—58, арх. А.Кінтана), гасцініцы «Гавана Лібрэ» і «Гавана Рыўера» (1958—59). Пасля рэвалюцыі 1959 пабудаваны Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтваў, Нац. цэнтр навуковых даследаванняў і інш.Сярод манументаў — помнікі Х.Марці (1943), Э.Хемінгуэю (1962) і інш. Старая Гавана ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Ун-т (з 1728). АН (з 1962). Б-кі (буйнейшая Нац. імя Хасэ Марці). Музеі, у т. л.Нац. музей (еўрап. і кубінскае мастацтва), Антрапал. музей Л.Мантане (культура народаў Амерыкі, Азіі, Афрыкі), Музей Рэвалюцыі, Дом-музей Э.Хемінгуэя і інш. Тэатры.
Літ.:
Филиповская Н.М. Гавана. Л., 1980.
Да арт.Гавана. Кафедральны сабор. 1748—77.Гавана. Капітолій (цяпер Акадэмія народнай гаспадаркі).Гавана. Помнік Антоніо Масео. 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ЕЗУІ́ЦКАЯ АКАДЭ́МІЯ Існавала ў 1812—20. Засн. 10.6.1812 у Полацку на базе Полацкага езуіцкага калегіума. У сувязі з вайной 1812 заняткі пачаліся 8.1.1813. Акадэміі былі дадзены правы ун-та. Выпускнікі атрымлівалі чын 14-га класа і маглі паступаць на дзярж. службу. Мела права надаваць вучоныя ступені магістраў вольных навук і філасофіі, д-роў тэалогіі, цывільнага і кананічнага права. Падпарадкоўвалася Мін-ву асветы (навуч. працэс), па інш. пытаннях — генералу ордэна езуітаў Т.Бжазоўскаму. На чале стаялі рэктар і 4 дарадцы, ф-тамі кіравалі дэканы. Рэктарамі былі: А.Люстыг (з 1812), А.Ляндэс (з 1814), Р.Бжазоўскі (з 1817). Мела 3 ф-ты: тэалагічны, філал. і вольных навук, або філасофскі. Выкладаліся: лац., грэч., рус., франц., ням., італьян., польск., сірыйская, стараж.-яўр. мовы і л-ра на гэтых мовах, логіка, метафізіка, этыка, паліт. эканомія, геаметрыя, фізіка, хімія, матэматыка, астраномія, архітэктура, батаніка, заалогія і інш. Навучанне вялося па падручніках еўрап. ун-таў і ўласных, якія выдаваліся ў Полацкай друкарні. Колькасць студэнтаў дасягала 700 чал.Сярод выкладчыкаў былі вучоныя з Італіі, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Польшчы, а таксама ўраджэнцы Беларусі, у іх ліку праф. В.Бучынскі, І.Цытовіч, П.Гаўрыловіч, І.Залескі і інш. Акадэмія мела: 2 б-кі — адна з кнігамі на польскай мове, 2-я (больш за 40 тыс. тамоў) на рус. і інш. мовах; хім., фіз., заал., мінералагічны і натуральнай гісторыі кабінеты; карцінную галерэю і інш. Выдавала літ.навук. час. «Miesięcznik Połocki» («Полацкі месячнік»), Нягледзячы на шырокую вучэбную праграму, акадэмія не поўнасцю адпавядала тагачаснаму навук. ўзроўню з-за моцнага клерыкальнага ўплыву. Вучоныя Віленскага універсітэта крытыкавалі яе як «гняздо абскурантызму». Сярод выпускнікоў акадэміі Я.Баршчэўскі, В.Ваньковіч і інш. выдатныя дзеячы навукі і культуры. Закрыта 13.3.1820 у сувязі са скасаваннем ордэна езуітаў у Рас. імперыі. Частка студэнтаў пераведзена ў Пецярбургскі ун-т. Б-ка, друкарня і інш. маёмасць перададзены навуч. установам Полацка, Віцебска, Пецярбурга. У будынках акадэміі размясцілася Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
Літ.:
Шалькевіч В.Ф. З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі ў першай трэці XIX ст. // Весн. БДУ. Сер. 3. 1992. № 2;
Giżycki J. Notatka o Akademii i szkołach jezuitów w Polocku. Poznań, 1899.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРЛ́АЦІ (Scarlatti),
сям’я італьян. кампазітараў; бацька і сын.
Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.Спартоніо, А.В.Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян.муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.Гелініяні, Ф.Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.Гаспарыні і Б.Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст.Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.
