мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Прымесі жалеза, кадмію, германію, марганцу і інш. Паліморфная мадыфікацыя ZnS гексаганальнай сінганіі. Крышталі дробныя пірамідальныя, радзей таблітчастыя. Агрэгаты радыяльна-прамянёвыя, слаістыя, каламорфныя. Колер ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага і амаль чорнага. Бляск смалісты. Цв. 3,4—4. Шчыльн. 4 г/см³. У асноўным гідратэрмальны мінерал. Трапляецца таксама ў асадкавых пародах, у сідэрытавых і гліністых канкрэцыях. Руда цынку, іншы раз кадмію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́ЧАКкветкі,
унутраная, звычайна ярка афарбаваная частка двайнога калякветніка кветкавых раслін. Складаецца з відазмененых лісцікаў (пялёсткаў). Адрозніваюць вяночак раздзельнапялёсткавы, у якім пялёсткі свабодныя (напр., у свірэпы, суніц, зоркаўкі), і зрослапялёсткавы (напр., у шчамяліцы, шалфею, тытуню). Афарбоўка вяночка звычайна залежыць ад асобных пігментаў (антацыянаў і флавонаў), раствораных у клетачным соку пялёсткаў. Вяночак — важная таксанамічная прыкмета, вяночак робіць кветку больш прыкметнай для насякомых і птушак, якія апыляюць расліны, ахоўвае тычынкі і слупкі ад пашкоджанняў, іншы раз выдзяляе нектар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (аддыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАЛЬКАМА́НІЯ (франц. décalcomanie),
паліграфічны спосаб вырабу пераводных відарысаў (дзіцячых малюнкаў, ярлыкоў і інш.), прызначаных для пераносу на тканіну, метал, фарфор, шкло, дрэва і інш. паверхні. Для друкавання відарысаў (у залежнасці ад метадаў іх пераносу) выкарыстоўваюцца водаўстойлівыя або тэрмапластычныя лакі і фарбы, спец. фарбы, вырабленыя на аснове смол. Друкуецца відарыс спосабам плоскага друку (літаграфіяй) на паперы са спец. пакрыццямі ці палімернай плёнцы, пад уздзеяннем вады, цяпла або ціску аддзяляецца ад падкладкі, на якой быў надрукаваны, і пераносіцца на патрэбную паверхню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (адлац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБІЯ (Gambia),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Сенегале і Гамбіі. Даўж. 1200 км, пл.бас. 180 тыс.км². Пачынаецца на плато Фута-Джалон, у верхнім цячэнні парожыстая, у сярэднім і ніжнім звілістая, цячэ па шырокай даліне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый шыр. да 20—30 км. Паводкі ў перыяд дажджоў (чэрв.—кастр.). Сярэдні расход вады 2000 м³/с. Марскія прылівы пранікаюць на 150 кмад вусця. Суднаходная на 350 кмад вусця, дзе знаходзіцца порт Банджул (Гамбія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РДЭРАВА ЗАЛО́ЗА,
вочная залоза мігальнай перапонкі ў большасці наземных і другасна-водных пазваночных жывёл. Выдзяляе тлусты сакрэт, які змазвае пярэднюю паверхню вока (рагавіцу), захоўвае яе ад высыхання, у водных жывёл — ад уздзеяння вады. У большасці жывёл гардэрава залоза знаходзіцца ў вобласці ніжняга павека каля ўнутр. (насавога) вугла вока. Добра развіта ў рыючых паўзуноў (напр., у амфізбенаў, слепазмеек). У многіх млекакормячых, у т. л. ў чалавека, рэдукавана. Гардэраву залозу ўпершыню апісаў швейц. анатам І.Гардэр у аленя (1694).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),
аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ФЫ (адгрэч. hyphē тканка, павуціна),
мікраскапічныя простыя або разгалінаваныя ніткі, якія ўтвараюць вегетатыўнае цела грыба — талом. Уся сукупнасць гіфаў грыбнога талома называецца міцэліем. Дыяметр гіфаў ад 2 да 30 мкм. Пабудаваны з адной (у ніжэйшых) або многіх (у вышэйшых грыбоў) клетак. Абалонка бясколерная, у некат. гіфах афарбаваная і яе хім. састаў (хіцін, цэлюлоза, глюкан) вар’іруецца ў розных сістэматычных групах. У выніку разбурэння гіфаў на асобныя клеткі — аідыі, а таксама шляхам утварэння хламідаспор адбываецца вегетатыўнае размнажэнне грыбоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНОТАБІЁТЫ (адгрэч. gnōtos вядомы + біёта),
жывёлы, вырашчаныя ва ўмовах поўнай стэрыльнасці, свабодныя ад мікраарганізмаў, вірусаў і макрапаразітаў. Ідэю пра магчымасць жыцця без мікробаў выказаў Л.Пастэр (1885). У канцы 1940-х г.амер. і яп. вучоныя распрацавалі дыеты і апаратуру, стварылі штучныя ўмовы для развіцця і размнажэння безмікробных жывёл. Выкарыстанне гнотабіётаў (марскіх свінак, мышэй, трусоў, парасят, цялят, авечак і інш.) у розных галінах эксперым. біялогіі і медыцыны прывяло да фарміравання ў 1960-я г.самаст.навук. кірунку — гнатабіялогіі.