БАГУ́Н (Міхась) (сапр.Блошкін Міхаіл Фёдаравіч; 8.11.1908, Мінск — 17.2.1938),
бел. пісьменнік. Скончыў курсы пры Мінскім бел.пед. тэхнікуме (1928). З 1929 настаўнічаў. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», у Дзярж. выд-ве БССР і газ. «Літаратура і мастацтва». У 1936 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у Сібіры. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1925. Яго лірыка рамантычна-акрыленая, жыццесцвярджальная (зб-кі «Рэха бур», 1931, «Рэвалюцыі», 1932). Паэма «Крокі ў вяках» (1930) і некат. вершы напісаны пад уплывам У.Маякоўскага. Паэма «Канчыта з-пад Таледа» (1936) пра нац.-рэв. вайну ў Іспаніі. Пісаў апавяданні для дзяцей («Жэнька», 1934). Пераклаў на бел. мову раманы М.Астроўскага «Як гартавалася сталь» (1936), Л.Первамайскага «Ваколіцы» (1931, з З.Астапенкам), Ф.Панфёрава «Брускі» (1932, з Т.Кляшторным), вершы А.Пушкіна, Маякоўскага, Э.Багрыцкага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ДЭНСКАЯ ШКО́ЛА, фрайбургская школа, гейдэльбергская школа,
кірунак у неакантыянстве канца 19 — пач. 20 ст. Мела значны ўплыў у Германіі. Гал. прадстаўнікі В.Віндэльбанд, Г.Рыкерт, Р.Кронер, Э.Ласк, Г.Мюнстэрберг і інш. Паводле вучэння прадстаўнікоў гэтай школы, у свеце неабходнасці і ўсеагульных абсалютных каштоўнасцяў існуе надіндывідуальная абстрактная дасканалая свядомасць, вышэйшая ступень існавання якой ідэал. Але ідэалы не заўсёды здзяйсняюцца. Адсюль і кантаўская супярэчнасць паміж быццём і неабходнасцю, павіннасцю. Асн. ідэя Бадэнскай школы ў тым, што філасофія — гэта навука пра ідэальныя нормы і абсалютныя каштоўнасці, а эмпірычныя навукі вывучаюць тое, што існуе заўсёды, устанаўліваюць агульныя заканамернасці з’яў прыроды; у адрозненне ад гэтых навук гіст. навука — ідэаграфічная (апісвае і ацэньвае грамадскія з’явы).
Літ.:
Ситковский Е. Неокантианство // Из истории философии XIX века: Сб. ст.М., 1933;
Григорьян Б. Неокантианство: Критич. очерк. М., 1962.
рускі і бел. артыст балета і балетмайстар. Засл. арт. Расіі (1957), засл. дз. маст. Беларусі (1963). Скончыў Ленінградскае харэагр. вучылішча (1939). Да 1959 саліст і балетмайстар Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. У 1960—64 і 1971—73 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета БССР. Паставіў (разам з Н.Стукалкінай) першыя нац. балеты на сучасную тэму «Мара» Я.Глебава (1961) і «Святло і цені» Г.Вагнера (1963). З інш. пастановак на бел. сцэне: «Казка пра мёртвую царэўну і сем асілкаў» У.Дзешавова на тэмы А.Лядава (1961), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1962), «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера і «Балеро» на муз. М.Равеля (1963), «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына (1971; усе са Стукалкінай).
Літ.:
Грищенко М.М. Белорусский балет и современная тема. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРЭ́ЕЎ (Леанід Мікалаевіч) (21.8.1871, г. Арол — 12.9.1919),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1897). Друкаваўся з 1892. Раннія творы вытрыманы ў традыцыях крытычнага рэалізму («Вялікі шлем», «Пецька на дачы», «Анёлачак», «Жылі-былі»). Спачуваў рэвалюцыянерам, пратэставаў супраць вайны («Іншаземец», «Марсельеза», «Чырвоны смех»). У больш позніх творах («Сцяна», «Думка», «Бездань», «Жыццё Васіля Фівейскага») адчуваецца песімізм, падкрэсліваецца бяссілле чалавечага розуму. Рэвалюцыя 1905—07 абвастрыла цікавасць да сац. праблем (драмы «Да зор», 1905, выд. 1906; «Губернатар», 1906; «Апавяданне пра сем павешаных», 1908), а яе паражэнне выклікала расчараванне; матывы адчаю, вобразы смерці ідуць побач з паэтызацыяй анархічнага бунту: п’есы «Сава» (1906), «Жыццё чалавека» (1907), «Чорныя маскі», «Цар Голад» і «Анатэма» (усе 1908); апавяд. «Цемра», «Пракляцце звера» (абодва 1907); раман «Сашка Жыгулёў» (1911). Пасля Кастр. рэвалюцыі жыў у Фінляндыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ПДАЙК ((Updike) Джон) (н. 18.3.1932, Шылінгтан, штат Пенсільванія, ЗША),
