у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш.памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводленар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТА́Я ТРО́ЙЦА,
паводле хрысціянскага веравучэння, 3 іпастасі адзінага па сваёй сутнасці Бога: Бог-Айцец, Бог-Сын, Бог—Дух Святы. Вытокі вучэння пра С.Т. ў Старым запавеце, але канчаткова яно выкладзена ў Новым запавеце. Догмат пра С.Т. распрацоўваўся з канца 2 ст. ў сувязі з фарміраваннем адзінай епіскапальнай царквы і выклікаў вострыя дыскусіі (т. зв. трынітарныя спрэчкі). Тэалагічную завершанасць догмат пра С.Т. атрымаў у 3 ст. і замацаваны на 1-м (325) і 2-м (381) Усяленскіх саборах. У 381 уведзена свята Тройца (гл.Сёмуха). Вучэнне пра С.Т. распрацоўваў Аўгусцін Блажэнны, які трактаваў С.Т. як вечнае божае самапазнанне і любоў. Догмат пра С.Т. адмаўляўся ў антытрынітарных вучэннях (гл.Антытрынітарыі). С.Т. з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных сюжэтаў у іканапісе. Сімвал С.Т. — выява 3 анёлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я МЕ́СЦЫ,
месцы, звязаныя з падзеямі свяшчэннай гісторыі, наведваннямі багоў і святых, цудатворствамі; важны элемент культу ўсіх рэлігій (гл.Культ рэлігійны). У хрысціян асаблівай пашанай карыстаюцца святыні ў Палесціне, дзе жыў, прапаведаваў, прыняў пакутніцкую смерць і ўваскрэс Ісус Хрыстос. Да С.м. часам адносяць храмы і манастыры, дзе захоўваюцца мошчы святых, цудатворныя абразы і інш. святыні, а таксама цудатворныя крыніцы, месцы, дзе адбываліся з’яўленні абразоў і інш. цудатворствы. У каталіцызме адрозніваюць свяшчэнныя (асабліва адметныя ў культавай практыцы месцы, асвячоныя вышэйшымі царк. іерархамі, а таксама касцёлы, алтары і могілкі) і С.м. (вобласці Палесціны, звязаныя са старазапаветнымі падзеямі і жыццём Ісуса Хрыста, Дзевы Марыі). Паводле кананічнага права, свяшчэнныя месцы павінны быць унесены ў літургічныя кнігі і традыцыйна выключаны са свецкай юрысдыкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРСКАЕ КНЯ́СТВА, Ноўгарад-Северскае княства,
адно з удзельных княстваў Чарнігаўскай (Чарнігава-Северскай) зямлі з цэнтрам у Ноўгарад-Северскім. Узнікла ў 1096 на тэр.севяран. Размяшчалася ў бас.р. Дзясны і яе прытокаў Снова, Сейма і інш.; у склад С.к. часова ўваходзілі вярхоўі Акі і Дзясны, т.зв. «краіна вяцічаў». Першым князем быў Алег Святаславіч, потым яго нашчадкі — Ольгавічы. У 2-й пал. 12 ст. северскія князі вялі барацьбу з полаўцамі і інш. плямёнамі качэўнікаў, адзін з эпізодаў якой (паход кн.Ігара Святаславіча 1185) адлюстраваны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1238 (пасля мангола-тат. нашэсця) тэр. С.к. ўвайшла ў склад Бранскага княства, у 2-й пал. 14 ст. далучана да ВКЛ. ПаводлеАндросаўскага перамір’я 1667тэр. С.к. перайшла да Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЙСМАГРА́МА (ад грэч. seismos ваганне, землетрасенне + ...грама),
бесперапынны запіс сейсмічных ваганняў з дапамогай сейсмографа. Найб. пашырана тэхніка запісу на фотапаперы светлавым промнем, таксама выконваецца на закуранай паперы вастрыём пяра, на паперы пяром з чарнілам і інш. У сейсмалогіі па С. вызначаюць момант набліжэння сейсмічных хваль, вуглы іх выхаду на зямную паверхню, амплітуды і перыяды розных тыпаў хваль, што дазваляе вызначыць каардынаты і інтэнсіўнасць землетрасенняў, вывучаць унутр. будову Зямлі. У сейсмічнай разведцы па С. вызначаюць сумарны час распаўсюджвання сейсмічных ваганняў (ад месца іх узбуджэння да адбівальнай ці пераламляльнай мяжы і назад да месца іх рэгістрацыі), форму запісу ваганняў, іх амплітуды, паводле інтэрпрэтацыі якіх вызначаюць глыбіню залягання, характар геал. межаў і некат. параметры горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЕНІ́Т (ад грэч. Syēnē Сіена — назва стараж егіп.г. Сун, цяпер Асуан),
