Першыя на Беларусі даследаванні па неўралогіі праведзены М.Б.Кролем, які ў 1923 узначальваў кафедру нервовых хвароб пры мед. факультэце БДУ і створаны ў 1924 Бел.ін-т фізіятэрапіі (цяпер НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі). Вучні Кроля (І.А.Бейлін, Д.А.Маркаў, Г.С.Марголін, І.Л.Саснавік, М.А.Хазанаў) зрабілі значны ўклад у неўралагічную навуку. У 1930-я г. даследаваліся этыялогія і тапічная дыягностыка захворванняў нервовай сістэмы, лакалізацыя функцый у кары галаўнога мозга, нейрасіфіліс, эпідэмічны энцэфаліт. Маркаў прапанаваў праводзіць дыягностыку захворванняў нервовай сістэмы шляхам хронакасіметрыі і ўпершыню ў 1941 апісаў клешчавы энцэфаліт на Беларусі.
У пасляваенны час вывучаліся прычыны ўзнікнення, механізмы развіцця, дыягностыка, лячэнне і прафілактыка рассеянага склерозу і інш. дэміэлінізавальных захворванняў нервовай сістэмы (Х.Л.Бельман, Я.Я.Гардзееў, М.М.Корын, А.Л.Леановіч, Маркаў, Г.К.Недзьведзь, А.М.Філіповіч), нейраінфекцый і поліяміэліту (В.І.Вацякоў, І.І.Протас, Э.У.Фельдман, Хазанаў), клешчавога і герпетычнага энцэфалітаў (Вацякоў, Протас), сасудзістых захворванняў нервовай сістэмы (І.П.Антонаў, С.Дзм.Бяздуцік, Л.С.Гіткіна, В.У.Еўсцігнееў, А.М.Мацеша, У.І.Савіч, А.Я.Сямак, В.Б.Шалькевіч). Упершыню ў СССР былі прапанаваны новыя метады дыягностыкі і хірургічнага лячэння анеўрызм сасудаў галаўнога мозга (Ф.В.Аляшкевіч, Э.І.Злотнік, А.Ф.Смеяновіч). Распрацавана аўтаімунная канцэпцыя астэахандрозу пазваночніка і яго клінічных праяў (Антонаў, Б.У.Дрывоцінаў), прапанаваны новыя спосабы дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі вертэбрагенных і інш. захворванняў перыферычнай нервовай сістэмы (Антонаў, Дрывоцінаў, В.Я.Латышава, Я.А.Луп’ян, Недзьведзь, У.У.Панамароў, М.Ф.Філіповіч), цыстыцэркозу галаўнога мозга (Антонаў), эпілепсіі (Маркаў, Г.Г.Шанько), міястэніі (А.М.Панамарова). Апісана новая форма спадчыннай паталогіі, якая праяўляецца парушэннем росту валасоў і пазногцяў (С.В.Хадасоўская). Вывучаны характар вестыбулярных парушэнняў пры рознай неўралагічнай паталогіі (С.А.Ліхачоў, І.А.Склют), клінічныя праявы нейраартапедычных і нейраэндакрынных расстройстваў (Дрывоцінаў, М.З.Клябанаў, А.У.Руцкі, Шанько), распрацавана кібернетычная сістэма дыягностыкі і прагназіравання найб. пашыраных захворванняў нервовай сістэмы (Дрывоцінаў, М.С.Місюк, Сямак) і інш. Пад кіраўніцтвам Я.Ф.Лунца і Э.П.Цітаўца праведзена серыя эксперыментальных даследаванняў па вывучэнні патафізіялагічных і біяхімічных механізмаў гіпаксіі галаўнога мозга і інш. неўралагічных расстройстваў. Самастойнай галіной неўралогіі з’яўляецца дзіцячая неўралогія. Даследаванні па ёй праводзяцца з 1970. У 1980 заснавана кафедра дзіцячай неўралогіі пры Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (заг. Шанько). Станаўленню дзіцячай неўралогіі садзейнічалі М.А.Хазанаў і К.Г.Юрацкая. Даследуюцца асаблівасці клінікі, ранняй дыягностыкі і лячэння ў дзіцячым узросце эпілепсіі, гіперкінезаў, сасудзістых захворванняў мозга, хвароб перыферычнай нервовай сістэмы, паталогіі нервовай сістэмы ў нованароджаных. Праблемы неўралогіі разглядаюцца ў шэрагу манаграфій, навучальных і даведачных дапаможніках, у т. л. першых у СССР 3-томнай «Неўралогіі дзіцячага ўзросту» і «Энцыклапедыі дзіцячага неўролага» (пад рэдакцыяй Шанько). Асноўнымі навукова-практычнымі і навучальнымі ўстановамі па неўралогіі з’яўляюцца НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, кафедры неўралогіі ў Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, Бел., Віцебскім, Гродзенскім мед. ун-тах і Гомельскім мед. ін-це.
Літ.:
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Гиперкинезы у детей. Мн., 1975;
Марков Д.А., Леонович А.Л. Рассеянный склероз. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНКАЛОГІЯ І МЕДЫЦЫНСКАЯ РАДЫЯЛОГІЯ
Анкалогія і мед. радыялогія як навукова абгрунтаваная сістэма арганізацыі анкалагічнай дапамогі дзейнічае на Беларусі з сярэдзіны 20 ст. На базе Рэсп. анкалагічнага дыспансера (1934, Мінск) у 1960 створаны НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (заснавальнік і першы дырэктар М.М.Аляксандраў). З 1965 інстытут мае сваю базу ў пас. Лясны пад Мінскам. Дзейнасць інстытута і развіццё анкалагічнай службы рэспублікі звязана з імёнамі Г.Д.Голуб, З.М.Гутмана, І.Р.Жакава, Э.Л.Жаўрыда, В.А.Казліціна, С.Б.Каржа, З.В.Лапарэвіч, А.А.Машэўскага, Т.Ц.Паддубнай, Ц.А.Панцюшэнкі, У.С.Пячэнкі, Я.С.Скоблі, Л.С.Сукаватых, І.П.Сяржаніна, С.З.Фрадкіна, М.А.Цішчанкі, Б.Д.Шыцікава і інш. Яны стварылі навук. асновы арганізацыі проціракавай барацьбы, ранняга выяўлення раку, развіцця і ўкаранення метадаў камбінаванага і комплекснага лячэння злаякасных пухлін, радыеізатопнай дыягностыкі, прамянёвай і хіміятэрапіі.
Анкалагічную дапамогу аказваюць Мінскі гар. і абласныя анкалагічныя дыспансеры (Брэст, Віцебск, Гомель, Магілёў), анкалагічнае аддзяленне Гродзенскай абл. бальніцы, міжраённыя дыспансеры (Баранавічы, Бабруйск, Вілейка, Мазыр, Пінск, Полацк). Дыспансеры маюць паліклінікі і стацыянары, неабходную апаратуру і абсталяванне для дыягностыкі і лячэння анкалагічных хворых; праводзяць прафілактычныя агляды, рэгіструюць і аналізуюць захваральнасць і смяротнасць ад пухлін, кансультуюць урачоў агульнай лячэбнай сеткі па пытаннях дыягностыкі і лячэння пухлін.
Навукова-практычны цэнтр і база падрыхтоўкі спецыялістаў анкалагічнай службы Беларусі — НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1997 імя М.М.Аляксандрава) — узначальвае і каардынуе работу па анкалогіі ў краіне. З 2000 дырэктар інстытута І.В.Залуцкі.
Асн. кірункі навук. дзейнасці: арганізацыя проціракавай барацьбы, вывучэнне эпідэміялогіі і прафілактыкі раку; распрацоўка новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння злаякасных пухлін, стварэнне і правядзенне клінічных выпрабаванняў новых дыягнастычных і лекавых сродкаў; удасканаленне медыка-тэхнічнай базы анкалагічнай службы краіны. Вядомасць набылі распрацоўкі інстытута па стварэнні, апрабацыі і ўкараненні радыефармпрэпаратаў для дыягностыкі і лячэння злаякасных новаўтварэнняў (Шыцікаў); даследаванні па распрацоўцы і выкарыстанні метадаў кіруемай штучнай гіпертэрміі і гіперглікеміі ў многакампанентным лячэнні злаякасных новаўтварэнняў (Жаўрыд, Фрадкін); па ўнутрыполасцевай гаматэрапіі і новых спосабах камбінаванага, комплекснага і спалучанага лячэння раку органаў жаночай рэпрадуктыўнай сістэмы (К.Я.Вішнеўская); па прамянёвым лячэнні, метадах прафілактыкі і лячэння постпрамянёвых пашкоджанняў, прагназіраванні індывідуальнай радыеадчувальнасці злаякасных пухлін (Н.А.Арцёмава, Г.У.Мураўская); марфалагічных метадах дыягностыкі перадпухлінных хвароб і злаякасных пухлін (Л.Б.Клюкіна, Г.М.Мураўёў); камбінаваным лячэнні хворых на рак лёгкага, стрававода (У.В.Жаркоў). Распрацаваны таксама антыаксідантны комплекс і метады яго выкарыстання пры камбінаваным лячэнні хворых з пухлінамі страўніка і кішэчніка (У.М.Сукалінскі); дыягностыка і лячэнне онкауралагічных хворых (А.С.Маўрычаў, А.Р.Суконка); прафілактыка і ранняя дыягностыка раку малочнай залозы, варыянты яго хіміятэрапеўтычнага і гарманальнага лячэння (Л.А.Путырскі); тэхнічнае і фізіка-дазіметрычнае забеспячэнне прамянёвай тэрапіі, спосабы радыяцыйнай аховы ад мед. апрамянення (І.Г.Таруцін), лячэнне пухлін скуры, мяккіх тканак і апорна-рухальнага апарату, метадаў рэабілітацыі анкалагічных хворых, у т. л. рэканструктыўна-аднаўленчыя і пластычныя аперацыі (Залуцкі); біяхімічныя і біяфізічныя метады дыягностыкі і маніторынгу злаякасных пухлін (А.А.Машэўскі, В.І.Прохарава). Першасную падрыхтоўку па анкалогіі атрымліваюць у Бел. (Мінск), Гомельскім, Гродзенскім, Віцебскім мед. універсітэтах, спецыялізацыю і ўдасканаленне ў галіне анкалогіі і мед. радыялогіі — у Бел.мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (яе кафедра анкалогіі працуе на базе НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі імя Аляксандрава). На кафедры анкалогіі Бел.мед. універсітэта пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС створана Рэсп. праграма «Праблемы анкалагічнага захворвання шчытападобнай залозы» (Я.П.Дзямідчык), у межах якой распрацаваны метады ранняй дыягностыкі, хірургічнага і комплекснага лячэння раку шчытападобнай залозы ў дзяцей. Роля анкалогіі пастаянна расце (пухліны займаюць 2-е месца сярод прычын смяротнасці насельніцтва); штогод адбываецца больш за 80 тыс. шпіталізацый. У 2003 у анкалагічных установах Беларусі працавала 345 урачоў-анколагаў і 152 урачы-радыёлагі. Вынікі навук. даследаванняў бел. анколагаў публікуюцца ў альманаху «Актуальныя праблемы анкалогіі і медыцынскай радыялогіі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭНДАКРЫНАЛОГІЯ
Найбольш раннія звесткі ў гэтай галіне медыцыны вядомы з рукапісных «Медыцынскіх навін» 1600 з Нясвіжскай бібліятэкі, дзе змешчаны рэцэпт «парашку ад дыябету». Першае паведамленне аб хірургічным лячэнні валляка (Л.К.Навумовіч, г. Магілёў) датавана 1812. Аперацыі на наднырачніках упершыню на Беларусі праводзіліся ў 1920-я г. (Орша, Гомель). Вядомыя рас. эндакрынолагі 1-й пал. 20 ст. С.М.Лейцес, І.Б.Хавін, М.А.Шарашэўскі, С.М.Эскін родам з Беларусі.
