БРЫГА́ДА [франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст. стала асн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял.Айч.вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл.Партызанская брыгада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ЖНЕЎ (Леанід Ільіч) (19.12.1906, г. Днепрадзяржынск, Украіна — 10.11.1982),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1961), 4 разы Герой Сав. Саюза (1966, 1976, 1978, 1981). Маршал Сав. Саюза (1976). Скончыў Днепрадзяржынскі металургічны ін-т (1935). Працаваў інжынерам, сакратаром Днепрапятроўскага абкома КП(б)У. У Вял.Айч.вайну ў паліторганах Паўд. і 4-га Укр. франтоў. З 1946 на кіруючых пасадах у Запарожскім, Днепрапятроўскім абкомах КП(б)У, ЦК КП Малдавіі, Гал. палітупраўленні Сав. Арміі і ВМФ, ЦК КП Казахстана. З 1956 сакратар ЦККПСС. У 1960—64 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР. З 1964 1-ы сакратар (з 1966 Ген. сакратар) ЦККПСС, адначасова з чэрв. 1977 Старшыня Прэзідыума Вярх. Савета СССР і Старшыня Савета абароны СССР. У гады знаходжання Брэжнева на вышэйшых кіруючых пасадах пачалася палітыка разрадкі, СССР удзельнічаў у т.зв. хельсінскім працэсе, былі заключаны сав.-амер. пагадненні па абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. Разам з тым у краіне нарасталі негатыўныя працэсы ў эканоміцы, сац. і духоўнай сферах жыцця. Пры Брэжнева былі ўведзены сав. войскі ў Чэхаславакію (1968) і Афганістан (1979), узмацнілася паліт. цэнзура, праследаванне іншадумства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДЗЬКА (Эдзюк) (Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),
бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ.«Светач», з Ц.Гартным супрацоўнічаў у газ.«Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч.вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ.«Бацькаўшчына» і інш.
Літ.:
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адзін з найб. шанаваных каталіцкіх абразоў на Беларусі. Знаходзіцца ў касцёле Ушэсця Маці Божай у в.Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Паводле касцельнай гісторыі, падараваны ў 1598 папам рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу з нагоды яго пераходу з кальвінізму ў каталіцызм. Пасля смерці Паца абраз перайшоў капелану І.Салакаю, які ў 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінцаў; шату для абраза падараваў у 1-й пал. 17 ст. віленскі гвардыян бернардзінцаў Ф.Калецкі. Тут абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаны настаяцелем Э.Зеляевічам у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650). У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 часова быў вывезены ў Саколку (Беласточчына). Бернардзінцы літ. правінцыі прапагандавалі культ абраза, з пач. 19 ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштара ў 1859 вядомасць абраза зменшылася. З пач. 1990-х г. аднаўляецца яго культ, адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. 2.7.1996 папскі нунцый арцыбіскуп Д.Грушэўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названа патронкай Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі, г. зн. Беларусі. Абраз намаляваны алеем на палатне памерам 72 × 65 см, іканаграфічна належыць да зах.-еўрап. тыпу Адзігітрыі. Рэстаўрыраваны ў 1991—92 В.Лукашэвічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1918 у Віцебску як губернскі на базе музеяў старажытнасцей пры Віцебскім губ. стат. к-це (засн. ў 1868), Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, матэрыялаў Віцебскага царкоўна-археалагічнага музея, Віленскага ваен. збору, прыватнага музея В.П.Федаровіча, калекцый А.Брадоўскага і інш. З 1924 — Віцебскае аддз.Бел.дзярж. музея, з 1929 Віцебскі культ.-гіст. музей, з 1951 сучасная назва. У Вял.Айч.вайну частка экспанатаў разрабавана ням.