інтрузіўная магматычная горная парода, складзеная са шчолачных палявых шпатаў (60—90%) і цемнаколерных мінералаў (10—40%; піраксен, рагавая падманка, біятыт). Структура поўнакрышт. раўнамерна-зярністая. Колер ад ружовага да шэрага. Шчыльн. 2,6—2,75 г/см³. Паводле ўтрымання крэменязёму адносіцца да сярэдніх магматычных парод. Падзяляюцца на 3 групы: нармальнай, павышанай шчолачнасці і шчолачныя. Адрозніваюць С.: піраксенавыя, біятытавыя, рогавападманкавыя, ніфелінавыя; да С. адносяцца таксама лампрафіры. Утвараюцца з сіенітавай магмы, уваходзяць у склад гранітоідных і габроідных інтрузіваў, радзей утвараюць самаст. целы. Выкарыстоўваецца як сыравіна на шчолач, скульптурны, дэкар.-абліцовачны і буд. камень, у керамічнай вытв-сці і інш.
Сіена. Сабор.Да арт.Сіенская школа. С.Марціні. Пасвячэнне святога Марціна ў рыцары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЕНСКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ АРХІЎ СТАРАЖЫ́ТНЫХ А́КТАЎ.
Існаваў у г. Вільня (Вільнюс) у 1852—1915. Створаны 2.4.1852 для збірання і зберажэння дакументаў часоў ВКЛ на тэр. Віленскай, Гродзенскай, Мінскай, Ковенскай губ. Складзены на аснове архіўных фондаў цэнтр. і мясц. адм.-судовых устаноў, якія існавалі да падзелаў Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Да цэнтралізацыі архіваў асн. дакументальныя матэрыялы захоўваліся ў архіве Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У канцы 18 — пач. 19 ст. сюды паступілі кнігі гродзенскай і навагрудскай кадэнцый Трыбунала, Вайсковай камісіі, Таргавіцкай канфедэрацыі і інш., у 1837—40 — Трыбунала скарбовага, Скарбовай камісіі ВКЛ, трокскія архіўныя матэрыялы. У 1-й пал. 19 ст. старадаўнія дакументы захоўваліся таксама ў архівах віленскага гродскага і гродзенскага судоў. На аснове названых архіваў быў створаны Віленскі цэнтр. архіў. У сярэдзіне 19 ст. яго фонды налічвалі 17 439 адзінак. У яго складзе быў архіў Трыбунала ВКЛ, архівы павятовых судоў і магістратаў (ашмянскага, вілейскага, віленскага, дзісенскага, друйскага, лідскага, радашковіцкага, свянцянскага, трокскага), Гродзенскай і Мінскай губ. У 1880 паступілі справы Беластоцкай акругі за 1794—1808; у 1887 уключаны Люблінскі архіў стараж. актаў, у 1903—06 Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актаў. У 1903 у архіве налічвалася, паводле розных рэвізій, ад 22 да 30 тыс. актавых кніг і фасцыкулаў (звязак). Пасля 1-й сусв. вайны і эвакуацыі фондаў у Расію ў архіве ў 1923 заставалася каля 15 тыс. кніг і фасцыкулаў. Частка збораў была вернута ў Вільню паводле ўмоў Рыжскага дагавора 1921. У міжваенныя часы архіў называўся Віленскім дзярж. архівам, аб’ядноўваў матэрыялы Віленскага цэнтр. архіва, Агульнага архіва віленскіх устаноў, музея М.Мураўёва. З 1944 на гэтай аснове пачаў дзейнічаць Цэнтр.дзярж. архіў Літ. ССР, у 1957 перайменаваны ў Цэнтр.дзярж.гіст. архіў Літ. ССР (аб’яднаў фонды б. Віленскага цэнтр. архіва і Вільнюскага гарадскога дзярж. архіва), з 1990 Дзяржаўны гістарычны архіў Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫ БАЛА́НС ЗЯМЛІ́,