Развіццё эндакрыналогіі як навукі на Беларусі пачалося ў 1920-я г. з вывучэння эпідэміялогіі эндэмічнага валляка ў асобных рэгіёнах пад кіраўніцтвам Я.В.Корыца, С.М.Рубашова. Сістэматызавана яна развівалася пасля стварэння ў 1934 Рэсп. процівалляковай станцыі. Вывучэнне пашыранасці эндэмічнага валляка дазволіла вылучыць рэгіёны з рознай ступенню ёднай недастатковасці і распрацаваць метады процівалляковай прафілактыкі (А.А.Грэйман). Гэты кірунак эндакрыналогіі больш актыўна развіваўся ў пасляваенны перыяд (Л.В.Лапцёнак, Л.П.Фёдарава). Вялося хірургічнае лячэнне валляка з выкарыстаннем арыгінальных методык, прапанаваных В.Р.Астапенкам, М.С.Гапановічам, І.М.Грышыным, Я.П.Дзямідчыкам. З 1958 спецыялістаў па эндакрыналогіі рыхтавалі пры ін-це ўдасканалення ўрачоў (зараз Бел.мед. акадэмія паслядыпломнай адукацыі), дзе ў 1960 створана кафедра эндакрыналогіі (першы загадчык Н.М.Дразнін, у 1973—85 — М.С.Гапановіч, у 1985—98 — А.А.Холадава, з 1998 — Л.І.Данілава). Кафедра з’яўляецца рэсп. навукова-метадычным цэнтрам не толькі для эндакрынолагаў, а і тэрапеўтаў, педыятраў, рэаніматолагаў, урачоў хуткай і неадкладнай дапамогі (вядучыя спецыялісты Данілава, В.М.Дрозд, Г.В.Казюк, Холадава, В.І.Шутава і інш.). З пачатку 1980-х г. падрыхтоўку эндакрынолагаў вядуць у Бел.мед. ун-це (З.В.Забароўская), у Віцебскім (А.М.Окаракаў, У.Р.Цішкоўскі) і Гомельскім (М.П.Капліева) мед. ун-тах. Асноўны навукова-практычны кірунак эндакрыналогіі — праблема цукровага дыябету. Дасягнуты поспехі ў гэтай праблеме ў ранняй дыягностыцы, скрынінгу сасудзістых ускладненняў, распрацоўцы асноў прафілактыкі, мед. і працоўнай рэабілітацыі. У выніку ўкаранення дзярж. праграмы «Цукровы дыябет» на 1/3 зменшылася колькасць выпадкаў каматозных станаў, слепаты і ампутацый ног, абумоўленых ускладненнямі цукровага дыябету, палепшыліся зыходы цяжарнасці ў жанчын, хворых на цукровы дыябет. Дзярж. праграма «Цукровы дыябет» прызнана Еўрапейскім бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ў якасці мадэлі для краін Усх. Еўропы (за стварэнне навукова-практычнай школы эндакрынолагаў Беларусі ў 1999 Холадавай прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі). Уклад у развіццё эндакрыналогіі дзіцячага ўзросту зрабілі С.М.Астапенка, Л.М.Астахава, К.А.Радзюк. Структура эндакрыналагічнай дапамогі насельніцтву ўключае кабінеты і спецыялізаваныя ложкі ў раённых і гар.мед. установах, дыспансеры і спецыялізаваныя аддзяленні ў абласных цэнтрах, Рэсп. кансультацыйны эндакрыналагічны цэнтр (гал. ўрач Т.В.Мохарт) і гал. ўпраўленне лячэбна-прафілактычнай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (А.К.Цыбін). Вывучэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і рэабілітацыю насельніцтва ажыццяўляе Рэсп. навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі ў Гомелі (дырэктар Э.К.Капітонава). Рэсп. навуковае таварыства эндакрынолагаў, створанае ў 1962, у 1997 пераўтворана ў Бел. асацыяцыю эндакрынолагаў, якая супрацоўнічае з адпаведнымі асацыяцыямі Літвы, Латвіі, Расіі, Украіны, Вялікабрытаніі, Германіі, Японіі і з’яўляецца членам Еўрап. федэрацыі эндакрыналагічных таварыстваў і Міжнар. федэрацыі дыябету. У адпаведнасці з палітыкай Сусветнай арганізацыі аховы здароўя «Здароўе для ўсіх у 21-м стагоддзі» перспектывы развіцця эндакрыналогіі на Беларусі — у распрацоўцы стратэгіі для забеспячэння паўнацэннага жыцця пры эндакрынных расстройствах на аснове тэхналогій даказальнай медыцыны.
Літ.:
Вопросы истории медицины и здравоохранения: Материалы 3 науч. историко-мед. конф. Белорусской ССР. Мн., 1968;
Холодова Е.А., Данилова Л.И. Болезни щитовидной железы. Мн., 1991;
Холодова Е.А., Мохорт Т.В., Билодид И.К. Сахарный диабет и беременность // Современные проблемы эндокринологии в акушерстве, гинекологии и неонатологии: Тез. докл. науч. конф. Мн., 1994;
Матвейчик Т.В. Становление и развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Медицина Беларуси XX в. Тез. докл. 8 респ. науч. конф. по истории медицины. Мн., 1998;
Холодова Е.А. Развитие эндокринологической службы в Республике Беларусь // Мед. новости. 1999. №8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ
Першыя звесткі пра падзеі на Беларусі змешчаны ў стараж.-рус. летапісах. У 15—17 ст. вялося бел. летапісанне. Асобныя падзеі на Беларусі адлюстраваны ў «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні (16 ст.), «Апісанні Крычаўскага графства або былога староства» А.Меера (18 ст.) і інш. крыніцах. У 19 — пач. 20 ст. зборам і публікацыяй гіст. крыніц і краязнаўчай працай займаліся Віленская археаграфічная камісія (1864—1915), губернскія вучоныя архіўныя камісіі, Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт, Віцебскі царкоўна-археалагічны музей, Т-ва вывучэння Магілёўскай губерні і інш. Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага ін-та з 1911 рыхтавала археолагаў, архівістаў і нумізматаў. Буржуазныя гісторыкі, якія не прызнавалі існавання бел. народа, гісторыю Беларусі разглядалі ў сувязі з гісторыяй ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Яны сканцэнтроўвалі ўвагу на паліт. гісторыі зямель, што былі ў складзе ВКЛ; паліт. гісторыю паказвалі як барацьбу каталіцтва з праваслаўем; даследавалі гісторыю права і дзярж. устаноў, сістэму феад. землеўладання, розныя катэгорыі сялян і інш. саслоўяў. Іх працы насычаны значным фактычным матэрыялам. У пач. 20 ст. прадстаўнікі бел.нац. кірунку (М.В.Доўнар-Запольскі, В.Ю.Ластоўскі і інш.) лічылі 15—16 ст. часам росквіту бел. дзяржаўнасці, разглядалі 16 ст. як «залаты век» у гісторыі Беларусі, лічылі бел. народ сацыяльна аднародным грамадствам, якое пасля Люблінскай уніі 1569 апынулася пад прыгнётам польскіх, а з канца 18 ст.рас. феадалаў.
Пасля ўтварэння БССР даследаванні па гісторыі Беларусі разгарнуліся ў БДУ. У 1920-я г. праблемамі гісторыі Беларусі займаўся Ін-тбел. культуры. У 1931 на базе Аддзела гісторыі АНБССР створаны Ін-т гісторыі. У 1921 пачала працаваць Камісія для збору і вывучэння матэрыялаў па гісторыі КП(б)Б і рэв. руху на Беларусі (Гістпарт), якая ў 1929 пераўтворана ў Ін-т гісторыі партыі і Кастр. рэвалюцыі пры ЦККП(б)Б, з 1947 Інстытут гісторыі партыі пры ЦККПБ (да 1990).
Гісторыю перыяду феадалізму вывучалі У.М.Ігнатоўскі і У.І.Пічэта («Гісторыя Беларусі», 1924), якія ў трактоўцы гіст. працэсу заставаліся на пазіцыях рас.дзярж. школы. В.К.Шчарбакоў («Нарыс гісторыі Беларусі», ч. 1, 1934) разглядаў гісторыю Беларусі ўжо як працэс развіцця грамадска-эканам. фармацый. Даследаваліся аграрная гісторыя эпохі феадалізму (А.В.Бурдзейка, Т.І.Забела, К.І.Кернажыцкі, У.І.Пічэта, А.М.Ясінскі), антыфеад. барацьба сялян (І.Ф.Лочмель, В.К.Шчарбакоў і інш.), культурны рух (А.А.Савіч і інш.), феад. горад (Дз.І.Даўгяла, В.Д.Дружчыц і інш.), паходжанне бел. народа (У.І.Пічэта, А.М.Ясінскі). Гісторыю Беларусі ў эпоху капіталізму (эканоміка, сялянскі і рабочы рух) даследавалі І.А.Віткоўскі, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.А.Дудкоў, К.І.Кернажыцкі, М.В.Мялешка, У.І.Пічэта і інш.
У пасляваенны перыяд найбольшая ўвага звярталася на распрацоўку сац.-эканам. праблем і вывучэнне класавай барацьбы ў дакастр. перыяд, асвятленне рэв. падзей 20 ст., асабліва Кастр. рэвалюцыі 1917, утварэнне БССР і сацыяліст. будаўніцтва. Выйшлі абагульняльныя працы «Гісторыя Беларускай ССР» у 2 тамах (1954—58; 2-е выд. 1961) і 5-томная «Гісторыя Беларускай ССР» (1972—75). Больш шырокае кола пытанняў ахапіла распрацоўка гісторыі Беларусі феад. эпохі: вывучаліся вызваленчая барацьба бел. народа ў 17 ст. (Л.С.Абэцэдарскі, А.П.Ігнаценка і інш.), змаганне супраць іншаземных захопнікаў (Я.І.Карнейчык і інш.), сельская гаспадарка (П.Р.Казлоўскі, В.І.Мялешка, В.У.Чапко і інш.), феад. горад (А.П.Грыцкевіч, З.Ю.Капыскі, Я.М.Жарпачоў і інш.), гісторыя каталіцкай царквы (Я.Н.Мараш), прамысловасць (М.Ф.Болбас), аграрны рух, культура і інш. Уклад у вывучэнне гісторыі Беларусі феад. перыяду зрабілі і вучоныя Расіі (А.М.Мальцаў, М.М.Улашчык), Украіны (Дз.Л.Пахілевіч), Польшчы (С.Александровіч, Е.Ахманскі і інш.). Пашырыліся даследаванні гісторыі Беларусі эпохі капіталізму, галоўная ўвага ў якіх аддавалася вывучэнню развіццякапіталіст. адносін у сельскай гаспадарцы і рэв. выступленняў сялян у сувязі з рэформай 1861, падзеямі 1905—07. Даследаваліся аграрнае пытанне (А.І.Кажушкоў, Л.П.Ліпінскі, М.Б.Фрыдман), паўстанне 1863—64 (Г.В.Кісялёў, С.М.Самбук, А.Ф.Смірноў і інш.), развіццё прамысловасці і рост рабочага класа (З.Е.Абезгаўз, В.П.Панюціч, У.І.Ціток і інш.), рабочы і сялянскі рух, рэв. падзеі 1905—07 і Лют. рэвалюцыі 1917 (А.І.Воранава, Е.П.Лук’янаў, Ц.Е.Саладкоў, К.І.Шабуня, В.В.Шаціла і інш.), народніцкі і сацыял-дэмакратычны рух (М.В.Біч, У.І.Салашэнка і інш.), пытанні культуры (Г.Я.Галенчанка).