Літ.:
Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;
Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;
Луцкер П В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСІ́ТНАЕ МАСТА́ЦТВА, інсіта,
наіўнае мастацтва, галіна выяўл. мастацтва; творчасць мастакоў, што не маюць прафес.маст. падрыхтоўкі. Тэрмін «І.м.» ўведзены ў 1966 славацкім мастацтвазнаўцам Ш.Ткачом. Творчасць мастакоў-інсітнікаў (інш. назвы — «сучасныя прымітывы», «мастакі нядзелі», «мастакі святога сэрца») мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна самабытна, чым адрозніваецца ад самадзейнага мастацтва мастакоў-аматараў, арыентаваных на спасціжэнне прафес. мовы выяўл. мастацтва. Стылістыка І.м. зыходзіць з імкнення да адлюстравання рэчаіснасці паводле свайго суб’ектыўнага ўяўлення пра яе, з міфалагізму светапогляду, імкнення да апавядальнасці і архітыповасці маст. вобразаў, вылучаецца метафарычнасцю маст. мовы, дэталізацыяй, імкненнем да абагульненасці тыпажу, пейзажных і побытавых элементаў, ненаўмысным парушэннем прапорцый у выявах у адпаведнасці з іх значнасцю, статычнасцю, парадкавай пабудовай кампазіцыі, умоўнасцю перспектывы, наяўнасцю некалькіх пунктаў агляду, лакальным колерам, перавагай размалёўкі над жывапіснасцю.
Асэнсаванне І.м. пачалося ў 1880-я г. У еўрап. культуру ўвайшло творамі франц. мастака-самавука А.Русо, якія ўпершыню экспанаваліся ў парыжскім Салоне незалежных (1885). Сяродфранц. інсітнікаў Л.Віўен, К.Бамбуа, Д.П.Пейранэ, С.Луі (Серафін э Сансаліса). У краінах Усх. Еўропы разглядаецца як эвалюцыйны этап традыц.нар. мастацтва, якое трансфармуецца ў індывід. творчасць асобных мастакоў-самавукаў: Нікіфар, Т.Ачэпка, Ю.Собат (Польшча), О.Біхалі-Мерын (Венгрыя), З.Губачак, І.Прохаска (Чэхія), І.Рабузін, І.Генераліч, С.Вечэнай і мастакоў Глебенскай школы (б. Югаславія). У розны час вывучэннем і папулярызацыяй І.м. займаліся Г.Апалінэр, А.Валар, П.Гіём, Р.Дэланэ, П.Пікасо, В.Удэ (Францыя), К.Півоцкі, А.Яцкоўскі (Польшча), Ш.Ткач (Славакія), Біхалі-Мерын (Венгрыя, аўтар «Энцыклапедыі наіўнага мастацтва», 1986), В.Кандзінскі, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, Д.Бурлюк (Расія). Цікавасць да І.м. ў краінах б.СССР узнікла ў пач. 20 ст.Сяроднайб. вядомых мастакоў Н.Пірасманашвілі (Н.Пірасмані, (Грузія), К.Білакур, М.Прымачэнка (Украіна), М.Бічэнене (Літва), Г.Дзікарская, Т.Елянок, І.Селіванаў, Я.Часнякоў (Расія). У 1970—90-я г. склалася рас. мастацтвазнаўчая школа па вывучэнні І.м. (Г.Астроўскі, К.Багемская, В.Балдзіна, Г.Паспелаў, Л.Тананаева і інш.), дзе яно разглядаецца як тыпалагічная разнавіднасць прымітыўнага мастацтва. Праводзяцца міжнар. трыенале І.м. ў Славацкай нац. галерэі ў Браціславе (1966, 1969, 1972, 1994, 1997), навук. сімпозіумы Міжнар. кабінета І.м., выстаўкі [Парыж (1-я 1937), Бадэн-Бадэн, Цюрых, Ротэрдам], дзе на некаторых з іх побач з інсітнымі творамі экспанавалася выяўл. мастацтва абарыгенаў Амерыкі, Афрыкі, Аўстраліі, дзяцей і псіхічна хворых, якое мае стылістычнае падабенства з І.м.