-фаш. захопнікамі. Адноўлены ў 1945. Займае будынак б. ратушы (18 ст.), мае 16 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 921 м²), каля 157 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Аддзелы: н.-д. фондаў, навук асветны, рэстаўрацыйна-мастацкі. Сярод экспанатаў археал. знаходкі, берасцяная грамата 13 ст., кніга прывілеяў Віцебска, рыцарскі пояс караля Стафана Баторыя, кларнет караля Яна III Сабескага, старадрукі 17—18 ст., посуд Налібоцкай і Ўрэцкай мануфактур 18 ст., калекцыі манет 9—20 ст., у т. л. рэдкая — яфімкаў, стараж. зброі, атрыбутыкі масонаў, габеленаў 18—19 ст. Зберагаюцца асабістыя фонды гісторыка А.П.Сапунова, грамадскага дзеяча Ф.Нікановіча, матэрыялы па гісторыі Вял.Айч. вайны, пасляваен. развіцця Віцебшчыны. Мае філіялы: мастацкі, літаратурны, музей прыватных калекцый, Рэпіна Ільі музей-сядзіба (у в. Здраўнева).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ СУ́ВЯЗІ,
спецыяльныя вайсковыя фарміраванні, прызначаныя для забеспячэння сувязі і кіравання войскамі. Уваходзяць у склад усіх відаў узбр. сіл і родаў войск. Складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў сувязі, органаў забеспячэння і рамонту. Аснашчаюцца мабільнымі радыёстанцыямі, радыётэлевізійнай, фотатэлегр. і тэлеф. апаратурай (у т. л. высокачастотнага тэлефанавання і танальнага тэлеграфавання), радыёрэлейнай, трапасфернай і касм. радыёсувязі, а таксама рухомымі (самалёты, верталёты, аўтамабілі, штучныя спадарожнікі Зямлі і інш.) сродкамі сувязі. Ва Узбр. сілах Рэспублікі Беларусь войскі сувязі складаюцца з часцей і вузлоў сувязі, з падраздзяленняў забеспячэння, рамонту і эксплуатацыі сродкаў сувязі на пунктах кіравання.
У арміі Рас. імперыі падраздзяленні сувязі з’явіліся ў сярэдзіне 19 ст. У Крымскай вайне 1853—56 упершыню ўжыты паходны эл. тэлеграф. Пасля вынаходства радыё (1895) у 1897—98 пачалося выпрабаванне радыёсувязі ў рус. флоце. У 1899 сфарміравана першая ў свеце ваен. радыёчасць, у 1900 прайшлі выпрабаванні палявыя пераносныя радыёстанцыі. У час рус.-яп. вайны 1904—05 выкарыстоўваліся правадны тэлеграф, радыётэлеграф і тэлефон. У Чырв. Арміі з 1919 войскі сувязі сталі спец. родам войск. У Вял.Айч.вайну найважнейшае значэнне набыла радыёсувязь (у т. л. КХ- і УКХ-радыёстанцыі, новыя ўзоры тэлеграфна-тэлеф. апаратуры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭ́СКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,
баявыя дзеянні войскаў 3-га Укр. фронту (ген. арміі Р.Я.Маліноўскі) ва ўзаемадзеянні з Чарнаморскім флотам (адм. П.С.Акцябрскі) 26 сак. — 14 крас. з мэтай разгрому 6-й ням. і 3-й рум. армій групы армій «А» і вызвалення Адэсы ў Вял.Айч.вайну. Поспеху аперацыі садзейнічалі войскі 2-га Укр. фронту, якія ў канцы сак. фарсіравалі р. Прут і выйшлі на подступы да Ясаў, скаваўшы паўд. групоўку праціўніка. На левым крыле фронту ўдар у напрамку Мікалаева нанеслі 5-я ўдарная і 28-я арміі, 28 сак. горад быў вызвалены. Прарыў абароны на флангах і пагроза акружэння прымусілі праціўніка адыходзіць за р. Днестр. На левым крыле фронту часці 28-й арміі з дапамогай марскога дэсанта авалодалі Ачакавам і пачалі наступленне на Адэсу. 4 крас. 37-я армія і конна-механізаваная група ген. І.А.Пліева авалодалі чыг. вузлом Раздзельная. 9 крас.сав. войскі ўварваліся ў паўн. кварталы Адэсы і начным штурмам да раніцы 10 крас. вызвалілі горад. Войскі 3-га Укр. фронту 12 крас. вызвалілі Ціраспаль, 14 крас. авалодалі плацдармам на зах. беразе р. Днестр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́РЫЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Калінкавіцкім р-не Гомельскай вобл., на левым беразе р. Віша. Цэнтр пасялковага Савета і саўгаса «Азарычы». За 42 км на Пн ад Калінкавіч, 22 км ад чыг. ст. Халоднікі на лініі Жлобін — Калінкавічы, на аўтадарозе Калінкавічы — Бабруйск. 1,7 тыс.ж. (1995).