Шмат увагі аддавалі бел. вучоныя даследаванню гісторыі ўстанаўлення сав. улады і пабудовы сацыялізму ў БССР («Перамога Савецкай улады на Беларусі», 1967, і інш.). Вывучаліся рэвалюцыі 1917, грамадзянская вайна і ваен. інтэрвенцыі на Беларусі, утварэнне БССР і першыя сацыяліст. пераўтварэнні (І.М.Ігнаценка, Н.В.Каменская, У.Р.Івашын, В.Р.Гняўко, А.Ф.Хацкевіч, В.А.Круталевіч, І.Я.Марчанка, П.Ц.Петрыкаў, П.А.Селіванаў, М.С.Сташкевіч, А.Г.Хахлоў і інш.), аднаўленне нар. гаспадаркі ў 1921—25 (М.Е.Завалееў, А.І.Сідарэнка і інш.), індустрыялізацыя і рэканструкцыя нар. гаспадаркі (М.І.
Злотнік, А.А.Філімонаў і інш.), калектывізацыя сельскай гаспадаркі (К.К.Герман, М.Я.Стральцоў і інш.), жыццё і барацьба працоўных Зах. Беларусі (Ц.С.Гарбуноў, А.М.Мацко, У.А.Палуян, А.А.Сарокін і інш.). Актыўна даследавалася гісторыя бел. народа ў перыяд Вял.Айч. вайны 1941—45, яго барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў, партызанскі рух (А.І.Залескі, П.П.Ліпіла, В.П.Раманоўскі, Э.Ф.Языковіч і інш.). Гэтыя пытанні асвятляліся таксама ў мемуарнай літаратуры (В.І.Казлоў, Р.Н.Мачульскі, У.Е.Лабанок, П.З.Калінін, С.А.Ваўпшасаў, С.Г.Жунін, І.Дз.Вятроў і інш.) і зборніках дакументаў. Вывучалася гісторыя бел. гарадоў, гісторыя пасляваеннага будаўніцтва (І.Я.Марчанка, Р.Д.Мацюшэнка і інш.), перыядычнага друку (С.В.Марцэлеў, Р.В.Булацкі), сувязі БССР з інш. савецкімі рэспублікамі, дзейнасць БССР на міжнар. арэне (С.Д.Вайтовіч) і інш.
З пач. 1990-х г. кола праблем у даследаваннях гісторыі Беларусі пашырылася. Выдадзены шэраг абагульняльных прац, у т. л. «Нарысы гісторыі Беларусі» ў 2 частках (1994—95). Вырасла ўвага гісторыкаў да паліт. гісторыі Беларусі ў складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, да вытокаў бел. дзяржаўнасці, войнаў ВКЛ з Расійскай дзяржавай у 15—18 ст., падзелаў Рэчы Паспалітай (Я.К.Анішчанка, В.І.Мялешка, Г.М.Сагановіч і інш.), канфесіянальнай гісторыі (Т.Б.Блінова, С.В.Марозава, В.В.Яноўская і інш.), грамадска-паліт. жыцця ў 19 — пач. 20 ст. і ўтварэння бел. дзяржаўнасці ў 20 ст. (В.А.Круталевіч, Я.І.Бараноўскі, У.Ф.Ладысеў, Р.П.Платонаў і інш.), гісторыі паліт. партый (П.І.Брыгадзін, М.С.Сташкевіч і інш.), праблем развіцця культуры бел. народа (С.Я.Куль-Сяльверстава, Г.У.Карзенка, У.М.Міхнюк, У.І.Навіцкі і інш.). Гісторыкі працуюць над рэалізацыяй праграмы «Гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай цывілізацыі», вядзецца распрацоўка раней закрытых тэм, звязаных са станаўленнем і развіццём бел.нац. руху, абвяшчэннем БНР, паліт. рэпрэсіямі, гісторыяй бел. эміграцыі і інш.
Літ.:
История Белорусской ССР. Мн., 1977;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;
Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т. 1—3 Мн., 2000—04;
Загорульский Э.М. История Беларуси в коротком изложении. Мн., 2002;
Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.Мн., 2001;
История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1—4. Мн., 1984—87;
Гісторыя сялянства Беларусі: У 3 т. Т. 1—2. Мн., 1997—2003;
Канфесіі на Беларусі: (Канец XVIII—XX ст.). Мн., 1998;
Гісторыя Мінска. Мн., 1967;
Карнейчык Я.І. Беларуская нацыя: Гіст. нарыс. Мн., 1969;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1996;
Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;
Краўцэвіч А.К. Стварэнне Вялікага княства Літоўскага. Мн., 1998;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: падзеі і асобы. Мн., 1993;
Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1975;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII вв. Мн., 1978;
Мараш Я.Н. Ватикан и католическая церковь в Белоруссии (1569—1795). Мн., 1971;
Марозава С.В. Уніяцкая царква ў этнакультурным развіцці Беларусі (1596—1893). Гродна, 2001;
Блинова Т.Б. Иезуиты в Беларуси: Роль иезуитов в организации образования и просвещения. Гродно, 2002;
Голенченко Г.Я. Идейные и культурные связи восточнославянских народов в XVI — середине XVII в. Мн., 1989;
Мелешко В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII—XVIII в). Мн., 1975;
Дзмітрачкоў П.Ф., Маразевіч В.Л. Беларусь у другой палове XVII—XVIII ст. Магілёў, 2000;
Козловский П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1982;
Куль-Сяльверстава С.Я. Беларусь на мяжы стагоддзяў і культур: Фарміраванне культуры Новага часу на бел. землях (другая палова XVIII ст. — 1820-я гг.). Мн., 2000;
Анішчанка Я.К. Беларусь у часы Кацярыны II. Мн., 1998;
Швед В.В. Паміж Польшчай і Расіяй: Грамад.-паліт. жыццё на землях Беларусі (1772—1863 гг.). Гродна, 2001;
Люты А.М. Сацыяльна-эканамічнае жыццё Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XIX стагоддзя. Мн., 2004;
Чепко В.В. Города Белоруссии в первой половине XIX в.: (Экон. развитие). Мн., 1981;
Фридман М.Б. Отмена крепостного права в Белоруссии. Мн., 1958;
Смирнов А.Ф. Восстание 1863 г. в Литве и Белоруссии. Мн., 1963;
Яноўская В.В. Хрысціянская царква ў Беларусі, 1863—1914 гг.Мн., 2002;
Кожушков А.И. Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1963;
Самбук С.М. Политика царизма в Белоруссии во второй половине XIX в. Мн., 1980;
Панютич В.П. Наемный труд в сельском хозяйстве Беларуси, 1861—1914 гг.Мн., 1996;
Козляков В.Е. Национальный вопрос и неонароднические партии: Нач. XX в. — конец 20-х гг.Мн., 2001;
Абезгауз З.Е. Рабочий класс Белоруссии в начале XX в (1900—1913 гг.). Мн., 1977;
Липинский Л.П., Лукьянов Е.П. Крестьянское и солдатское движение в Белоруссии (1900—1907 гг.). Мн., 1968;
Забаўскі М.М. Расійская дзяржаўная Дума ў грамадска-палітычным жыцці Беларусі (1906—1907 гг.). Мн., 1999;
Липинский Л.П. Классовая борьба в белорусской деревне, 1907—1914. Мн., 1981;
Рудовіч С.С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г.Мн., 2000;
Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё на Беларусі ў перыяд Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый (сакавік 1917 — сакавік 1918 гг.). Ч. 1—2. Мн., 2001;
Ігнаценка І.М. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі Мн., 1995;
Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.). Мн., 1999;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ВАПІС,
від выяўленчага мастацтва, творы якога ствараюцца спосабам нанясення колеравых матэрыялаў на якую-небудзь цвёрдую аснову; адлюстроўвае рэчаіснасць, пераасэнсаваную творчай фантазіяй мастака як вынік эстэт. асваення свету. У залежнасці ад прызначэння твора, пануючага маст. стылю (готыка, рэнесанс, класіцызм, рэалізм і інш.), мастака Ж. дае ацэнку духоўнаму зместу эпохі і з’яўляецца дзейсным сродкам эстэт. выхавання грамадства. Як высокаразвітая форма чалавечай дзейнасці з’яўляецца сферай стварэння маст. каштоўнасцей.
Вызначальная спецыфічная асаблівасць Ж. — шматбаковае выкарыстанне выяўл. магчымасцей колеру для стварэння гарманічна цэласнай сістэмы (каларыту). Звычайна ўжываецца шэраг узаемазвязаных колераў і іх адценняў (гама колеравая), але існуе і Ж. адценнямі аднаго колеру (монахраматызм). З дапамогай колеру, малюнка, кампазіцыі, фактуры Ж. стварае маст. вобразы, якія могуць узнаўляць матэрыяльнасць свету, плоскаснасць і перспектыву прасторы, ствараць ілюзію руху, адлюстроўваць жывую прыроду ці адасобленыя ідэі (алегорыя, сімвал). Па сукупнасці матэрыялаў і тэхніцы іх выкарыстання вылучаюць алейны жывапіс, тэмперу, васковы жывапіс, фрэску, а сэка і інш. Часам для выканання жывапісных работ выкарыстоўваюць акварэль, гуаш, эмаль, пастэль, туш. Непасрэдна з Ж звязаны вітраж, мазаіка, панарама і дыярама. Залежна ад прызначэння, характару вобразаў і выканання адрозніваюць манументальны жывапіс, станковы Ж. (карціна, абраз, гл.Станковае мастацтва), дэкаратыўны жывапіс, мініяцюру, дэкарацыйны Ж. (гл.Тэатральна-дэкарацыйнае мастацтва). Паводле тэматыкі і прадметаў адлюстравання Ж. падзяляецца на жанры: гістарычны жанр, бытавы жанр, анімалістычны жанр, батальны жанр, партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш. Па тэхніцы пісьма адрозніваюць Ж шматслаёвы (з падмалёўкамі і лесіроўкамі) і Ж. у адзін прыём (альпрыма).
