газета. Выдавалася ў ліст.—снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АН у Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).
Лорд Бікансфілд (з 1876). Сын пісьменніка І.Дызраэлі. У 1837—76 дэп. палаты абшчын ад партыі торы (з 1846 кіраўнік фракцыі). Міністр фінансаў у 1852, 1858—59, 1866—68; распрацаваў і ажыццявіў праект выбарчай рэформы (1867). Значная яго роля ў пераўтварэнні партыі торы ў Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі (з 1868 яе лідэр). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1868 і 1874—80. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, накіраваную на пашырэнне тэр. і ўплыву Брыт. імперыі, у т. л. ў зоне Суэцкага канала (1875). Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. Аўтар раманаў і навел прабрыт. грамадства: «Вівіян Грэй» (1826—27), «Кантарыні Флемінг» (1832), «Сібіла, або Дзве нацыі» (1845), «Эндыміён» (1880) і інш.
Літ.:
Трухановский В.Г. Бенджамин Дизраели // Вопр. истории. 1990. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ГНАЗ (ад дыя... + грэч. gnōsis распазнаванне),
медыцынскае заключэнне пра стан арганізма хворага, захворванне (траўму) ці прычыну смерці, выражанае ў тэрмінах, прынятых класіфікацыямі і пералікам хвароб. Д. — заключны эта дыягностыкі. Ён дапамагае выбраць аптымальныя метады лячэння і прафілактыкі. Адрозніваюць 4 віды Д. Клінічны Д. адлюстроўвае асаблівасці захворвання канкрэтнага хворага і назву пэўнай хваробы. Для яго ўстанаўлення вызначаюць прыроду і механізм развіцця хваробы, ускладненні і хваробы, якія развіваюцца адначасова, характар і ступень парушэння функцый сістэм. Бывае папярэдні і заключны. Патолагаанатамічны Д. устанаўлівае ўрач-патолагаанатам пасля смерці хворага на аснове марфал. змен. Эпідэміялагічны Д. — заключэнне аб прычынах і асаблівасцях узнікнення, развіцці, цячэнні і знікненні эпідэміял. ачага. На яго аснове складаецца план супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Судова-медыцынскі Д. — спец. заключэнне аб сутнасці пашкоджання (хваробы), стане хворага ці прычыне смерці, складзенае на аснове суд.-мед. экспертызы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУ́ША (Сямён Іванавіч) (каля 1739, в. Беразань, Гомельская вобл. — ?),
кіраўнік паўстанцкіх атрадаў на Украіне і Беларусі ў 1770—80-я г. З прыгонных сялян Мазырскага пав. З 9 гадоў жыў у Запарожскай Сечы. У складзе запарожскага войска ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1768—74. У пач. 1770-х г. арганізаваў паўстанцкі атрад, на чале якога нападаў на панскія маёнткі на Украіне. У 1773 сасланы на катаргу, уцёк адтуль у 1776 і сабраў з запарожскай беднаты новы атрад. У 1778 пасаджаны ў турму, праз год уцёк, на чале атрада нападаў на панскія маёнткі на Украіне і Беларусі. У 1783 арыштаваны на Беларусі, але зноў уцёк і ўзначаліў атрад паўстанцаў. У лют. 1784 арыштаваны ў Ромнах і сасланы на вечную катаргу ў Херсон. Пра Гаркушу як абаронцу прыгнечаных складзена шмат нар. песень і апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РШЫН (Усевалад Міхайлавіч) (14.2.1855, маёнтак Прыятная Даліна, цяпер Данецкая вобл., Украіна — 5.4.1888),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Горным ін-це ў Пецярбургу. У 1877—78 добраахвотнікам удзельнічаў у рус.