СІГНАЛАГРА́МА,

любы носьбіт інфармацыі з сігналамі запісанай інфармацыі. У залежнасці ад характару запісанай інфармацыі і віду носьбіту С. мае назвы відэафанаграма, фанаграма і інш. Акрамя асн. інфармацыі можа мець службовыя сігналы.

Паводле спосабу і фармату запісу, канструкцыі прылад запісу-ўзнаўлення, канкрэтных носьбітаў запісу С. бывае мех., магн., аптычная і інш.; падоўжная, радковая, папярочна-радковая, нахілена-радковая, многаканальная і інш. Фармат С. вызначае яе памеры, а таксама памеры, размяшчэнне, прызначэнне і змест зон, дарожак, радкоў і слаёў запісу, фарматы кодаў і віды сігналаў. Напр., фармат DAT — лічбавая магн. фанаграма ў касеце, CD і DVD — адпаведна аптычная фанаграма і відэафанаграма на дыску.

А.​П.​Ткачэнка.

т. 14, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРАЗНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, якая праходзіць праз увесь вершаваны твор Побач з радкамі са С.р. могуць быць радкі без яе ці спалучаныя інш. рыфмоўкай. Для С.р. характэрна сіметрычнасць размяшчэння спалучаных ёю вершаваных радкоў. С.р. выдзяляе найб. значныя ў маст. адносінах словы:

Як на свет радзіўся Янка,
Як заплакаў многа-мала, —
Пела маці над калыскай,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Спі, саколік! Ку-ку, ку-ку!
Як падрос, падняўся Янка,
Як ганяць стаў ў поле стала, —
На жалейцы граў дзень цэлы,
А зязюлька кукавала:
Ку-ку, ку-ку, кінь дакуку!
Пасі статак! Ку-ку, ку-ку!
(Я.​Купала. «А зязюлька кукавала...»)

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЮДЭРЫ́ (Scudéry, Scudéri) Мадлен дэ (15.10.1607, г. Гаўр, Францыя — 2.6.1701), французская пісьменніца; прадстаўніца прэцыёзнай літаратуры. З 1630 у Парыжы, дзе заснавала арыстакратычны літ. салон, які стаў цэнтрам прэцыёзнага руху. Аўтар галантна-гераічных раманаў «Ібрагім, або Вялікі паша» (1641), «Артамен, або Вялікі Кір» (т. 1—10, 1649—53), «Клелія, або Рымская гісторыя» (т. 1—10, 1654—61), баек, вершаў і інш., у цэнтры якіх кодэкс прэцыёзнай маралі, вытанчанага густу, галантных пачуццяў і паводзін. Яе творы адзначаны майстэрствам сюжэтапабудовы, маляўнічасцю стылю, рысамі псіхалагізму і дыдактызму.

Літ.:

Гончар М.О. Концепция романа у М. де Скюдери // XVII век в диалоге эпох и культур. СПб., 2000.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМА́ЛЬТА (ням. Smalte, Schmalte ад schmelzen плавіць),

каляровае шкло, якое выкарыстоўваецца для стварэння мазаікі. Бывае С. празрыстая (пры афарбоўцы шкла вогнетрывалымі фарбавальнікамі) і глухая (пры ўвядзенні ў шкляную масу двухвокісу волава, вокісу сурмы і інш. рэчываў, якія заглушаюць празрыстасць шкла). Існуюць жылістая і плямістая С., а таксама залатая і сярэбраная (дзеля гэтага паміж асн. і покрыўным слоем запрасоўваюць фольгу). Штампоўкай або расколваннем С. надаюць форму кубікаў або пласцін. Вядома з ант. часоў, яе шырока выкарыстоўвалі ў Візантыі, Італіі, Стараж. Русі. На Беларусі вытв-сць С. вядома з 11 ст. (Полацк). Шырока выкарыстоўваецца ў манументальным мастацтве, для аздаблення грамадскіх і культавых будынкаў.

т. 15, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАГНА́ЦЫЯ (франц. stagnation ад лац. stagno раблю нерухомым, спыняю),

дэпрэсія ў эканоміцы, застой у вытв-сці, гандлі і інш., якія папярэднічаюць спаду або суправаджаюць яго; перыяд нізкай актыўнасці на рынку каштоўных папер. Настае ва ўмовах, калі вытв-сць вычарпала ўнутр. рэзервы і рухаючыя сілы свайго развіцця. Асн. прыкметы С наяўнасць незагружаных вытв. магутнасцей на прадпрыемствах, затрымка інвестыцыйнага працэсу, нулявыя ці нязначныя (меншыя за 3%) тэмпы росту або адмоўная велічыня гэтага росту з улікам інфляцыі, нязменныя структуры эканомікі і яе неўспрыімлівасць да дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. С. была характэрна для эканомікі ЗША у 1930-я г. і для сав. эканомікі з сярэдзіны 1980-х г.

М.​В.​Радзіеўскі.