Ж. узнік у эпоху позняга палеаліту (40—8 тыс.г. назад). Захаваліся наскальныя размалёўкі (Пд Францыі, Пн Іспаніі і інш.) — выкананыя вохрамі, сажай і вуглем абстрактныя абагульненыя выявы асобных жывёл, пазней і сцэн палявання. Ж рабаўладальніцкага грамадства валодаў развітой вобразнай сістэмай, багатымі тэхн. сродкамі (гл. раздзелы па мастацтве ў аўт.Егіпет Старажытны, Індыя, Кітай, Антычнае мастацтва). У сярэдневякоўі ў Еўропе дамінаваў рэліг. Ж. (гл.Іканапіс), які часам змяшчаў і гіст. сюжэты. Ж.Адраджэння сцвярджаў агульныя прынцыпы новага гуманіст. мастацтва (Рафаэль, Мікеланджэла, Леанарда да Вінчы, А.Дзюрэр, Я. ван Эйк і інш.). У 17—18 ст. працэс развіццяеўрап. Ж. ўскладніўся. Пачалі складвацца нац. школы ў Францыі (Ж. дэ Латур, Н.Пусэн, Ж.Л.Давід), у Італіі (М.Караваджа. П’етра да Картона, Дж.Цьепала), Іспаніі (Эль Грэка, Д.Веласкес, Ф.Сурбаран, Ф.Гоя), Фландрыі (П.П.Рубенс, Я.Іорданс, А. ван Дэйк), Галандыі (Ф.Халс, Рэмбрант, Я.Вермер), Англіі (Т.Гейнсбара, У.Хогарт), Расіі (Ф.Рокатаў, Дз.Лявіцкі, У.Баравікоўскі). Пашырылася і сістэма жанраў, паглыбілася псіхалагічная праблематыка. Сфарміраваліся розныя жывапісныя сістэмы з агульнымі стылявымі прыкметамі (дынамічны Ж барока з характэрнай незамкнутай, спіралепадобнай кампазіцыяй; Ж класіцызму з дакладным, строгім і ясным малюнкам; Ж. ракако з гульнёй вытанчаных нюансаў колеру, светлых і бляклых тонаў) і не акрэсленыя стылявымі рамкамі. Развіліся больш камерныя, тонкія тэхнікі Ж. (пастэль, акварэль, партрэтная мініяцюра). У 19 ст. склалася нац. школа Ж. ў Амерыцы (гл. ў арт.Злучаныя Штаты Амерыкі). Пашырыліся маст. сувязі паміж Еўропай і інш. часткамі свету, вынікам чаго стаў пэўны ўзаемаўплыў Ж розных рэгіёнаў. У канцы 19 ст. ў барацьбе з познім класіцызмам, акадэмізмам і натуралізмам склаўся Ж. рамантызму з яго актыўнай цікавасцю да драм. падзей гісторыі і сучаснасці, насычанасцю каларыту (Т.Жэрыко, Э.Дэлакруа, А.А.Іванаў). Ж. рэалізму імкнуўся да дакладнага, пераканаўчага адлюстравання жыцця (Дж.Констэбл, К.Каро, А.Дам’е). Для сцвярджэння рэаліст. Ж.Расіі вял. значэнне мела Т-ва перасоўных мастацкіх выставак (гл.Перасоўнікі). У развіцці каларызму і пленэрнага Ж. важную ролю адыграў імпрэсіянізм (Э.Дэга, А.Рэнуар, К.Манэ і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. характар Ж. стаў асабліва складаным і супярэчлівым: суіснавалі, узаемаўплывалі і змагаліся паміж сабою разнастайныя рэаліст. і авангардысцкія плыні (фавізм, футурызм, лучызм, кубізм, мадэрн, абстракцыянізм і інш.), што выявілася ў творчасці буйнейшых мастакоў таго часу: П.Пікасо, А.Матыса, Ф.Лежэ, Р.Дэланэ ў Францыі; Д.Рыверы, Д.Сікейраса ў Мексіцы; Р.Гутуза ў Італіі; Дж.Полака ў ЗША. У 1940—50-я г. ў зах.-еўрап. і амер. мастацтве найб. распаўсюджаным стылем быў сюррэалізм, які да 1960-х г. саступіў лідэрства поп-арту. З канца 1960-х г. Ж. актыўна развіваецца ў напрамках опарта, кінетычнага мастацтва, гіперрэалізму і інш., а таксама ў рэаліст. кірунку.
На Беларусі Ж. вядомы з 11—12 ст. Ён развіваўся як самабытная з’ява ў рэчышчы мастацтва ўсх. славян пад уплывам візантыйскага і зах.-еўрап. (фрэскі Полацкай Спаса-Ефрасіннеўскай царквы, мініяцюры Тураўскага евангелля, Аршанскага евангелля). Твораў станковага Ж. таго перыяду практычна не захавалася. У пач. 16 ст. склалася беларуская іканапісная школа; паступова ў рэліг. кампазіцыі сталі пранікаць гіст. сюжэты, выявы фундатараў і інш., вызначылася тэндэнцыя да развіцця свецкага Ж. Канец 16—18 ст. пазначаны росквітам параднага, т. зв. сармацкага. партрэта (партрэт Аляксандра Астрожскага невядомага мастака. 17 ст.). У канцы 18—19 ст. ў бел. Ж. дамінавалі класіцызм і рамантызм (творы І.Аляшкевіча, В.Ваньковіча, Я.Дамеля, Я.Сухадольскага). Пашырыліся жанры пейзажа (творчасць В.Дмахоўскага. К.Русецкага, Ф.Смуглевіча), нацюрморта, які ўводзіўся і ў інш. жанры (І.Хруцкі). Вял. ролю ў развіцці бел. Ж. адыгралі Віленская мастацкая школа і Пецярбургская АМ. У 2-й пал. 19 ст. пад уплывам рус. мастацтва развіліся тэндэнцыі крытычнага рэалізму («На этапе» К.Альхімовіча, «Салдат з хлопчыкам» Н.Селівановіча і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. самым пашыраным жанрам стаў пейзаж (творы В.Бялыніцкага-Бірулі. Ф.Рушчыца), які вылучаўся высокай самабытнай культурай каларыту. Жывапісныя творы прадстаўнікоў дэмакр. кірунку мелі яскрава выражаны сац. характар («Зямля» і «Эмігранты» Рушчыца, «Шэсце навальніцы» К.Стаброўскага і інш.). Для творчасці мастакоў 1920—30-х г. характэрна актыўнае пераасэнсаванне асн.еўрап. стыляў і накірункаў, пошукі нац. стылістыкі і палітры (Бялыніцкі-Біруля, Я.Драздовіч, У.Кудрэвіч, Ю.Пэн, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, М.Станюта, М.Філіповіч, М.Шагал; дзейнасць Віцебскага народнага мастацкага вучылішча). З канца 1930-х г. у бел. Ж. склаўся метад т. зв. сацрэалізму. асн. прыкметамі якога сталі рэаліст. трактоўка дэталей, спрошчаная ідэалізацыя тыпажу, гераізацыя рэв. гісторыі і сучаснасці, паліт. ангажыраванасць У гады Вял.Айч. вайны ў Ж. пераважалі сюжэтна-тэматычная карціна, батальны і партрэтны жанры (творы Я.Зайцава, Сергіевіча, У.Сухаверхава, В.Волкава, А.Шыбнёва) Тэма вайны і яе эмацыянальнае асэнсаванне дамінавалі да канца 1950-х г. Своеасаблівасць бел. прыроды паказана ў творах Бялыніцкага-Бірулі. У 1960-я г. ў бел. Ж. пераважаў т. зв. суровы стыль, якому ўласцівы абагульненасць форм, манументальнасць і сімвалічнасць вобразаў, някідкі каларыт (творы Г.Вашчанкі, В.Грамыкі, М.Савіцкага і інш.). З 2-й пал. 1970-х г. узнікла цікавасць да нац. гісторыі, нар. спадчыны. Пашырылася стылістычная і жанравая разнастайнасць Бел. асветнікам. дзеячам культуры і гісторыі прысвячалі свае творы Вашчанка, А.Марачкін, Г.Скрыпнічэнка, Ф.Янушкевіч; завершанасцю і эмацыянальнай змястоўнасцю вылучаюцца пейзажы П.Масленікава, І.Рэя, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У.Маскоўскіх, творы Р.Таболіча, М.Апіёка; самабытны характар бел. нацюрморта выяўлены ў творчасці В.Жолтак, В.Свентахоўскай. З сярэдзіны 1980-х г. як альтэрнатыва афіцыйнаму мастацтву ўзнік андэрграўнд, у якім тэмай Ж. з’яўляліся самі выяўл. сродкі. Для Ж. пачатку 1990-х г. характэрны разнапланавасць кірункаў, імкненне да сінтэзу жанраў і стылістыкі як сродку абнаўлення маст. мовы (М.Селяшчук, А.Задорын, Л.Хобатаў, В.Захарынскі, Р.Заслонаў і інш.). Важную ролю ў развіцці бел. школы Ж. адыграла адкрыццё ў 1947 Мінскага маст. вучылішча, у 1953 — маст. ф-та Бел.тэатр.-маст. ін-та (з 1991 БелАМ). Іл.гл. таксама да арт.Іканапіс, Беларуская іканапісная школа, Манументальны жывапіс, Станковае мастацтва, Тэатральна-дэкаратыўнае мастацтва, а таксама да арт. пра асобныя стылі і жанры мастацтва.
Літ.:
Всеобщая история искусств. Т. 1—6. М., 1956—66;
Ильина Т.В. История искусств: Западноевроп. искусство. 2 изд. М., 1993;
Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 1—6. Мн., 1987—94.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЧОВАЯ ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Харчовая прамысловасць Беларусі з’яўляецца шматпрофільнай высокаразвітой галіной, доля якой у агульным аб’ёме прамысл. вытворчасці складае 18,3% (2002). Уключае 478 прадпрыемстваў і вытворчасцей, большасць з якіх уваходзяць у канцэрн «Белдзяржхарчпрам». У дзярж. уласнасці знаходзяцца 26,4% прадпрыемстваў (вырабляюць 29% агульнага аб’ёму прадукцыі), у прыватнай уласнасці — 72% (68,7% агульнага аб’ёму прадукцыі). У галіне 29 прадпрыемстваў-дамінантаў, удзельная вага якіх у агульным аб’ёме вытворчасці дасягае 23,4%. Ступень зносу асн. прамыслова-вытворчых фондаў адна з самых нізкіх у прам-сці Беларусі — 46,8%. Сярэднегадавая колькасць прамыслова-вытворчага персаналу 127 тыс. чалавек. Галіна мае 20 падгалін, іх прадпрыемствы вырабляюць больш за 3000 відаў харч. прадуктаў. У 2002 выраблена прадукцыі на 4571 млрд.руб., рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі адна з найб. высокіх у прам-сці — 5,4%. У 2001 на душу насельніцтва прыпадала (кг): цукру-пяску 65,5; алею 1,8; хлеба і хлебабулачных вырабаў 77,1; кандытарскіх вырабаў 14; макаронных вырабаў 2,1; маргарынавай прадукцыі 1,7; мяса 36,7; каўбасных вырабаў 15,6; мясных паўфабрыкатаў 4,7; масла жывёльнага 6,7; цэльнамалочнай прадукцыі (у пераліку на малако) 96,3; сыроў тлустых 4,8; мукі 71,1; круп 2,7. Вядучая роля ў харч. прамысловасці належыць мясной, малочнай і масласыраробнай, лікёра-гарэлачнай галінам. Такая структура склалася пад уплывам харч. патрэб насельніцтва і дзякуючы наяўнасці значнай сыравіннай базы.
У 2002 доля прадукцыі харч. прамысловасці ў таварнай структуры экспарту Беларусі складала 7,9% (у Расію — 13,8%). У структуры экспарту 53,9% займае цукар, 19,6% — кандытарскія вырабы (лідэры ААТ «Чырвоны харчавік» і «Кандытарская фабрыка «Слодыч»), 9,3% — солад (ААТ «Белсолад»), малочныя кансервы і сухое малако (лідэр ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат»), 1,8% — піва. Экспартаваліся малочныя кансервы (57,6 тыс.т, з іх у Расію 47,5 тыс.т; таксама ў Германію, Літву, Польшчу, Таджыкістан), масла сметанковае (29,7 тыс.т, пераважна ў Расію), сыры, тварог (28,3 тыс.т, пераважна ў Расію), цукар (332,1 тыс.т, у Расію), кандытарскія вырабы (25,9 тыс.т, пераважна ў Расію, таксама ў Германію, Латвію), солад (73,1 тыс.т, у Расію), піва (57,3 млн.л, у Расію) і інш.
Імпартаваліся ў 2002 алей сланечнікавы (75,5 тыс.т, Расія, Украіна), цукар (592,4 тыс.т, Бразілія, Куба, Тайланд, Расія), сокі фруктовыя і агароднінныя (47,6 тыс.т, Расія, Малдова, Украіна, Літва), тытунёвыя вырабы (6025,7 млн.шт.) і інш.