На Беларусі вывучэнне І.м. пачалося ў 1990-я г. Пэўнымі рысамі І.м. вылучаюцца творы Я.Драздовіча, М.Засінца, І.Супрунчыка, Л.Трахалёвай і інш.Сярод мастакоў-інсітнікаў В.Альшэўскі, П.Баранаў, А.Быстрыцкі, М.Валуевіч, В.Жарнасек, П.Зяляўскі, В.Кавалеўскі, А.Кіш, Б.Лабкоўскі, В.Пляшкоў, Г.Рабіза, М.Рышкевіч, М.Сайфугаліева, М.Тарасюк, В.Цяцёркін, М.Юхно. Створаны музеі твораў Засінца (в.Мядзведнае, Ельскі р-н Гомельскай вобл.) і Тарасюка (в.Стойлы, Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 1994 у Нац.маст. музеі адбылася першая нац. выстаўка І.м.
Літ.:
Примитив и его место в художественной культуре нового и новейшего времени. М., 1983;
Примитив в искусстве: Грани проблемы. М., 1992;
Примитив в изобразительном искусстве: Материалы Всерос. науч.практ. конф. М., 1994;
Мастацтва — Insitus: Першая нац. выстаўка інсітнага мастацтва ў Нац.маст. музеі Рэспублікі Беларусь. Мн., 1994;
Язэп Драздовіч — асоба, творчасць. Мастацтва-інсітус: Матэрыялы навук.-практ. канф.Мн., 1997;
Jackowski A. Sztuka zwana naiwna: Zarys encyklopedyczny twórczości w Polsce. Warszawa, 1995.
В.А.Лабачэўская.
Да арт.Інсітнае мастацтва. М.Засінец. Унук. 1971.Да арт.Інсітнае мастацтва. С.Вечэнай. Адам і Ева. 1967.Да арт.Інсітнае мастацтва. Н.Пірасманашвілі. Кампанія Бего. 1907.Да арт.Інсітнае мастацтва. І.Генераліч. Алень у пушчы. 1956.Да арт.Інсітнае мастацтва. А.Русо. Нападзенне ягуара на каня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУ́ЦКІ (Вацлаў Антонавіч) (парт.псеўд.Шпак, Аляксандр; 1884, мяст. Буракаў каля Варшавы — 19.12.1937),
рэвалюцыянер, парт. і дзярж. дзеяч. Дэлегат V з’езда (1906) СДКПіЛ ад арг-цый Беласточчыны. За рэв. дзейнасць 9 разоў арыштаваны, 4 гады правёў у турмах. У 1910—12 у эміграцыі ў ЗША. У 1-ю сусв. вайну вёў рэв. агітацыю сярод салдатаў. У 1917 адзін з кіраўнікоў Тыфліскай арг-цыі бальшавікоў. У 1918 кіраўнік к-та СДКПіЛ, удзельнік стварэння арг-цый Кампартыі Польшчы ў Беластоку і Гродне, старшыня Гродзенскіх падп.к-та РКП(б) і Савета рабочых дэпутатаў. У 1919—20 старшыня Надзвычайнай камісіі ў Мінску, чл.ЦК і Бюро па нелегальнай рабоце пры ЦК КП(б)ЛіБ. У 1921 аднаўляў падп.камуніст. арг-цыі ў Зах. Беларусі. У 1922—24 сакратар Цэнтр. Бюро КП(б)Б і нам. старшыні СНКБССР. У 1924—25 прадстаўнік ЦК Кампартыі Польшчы ў Выканкоме Камінтэрна. З 1929 працаваў у ВЦСПС, Прафінтэрне. Чл.ЦВКБССР (1921—24) і СССР (1922—24). У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1936.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за 36 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял.Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).
С.А.Шчарбакоў.
У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМНЫ ЛЕДАКО́Л,
судна з ядзернай энергетычнай устаноўкай, прызначанае для плавання сярод ільдоў і падтрымкі навігацыі ў замярзальных басейнах.
Першы атамны ледакол «Ленін» пабудаваны ў СССР (1959), водазмяшчэнне 16 тыс.т, магутнасць 32,4 МВт, скорасць ходу па чыстай вадзе 33 км/гадз, у лёдзе таўшчынёй 2,5 м — 3,7 км/гадз. Ядзерная энергет. ўстаноўка з 3 вода-вадзянымі рэактарамі на уране. Водажалезная біял. ахова засцерагае ад радыеактыўнага выпрамянення. Кіраванне дыстанцыйнае. Атамны ледакол «Арктыка» (водазмяшчэнне 23 тыс.т, магутнасць 55 МВт) у 1977 дасягнуў Паўн. полюса. Аднатыпныя Атамныя ледаколы «Сібір» (1978) і «Расія» (1985).