т. 15, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРАЧЭ́ХІ [Staroćeśi; афіц. назва — Чэшская нацыянальная партыя, Ćeská národní strana (staročeská)],

буржуазна-кансерватыўная партыя ў Чэхіі ў 1860—1918. Назву атрымала пасля вылучэння з яе складу ў 1874 младачэхаў. Ідэолагі і лідэры С. — Ф.​Палацкі, Ф.​Л.​Рыгер, К.​Матуш і інш. С. выступалі за захаванне Габсбургскай манархіі, за ажыццяўленне т.зв. чэш. дзярж. права (аўтаномія зямель чэш. кароны ў межах імперыі Габсбургаў), супраць бурж.-дэмакр. пераўтварэнняў. Да 1879 праводзілі палітыку пасіўнай абструкцыі аўстр. рэйхсрата, потым увайшлі ў яго склад, дзе займалі крайне правыя пазіцыі. Пасля паражэння на выбарах 1891 страцілі паліт. ўплыў. У 1918 увайшлі ў партыю Чэш. дзярж.-прававой дэмакратыі (у 1919—34 Нац.-дэмакр. партыя).

т. 15, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТО́НІМ (ад англ. state дзяржава),

назва дзяржавы або аўт.-тэр. ўтварэння, якая часцей за ўсё этымалагічна звязана з назвай народа, што яго насяляе, яго этноніма. Напр., Францыя — краіна французаў, Тува (Тыва) — аўтаномія для тувінцаў і да т.п. Часам назіраецца разыходжанне паміж С. і этнонімам. Напр., Бельгія, населеная фламандцамі і валонамі, назва ад кельцкага племя бельгаў; у С. «Гана» адноўлена назва сярэдневяковай афр. дзяржавы, хоць тэрытарыяльна яны не супадаюць. На розных мовах С. адной і той жа дзяржавы можа гучаць інакш, чым на роднай мове. Напр., Германію яе суседзі называюць Джэрмані (англ.), Алемань (франц.), Нямеччына (некаторыя славянскія краіны), Вацыя (прыбалт. народы), Тэдэска (італьянцы).

т. 15, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУПЯРЭ́ЧНАСЦЬ.

1) цэнтральная катэгорыя дыялектыкі, якая выяўляе ўнутраную крыніцу самаруху і развіцця аб’ектыўнага свету і пазнання (гл. Супярэчнасць дыялектычная).

2) Лагічная памылка, звязаная з парушэннем супярэчнасці закону, якая выяўляецца ў дапушчэнні ў розумазаключэнні 2 меркаванняў, што супярэчаць адно аднаму.

Адрозніваюць С. прамыя, калі прадмету прыпісваецца прыкмета, якая з’яўляецца прамым адмаўленнем інш. прыкметы гэтага прадмета (напр., «круглы стол прамавугольны»), і непрамыя, калі няяўную С. можна зрабіць яўнай шляхам лагічнага аналізу. Атрыманая ў выніку пэўнага меркавання ці доказу С. сведчыць пра памылковасць пасылак. Выяўленая ў пэўнай тэорыі С. абясцэньвае гэтую тэорыю і пакладзеныя ў яе аснову прынцыпы (аксіёмы, пастулаты), сведчыць пра іх непрымальнасць.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЭРЦАПАДО́БНІКІ (Cardiidae),

сямейства марскіх малюскаў надатр. сапр. пласціністашчэлепных (пласціністажабравых). Каля 30 родаў, больш за 250 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на мелкаводдзі, пераважна ў цёплых водах. Фільтратары. Найб. вядомыя прадстаўнікі сям.: серыпес грэнландскі (Serripes groenlandicus, самы вял. сярод С.), С. ядомы (Cerastoderma edule), С. Ламарка (C. lamarcki), С. рабрысты (Cardium costata).

Даўж. ракавіны да 10 см. Створкі моцна ўздутыя, маюць шырока расстаўленыя рабрынкі, часам узброеныя шыпамі і лускавінкамі. Нага моцная, вузкая, падоўжаная. З яе дапамогай С. перамяшчаюцца, закопваюцца ў грунт, робяць скачкі. Кормяцца пераважна планктонам. Буйныя віды ядомыя.

А.​М.​Петрыкаў.

Сэрцападобнікі: 1 — ціхаакіянскі; 2 — вялікі; 3 — жоўты; 4 — паўночны; 5 — серыпес грэнландскі; 6 — валасаты.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЁНАВА Марына Цімафееўна (н. 12.6.1908, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1975). Герой Сац. Працы (1988). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1925).

З 1925 у Ленінградскім т-ры оперы і балета, з 1930 у Вял. т-ры ў Маскве (з 1953 балетмайстар-рэпетытар), адначасова ў 1954—60 педагог Маскоўскага харэагр. вучылішча. Яе мастацтву ўласцівы віртуознасць, пластычная выразнасць поз; гарманічна спалучала героіка-трагедыйны і лірыка-камедыйны пачатак. Праславілася як выканаўца вядучых партый у балетах класічнага рэпертуару: Нікія («Баядэрка» Л.​Мінкуса), прынцэса Фларына («Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1941.

М.Сямёнава ў ролі Раймонды.

т. 15, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)