шведскія вынаходнікі, прадпрымальнікі і прамыслоўцы. Паходзілі састараж.швед. роду Рудбекаў, адзін з прадстаўнікоў якога ў 1682 змяніў прозвішча на Нобеліус (пазней трансфарміравалася ў Нобель) па назве мяст. Нёбёлеў, дзе жыў род. Эмануэль (24.3.1801—3.9.1872), вынаходнік падводных мін. Бацька Людвіга, Роберта, Эміля і А.Б.Нобеля. У 1842—59 жыў з сям’ёй у С.-Пецярбургу, дзе заснаваў мех.з-д. У час Крымскай вайны 1853—56 пастаўляў рас. войскам узбраенне і міны. Людвіг (27.7.1831, Стакгольм — 12.4.1888), канструктар станкоў, нафтапрамысловец, інжынер-тэхнолаг. Ператварыў заснаваны бацькам з-д у буйны маш.-буд.з-д «Людвіг Н.» (цяпер «Рускі дызель» у С.-Пецярбургу). У 1876 разам з братамі Робертам і Альфрэдам заснаваў нафтапрамысловае прадпрыемства ў Баку (з 1879 «Т-ва братоў Нобель»), якое стала найбуйнейшай нафтафірмай у Рас. імперыі. Увёў транспарціроўку нафты па трубаправодах, упершыню ў свеце выкарыстаў марскія і рачныя нафтаналіўныя судны. Эмануэль (22.6.1859—31.5.1932), сын Людвіга. У 1888—1917 узначальваў прадпрыемствы сям’і Н. у Расіі. З 1918 у Швецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ЙО́РКСКАЯ ГАРАДСКА́Я О́ПЕРА (New York City Opera). Засн. ў 1943 у Нью-Йорку ў будынку Гар.цэнтр. тэатра. З 1966 працуе ў будынку Т-ра штата Нью-Йорк у Лінкальн-цэнтры. Адкрыта ў 1944 спектаклем «Тоска» Дж.Пучыні. У рэпертуары творы амер. кампазітараў
сусв. класікаў («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева, «Воцак» А.Берга, «Юлій Цэзар» Г.Ф.Гендэля, «Каранацыя Папеі» К.Мантэвердзі, «Кармэн» Ж.Бізэ, «Чароўная флейта» В.А.Моцарта, «Травіята» Дж.Вердзі і інш.). З 1984 неангламоўныя творы суправаджаюцца цітрамі на англ. мове («бягучы радок» над прасцэніумам). У т-ры працуюць (2000): спевакі Э.Бертан, С.Паўэл; дырыжоры Дж.Мэнахан, Л.Мейджар; рэжысёры Дж.Робінсан, М.Ламас; маст. кіраўнік П.Келаг.
Я.У.Новікаў.
«Нью-Йоркскі гарадскі балет». Сцэна са спектакля «Антычныя эпіграфы». Балетмайстар Дж.Робінс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБА́БА (Марцін) (?, г. Карастышаў Жытомірскай вобл., Украіна — 26.6.1651),
чарнігаўскі палкоўнік казацкага войска ў час антыфеадальнай вайны 1648—51. У 1648 пасланы Б.Хмяльніцкім на Пд Беларусі, дзе аб’яднаўся з паўстаўшымі сялянамі і гар. нізамі. Авалодаў Лоевам, Гомелем і інш. У 1651 на чале чарнігаўскага і нежынскага палкоў (15 тыс.чал.) пасланы для аховы лоеўскіх перапраў цераз Дняпро, каб не дапусціць на Украіну войскі ВКЛ на чале з гетманам польным ВКЛ Я.Радзівілам. Частку войска ён накіраваў пад Гомель (гл.Гомеля аблога 1651), а атрад у 3 тыс.чал. — на ахову лоеўскіх перапраў. 6.7.1651 частка войска ВКЛ на чале са стражнікам ВКЛ Мірскім (2500 чал.) разбіла казацкую «старожу» каля перапраў. З намерам знішчыць атрад Мірскага Н. рушыў да Лоева, куды падышло ўжо войска Радзівіла. У час бітвы (гл.Лоеўская бітва 1651) некалькі тысяч казакоў, у т. л. і Н., былі забіты. У знак павагі да мужнасці Нябабы Радзівіл загадаў «над яго магілай зрабіць вялікі насып».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл.Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш.слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш састараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),
палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БЕРТ ((Oberth) Герман) (25.6.1894, г. Сібіў, Румынія — 28.12.1989),