суадносіны паміж прыходам вады, якая паступае на паверхню зямнога шара ў выглядзе ападкаў атмасферных, і расходам вады праз выпарэнне з паверхні сушы і Сусветнага ак. за пэўны прамежак часу. Разлічваецца паводле ўраўнення воднага балансу, у якім звязаны ўсе расходныя і прыходныя элементы ўсяго зямнога шара або асобных тэрыторый. Паводле сярэдніх шматгадовых характарыстык, водны баланс Зямлі за год складаецца з 577 тыс.км³атм. ападкаў у прыходнай частцы і такой жа велічыні выпарэння ў расходнай. Водны баланс сушы фарміруецца ў вобласці вонкавага сцёку, дзе прыход вады складаюць атм. ападкі (110 тыс.км³), мінус сцёк (47 тыс.км³), расход — выпарэнне (63 тыс.км³), і ў вобласці ўнутранага сцёку, дзе ападкі і выпарэнне складаюць па 9 тыс.км³. Водны баланс Сусветнага ак. мае ў прыходнай частцы 458 тыс.км³атм. ападкаў і 47 тыс.км³ рачнога сцёку, у расходнай — 505 тыс.км³ на выпарэнне. Водны баланс Зямлі — колькаснае выражэнне кругавароту вады на Зямлі — цесна звязаны з цеплавым балансам Зямлі і зонамі геаграфічнымі. Разлікамі элементаў воднага балансу рачных басейнаў, тэр. асобных краін, прыродных зон і інш. шырока карыстаюцца ў гідралогіі для вывучэння воднага рэжыму. Водны баланс тэр. Беларусі для прыродных умоў у сярэднім за год складаецца з прыходу вады — 146 км³атм. ападкаў, расходу — 110 км³ на выпарэнне і 36,4 км³ на сцёк. Пад уплывам меліярацыі выпарэнне за год знізілася на 2,4 км³, што прывяло да адпаведнага павелічэння сцёку рэк.
Літ.:
Мировой водный баланс и водные ресурсы земли. Л., 1974.
В.В.Дрозд.
Схема воднага балансу рачнога басейна: 1 — снегавое покрыва; 2 — глеба; 3 — горныя пароды; P — ападкі; S — паверхневы сцёк; U — падземны сцёк; R — рачны сцёк; W — валавое ўвільгатненне глебы; N — выпарэнне з глебы; T — транспірацыя; E — сумарнае выпарэнне; V — водаабмен з падземнымі водамі, якія ляжаць ніжэй за ўзровень дрэнажу ракі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ І ІНСТРУМЕ́НТЫ,
прыстасаванні для вымярэння даўжынь ліній, вуглоў, перавышэнняў, азімутаў пры нівеліраванні, тапагр. здымцы, маркшэйдэрскіх работах, вышуканнях, будаўніцтве, мантажы і эксплуатацыі розных інж. збудаванняў. Паводле прынцыпу работы і будовы адрозніваюць мех., оптыка-мех., электрааптычныя і радыёэлектронныя геад. прылады. Стальныя або інварныя мерныя стужкі выкарыстоўваюць для вымярэння даўжынь ліній, базісныя прылады з падвесным інварным дротам — для вызначэння базісаў і трыянгуляцыі, дальнамерамі (святлодальнамер, радыёвышынямер, радыёдальнамер) вызначаюць даўжыню ліній без непасрэдных вымярэнняў з дакладнасцю да 0,1 мм на 100 м. Вуглы вымяраюць тэадалітамі (высокадасканальныя аптычныя, фотатэадаліты, гідратэадаліты) і бусоллю. Дакладнасць вымярэння вуглоў ад 15′—10′ у бусолі да 0,5″ у аптычнага тэадаліта. Нівеліры выкарыстоўваюць пераважна для вымярэння перавышэнняў, стварэння нівелірнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапагр. здымак. Паводле дакладнасці яны падзяляюцца на высокадакладныя, дакладныя і тэхнічныя. Гідрастатычнымі нівелірамі карыстаюцца зрэдку, прынцып дзеяння іх заснаваны на вымярэнні ўзроўняў вадкасці ў сасудах, злучаных гнуткім шлангам. З камбінаваных геадэзічных прылад найчасцей выкарыстоўваюць тахеометр (для вымярэння гарыз. і верт. вуглоў, даўжынь ліній і перавышэнняў) і кіпрэгель (для вымярэння верт. вуглоў, адлегласцей, перавышэнняў і графічнай пабудовы напрамкаў пры выкананні спец. мензульнай здымкі). Экліметр выкарыстоўваюць у геад. здымцы для вымярэння вуглоў нахілу ліній з дакладнасцю да 0,1°; экер — для адкладання на мясцовасці фіксаванага вугла; мензула (дошка-планшэт і падстаўкі з установачнымі прыстасаваннямі) — асн.ч. камплекта для тапагр. мензульнай здымкі; ватэрпас вадкасны або электрамеханічны — для вызначэння становішча геад. прылад і іх асобных вузлоў адносна верт. ліній; рэйка геадэзічная (брусок даўж. 1,5—4 м з нанесенай шкалой) — для вымярэння адлегласцей або перавышэнняў пры тапагр. здымцы. Пры складанні планаў, картаў і пры карыстанні імі ўжываюцца каардынатографы, маштабныя лінейкі і вымяральнікі, транспарціры, планіметры і курвіметры.
