ПШЫРКО́Ў Юльян Сяргеевіч (31.10.1912, в. Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 23.12.1980),
бел. літаратуразнавец, крытык. Д-рфілал.н. (1962), праф. (1964). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1939). З 1945 у Ін-це л-ры АН Беларусі (з 1953 заг. сектара), адначасова ў 1945—57 выкладаў у БДУ, у 1966—68 у Мінскім пед. ін-це. Друкаваўся з 1940. Аўтар крытычных артыкулаў па творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, першай у бел. коласазнаўстве манаграфіі «Якуб Колас. Жыццё і творчасць» (1951). Даследаваў літ. жыццё 1920-х г., станаўленне і шляхі развіцця бел. прозы, творчасць Я.Брыля, У.Дубоўкі, К.Крапівы, А.Макаёнка, М.Танка, І.Шамякіна і інш. Аўтар прац «Трылогія Якуба Коласа «На ростанях» (1956), «Беларуская савецкая проза (20-я — пачатак 30-х гг.)» (1960), «Эпас рэвалюцыі» (1975) і інш. Сааўтар кніг «Нарыс гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1954), «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры» (1956), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры», «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (на рус. мове, 1977), падручнікаў па бел. л-ры для сярэдняй школы і інш.Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1980.
Тв.:
Уплыў творчасці А.С.Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;
Якуб Колас: Критико-биогр. очерк. Мн., 1952;
А.Е.Богданович. Мн., 1966;
З майго жыццёпісу: [Аўтабіяграфія] // Пра час і пра сябе. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАУ́ХІН Уладзімір Аляксеевіч (14.6.1924, с. Алепіна Собінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія — 4.4.1997),
рускі пісьменнік, публіцыст. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага ў Маскве (1951). Друкаваўся з 1945. Паэзія С. шырокага тэмат. (грамадз., пейзажная, любоўная), эмацыянальнага і рытміка-інтанацыйнага (ад верлібра да «вянка санетаў») дыяпазону (зб-кі «Дождж у стэпе», 1953; «Жыць на зямлі», 1965; «Аргумент», 1972; «Вершы», 1990). Лірычныя аповесці-нататкі «Уладзімірскія прасёлкі» (1957) і «Кропля расы» (1960) пра «малую радзіму» і лёсы сваіх аднавяскоўцаў. У эсэістычных кн. «Лісты з Рускага музея» (1966), «Чорныя дошкі» (1969), «Час збіраць камяні» (1980) роздум пра шляхірус. мастацтва і нац. традыцыі. Аўтабіягр. аповесць «Смех за левым плячом» (1984) пра гады дзяцінства ў драм. часы калектывізацыі. Аўтар рамана «Маці-мачаха» (1964, пра студэнцкае жыццё), маст.-дакументальных кніг-інвектыў «Пры святле дня» (1992), «Салёнае возера» (1994), «Апошняя ступень» (1995), кн. публіцыстычных нататак, лірычных і анекдатычных былей «Каменьчыкі на далоні» (1977—92) і інш. На рус. мову пераклаў аповесці В.Гігевіча «Калі пойдзе снег» і «Жыціва» (у пер. «Вяртанне памяці»). Яго вершы на бел. мову перакладалі П.Макаль, Я.Сіпакоў, В.Шымук, апавяданні — Я.Брыль, В.Вітка, Гігевіч, Г.Далідовіч, У.Дамашэвіч, А.Жук, А.Кудравец, Я.Лецка, М.Стральцоў, І.Чыгрынаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Созерцание чуда: Очерки. М., 1986;
Возвращение к началу: Лирич. повесть и роман. М., 1990;
Древо: [О представителях рода князей Волынских] М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАПАГРАФІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
агульнагеаграфічныя карты дзяржавы, на якіх дэталёва адлюстроўваюцца размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сац.-эканам. аб’екты, іх якасныя і колькасныя характарыстыкі. Падзяляюцца на аглядна-тапагр. (маштабы 1 : 500 000, 1 : 1 000 000), уласна тапагр. (1 : 5 000—1 : 200 000) і тапагр. планы (1 : 500, 1 : 1000, 1 : 2000). Сярод уласна Т.к. адрозніваюць буйнамаштабныя (1 : 5 000, 1 : 10 000), сярэднемаштабныя (1 : 25 000, 1 : 50 000) і дробнамаштабныя (1 : 100 000, 1 : 200 000). Да Т.к. адносяць таксама фота-, аэра-, космафатаграфічныя і лічбавыя (пераўтварэнне картаграфічнай інфармацыі з графічнай у лічбавую форму) карты.