Развіццё і размяшчэнне. На Беларусі харч. прамысловасць пачала развівацца ў 1-й пал. 19 ст. У 1830-я г. ўзнікла цукровая прамысловасць. Да 1860-х г. працавалі 33 невял. цукр. з-ды ў панскіх маёнтках, пераважна на поўдні Магілёўскай і Мінскай губ. У 1859—60 яны вырабілі 672,9 т цукру. Развіццё гандлю і земляробства садзейнічала росту перапрацоўчых галін харч. прамысловасці на базе мясц. сыравіны. Пераважалі спіртавыя, гарэлачныя, піваварныя, маслабойныя, крухмала-патачныя, тытунёвыя прадпрыемствы, млыны, крупадзёркі. У канцы 19 ст. ў галіновай структуры харч. прамысловасці адбыліся змены: значна скарацілася мукамольная, заняпала, а пасля перастала існаваць цукр. вытворчасць, не вытрымаўшы канкурэнцыі з украінскай; расла канцэнтрацыя вытворчасці, прадпрыемствы расшыраліся, павялічвалася колькасць рабочых. У пач. 20 ст. ўзніклі манапольныя аб’яднанні: «Заходняе дрожджа-вінакурнай і сельскагаспадарчай прамысловасці акцыянернае таварыства», сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Заходняга краю (у Оршы), акц.т-ва піўзавода «Багемія» (у Мінску, існавала да 1906) і інш. У 1913 на тэр. 5 бел. губерняў было 568 спіртавых, 33 крухмальныя, 19 тытунёва-махорачных прадпрыемстваў.
Харч. прамысловасць давала 35,5% валавой прадукцыі ўсёй цэнзавай прамысловасці Беларусі. Найб. развіты былі спіртавая, гарэлачная, піваварная, дражджавая, а таксама мукамольна-крупяная вытворчасць.
У 1920—30-я г. галіна развівалася больш інтэнсіўна. Пабудаваны малочны з-д (1928) і кандытарская ф-ка «Камунарка» (1931) у Мінску, кандытарская ф-ка «Спартак» (1927) і маргарынавы з-д (1932) у Гомелі, мясакамбінат у Оршы (1930), кандытарская фабрыка ў Бабруйску (1930), макаронная ў Барысаве (1931), малочна-кансервавы камбінату Рагачове (1937). У 1940 харч. прамысловасць вырабляла 27,1% усёй прамысл. прадукцыі рэспублікі і займала 1-е месца сярод інш. галін. Пасля Вял.Айч. вайны галіна адноўлена. Вытворчасць яе прадукцыі ў 1945 перасягнула ўзровень 1913 у 2,6 раза, але гэта склала 18,5% ад узроўню 1940. Пабудаваны буйныя, высокааснашчаныя прадпрыемствы: мяса- і птушкакамбінаты ў Мінску, Брэсце, Магілёве, Бабруйску, Гродне, Оршы, Баранавічах, Полацку, Ваўкавыску, Пінску, Маладзечне, Віцебску; малочнакансервавыя камбінаты ў Лепелі, Ваўкавыску, Глыбокім, Лідзе; сыраробныя з-ды ў Бярозе, Гомелі, Магілёве, Слуцку, Полацку; піўзаводы ў Гомелі і Магілёве; кансервава-агароднінасушыльныя камбінаты ў Быхаве, Ганцавічах; цукр. заводы ў Гарадзеі, Жабінцы, Скідзелі, Слуцку і інш. У 1970—80-я г. пабудаваны мяса- і рыбаперапрацоўчыя комплексы ў Мінску, мясакамбінаты ў Жлобіне, Бярозе, піўзаводы ў Бабруйску і Рэчыцы, малочны завод у Брэсце, сыраробны ў Шуміліне.
На большасці прадпрыемстваў вядзецца планамернае абнаўленне тэхн. абсталявання і рэканструкцыя. У 2002 завершана рэканструкцыя ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», Гродзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман».
Асн. кірункі развіццяхарч. прамысловасці: асваенне сучасных тэхналогій (мембранных, ультрагукавых), якія дазваляюць больш поўна выкарыстоўваць сыравіну, паскараць тэхналагічныя працэсы, зніжаць колькасць адходаў і захоўваць у натыўным стане біялагічна актыўныя кампаненты сыравіны; выпуск прадуктаў функцыянальнага харчавання, якія маюць лекава-прафілактычныя якасці (напр., прабіятычныя прадукты), дыетычных (абястлушчаных, з паніжанай колькасцю цукру), з нетрадыцыйнай сыравіны, хуткага прыгатавання, якія захоўваюць якасці і састаў натур. сыравіны.
Тэхнічнае абсталяванне для прадпрыемстваў харч. прамысловасці вырабляюць ААТ «Машхарчпрад» (Мар’іна Горка), «Гандальмаш» (Баранавічы), доследна-мех.з-д «Харчмаш» (Мінск), Эксперым.-канструктарскае бюро машынабудавання (Мінск), Гомельскі «Тэхнапрыбор», закрытае акц.т-ва (ЗАТ) «Атлант» (Мінск), Гродзенскі завод гандлёвага машынабудавання і інш. Выкарыстоўваецца абсталяванне расійскіх прадпрыемстваў: «Малмаш» (Масква), Някрасаўскага машынабудаўнічага з-да, таксама аснашчэнне з Украіны, Германіі, Польшчы, Італіі, Венгрыі і інш.
Развіццю харч. прамысловасці ў краіне садзейнічаюць Магілёўскі ун-т харчавання, які рыхтуе кадры для харч. прамысловасці, бел.н.-д. і канструктарска-тэхналагічныя ін-ты мяса-малочнай прамысловасці, харч. прадуктаў, н.-д. і праектна-тэхналагічны ін-т хлебапрадуктаў, Ін-т рыбнай гаспадаркі, Ін-т «Плодаагароднінапраект», Ін-т «Белдзіпрааграхарчпрам» і інш.
Мясная прамысловасць складае 25,6% у аб’ёме валавой прадукцыі харч. прамысловасці (2002). Галіна ажыццяўляе забой і комплексную перапрацоўку жывёлы і птушкі, вырабляе мяса і субпрадукты, каўбасныя вырабы, мясныя паўфабрыкаты, мясныя і мяса-раслінныя кансервы, жывёльныя тлушчы. Асн. частку прадукцыі даюць (2002) 3 мясакансервавыя (Аршанскі, Баранавіцкі, Бярозаўскі) і 23 мясакамбінаты, з якіх найбуйнейшыя Ашмянскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Гомельскі, Жлобінскі, Магілёўскі, Мінскі, Слуцкі і інш.
Малочная і масласыраробная вытворчасць дае 22,3% валавой прадукцыі харч. прамысловасці. У 2002 у Беларусі працавала больш за 200 малакаперапрацоўчых заводаў і цэхаў. Большасць прадпрыемстваў шматпрофільныя. Сучасны кірунак развіцця галіны — распрацоўка і выпуск вітамінізаванай і прабіятычнай малочнай прадукцыі, які асвойваецца на найб. буйных прадпрыемствах гэтай галіны — Брэсцкім малочным камбінаце, Бярозаўскім сыраробным камбінаце, ААТ «Гродна Малкамбінат», «Малако ААТ» (Віцебск), ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск), Мінскіх гармалзаводах №2 (ААТ «Млітэпс») і №3, ААТ «Кобрынскі масла-сыраробны камбінат» і ААТ «Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат» і інш. Прадукцыя галіны неаднаразова адзначана на міжнар. выстаўках. Назіраецца ўстойлівы рост аб’ёмаў вытворчасці ў малочна-кансервавай падгаліне.
Алейна-тлушчавая прамысловасць вырабляе алеі, маргарыны, маянэзы, гасп. мыла і інш.Асн. прадпрыемствы галіны: Гомельскі тлушчавы камбінат, ААТ «Віцебскі алейнаэкстракцыйны завод», «Бабруйскі завод алеяў», «Мінскі маргарынавы завод» і інш.
Рыбная прамысловасць спецыялізуецца на вырошчванні, здабычы і перапрацоўцы рыбы. Асн. прадукцыя: рыба жывая, ахалоджаная, марожаная, таварная харч. рыбная прадукцыя (філе, вэнджаная і вяленая рыба, балыковыя вырабы, паўфабрыкаты, селядцы, рыбныя прэсервы і кансервы). Уключае 26 рыбных гаспадарак, з іх найб. буйныя «Любань» Любанскага, «Белае» Жыткавіцкага, «Сялец» Бярэзінскага, «Чырвоная Слабада» Салігорскага р-наў. Перапрацоўкай марской рыбы і морапрадуктаў займаюцца больш за 15 прадпрыемстваў, з іх найб. буйныя сумесныя прадпрыемствы «Санта-Імпэкс Брэст», «Санта-Брэмар» (Брэст), ААТ «Рыбакомплекс» (Мінск).
Мукамольна-крупяная прамысловасць спецыялізуецца на перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Дзейнічае каля 2000 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. буйныя прадпрыемствы: ААТ «Брэстхлебпрадукт», «Мінскі камбінат хлебапрадуктаў», «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў» і інш.
Дражджавая прамысловасць прадстаўлена ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), які вырабляе хлебапякарныя прасаваныя і высушаныя дрожджы — 50 т за суткі, 18 тыс.т штогод. Прадукцыя прадпрыемства поўнасцю задавальняе патрэбы хлебапякарных прадпрыемстваў і рознічнага гандлю краіны, 15% аб’ёму прадукцыі экспартуецца. Галіна характарызуецца ўстойлівым ростам аб’ёмаў вытворчасці.
Хлебапякарная прамысловасць уключае больш за 160 прадпрыемстваў, раўнамерна размеркаваных па тэр. краіны; найб. у Мінску (6 хлебазаводаў і «Аўтамат») і абл. цэнтрах. Прадпрыемствы аб’яднаны ў вытворчыя аб’яднанні Мінскхлебпрам, 6 абласных і Барысаўхлебпрам. Вырабляецца больш за 200 найменняў хлеба (жытняга, пшанічнага, жытне-пшанічнага, палепшанага, заварнога, фармавога, подавага), батоны. сушкі, сухары, абаранкі, караваі, кандытарскія вырабы і інш. Сучасны кірунак развіцця галіны — выпуск дыетычнай і лекава-прафілактычнай прадукцыі (бессалявы, бялковы, бездражджавы, вітамінізаваны, вотруб’евы і інш. хлеб).
Цукровая прамысловасць вырабляе цукар-пясок, цукар-рафінад, лімонную кіслату, цукр. сіроп. Працуюць 4 прадпрыемствы агульнай уліковай вытворчай магутнасцю перапрацоўкі цукр. буракоў 15,5 тыс.т за суткі і 3 тыс.т цукру-сырцу: ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат», «Жабінкаўскі цукровы завод», «Скідзельскі цукровы камбінат», «Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат», якія ўваходзяць у асацыяцыю «Беларускі цукар». Па ўзроўні выпуску цукру Беларусь займае 3-е месца сярод краін СНД (пасля Украіны і Расіі). Паводле тэхн. аснашчэння бел. прадпрыемствы ўваходзяць у лік перадавых прадпрыемстваў краін Усх. і Цэнтр. Еўропы. Выхад цукру пры перапрацоўцы цукр. буракоў склаў 12,74% (на Скідзельскім камбінаце 13,64%) — найб. высокі паказчык сярод краін СНД.
Кандытарская прамысловасць у структуры выпуску таварнай прадукцыі канцэрна «Белдзяржпрам» займае 17,1% (2002). Вырабляе цукеркі, шакалад, дражэ, ірыс, карамель, халву, тарты, пячэнне і інш., больш за 500 найменняў. Вядучыя прадпрыемствы — сумеснае прадпрыемства ААТ «Спартак» і ААТ «Камунарка». Станоўчая дынаміка па аб’ёме вытворчасці назіраецца ў ААТ «Чырвоны харчавік» (Бабруйск, тэмп 107,5%), ААТ «Конфа» (Маладзечна, тэмп 106,4%), ААТ «Чырвоны мазыранін» (Нароўля, тэмп 105,4%).
Вінаробная прамысловасць вырабляе віны вінаградныя з прывазной і пладова-ягадныя з мясц. сыравіны. Найб. прадпрыемствы: ЗАТ «Мінскі завод вінаградных він» (гандлёвая марка «Амбасадор», каля 40 найменняў ад сухіх да дэсертных натуральных вінаградных він), Мінскі завод ігрыстых пеністых* він, Гомельскі вінаробчы завод і інш.