амерыканскі пісьменнік. Скончыў Гарвардскі ун-т (1954). На пачатку літ. дзейнасці пісаў фельетоны, апавяданні, вершы, эсэ, пародыі: зб-кі вершаў «Драўляная курыца і іншыя ручныя стварэнні» (1958), апавяданняў «Тыя ж дзверы» (1959), «Галубінае пер’е» (1962). Вядучая тэма творчасці — побыт, псіхалогія, маральныя каштоўнасці радавога амерыканца (аповесць «Ферма», 1965; раманы «Кірмаш у багадзельні», 1959; «Трус, уцякай», 1960; «Трус, які вылечыўся», 1979; «Трус разбагацеў», 1981, і інш.). У рамане Апдайка «Кентаўр» (1963) праблема смерці і бессмяротнасці пераплятаецца з пошукамі сэнсу жыцця, пераадоленнем адчужэння, са сцверджаннем дабрыні; у раманах «Месяц адпачынку» (1975), «Давай пажэнімся» (1976), «Іствікскія ведзьмы» (1984) і інш. імкненне перамагчы боязь смерці любоўю, сексуальным «адраджэннем»; раман-дыспут «Версія Роджарса» (1985) пра «навук. доказы быцця божага». Аўтар зб.апавяд. «Даверся мне» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБЕ́Й (Лідзія Львоўна) (н. 27.6.1925, в. Нізок Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Канд.філал.н. (1958). Скончыла БДУ (1951). Працавала ў рэдакцыях час. «Вожык», «Полымя», газ. «Чырвоная змена», выд-ве «Беларусь». Друкуецца з 1946. Аўтар манаграфій «Цётка (Алаіза Пашкевіч)» (1956) і «Хвядос Шынклер» (1959), твораў для дзяцей (зб. апавяданняў «Калібры», 1960, аповесць «Сіні бор», 1972; зб. апавяданняў і казак «Ісці ў разведку», 1989). Пра жыццё і творчасць Цёткі аповесці «На струнах буры» (1966) і «Стану песняй» (1977). Актуальныя праблемы сучаснасці ў аповесцях «Мера часу» (1962), «Экзамен» (1963), «Ваўчкі» (1972). Айч. вайна — гал. тэма аповесцяў «На другой зіме вайны» (1966) і «Сярод ночы» (1968), раманаў «Іскры ў папялішчы» (1969), «Сузор’е Вялікай Мядзведзіцы» (1980), зб. прозы «Мне трэба ехаць» (1974).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШЭ́ВІЧ ((Bartoszewicz) Юльян) (17.1.1821, г. Бяла-Падляска, Польшча — 5.11.1870),
польскі гісторык, літаратуразнавец. Чл. Віленскай археал. камісіі. У 1838—42 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це, пазнаёміўся з Я.Баршчэўскім і памагаў яму ў рэдагаванні альманаха «Niezabudka» («Незабудка»). У 1840—60-я г. рэдагаваў газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі веснік»), «Kronika wiadomości krajowych і zagranicznych» («Хроніка мясцовых і замежных паведамленняў»), у якіх змяшчаў і карэспандэнцыі з Беларусі. Аўтар прац «Каралевічы-біскупы» (1851), «Арцыбіскупы і прымасы» (1858—68), «Польскія гетманы» (1860—66), «Першапачатковая гісторыя Польшчы» (т. 1—4, 1878—79). У «Гісторыі польскай літаратуры» (т. 1—2, 2-е выд., 1877) даў звесткі і прастараж.бел. л-ру. На бел. матэрыяле часткова заснаваны яго працы «Выдатныя польскія дзеячы XVIII ст.» (т. 1—3, 1853—56) і «Гістарычныя і літаратурныя даследаванні» (т. 1—3, 1880—81).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САЎСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АБ’ЯДНА́НЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1946 у г. Барысаў, адкрыты ў 1950, да 1988 краязнаўчы музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 170 м²), больш як 31 тыс. экспанатаў (1995). Матэрыялы знаёмяць з гісторыяй узнікнення і развіцця Барысава (археал. знаходкі, дакументы часоў ВКЛ, зброя перыяду вайны 1812, этнагр. экспанаты, нумізматычная калекцыя і інш.), падзеямі рэв. руху, грамадз. вайны, рэпрэсіямі ў 1930-я г., партыз. рухам і дзейнасцю Барысаўскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну, аднаўленнем і развіццём гаспадаркі горада і раёна. Экспануюцца матэрыялы пра знакамітых землякоў: удзельнікаў рэв. руху, дзярж. дзеячаў, Герояў Сав. Саюза, вучоных, дзеячаў мастацтва і л-ры (А.Трусава, Я.А.Адамовіча, М.І.Марозава, Г.П.Гурыновіча, У.В.Кавалёнка, А.А.Анікейчыка, М.Клімковіча, І.Харыка і інш.), творы скульптараў і мастакоў. Мае навукова-даведачную б-ку; філіялы: Іканскі музей народнай славы, Дом-музей А.Ф.Купрыянавай у Жодзіне.
Будынак Барысаўскага дзяржаўнага аб’яднанага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЕ́ЎСКІ ((Wiszniewski) Міхал) (27.9.1794, с. Фірлеева Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 22.12.1865),
польскі гісторык літаратуры, філосаф, псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Зах. Еўропы. З 1831 праф. гісторыі, потым гісторыі л-ры Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Асн. праца — «Гісторыя польскай літаратуры» (т. 1—10, 1840—57; даведзена да сярэдзіны 17 ст.). У ёй ёсць звесткі пра Ф.Скарыну, інш. прадстаўнікоў бел. рэнесансавай л-ры. Выдаў «Помнікі польскай гісторыі і літаратуры» (т. 1—4, 1835—37), куды ўключаны і бел. матэрыял. Вішнеўскі — апошні прадстаўнік філас. думкі польск. асветніцтва, папярэднік пазітывізму. У манаграфіі «Бэканаўскі метад тлумачэння прыроды» (1834) сфармуляваў праграму аб’яднання назірання і эксперыменту з матэматычнымі метадамі. Даследаванне «Тыпы чалавечых розумаў» (1837) — наватарская спроба тыпалагізацыі інтэлектаў, першая польск. праца ў галіне псіхалогіі.
Літ.:Dybiec J. Michał Wiszniewski: Życie i twórczošč. Wrocław etc., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж. Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт.Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).