Складаюць асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі. аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне зямной паверхні ажыццяўляецца на аснове дзярж.геад. сеткі па шасціградусных геад. зонах. кожная з якіх мае самаст. сістэму прамавугольных каардынат, што ў выглядзе кіламетровай квадратнай сеткі наносіцца на карты адносна іх восей — сярэдняга мерыдыяна зоны і экватара. На Т.к. тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказаны граніцы, гідраграфія, рэльеф, расл. покрыва, грунты. нас. пункты. шляхі зносін, прыродныя, прамысл., с.-г. і сац.-культ. аб’екты і інш. Т.к. ствараюцца і абнаўляюцца паводле матэрыялаў аэрафотатапагр. і касм. здымак, наземных мензульнай і тахеаметрычнай здымак. Выкарыстоўваюцца для арыентавання, дакладных вымярэнняў і разлікаў, складання агульнагеагр. і тэматычных карт. праектна-пошукавых і інш.геал. работ. ваен. справы і г.д.Гл. таксама Аэрафотатапаграфія, Тапаграфічная здымка, Тапаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЁЛЬДЭРЛІН (Hölderlin) Іаган Крысціян Фрыдрых (20.3.1770, г. Лаўфен-ам-Некар, Германія — 7.6.1843),
нямецкі паэт. Папярэднік рамантызму. Вучыўся ва ун-це Цюбінгена (1788—93), вывучаў тэалогію, філасофію, ант. мастацтва, сябраваў з Г.Гегелем і Ф.Шэлінгам. Працаваў хатнім настаўнікам. Усведамленне сваёй несумяшчальнасці з рэчаіснасцю, беднасць, трагічнае каханне паўплывалі на яго душэўны стан (з 1802 псіхічна хворы). У ранніх «Цюбінгенскіх гімнах» («Гімны да ідэалаў Чалавецтва», 1790—97) апяваў свабоду, гармонію, хараство, сяброўства, даў канцэпцыю бясконцага руху чалавецтва да дасканаласці. Пераход да сталай паэзіі (2-я пал. 1790-х г.) адзначаны зваротам да ант. верша. Стараж. Эладу Гёльдэрлін успрымаў як эталон гарманічнага існавання (філас. оды і элегіі «Майн», «Некар», «Гайдэльберг», «Мая ўласнасць», паэма «Архіпелаг» і інш.). Філас.-лірычны раман «Гіперыён, ці Пустэльнік у Грэцыі» (т. 1—2, 1797—99) прасякнуты любоўю да мінулага Грэцыі і трывожным роздумам пра шляхі цывілізацыі. У цэнтры філас. трагедыі «Смерць Эмпедокла» (1798—99) праблемы пошукаў найлепшага грамадскага ладу і духоўныя супярэчнасці генія. Пераклады трагедый Сафокла, эпінікіяў Піндара стымулявалі яго пераход да т.зв. «жорсткага стылю», які стаў адметнай рысай позніх філас. гімнаў Гёдэрліна, аб’яднаных умоўнай назвай «Айчынныя песняпевы». Яны ствараюць шырокую панараму гіст. руху еўрап. цывілізацыі («Вяртанне на радзіму», «Ля вытокаў Дуная», «Рэйн», «Тытаны», «Свята міру» і інш.). Паэзія Гёдэрліна паўплывала на творчасць многіх еўрап. паэтаў. На бел. мову вершы Гёдэрліна перакладаў В.Сёмуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭ́ЛЬМАХ Міхаіл Апанасавіч (24.5.1912, с. Дзякаўцы Вінніцкай вобл., Украіна — 27.9.1983),
украінскі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1972). Акад.АН Украіны (1978). Скончыў Вінніцкі пед.ін-т (1933). Працаваў настаўнікам, у Ін-це мастацтвазнаўства, фальклору і этнаграфіі АН Украіны. Друкаваўся з 1936. Зб-кі вершаў «Добрая раніца» (1941), «За ясныя досвіткі», «Правесень» (абодва 1942), «Украіне вольнай жыць!» (1944), «Шляхі світання» (1948), «Жыта моцы набіраецца» (1954), зб. навел «Бярозавы сок» (1944). У трылогіі (раманы «Вялікая радня», 1949—51, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Кроў людская — не вадзіца», 1957, экранізаваны ў 1960; «Хлеб і соль», 1959, Ленінская прэмія 1961, экранізаваны ў 1971) адлюстраваны гал. этапы жыцця ўкр. вёскі ў 20 ст. Аўтар раманаў «Дума пра цябе» (1962), «Чатыры броды» (1979, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1980). Проза С. вызначаецца псіхалагізмам, выразнасцю мовы, багаццем фалькл. і этнаграфічных дэталей. Аўтар п’ес «Залатая мяцеліца» (1955), «Праўда і крыўда» (паст. ў 1965 Бел. т-рам імя Я.Коласа), «На Івана Купалу» (1966), «Зачараваны вятрак» (1967), «Кум каралю» (1968), «Дума пра любоў» (1971); кн. для дзяцей «Каласок да каласка» (1951), «Заечая капуста» (1954), «Гусак-фізкультурнік» (1962). На ўкр. мову пераклаў некат. вершы Я.Купалы, А.Астрэйкі, П.Пестрака, М.Танка. На бел. мову творы С. перакладалі А.Васілевіч, В.Вітка, С.Грахоўскі, Х.Жычка, В.Зуёнак, М.Маляўка, Р.Няхай, П.Сушко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАМЛІ́НСКІ Васіль Аляксандравіч (28.9.1918, с. Васільеўка Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 2.9.1970),