Лікёра-гарэлачная прамысловасць вырабляе розныя віды гарэлкі, лікёры, наліўкі, настойкі, аперытывы, бальзамы і інш. Уключае больш за 70 прадпрыемстваў, у т. л. РУП «Мінск Крышталь», Брэсцкі «Белалка» (адзіны экспарцёр у галіне), Віцебскі, Гродзенскі, Гомельскі, Клімавіцкі лікёра-гарэлачныя заводы. Выпуск лікёра-гарэлачных вырабаў наладжаны таксама на шматлікіх вінзаводах (Слонім, Гомель, Пружаны і інш.). Прадпрыемствы неаднаразова ўдзельнічалі ў шматлікіх міжнар. выстаўках, дзе атрымлівалі ўзнагароды «За лепшую якасць прадукцыі».
Півабезалкагольная прамысловасць вырабляе піва, газіраваныя салодкія напіткі, мінеральную і пітную ваду, сокі. Піва вырабляюць 16 прадпрыемстваў, сярод іх найб. ААТ «Аліварыя», «Крыніца», «Лідскае піва», «Рэчыцапіва». Асн. вытворцы безалкагольнай прадукцыі: ААТ «Акватрайпл», «Дарыда», харч. камбінат Белкаапсаюза (усе Мінск), «Вяйнянская крыніца» (Магілёўскі р-н). У 2002 выраблена мінер. вады 378,5 млн. паўлітраў, безалкагольных напіткаў — 23,4 млн. дэкалітраў.
Соладавая прамысловасць вырабляе солад піваварны. Асн. прадпрыемства ААТ «Белсолад» (Іванава) 99% прадукцыі якога экспартуецца ў Расію. Вырабляюць солад таксама на ААТ «Дражджавы камбінат» (Мінск), «Крыніца», «Маладзечнапіва», Аршанскім, Слуцкім і Полацкім піўзаводах. У 2002 выпушчана 72 тыс.т соладу, з іх 62,7 тыс.т — на прадпрыемстве «Белсолад».
Харчоваканцэнтратная прамысловасць вырабляе сумесі з высушаных раслінных і жывёльных прадуктаў для хуткага прыгатавання гатовых страў. Уключае каля 25 прадпрыемстваў, найб. буйное — ААТ «Лідскія харчовыя канцэнтраты», створанае ў 1997 на аснове Лідскага з-да харч. канцэнтратаў, Навагрудскага і Радунскага агароднінасушыльных заводаў.
Плодаагароднінная прамысловасць ажыццяўляе перапрацоўку агародніны, садавіны, ягад, вырабляе плодаагароднінныя кансервы, сушаную агародніну і садавіну, замарожаныя прадукты, сокі, пладова-ягадныя экстракты і інш. (больш за 300 найменняў). Працуюць каля 260 прадпрыемстваў і вытворчасцей. Найб. з прадпрыемстваў: Быхаўскі і Маларыцкі кансервава-агароднінасушыльныя заводы, кансервавыя заводы ў Клецку, Кобрыне, Пінску, Слуцку, Красным (Маладзечанскі р-н). Перспектыўная галіна, але недастаткова развітая з-за нізкай тэхн. аснашчанасці прадпрыемстваў, адсутнасці сфарміраваных сыравінных зон, недахопу сховішчаў. Укараняюцца ў вытворчасць кансервы з нетрадыцыйнай сыравіны — дзікарослай, тапінамбуру, агароднінных кансерваў з дабаўленнем марской капусты. Частка прадукцыі экспартуецца (лідэры — Маларыцкі і Клецкі заводы).
Тытунёвая прамысловасць вырабляе папяросы і цыгарэты з прывазной сыравіны. Асн. прадпрыемства — Гродзенская тытунёвая фабрыка «Нёман», якая выпускае 23 найменні тытунёвых вырабаў, у т. л. цыгарэты з падоўжаным фільтрам «Прэм’ер класічныя», «Магнат класічныя», «Мінск», «Арбіта-люкс», «Белая Русь»; з паніжанай колькасцю нікаціну і смол «Прэм’ер лёгкія», «Магнат лёгкія», «ГТФ лёгкія» і інш. Больш за 18 найменняў тытунёвых вырабаў выпускае бел.-амерыканскае СП «Тытунь-інвест» (Мінск).
Салявая прамысловасць. Асн. вытворца ААТ «Мазырсоль» — буйнейшае і высокатэхналагічнае прадпрыемства па вытворчасці харч. вакуум-выварачнай солі экстра на тэр. СНД. Прадпрыемства на аснове базавага сорту солі «Экстра» вырабляе соль з мікрадабаўкамі ёду і фтору, таксама соль прафілактычную (з памяншэннем на 30% колькасці натрыю і ўвядзеннем у састаў солі іонаў калію і магнію), за што неаднаразова адзначалася ўзнагародамі на міжнар. конкурсах і выстаўках. Асноўныя паказчыкі па вытворчасці прадукцыі харч. прамысловасці (па гадах) прыведзены ў табл. 1.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў прадукцыі харчовай прамысловасці
Вытворчасць прадукцыі
1990
1995
1998
1999
2000
2001
2002
2003
Каўбасныя вырабы, тыс.т
216,6
141,3
163,8
150,0
150,8
156,0
167,4
195,9
Масла, тыс.т
159,1
65,1
74,2
62,6
65,1
66,7
65,1
64,3
Цэльнамалочная прадукцыя (у пераліку на малако), тыс.т
1776
801
952
1032
954
960
907
929
Тлустыя сыры, тыс.т
65,0
24,7
43,3
40,5
41,0
48,1
45,2
52,5
Рыбная прадукцыя (без кансерваў), тыс.т
45,8
13,2
20,0
21,4
23,0
28,5
16,3
22,4
Алей, тыс.т
26,4
6,7
11,3
15,8
16,9
17,9
20,5
17,0
Кансервы, млн. умоўных слоікаў
788,7
310,0
413,3
433,7
442,2
428,9
458,5
422,7
з іх:
мясныя і мясараслінныя
97,0
30,7
63,7
58,7
42,7
32,5
38,3
33,0
рыбныя
5,4
3,5
9,5
9,1
9,1
31,6
54,7
57,4
малочныя
168,3
75,4
115,1
94,3
94,1
101,3
89,0
115,7
агароднінныя
143,9
67,8
62,3
86,1
59,6
53,2
59,4
71,1
фруктовыя
301,2
72,4
94,2
104,1
131,2
142,0
135,7
108,6
натуральныя сокі
180,2
43,0
63,6
64,6
79,6
91,2
85,9
63,7
Цукар-пясок, тыс.т
347,1
140,1
476,3
500,9
565,0
654,4
666,1
710,6
Хлеб і хлебабулачныя вырабы, тыс.т
1583
1037
949
967
866
769
707
689,1
Мука, млн.т
3,1
1,4
1,2
1,1
0,9
0,7
0,6
0,7
Крупы, тыс.т
229,3
72,6
83,8
60,0
37,9
27,2
23,2
28,3
Кандытарскія вырабы, тыс.т
173,4
72,6
142,2
150,2
149,0
139,8
136,3
132,8
Макаронныя вырабы, тыс.т
60,2
36,4
52,8
49,9
38,3
20,8
20,3
17,8
Гарэлка і лікёра-гарэлачныя вырабы, млн. дал
8,8
14,8
13,5
13,3
10,8
10,0
9,5
8,2
Вінаграднае віно, млн. дал
6,6
0,3
1,1
0,9
0,7
0,9
1,5
1,1
Пладова-ягаднае віно, млн. дал
0,1
5,1
18,2
22,3
23,7
23,2
27,4
27,6
Піва, млн. дал
32,8
15,2
26,0
27,3
23,7
21,7
20,3
20,6
Папяросы і цыгарэты, млрд.шт.
16,4
6,2
7,3
9,3
10,4
11,2
10,5
10,5
Лінія па вытворчасці вараных каўбас Бярозаўскага мясакансервавага камбіната. 2004.Бярозаўскі сыраробны камбінат (2004): 1 — лінія па разліве кісламалочных напіткаў; 2 — камера выспявання цвёрдых сычужных сыроў.Гарадзейскі цукровы камбінат. 2004.Хлебазавод №6 Мінскхлебпрама (2004): 1 — лінія па вырабе батонаў; 2 — лінія па вырабе і фасаванні аўсянага пячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁСКА (ад стараж.-рус. весь),
у вузкім гіст. сэнсе невял. земляробчае паселішча, адзін з відаў сельскіх нас. пунктаў. У шырокім значэнні паняцце «вёска» ахоплівае не толькі ўсе віды сталых паселішчаў, жыхары якіх — сяляне, с.-г. рабочыя і інш. — заняты пераважна ў сельскай гаспадарцы, паляванні, рыбалоўстве і інш., але і ўвесь комплекс сац.-эканам., культ.-бытавых і прыродна-геагр. асаблівасцей і ўмоў жыцця вёскі як сац.-эканам. катэгорыі, якая проціпастаўляецца гораду. Сац.-эканам. спецыфіка вёскі вызначаецца непасрэднай сувяззю яе жыхароў з зямлёй, гасп. асваеннем тэрыторыі і выкарыстаннем яе прыродных рэсурсаў праз накіраваную, пераўтваральную дзейнасць у розных галінах сельскай гаспадаркі. Адсюль разгрупаванне вёскі, параўнальна невял. памеры, сезонная цыклічнасць працы і інш. Усе бакі жыцця вёскі і сама вёска як сац.-эканам. катэгорыя перажылі значныя змены ў ходзе гіст.развіцця грамадства.