нямецкі вучоны, адзін са стваральнікаў ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі. Вучыўся ва ун-тах Мюнхена (1913—14, 1919—20), Гётынгена (1920—21) і інш. У 1925—38 праф. фізікі і матэматыкі ў Румыніі. Праводзіў эксперым. работы па ракетнай тэхніцы ў Вене (1938—40) і Дрэздэне (1940—41). У 1941—43 у ням.ваен. даследчым цэнтры ў Пенемюндзе. У 1955—58 у ЗША. З 1958 у ФРГ. Распрацаваў шэраг пытанняў тэорыі палёту ракет і выкарыстання іх для даследавання атмасферы. Аўтар фундаментальнай працы па праблемах касманаўтыкі «Ракета ў міжпланетную прастору» (1923, Берлін—Мюнхен). Адзін з заснавальнікаў Ням.т-ва ракетнай тэхнікі і касм. палёту (з 1963 імя О.). У 1951 т-ва заснавала медаль О., які прысуджаецца за фундаментальныя даследаванні і выдатныя заслугі ў галіне ракетнай тэхнікі і касманаўтыкі.
Тв.:
Рус.пер. — Мои работы по астронавтике // Из истории астронавтики и ракетной техники. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СМІЙ (лац. Osmium),
Os, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 76, ат. м. 190,2, адносіцца да плацінавых металаў. Прыродны складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 184, 186—190, 192; найб. пашыраны 192Os (41,1%) і 190Os (26,4%). У зямной кары 5∙10−6% па масе. Адкрыты ў 1804 англ. хімікам С.Тэнантам, назва (ад грэч. osmē пах) абумоўлена непрыемным пахам аксіду OsO4.
Бліскучы серабрыста-блакітнаваты, вельмі цвёрды метал, tпл 3027 °C, 1кіп 5027 °C, шчыльн. 22 610 кг/м³. Хімічна вельмі ўстойлівы. Кампактны не ўзаемадзейнічае з к-тамі і іх сумесямі, нават з кіпячай царскай гарэлкай. Пры сплаўленні метал. О. са шчолачамі ўтвараюцца водарастваральныя солі — асматы (VI).
Дробнадысперсны пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі (напр., пры 250—300 °C з фторам утварае гексафтарыд OsF6, жоўтыя крышталі з tпл 33 °C), халькагенамі. фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент звышцвёрдых і зносаўстойлівых сплаваў (з ірыдыем, рутэніем і інш. металамі) для прыладабудавання, вырабу эталонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́САК,
кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (29.8.1868, Масква — 10.4.1932),
савецкі гісторык, парт. і дзярж. дзеяч. Акад.АНСССР (1929) і АНБССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т (1891). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. Прыхільнік «легальнага марксізму». З 1909 у эміграцыі. У 1910—13 выдаў 5 тамоў «Рускай гісторыі са старажытных часоў», апублікаваў «Нарыс гісторыі рускай культуры» (ч. 1—2, 1915—18). З 1917 у Расіі, удзельнік Кастр.ўзбр. паўстання ў Маскве, старшыня Массавета. У пач. 1918 удзельнічаў у мірных перагаворах з Германіяй у Брэсце, далучаўся да «левых камуністаў». 3 мая 1918 нам. наркома асветы РСФСР. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камуніст. акадэміі, Ін-та Чырвонай прафесуры, Ін-та гісторыі АНСССР, Цэнтр. архіва, адзін з заснавальнікаў і рэдактараў час. «Историк-марксист», «Красный архив», «Борьба классов». Пад яго рэд. апублікавана серыя дакументаў «Міжнародныя адносіны ў эпоху імперыялізму» (т. 1—9, 1931—37), «Паўстанне дзекабрыстаў» (т. 1—6, 1925—29) і інш. У 1930-я г. ў сав.гіст. навуцы дамінавала гіст. «школа П.».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... +грэч. typos адбітак, форма, узор),
друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).
На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.