украінскі педагог. Чл.-кар.АПНСССР (1957). Канд.пед.н. (1955). Засл. настаўнік Украіны (1958). Герой Сац. Працы (1968). Скончыў Палтаўскі пед.ін-т (1939). Выкладаў укр. мову і л-ру ў сельскіх школах Ануфрыеўскага р-на Кіраваградскай вобл. У 1944—48 заг. Ануфрыеўскага райана, з 1948 дырэктар Паўлышскай сярэдняй школы. Аўтар навук. прац па праблемах практычнай педагогікі (пытанні кіраўніцтва школай, прафес. майстэрства настаўніка, праблемы разумовага, маральнага, працоўнага, эстэт. і фіз. выхавання вучняў). Стварыў арыгінальную пед. сістэму, заснаваную на антрапал. падыходзе, гарманізацыі форм, сродкаў і метадаў пед. дзейнасці, прызнанні асобы дзіцяці вышэйшай каштоўнасцю працэсаў выхавання і адукацыі. Звяртаў увагу на ўзаемасувязь маральнага выхавання і навучання, развіццё эмацыянальнай успрымальнасці. Трактаваў выхаванне як працэс рэалізацыі прыроджаных якасцей дзіцяці і разам з тым вял. значэнне надаваў спецыяльна арганізаванаму выхаваўчаму соцыуму. Распрацоўваў прадукц.шляхі злучэння фіз. і разумовай працы школьнікаў на аснове доследнай, пошукавай дзейнасці. Паўлышская школа стала своеасаблівай навук. лабараторыяй, у якой увесь пед. калектыў удзельнічаў у шматгадовай доследна-эксперым. дзейнасці. З 1975 у ёй пед. музей С. Дзярж. прэмія Украіны 1974.
Тв.:
Избр. пед. соч. Т. 1—3. М., 1979—81;
Об умственном воспитании. Киев, 1983;
Книга о любви. М., 1983;
Хрестоматия по этике. М., 1990;
Человеческая личность неповторима. Курск, 1991.
Літ.:
Вітка В. «Сэрца аддаю дзецям»;
Настаўнік // Вітка В. Выбр. творы. Мн., 1973. Т. 2;
Богуславский М.В. Школа гражданственности и человечности. Кировоград, 1990;
Родчанин Е.Г., Зязюн И.А. Гуманист. Мыслитель. Педагог: Об идеалах В.А.Сухомлинского. М., 1991;
Мухин М.И. Гуманизм педагогики В.А.Сухомлинского. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРОМ (Fromm) Эрых (23.3.1900, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 18.3.1980),
нямецкі і амерыканскі філосаф, сацыёлаг і псіхолаг; прадстаўнік неафрэйдызму. Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1922). З 1929 у Ін-це сац. даследаванняў (Франкфурт-на-Майне). З 1933 у ЗША. Выкладаў у Ін-це псіхааналізу ў Чыкага, у Калумбійскім, Іельскім, Мічыганскім ун-тах. З 1945 у Ін-це псіхіятрыі. У 1951—67 у Нац. ун-це (Мехіка). З 1974 у Швейцарыі. Паводле яго філасофіі, асоба з’яўляецца прадуктам дынамічнага ўзаемадзеяння паміж прыроджанымі патрэбнасцямі і ўплывам культуры, сац. норм і прадпісанняў. Лічыў, што неад’емнай рысай чалавечага існавання ў сучасным «хворым» грамадстве з’яўляюцца адзінота, ізаляцыя і адчужэнне, якія спадарожнічаюць дасягнутаму ўзроўню свабоды. Раскрыў шляхі, якія выкарыстоўваюцца людзьмі для пераадолення гэтых пачуццяў («уцёкаў ад свабоды»); аўтарытарызм (празмерная залежнасць ад знешніх сіл, кантроль над інш. людзьмі), дэструктыўнасць (знішчэнне або пакарэнне іншых), аўтаматызаваны канфармізм (страта індывідуальнасці, абсалютнае падпарадкаванне сац. нормам і правілам). На яго думку, шлях да пабудовы «здаровага» грамадства ляжыць праз маральнае абнаўленне, творчую працу, духоўнае ачышчэнне чалавека, раскрыццё яго здольнасцей. Распрацаваў канцэпцыю «сац. характару», асн. тыпы якога: рэцэптыўны (пасіўнасць, даверлівасць); эксплуатуючы (эгацэнтрызм, агрэсіўнасць); накапляльны (жаданне авалодаць матэрыяльнымі дабротамі і ўладай, кансерватыўнасць); рыначны (асоба як тавар, неразборлівасць у сродках дасягнення мэты, духоўная апустошанасць); прадуктыўны (незалежнасць, здольнасць для творчага мыслення, любові, працы). Лічыў, што людзі з прадуктыўнай арыентацыяй маглі б скласці дасканалае грамадства — «гуманістычны абшчынны сацыялізм».