Атамны ледакол «Арктыка»: асноўныя пазіцыі пры наступленні ледакола на льды (схемы): 1 — напаўзанне на льдзіну; 2 — працісканне; 3 — наступнае напаўзанне.Да арт.Атамны ледакол. Схема энергетычнай устаноўкі і размяшчэння яе асноўных агрэгатаў на ледаколе «Арктыка»: 1 — дыферэнтная цыстэрна; 2 — аддзяленне грабных электрарухавікоў; 3 — кармавая электрастанцыя; 4 — памяшканне атамнай параўтваральнай устаноўкі; 5 — аддзяленне галоўных турбагенератараў; 6 — аддзяленне дапаможных механізмаў; 7 — грабныя вінты; 8 — сярэдні электрарухавік; 9 — бартавыя электрарухавікі; 10 — электрашчыт; 11 — электрагенератары; 12 — турбіна; 13 — помпы; 14 — парагенератар; 15 — стабілізатар ціску; 16 — атамны рэактар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАБІЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + біяграфія),
1) афіцыйны дакумент з кароткімі звесткамі пра падзеі свайго жыцця.
2) Апісанне аўтарам уласнага жыцця; літаратурны жанр. Ад інш.літ. жанраў адрозніваецца большай прывязанасцю адлюстраваных падзей да рэальных фактаў асабістага жыцця. Сярод вядомых твораў сусв. л-ры «Споведзь» Ж.Ж.Русо, «Былое і думы» А.Герцэна, «Споведзь сына стагоддзя» А.Мюсэ і інш. У бел. л-ры пашыраны аўтабіягр. аповесць, раман, паэма, хроніка. Узоры аўтабіягр. твораў — аповесці «У дрымучых лясах» З.Бядулі, «Шлях з цемры» Я.Маўра, «Свая аповесць» Я.Скрыгана, «Сцежкі» А.Пальчэўскага, «Споведзь» Л.Геніюш і інш. Многія творы бел. л-ры грунтуюцца на адборы і тыпізацыі аўтабіягр. матэрыялу ў спалучэнні з маст. вымыслам. Аўтабіягр. аснову мае паэма Я.Коласа «Новая зямля», у якой аўтар, апіраючыся на жыццёвыя рэаліі сваёй сям’і, стварыў яркую энцыклапедыю бел. жыцця канца 19 — пач. 20 ст. «Чыстыя» аўтабіяграфіі бел. пісьменнікаў сабраны ў кнігах «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963), «Пра час і пра сябе» (1966), «Вытокі песні» (1973). Да аўтабіягр. жанру адносяць таксама мемуары, дзённік, споведзь, успаміны, падарожныя нататкі; у стараж.бел. л-ры — дыярыуш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯВА́Я МАШЫ́НА РЭАКТЫ́ЎНАЙ АРТЫЛЕ́РЫІ,
самаходная шматзарадная пускавая ўстаноўка, звычайна залпавага агню. Складаецца з артыл. часткі (пакет накіравальных — рэек ці танкасценных трубаў, паваротная рама, механізмы наводкі і ўраўнаважвання, прыцэльныя прыстасаванні, пускавое абсталяванне) і самаходнага шасі высокай праходнасці.
Упершыню сав.эксперым. ўстаноўка БМ-13 (нар. назва «кацюша») выкарыстана ў Вял.Айч. вайну ў 1941 пад Оршай. Мела 16 накіравальных, калібр рэактыўных снарадаў 132 мм, маса 42,5 кг, далёкасць стральбы да 8,5 км. У час вайны выкарыстоўваліся таксама БМ-8, БМ-31. Пасля вайны распрацаваны БМ-14, БМ-24, БМД-20, БМ-21 і інш. Напрыклад, БМ-24 на шасі ЗІЛ-151 мае 12 накіравальных, турбарэактыўныя снарады калібру 240 мм, масай 110 кг, далёкасць стральбы да 11 км. У арміях замежных краін баявыя машыны рэактыўнай артылерыі на гусенічным ці аўтамаб. хаду, колькасць накіравальных ад 12 да 48, калібр снарадаў ад 110 да 240 мм, маса ад 36 да 310 кг, далёкасць стральбы да 30 км і болей. Сярод іх 110-мм 36-ствольная «Ларс» (ФРГ), 240-мм 12-ствольная MLRS (ЗША). Гл. таксама Артылерыя.