На Беларусі вёска — асн. тып сельскага паселішча, на працягу стагоддзяў была хавальніцай самабытных нар. традыцый, што стварала грунт для нац. адраджэння і этн. самазахавання бел. народа. Да 8—9 ст. вёскамі былі практычна ўсе паселішчы, пакуль у выніку аддзялення рамяства ад сельскай гаспадаркі не сталі стварацца гарады і мястэчкі. У гэты ж час пры пераходзе ад радавой да суседскай абшчыны (грамады) з’яўляюцца асобныя сял. двары-сядзібы. Да сярэдзіны 16 ст. пераважала скучаная (бессістэмная) планіроўка вёскі, калі сял. хаты размяшчаліся асобнымі групамі. У выніку валочнай памеры пашырылася вулічная планіроўка, што стала адметнай рысай бел. вёскі на працягу стагоддзяў. Колькасць двароў звычайна не перавышала некалькіх дзесяткаў. Група суседніх вёсак утварала сельскую акругу (воласць), якая вызначалася аднароднасцю насельніцтва, значным падабенствам духоўнага і эканам. жыцця. Тыпалогія і вонкавае аблічча паселішчаў вызначалася асаблівасцямі таго ці інш.гіст.-этнагр. рэгіёна Беларусі. Усё неабходнае для жыцця сялян выраблялася ў вёсцы, гаспадарка мела натуральны характар. У феад. перыяд вёскі былі прыватнаўласніцкія і дзяржаўныя; існаваў пазаэканам. прымус, які даваў магчымасць землеўласнікам забіраць у сялян прыбавачны прадукт. У час спусташэнняў, выкліканых войнамі, асабліва ў 17—18 ст., феадалы заахвочвалі перасяленцаў у разбураныя раёны вызваленнем ад падаткаў на некалькі гадоў, у т. л. ствараліся новыя тыпы паселішчаў — «воля», «слабада», якія потым ператвараліся ў звычайныя вёскі. Пасля адмены прыгону (1861) адбыліся істотныя змены ў жыцці вёскі, павялічыўся рух сялян у горад і на хутары. Сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. заканадаўча паскорыла працэс эвалюцыі ад сял. пераважна натуральнай гаспадаркі да гандлёва-рыначнай с.-г. вытворчасці. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 паводле Дэкрэта аб зямлі была ліквідавана памешчыцкая ўласнасць на зямлю, асн. тыпам гаспадаркі ў вёсцы стала дробная індывід. гаспадарка, большасць сялян была паднята да ўзроўню сераднякоў. У вёсцы праводзілася ліквідацыя непісьменнасці, ствараліся ячэйкі РКП (б) і камсамола, прафсаюзныя арг-цыі, якія вялі работу па выхаванні сялян у «пралетарскім» духу, выкараненні дробнапрыватніцкай псіхалогіі, паскаралася развіццё кааперацыі. Стварэнне буйных гаспадарак — калгасаў і саўгасаў — у выніку калектывізацыі ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. прывяло да карэннага пералому ў векавым жыццёвым укладзе вёскі. Сярод жыхароў вёскі з’явіліся механізатары, кіруючыя кадры сярэдняга звяна, павысіўся культ.-тэхн. ўзровень сялян. Разам з тым вёска панесла вял. страты: прынцып добраахвотнасці пры калектывізацыі парушаўся, у выніку раскулачвання і інш. форм рэпрэсій заможныя сяляне (а таксама шмат сераднякоў) высяляліся. Агульная колькасць жыхароў вёскі ў выніку міграцый сялян у гарады СССР і па інш. прычынах зменшылася ў 1930-я г. на 1 млн.чал.Вял. ўрон вёсцы быў нанесены ў гады Вял.Айч. вайны: ням.-фаш. захопнікі разбурылі і спалілі 9200 вёсак (620 разам з жыхарамі), знішчылі 782,2 тыс.чал. У пасляваен. час ішоў працэс адбудовы вёскі, у Зах. Беларусі праведзена калектывізацыя. У 1960—80-я г. на аснове нарошчвання мат.-тэхн. базы сельскай гаспадаркі вырас дабрабыт і культ. ўзровень вёскі, усё больш вёскі забудоўваліся па спец. праектах (цэнтр сядзібы саўгаса «Прагрэс» Гродзенскага, «Новы быт» Мінскага, «Рассвет» Кіраўскага р-наў і інш.). Адначасова ўдз. вага вясковага насельніцтва скарацілася да 35%, каля ⅓ яго складаюць пенсіянеры, за апошнія 30 гадоў знікла больш як 10 тыс. вёсак. З канца 1980-х г. у вёсцы праводзіцца агр. рэформа, узнікаюць фермерскія гаспадаркі і с.-г. кааператывы, адноўлена арэнда зямлі. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 у зоне радыяцыйнага забруджвання апынуліся 54 раёны, сотні вёсак апусцелі. У 1986—92 на новае месца жыхарства пераехала 130 тыс.чал., пераважна вяскоўцаў. Акрамя вёсак на Беларусі гістарычна існавалі інш. тыпы сельскіх паселішчаў: сяло, аколіца, засценак, хутар, фальварак і інш.Гл. таксама Сялянства, Аграрнае пытанне, Аграрныя рэформы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЦТВА,
1) галіна матэрыяльнай вытв-сці па стварэнні, рэканструкцыі, расшырэнні будынкаў і збудаванняў, якія забяспечваюць вытв. дзейнасць людзей і іх матэрыяльна-культ. патрэбы.
2) Працэс збудавання аб’екта, будоўля.
3) Аб’ект разам з адведзенай тэр. для выканання буд.-мантажных работ. Вылучаюць жыллёва-камунальнае будаўніцтва, прамысловае будаўніцтва, сельскагаспадарчае будаўніцтва, транспартнае будаўніцтва, энергетычнае будаўніцтва, гідратэхнічнае будаўніцтва і інш. Прадукцыя будаўніцтва — завершаныя і падрыхтаваныя да эксплуатацыі прамысл. і с.-г. прадпр., інж. і трансп. камунікацыі, жылыя дамы, грамадскія і інш. будынкі. Як галіна эканомікі будаўніцтва — аснова памнажэння нацыянальнага багацця. Высокія тэмпы капітальнага будаўніцтва забяспечваюць абнаўленне буд. прадукцыі, вызначаюць тэмпы інтэнсіфікацыі ўсяго нар.-гасп. комплексу краіны. Ажыццяўляецца будаўніцтва на аснове праектавання і выдзеленых інвестыцый. Для выканання будаўнічых работ створаны агульнабуд. і спецыялізаваныя арг-цыі, фірмы, якія вядуць будаўніцтва падрадным (на аснове дагавораў з падрадчыкамі) і гасп. (сіламі ўласніка аб’екта) спосабамі. Будаўнічыя матэрыялы і будаўнічыя канструкцыі для будаўніцтва пастаўляе будаўнічых матэрыялаў прамысловасць, будаўнічыя машыны і абсталяванне — будаўніча-дарожнае і камунальнае машынабудаванне. На аснове ўмацавання матэрыяльна-тэхн. базы будаўніцтва ўдасканальваецца тэхналогія буд. работ, пашыраецца зборнае будаўніцтва, у т. л. аб’ёмна-блочнае, што павышае тэмпы будаўніцтва і ўзровень індустрыялізацыі.
Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Францыі, Японіі і інш. краінах, дзе на долю будаўніцтва прыпадае 8—16% валавога ўнутр. прадукту і 4—9% агульнай колькасці работнікаў, занятых у вытв-сці. Там пераважаюць дробныя і сярэднія фірмы: у ЗША больш за 80% буд. фірмаў маюць да 5 работнікаў кожная, у Францыі больш за 90% такіх фірмаў маюць да 10 чал., у Германіі малыя буд. фірмы (да 100 чал.) выконваюць да 65% аб’ёму буд. работ. Аднак вырашальную ролю ў Б. адыгрываюць буйныя фірмы, што дамінуюць у якасці падрадчыкаў на міжнар. рынку, асабліва ў краінах Б. Усходу, Лац. Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На стан будаўніцтва істотна ўплываюць асацыяцыі і аб’яднанні, якія распрацоўваюць і выдаюць нарматыўныя дакументы, прапагандуюць перадавы вопыт, арганізуюць павышэнне кваліфікацыі буд. кадраў, выдаюць спец. часопісы і інш. Кіраванне буд. галіной ажыццяўляецца на аснове буд. кодэксаў. У Японіі дзейнічае Мін-ва будаўніцтва, у Канадзе — Федэральнае мін-вадзярж. будаўніцтва, у Вялікабрытаніі — Мін-ва будаўніцтва і грамадскіх работ, у ЗША — Мін-ва жыллёвага будаўніцтва і гар.развіцця.
У дарэв. Беларусі будаўніцтва вялі пераважна прыватныя падрадныя буд. арг-цыі, рабочыя-сезоннікі, найчасцей уручную. Аднак тут пракладзена густая сетка чыгунак, уведзена ў дзеянне шмат прамысл. прадпрыемстваў, выкананы значны аб’ём меліярац. работ. Гэтаму спрыяла адносна развітая прам-сцьбуд. матэрыялаў. З 1920-х г., асабліва з ажыццяўленнем індустрыялізацыі, будаўніцтва набыло шырокі размах. У 1940 у сістэме трэста Белдзяржбуд дзейнічала 120 пярвічных буд. арг-цый, у т. л. 30 спецыялізаваных, якія выконвалі падрадным спосабам каля 60% аб’ёму буд. работ. За 1919—40 пабудавана і капітальна адрамантавана больш за 1800 прамысл. прадпрыемстваў, 316 МТС, больш за 12 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, шмат школ, мед. устаноў, грамадскіх будынкаў і інш. У Вял.Айч. вайну асн. фондам Беларусі прычынены вял. страты. Аднаўленне і развіццё нар. гаспадаркі абумовілі істотнае павелічэнне маштабаў буд. работ: у 1944—50 капіталаўкладанні ў 1,4 раза перавысілі іх аб’ём за перадваенны перыяд. Усяго ў 1945—95 адноўлена і пабудавана больш за 880 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. Мінскі трактарны, Мінскі і Беларускі аўтазаводы, Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапр. з-ды, ВА «Беларуськалій», Бел. металургічны з-д і інш. гіганты індустрыі; адноўлена і пабудавана 182,8 млн.м² агульнай (карыснай) плошчы жылля, вял. колькасць аўтадарог і чыгунак, меліярац. збудаванняў. Маштабныя буд. работы выкананы па мінімізацыі вынікаў Чарнобыльскай катастрофы. На сучасным этапе будаўніцтва ажыццяўляюць арг-цыі і прадпрыемствы Мін-ва архітэктуры і буд-ва, канцэрнаў «Мінскбуд», «Белпаліўгаз», спец. трэсты «Белэнергабуд», «Белтрансбуд», «Белсувязьбуд», «Палессевадбуд» і інш. У іх складзе каля 200 аб’яднанняў, трэстаў, акц. т-ваў, якія аб’ядноўваюць 995 падрадных буд.-мантажных і 234 рамонтна-буд. арг-цыі (1994) Дзейнічаюць больш за 2 тыс. малых буд. прадпрыемстваў і кааператываў розных формаў уласнасці, у т. л. прыватныя. У 1995 на долю дзярж. падрадных арг-цый прыпадала 39% аб’ёму буд. работ, на калектыўныя — 49%, на арг-цыі змешаных формаў уласнасці — 12%. Створана развітая сетка праектна-вышукальных работ, наладжана вытв-сцьбуд. матэрыялаў і машын.
Літ.:
Лисичкин В.А., Ковальский М.И. Организация управления строительством в капиталистических странах. М., 1987;
Рекитар Я.А. Материальная база капитального строительства: (экон. пробл. и тенденции развития). М., 1988;
Инвестиционный комплекс и проблемы его развития в условиях перехода к рыночной экономике: Сб. науч. тр.Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВО́Е АБСЛУГО́ЎВАННЕ,
форма задавальнення матэрыяльных і культ.-быт. патрэб грамадзян, прадпрыемстваў і арг-цый праз аказанне паслуг; частка сферы абслугоўвання. Прадпрыемствы бытавога абслугоўвання аказваюць паслугі: прамысловыя (рамонт транспартных сродкаў, складанай быт. тэхнікі, вытв-сць і рамонт металавырабаў, адзення, абутку, мэблі, хімчыстка, мыццё бялізны, фотапаслугі, рамонт і буд-ва жылля і інш.) і непрамысл. (паслугі цырульнікаў, лазняў, пракатных пунктаў, даведачных бюро, догляд хворых, састарэлых і дзяцей, дастаўка на дом прадуктаў, білетаў, прыбіранне кватэр і інш.). Адрозніваюць паслугі па вытв-сці гатовай прадукцыі, рамонце вырабаў, задавальненні патрэб асабістага характару. Іх аказваюць насельніцтву па індывідуальных заказах і шляхам вырабу невял. партый прадукцыі, якую рэалізуюць праз уласную сетку, а прадпрыемствам і арг-цыям — паводле заключаных дагавораў. З паскарэннем сац. і навук.-тэхн. прагрэсу, ростам дабрабыту насельніцтва значэнне грамадска арганізаваных формаў задавальнення быт. патрэб расце: бытавое абслугоўванне разам з інш. галінамі сферы абслугоўвання (гандаль, грамадскае харчаванне, камунальная гаспадарка) паступова замяняе асобныя элементы хатняй гаспадаркі грамадскай вытв-сцю і арганізаваным абслугоўваннем. Таму ў развітых краінах бытавое абслугоўванне — высокаіндустр. галіна з выкарыстаннем найноўшых машын, абсталявання і тэхналогій, разнастайных формаў сэрвісу. Развіццё бытавога абслугоўвання садзейнічае павелічэнню занятасці насельніцтва, стварэнню жыллёвага камфорту, рацыянальнаму выкарыстанню вольнага часу, павышэнню культ.-адукац. ўзроўню насельніцтва, лепшай арганізацыі яго адпачынку, а ў выніку — росту прадукцыйнасці грамадскай працы. Асабліва вял. роля бытавога абслугоўвання ў эканам. і сац.-культ. развіцці сельскіх нас. пунктаў.