Тв.:
Рус.пер. — Душа человека. М., 1992;
Искусство любви. М., 1996;
Бегство от свободы;
Человек для себя. Мн., 1998;
Анатомия человеческой деструктивности. Мн., 1999;
Величие и ограниченность теории Фрейда. М.; Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦІ́НСКАЯ БІ́ТВА 1621.
Адбылася ў вер.—кастр. 1621 каля замка Хацін на Днястры (цяпер г. Хацін Чарнавіцкай вобл., Украіна) паміж войскамі Рэчы Паспалітай з аднаго боку, Турцыі і Крымскага ханства — з другога. Вайну пачала ў 1620 Турцыя з мэтай захопу ўкр. і польск. зямель. У вер.-кастр. 1620 туркі разбілі пад Цацорай польскае войска, у склад якога ўваходзілі ўкр. рэестравыя казакі. Вясной 1621 тур. войска (каля 150 тыс.чал.) накіравалася ў Малдову, да яго далучылася каля 60 тыс. крымскіх татар. Насустрач ім рушыла аб’яднанае войска Польшчы і ВКЛ (каля 30 тыс.чал., у т. л. з ВКЛ каля 11 тыс.чал.) пад камандаваннем вял. гетмана ВКЛ Я.К.Хадкевіча (гл. ў арт.Хадкевічы). У вер. 1621 Хадкевіч размясціў сваю армію ўмацаваным лагерам каля закінутага Хацінскага замка такім чынам, каб Днестр адрэзаў шляхі да адступлення. Да яго далучыліся ўкр. казакі (каля 40 тыс.чал.) пад камандаваннем гетмана П.Канашэвіча-Сагайдачнага. 2.9.1621 пад Хацін падышла тур. армія на чале з султанам Асманам II і адразу атакавала лагер. Штурмы паўтараліся на працягу месяца, найб. значныя адбыліся 2, 4, 7, 15, 28 верасня. Войскі Рэчы Паспалітай рабілі ўдалыя контратакі і вылазкі. 24.9.1621 Хадкевіч памёр. Перад смерцю камандаванне войскам ён перадаў С.Любамірскаму. У баях, якія доўжыліся да 3.10.1621, туркі панеслі вялізныя страты (да 80 тыс.чал.) і былі вымушаны прызнаць паражэнне. 9.10.1621 заключаны мір, які ўстанавіў граніцу па Днястры і гарантаваў Рэчы Паспалітай бяспеку ад турэцкіх і татарскіх нападаў.
Літ.:
Чарняўскі М. Правадыр крылатых вершнікаў.: Ян Кароль Хадкевіч. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАЗНА́ЎСТВА,
галіна літаратуразнаўчай навукі, якая вывучае структуру вершаванай мовы. Сучаснае вершазнаўства даследуе таксама рытм, інтанацыю ў празаічных творах.
Узнікненне вершазнаўства як навукі звязана з развіццём у розных л-рах пісьмовай паэзіі, якая аддзялілася ад музыкі. Першапачаткова вершазнаўства было проста сістэмай пэўных нормаў і правіл, па якіх павінны былі пісацца вершы. У 19 ст. яно становіцца даследчыцкай навукай. Адным з асн. метадаў яе з’яўляецца статыстыка: выдзяленне гукавых з’яў верша, якія могуць быць абавязковымі, пануючымі або толькі пераважаючымі. Асн. раздзелы: метрыка (даследуе асаблівасці рытміка-інтанац. будовы вершаванага радка), строфіка (вывучае прынцыпы і прыёмы аб’яднання рытмараду ў адно завершанае цэлае) і фоніка (устанаўлівае заканамернасці гукавой арганізацыі паэт. мовы).
