СУПЯРЭ́ЧНАСЦЬ.

1) цэнтральная катэгорыя дыялектыкі, якая выяўляе ўнутраную крыніцу самаруху і развіцця аб’ектыўнага свету і пазнання (гл. Супярэчнасць дыялектычная).

2) Лагічная памылка, звязаная з парушэннем супярэчнасці закону, якая выяўляецца ў дапушчэнні ў розумазаключэнні 2 меркаванняў, што супярэчаць адно аднаму.

Адрозніваюць С. прамыя, калі прадмету прыпісваецца прыкмета, якая з’яўляецца прамым адмаўленнем інш. прыкметы гэтага прадмета (напр., «круглы стол прамавугольны»), і непрамыя, калі няяўную С. можна зрабіць яўнай шляхам лагічнага аналізу. Атрыманая ў выніку пэўнага меркавання ці доказу С. сведчыць пра памылковасць пасылак. Выяўленая ў пэўнай тэорыі С. абясцэньвае гэтую тэорыю і пакладзеныя ў яе аснову прынцыпы (аксіёмы, пастулаты), сведчыць пра іх непрымальнасць.

т. 15, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)