У сярэдзіне 16 ст. вёска ў Мазырскім пав.ВКЛ. З 1786 у Азарычах праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1793 у складзе Рас. імперыі. З канца 19 ст. мястэчка, цэнтр Бабруйскага пав: У 1878 — 900 ж. У 1924—31 цэнтр сельсавета і раёна, у 1931—35 цэнтр сельсавета Мазырскага р-на, у 1935—60 — Даманавіцкага р-на і Азарыцкага сельсавета. З 1938 вёска. У Вял.Айч.вайну ў сак. 1944 ням.-фаш. захопнікі стварылі паблізу Азарыч Азарыцкі лагеры смерці. З 1959 гар. пасёлак. З 1960 у Калінкавіцкім р-не.
Сепаратарнае аддз. Мазырскага малочнага з-да, участкі Калінкавіцкага лясгаса і лясніцтва, хлебапякарня, геафіз. экспедыцыя. Сярэдняя школа, дапаможная школа-інтэрнат. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, дзіцячы сад-яслі, аддз. сувязі, кафэ. Брацкая магіла і брацкія могілкі сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́Я,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., на паўд. беразе Асвейскага воз. За 40 км ад Верхнядзвінска, 37 км ад чыг. ст. Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс. 2 тыс.ж. (1995).
Вядома з 15 ст., цэнтр воласці ў складзе Полацкай зямлі. З 1505 уласнасць Глебавічаў, з 1600 Л.Сапегі, з 1749 мінскага ваяводы Я.Гільзена, які пабудаваў тут палац, касцёл, заснаваў кляштар месіянарыяў, з 1786 да канца 19 ст. ўласнасць шляхціцаў Шадурскіх. З 16 ст. цэнтр воласці Полацкага ваяв. У 1616 і 1633 занята рус. войскамі. З 1695 горад, праводзіліся 2 кірмашы на год. З 1772 у складзе Рас. імперыі, мястэчка. У 1897 — 2830 ж., у 1905 — 3700 ж., нар. вучылішча. У 1924—59 цэнтр раёна, з 27.9.1938 гар. пасёлак. У Вял.Айч.вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія спалілі Асвею і 158 навакольных вёсак, загубілі 4,4 тыс. мірных жыхароў; дзейнічала Асвейскае патрыятычнае падполле. З 1959 у Верхнядзвінскім раёне.
Прадпрыемствы: буд. Матэрыялаў, лёгкай і харч. прам-сці, торфабрыкетны завод. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры 18 ст. — Асвейскі манастырскі шпіталь, помнік палацава-паркавай архітэктуры 18 ст. — Асвейская сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕРАСТАВІ́ЦА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл., на р. Бераставічанка. За 63 км ад Гродна, за 10 км ад чыг. ст. Бераставіца на лініі Масты—Бераставіца, на аўтадарозе Гродна—Бераставіца—Ваўкавыск. 5,8 тыс.ж. (1996).
Вядома з пач. 16 ст. як уладанне навагрудскага ваяводы А.І.Хадкевіча. Належала Мнішкам, Патоцкім, Касакоўскім. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка (афіцыйна гэты статус зацверджаны ў 1725). З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Гродзенскага пав. У 1900 — 1786 ж., дробныя прадпрыемствы. З 1921 у Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, вёска ў Крынкаўскім р-не Беластоцкай вобл. У Вял.Айч.вайну з чэрв. 1941 да 17.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Вялікай Бераставіцы і раёне 634 чал. З 1944 цэнтр раёна, з 1947 гар. пасёлак. У 1962—66 у Свіслацкім р-не. У 1969 — 2,9 тыс. жыхароў.
Сярэдняя, муз. і спарт. школы, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Прадпрыемствы харч. прам-сці. Помнікі архітэктуры: Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі, касцёл (пач. 20 ст.), заезны двор (2-я пал. 19 ст.). Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.