На Беларусі першыя тлумачэнні асн. формаў і тэрмінаў ант. метрыкі далі Л.Зізаній (1596) і М.Сматрыцкі (1619). Пазней Сімяон Полацкі (1629—80) распрацаваў асн. прынцыпы сілабічнага верша, увёў паняцце «стихи краесогласнии» ў значэнні вершаванай мовы. Зараджэнне новай бел. л-ры, збіральніцкая дзейнасць фалькларыстаў і этнографаў у 19 ст. ўзмацнілі цікавасць да формаў нар. верша (працы І.Насовіча, Я.Карскага). Вял. ўвагу вершаванай структуры аддаваў М.Багдановіч, які ўпершыню ў бел. вершазнаўстве вылучыў прынцып адзінства формы і зместу, а ў літ. аглядах паказаў непасрэдную сувязь рытму са змястоўнасцю і эстэт. дзейснасцю паэт. твораў. Багдановіч развіваў разнастайныя страфічныя і метрычныя формы дзеля павышэння культуры творчасці, узмацнення ідэйна-эстэт. ўплыву л-ры на чытача. У пасляваен. перыяд з’явіліся навуч. дапаможнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, манаграфіі і артыкулы па асобных праблемах вершазнаўства, сярод якіх працы І.Ралько «Беларускі верш» (1969) і «Вершаскладанне» (1977), М.Грынчыка «Шляхі беларускага вершаскладання» (1973).
Літ.:
Грынчык М.М. Беларускае вершазнаўства і перспектывы яго развіцця // Бел. літаратура. 1979. Вып. 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУЧЭ́ННЕ,
захворванне, абумоўленае паступленнем у арганізм таксічных рэчываў (ядаў), якія парушаюць яго фізіялагічныя функцыі і ствараюць небяспеку для жыцця. Атрутным дзеяннем валодаюць многія хім. рэчывы сінт. і прыроднага паходжання (напр., пестыцыды, прамысл. яды, таксіны мікраарганізмаў, атрутныя рэчывы ядавітых раслін і жывёл). Трапляюць яды ў арганізм праз рот, дыхальныя шляхі, скуру, пры ўкусах змей ці членістаногіх (восы, пчолы, шэршні, скарпіёны, ядавітыя павукі і інш.), пры падскурных і ўнутрымышачных ін’екцыях. Адрозніваюць атручэнні бытавыя (напр., рэчывамі быт. хіміі, харчовыя, алкагольныя, чадным газам і інш.), прафесійныя (пры парушэнні правілаў гігіены і тэхнікі бяспекі), медыкаментозныя (ад перадазіроўкі лякарстваў). У асобную групу вылучаюць кармавыя атручэнні жывёл, што ўзнікаюць ад корму, забруджанага ядахімікатамі (пестыцыдамі, гербіцыдамі, фунгіцыдамі), плесневымі і інш. грыбкамі (напр., спарыннёй), травяной тлёй, вусенямі капусніцы, ядавітымі раслінамі (цыкутай, дурнап’янам, белакрыльнікам, казяльцом і інш.).
Вострыя атручэнні ўзнікаюць адразу або неўзабаве пасля паступлення вял. дозы яду ў арганізм, хранічныя — пры працяглым яго ўздзеянні ў невял. дозах. Клінічныя прыкметы атручэння залежаць ад прыроды і колькасці яду, што трапіў у арганізм, выбіральнасці яго ўплыву на дзейнасць органаў і тканак, адчувальнасці арганізма і стану здароўя. Могуць пераважаць пашкоджанні нервовай (сутаргі, галюцынацыі, псіхозы), сардэчна-сасудзістай (пачашчэнне пульсу, сінюшнасць, падзенне ціску), дыхальнай сістэм, печані і нырак. Горш пераносяць атручэнне дзеці, цяжарныя жанчыны, старыя і хворыя людзі. Лячэнне атручэння павінна пачынацца неадкладна. Меры першай дапамогі пры атручэнні: штучна выклікаць ірвоту, многа піць вады, малака, слабы раствор марганцоўкі, суспензіі актываванага вугалю; пры неабходнасці робяць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца; пры газавых атручэннях пацярпелага выносяць на свежае паветра. У бальнічных умовах выкарыстоўваюць антыдоты (проціяддзі), пры неабходнасці робяць гемадыяліз, гемасорбцыю, заменнае пераліванне крыві