-турэцкай вайне. Друкавацца пачаў у 1876. Апавяданні «Чатыры дні», «Баязлівец», «З успамінаў радавога Іванова» перадаюць псіхал. стан чалавека, які спрабуе асэнсаваць вайну. У апавяданнях «Мастакі», «Attalea princes», «Чырвоная кветка» паказаў трагедыю асобы ў тагачасным грамадстве. Завастрэнне трагізму жыццёвых сітуацый спрыяла таму, што многія вобразы яго твораў набылі характар алегорый і вобразаў-сімвалаў. Пісаў таксама вершы, казкі, фантаст. навелы, нарысы, артыкулы пра жывапіс. Цяжкая нерв. хвароба прывяла Гаршына да самагубства. Яго творы на бел. мову перакладалі Ядвігін Ш., М.Лупсякоў, М.Клімковіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎФ ((Hauff) Вільгельм) (29.11.1802, г. Штутгарт, Германія — 18.11.1827),
нямецкі пісьменнік-рамантык. Атрымаў багаслоўскую адукацыю ў Цюбінгенскім ун-це. Зб.сатыр. нарысаў «Мемуары Сатаны» (1826—27) напісаны ў традыцыях «Фауста» І.В.Гётэ і прысвечаны крытыцы філісцёрства, адначасова гэта пародыя на стыль ням. рамантыкаў. Парадыйнасцю пазначаны і раман «Чалавек з Месяца» (1825). У рамане «Ліхтэнштэйн» (1826) адлюстраваў гіст. працэс у яго руху і супярэчнасцях. Выдаў «Казкі для сыноў і дачок адукаваных саслоўяў» (т. 1—3, 1826—28). Звяртаючыся да ням., зах.-еўрап. і ўсх.фалькл. архетыпаў, Гаўф у літ. казцы імкнуўся раскрыць нар. мудрасць і знайсці адказ на хвалюючыя праблемы сучаснасці («Гісторыя пра маленькага Мука», «Халоднае сэрца» і інш.). Яго навелам уласцівы рысы рэалізму («Атэла», «Жабрачка з Pont des Arts», «Яўрэй Зюс» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГУ́ТАРКА Ў КАРЧМЕ́, СПІ́САНАЯ КАНДРА́СЕМ З-ПАД ДО́КШЫЦ»,
вершаваны твор бел. л-ры канца 19 ст. Адзіны вядомы рукапісны спіс з в. Людвінаў (цяпер Вілейскі р-н) датуецца 20.7.1891. Звесткі пра Кандрася з-пад Докшыц (гэта аўтар «Гутаркі...» ці толькі перапісчык) адсутнічаюць. Упершыню поўнасцю апубл. Л.Бэндэ ў час. «Полымя» (1956. № 2). Сяляне ў карчме абмяркоўваюць праблему «зямлі скупа і пашы мала». Яны спадзяюцца на новы перадзел зямлі. Бядняк Аляксей смела абгрунтоўвае сваё права на зямлю, Пётр верыць у добрага цара і яшчэ чакае ад яго літасці, а кулак Ігнат выражае афіц. погляд і лічыць, што шчасце селяніна ў яго ўласных руках, трэба толькі адцурацца гарэлкі і добра працаваць. У «Гутарцы...» ёсць яркія быт. дэталі і трапныя этнагр. замалёўкі.
Публ.:
Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЯРО́ЎСКІ (Уладзімір Аляксеевіч) (8.12.1853, маёнтак у Валагодскай губ., Расія — 1.10.1935),
рускі пісьменнік. Каля 10 гадоў вандраваў па Расіі, працаваў бурлаком, кручнікам, пажарным, табуншчыкам, цыркачом, правінцыяльным акцёрам; добраахвотна ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Як журналіст выступаў у друку з 1873. Супрацоўнічаў у многіх газетах; Гіляроўскага называлі «каралём рэпарцёраў» («Катастрофа на Хадынскім полі», 1896). Першая кніга нарысаў і апавяданняў «Трушчобныя людзі» (1887) спалена па загаду цэнзуры яшчэ да выхаду ў свет. Аўтар кніг вершаў «1914 год. Казакі» (1914), «Год вайны. Думы і песні» (1915), «Грозны год», кніг мемуараў прадарэв. Расію, норавы і звычаі старой Масквы «Масква і масквічы» (1926), «Мае вандраванні» (1928), «Людзі тэатра» (выд. 1941), «Масква газетная» (выд. 1960).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА ЧАЛАВЕ́КА,
раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне прагенет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш.Асн. метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл.Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).