На Беларусі быт. паслугі здаўна аказвалі саматужнікі-адзіночкі і невял. спецыялізаваныя арцелі (шаўцоў, краўцоў і інш.). Большасць насельніцтва, асабліва сельскага, задавальняла быт. патрэбы традыцыйным самаабслугоўваннем. За час рэвалюцыі, грамадз. вайны і пасляваен. разрухі і гэтая служба быту перастала існаваць. Яе аднаўленне пачалося ў 1920-я г. У чэрв. 1925 ЦВК і СНКБССР прынялі пастанову аб рэгістрацыі т-ваў саматужнікаў, а ў снежні — «Аб зацвярджэнні Беларускага Саюза саматужна-промыславай кааперацыі (Белсампрамсаюза)», на аснове якіх за перадваен. гады аб’яднаны дробныя арцелі і створана сетка новых прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання. У пасляваенны перыяд служба быту аднаўлялася і пашыралася на новай тэхн. аснове. У 1960 дзейнічалі 4724 прадпрыемствы быт. паслуг, з іх больш за 3 тыс. аказвалі прамысл. віды паслуг. У 1965 промыславая кааперацыя рэарганізавана ў Гал. ўпраўленне быт. абслугоўвання насельніцтва, а ў 1966 ператворана ў адпаведнае мін-ва. За 1966—70 створаны 2573 прадпрыемствы быту, за 1971—75 колькасць майстэрняў (атэлье) у гарадах і гар. пасёлках павялічылася на 1510 адзінак, а ў сельскай мясцовасці — на 643, прыёмных пунктаў адпаведна на 1203 і 1061 адзінку. Дзейнічалі спецыялізаваныя прадпрыемствы па мыцці бялізны, хімчыстцы адзення, тэхн. абслугоўванні легкавых аўтамабіляў, рамонце быт. машын і прылад, рамонце і пашыве адзення, абутку, рамонце і вырабе мэблі. Сфарміравана сетка комплексных прыёмных пунктаў і дамоў быту на цэнтр. сядзібах калгасаў і саўгасаў. Нарошчваліся вытв. магутнасці ў сферы бытавога абслугоўвання, павялічваўся аб’ём відаў паслуг. З 1990 функцыі дзярж. рэгулявання ў сферы бытавога абслугоўвання ўскладзены на Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання насельніцтва. Усе яго прадпрыемствы належаць да камунальнай уласнасці (у т. л.абл., гар. і раённай). Быт. паслугі аказваюць таксама прадпрыемствы камун. гаспадаркі, аўтатранспарту, мясц. прамысловасці і інш. У сферы бытавога абслугоўвання фарміруецца таксама сістэма арганізаванага (малыя прадпрыемствы, атэлье) і індывідуальнага (па патэнтах) бізнесу. Пра развіццё гэтай галіны на Беларусі гл.табл.
У пераходны да рыначнай эканомікі перыяд колькасць прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання паменшылася, прадаўжаецца іх прыватызацыя. У 1995 з агульнай колькасці прадпрыемстваў бытавога абслугоўвання 4546 дзярж., 3272 калектыўныя, 18 прыватных. Яны аказвалі насельніцтву больш за 600 відаў быт. паслуг. У аб’ёме ўсіх платных паслуг бытавога абслугоўвання займае 3-е месца пасля пасажырскага транспарту і камун. гаспадаркі. Найб. ўдзельную вагу ў бытавым абслугоўванні займаюць паслугі пральняў (14,3%), транспартныя (10,4%), рамонт і тэхн. абслугоўванне транспартных сродкаў (9,3%), пашыў адзення (6,7%). Створана інфраструктура галіны: ін-т «Белбыттэхпраект», камбінат «Белбытрэклама», доследна-мех.з-д, вылічальны цэнтр; у абласцях дзейнічаюць рамонтна-буд. ўпраўленні, базы «Аблбытзаб», аўтабазы, вучэбна-курсавыя камбінаты. У пашырэнні сферы бытавога абслугоўвання — вял. рэзерв павелічэння занятасці насельніцтва, што вызваляецца з вытв-сці ў выніку яе структурнай перабудовы.
Ю.І.Муравіцкі.
Асноўныя паказчыкі развіцця бытавога абслугоўвання ў Беларусі
1970
1980
1990
1995
Колькасць прадпрыемстваў (разам з атэлье і майстэрнямі), адзінак
9053
11 206
12 441
7836
у т. л. ў сельскай мясцовасці
4354
5302
4890
2658
Аб’ём рэалізацыі быт. паслуг (у цэнах адпаведных гадоў), млн.руб.
141,5
327
808
1 145 398
у т. л. ў сельскай мясцовасці
35,3
97
200
204 838
Сярэднегадавая колькасць работнікаў на прадпрыемствах і ў прыёмных пунктах, тыс.чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), антрапаген (ад антрапа... + грэч. genos нараджэнне), чацвярцічная сістэма (перыяд),
апошняя сістэма кайназойскай эратэмы (групы) і апошні перыяд геал. гісторыі Зямлі, які доўжыцца і цяпер. Назву даў у 1922 рускі геолаг А.П.Паўлаў па найважнейшай падзеі — станаўленні чалавека. Ніжняя ўзроставая мяжа 1,65 млн. гадоў (некаторыя даследчыкі лічаць 2,4—3 млн. гадоў). Традыцыйна падзяляецца на галацэн (0—10 тыс. гадоў назад), плейстацэн (10—800 тыс. гадоў назад) і эаплейстацэн (800—1650 тыс. гадоў назад). Антрапаген вывучае чацвярцічная геалогія, адзін з цэнтраў развіцця якой на Беларусі.
Агульная характарыстыка. Адклады антрапагену ўтварыліся ў выніку дзеяння спецыфічных для канца кайназою прыродных працэсаў, сярод якіх найважнейшыя — глабальнае пахаладанне клімату, інтэнсіўныя тэктанічныя рухі і вулканізм, мацерыковыя зледзяненні і звязаныя з імі ваганні ўзроўню акіяна. Тэктанічныя рухі зямной кары ў поясе альпійскай складкавасці і пахаладанне клімату прывялі да павелічэння крыясферы і ўзнікнення зледзянення на мацерыках Паўн. паўшар’я. Ледавіковыя покрывы ахапілі да 45 млн.км² сушы, што ў 3 разы перавышала сучаснае зледзяненне. Паўд. мяжа макс. пашырэння лёду дасягала ў Еўропе 48°30′паўн. ш., у Паўн. Амерыцы — 37°30′паўн. ш. Даследчыкі вылучаюць ад 3 да 9 зледзяненняў, якія чаргаваліся з міжледавікоўямі. На тэр. Беларусі праходзяць межы большасці вял. ледавіковых покрываў. У час зледзяненняў вял. масы вады акумуляваліся ў ледавіковых шчытах, што выклікала зніжэнне ўзроўню акіяна на 100 м і больш і злучэнне мацерыкоў Паўн. паўшар’я па Берынгавым мосце. Узровень акіяна і клімат міжледавіковых часоў нагадваў сучасны. У субтрапічных шыротах зледзяненням адпавядалі вільготныя перыяды (плювіялы), міжледавікоўям — больш сухія.
Адклады антрапагену пераважна кантынентальныя, сярод іх найб. пашыраны ледавіковыя (марэнныя, канцова-марэнныя, водна-ледавіковыя і лёсавыя) і такія генетычныя тыпы, як алювій, перлювій, калювій, азёрныя, балотныя, эолавыя. На прыморскіх раўнінах і шэльфе намнажаліся ледавікова-марскія і марскія адклады. У тоўшчы антрапагену на Беларусі на ледавіковыя адклады прыпадае да 88%. Пяскі складаюць 39%, гліны — 4, буйнаабломкавыя пароды — 4, марэны — 8, лёсападобныя — 0,5, карбанатныя — 1, інш. — 3,5%. Магутнасць кантынентальных адкладаў да 300 м, сярэдняя на Беларусі — 80 м, макс. — 324,5 м (у Лагойскай астраблеме). На адкладах антрапагену ўтварыўся сучасны рэльеф раўнін і нізін Зямлі, яны з’яўляюцца субстратам для глебаў, аб’ектам горных, інж.-геал. работ і антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Станаўленне чалавека супадае з антрапагенавым перыядам: пітэкантрап з’явіўся ва Усх. Афрыцы каля 1,6 млн. гадоў назад. У канцы плейстацэну людзі рассяляліся паблізу ледавіка, дзе жылі буйныя жывёлы (у прыватнасці, маманты), паляванне на якіх было асновай існавання познапалеалітычнага чалавека. Мяркуюць, што на тэр. Беларусі чалавек з’явіўся каля 100 тыс. гадоў назад (вядомыя стаянкі першабытных людзей Бердыж і Юравічы маюць узрост 26—24 тыс. гадоў).
Карысныя выкапні. У адкладах антрапагену вядомы радовішчы золата, алмазаў, баксітаў, нікелю, буд. матэрыялаў (гліна, суглінак, пясок, жвір, галечнік, валуны, вапняк), торфу, сапрапеляў, прыроднага газу, дыятамітаў, солі, лячэбных гразяў, серы, марганцу, прэснай пітной вады. На Беларусі з гэтых адкладаў здабываюць буд. матэрыялы, торф, сапрапелі, лячэбныя гразі, пітную ваду, россыпнае золата.
Стратыграфічны падзел. У пач. 20 ст. аўстрыйскія вучоныя А.Пенк і Э.Брыкнер распрацавалі ледавіковую стратыграфію для Альпаў, у якіх вылучылі 4 зледзяненні — гюнцкае, міндэльскае, рыскае і вюрмскае, пазней дунайскае (самае старажытнае). Найчасцей антрапагенавая сістэма (перыяд) падзяляюць на 4 звяны (адпавядаюць пададдзелу) — ніжняе, сярэдняе, верхняе і сучаснае. У рэгіянальных стратыграфічных шкалах асн. адзінка расчлянення — гарызонт, які адпавядае палавіне кліматычнага рытму — пахаладанню (зледзяненню) або пацяпленню (міжледавікоўю). У схеме чацвярцічных (антрапагенавых) адкладаў Беларусі вылучаны (1981) брэсцкі перадледавіковы, нараўскі, бярэзінскі, дняпроўскі, сожскі, паазерскі ледавіковыя і белавежскі, александрыйскі, шклоўскі, муравінскі і галацэнавы міжледавіковыя гарызонты. Многія бел. даследчыкі з белавежскага гарызонта вылучаюць карчоўскі міжледавіковы, атаясамліваюць белавежскі і шклоўскі міжледавіковыя гарызонты, аб’ядноўваюць дняпроўскі і сожскі ледавіковыя гарызонты і вылучаюць эаплейстацэн і інш. падраздзяленні. У Зах. Еўропе найб. пашырана школа, распрацаваная В.Загвійнам (1989) для Нідэрландаў, у Расіі — І.І.Красновым і А.П.Зарынай (1987), С.М.Шыкам (1992), на Беларусі — схемы Б.М.Гурскага з сааўтарамі (1981) і Л.М.Вазнечука (1981).
Літ.:
Материалы по стратиграфии Белоруссии. Мн., 1981;
Стратиграфия СССР: Четвертич. система. Полутома 1—2. М., 1982—84;
Zagwijn W.H. The Netherlands during the Tertiary and the Quaternary: A case history of Coastal Lowland evolution // Geologie en Mijnbouw. 1989. Vol. 68, Nr. 1.