Р.А.Жмойдзяк.
Геадэзічныя прылады і інструменты: 1 — аптычны тэадаліт Т-2; 2 — кіпрэгель; 3 — нівелір, 4 — экліметр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АБАРО́НА сістэма агульнадзяржаўных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў мірныя і ваенныя часы ў мэтах засцярогі насельніцтва ад зброі масавага паражэння і інш. сродкаў нападу праціўніка, або выратавальных ці неадкладных аварыйна-аднаўленчых работ у ачагах паражэння і раёнах стыхійных бедстваў. Грамадзянская абарона набыла асаблівае значэнне ў сувязі з праяўленнем і развіццём ракетна-ядзернай і інш. зброі масавага паражэння. У 1950—60-я г. грамадзянская абарона створана ў большасці буйных дзяржаў. У СССР грамадзянская абарона створана ў 1961 на базе мясц. проціпаветр. абароны (МППА), заснаванай у 1932. У Рэспубліцы Беларусь захавалася структура былой агульнасаюзнай грамадзянскай абароны. Паводле Палажэння аб грамадзянскай абароне, зацверджанага Вярх. Саветам у 1991, грамадзянская абарона Рэспублікі Беларусь арганізуецца на ўсёй тэр. краіны паводлетэр.-вытв. прынцыпу. Агульнае кіраўніцтва грамадзянскай абароны ажыццяўляе Савет Міністраў, непасрэднае — МУС (з 1994; да гэтага сілы грамадзянскай абароны падпарадкоўваліся Мін-ву абароны). Адказнасць за грамадзянскую абарону на месцах нясуць выканкомы Саветаў дэпутатаў, мін-вы, ведамствы, прадпрыемствы і ўстановы, кіраўнікі якіх з’яўляюцца нач. грамадзянскай абароны. Пры іх ствараюцца штабы грамадзянскай абароны, якія штодзённа займаюцца пытаннямі арганізацыі і матэрыяльнага забеспячэння. Штаб грамадзянскай абароны рэспублікі ўзначальвае міністр унутр. спраў.
У сучасных умовах на грамадзянскую абарону краіны ўскладзены наступныя задачы: засцярога насельніцтва ад вынікаў стыхійных і экалагічных бедстваў, буйных аварый і катастроф, прымянення праціўнікам сродкаў паражэння ў ваен. час; каардынацыя дзеянняў органаў кіравання краіны па прагназаванні, папярэджанні і ліквідацыі вынікаў гэтых бедстваў, аварый і катастроф; правядзенне аварыйна-выратавальных і інш. неадкладных работ у ходзе ліквідацыі вынікаў надзвычайных сітуацый і ў ачагах паражэння; стварэнне і падтрыманне ў гатоўнасці сістэм кіравання, апавяшчэння, сувязі; арганізацыя назірання і кантролю за радыяцыйным, хім., бактэрыял. становішчам; удзел у ажыццяўленні мер, накіраваных на павышэнне функцыянавання аб’ектаў і галін эканомікі ў экстрэмальных умовах і інш.