МІКСЕДЭ́МА (ад грэч. myxa слізь + oidēma пухліна, ацёк),
захворванне, якое абумоўлена зніжэннем функцыі шчытападобнай залозы; адна з праяў гіпатырэозу. Адрозніваюць першасную форму (пашкоджанне непасрэдна шчытападобнай залозы) і другасную (пашкоджанне гіпаталама-гіпафізарнай сістэмы). Першасная М. бывае прыроджанай (напр., пры ўнутрывантробным назапашванні шчытападобнай залозай плода радыеактыўнага ёду) і набытай (пасля траўмаў ці вострага запалення шчытападобнай залозы). Прыкметы: слізісты ацёк скуры і падскурнай клятчаткі, павышаная стамляльнасць, зніжэнне т-ры цела, крывянога ціску, выпадзенне валасоў, цяжкія функцыян. парушэнні ц. н. с., эндакрыннай, страўнікавай і інш. сістэм, дыстрафія. У дзіцячым узросце — карлікавы рост, замаруджанае акасцяненне, парушэнні псіхікі і інш. Лячэнне — гармонатэрапія, сімптаматычная тэрапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЬТЫПЛІКА́ТАР (ад лац. multiplico памнажаю, павялічваю, узмацняю),
у тэхніцы, прыстасаванне для ўзмацнення дзеяння якога-н. механізма, павышэння ціску, павелічэння перадатачных адносін і інш. У гідраўл. прэсах павышае ціск вадкасці, што падаецца помпай у рабочыя цыліндры; у мех. перадачах павышае скорасць вярчэння валоў (напр., павышальная зубчастая перадача); М. да фотаапарата дае магчымасць атрымаць некалькі негатываў на адной пласцінцы (плёнцы); у паліграфіі — прылада для адначасовага атрымання проб каляровага друку.
Схема гідраўлічнага мультыплікатара: 1 — плунжэр малога дыяметра d; 2 — поршань вялікага дыяметра D; 3 — рабочая вадкасць; pн — ціск, што ствараецца помпай; pв — атрыманы высокі ціск
.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАМАГНЕТЫ́ЗМ (ад грэч. piezō цісну + магнетызм),
п’езамагнітны эфект, узнікненне ў рэчыве намагнічанасці пад уздзеяннем знешняга ціску. Адкрыты ў 1959 В.-А.С.Баравік-Раманавым. Магчымы толькі ў антыферамагнетыках і прынцыпова немагчымы ў парамагнетыках і дыямагнетыках. Узнікае з прычыны скосу антыферамагн. падрашотак ці адноснай змены значэння іх намагнічанасці. Выяўлены ў фтарыдзе кобальту CoF2, фтарыдзе марганцу MnF2, аксідзе жалеза α-Fe2O3. Намагнічанасць Ji у іх прапарцыянальная прыкладзенаму мех. напружанню σkl : Ji = Λikl∙σkl. П’езамагнітны эфект невялікі — макс. значэнне каэфіцыента Λikl (у CoF2) ~2∙10−12Тл∙м²/H. Адваротным адносна П. эфектам з’яўляецца лінейная магнітастрыкцыя — лінейнае змяненне памераў крышталя, прапарцыянальнае прыкладзенаму магн. полю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІПАЖА́РНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
комплекс інж.-тэхн. збудаванняў для захоўвання і падачы вады да месца пажару. Бывае водаправоднае (унутр. і вонкавае, высокага і нізкага ціску) і бязводаправоднае (прыродныя і штучныя вадаёмы, спец. ёмістасці для захоўвання вады).
Проціпажарныя водаправоды ў нас. пунктах і на прамысл. прадпрыемствах звычайна аб’ядноўваюць з гасп.-пітнымі і вытворчымі; самастойныя будуюць для найб. пажаранебяспечных аб’ектаў. Пры адсутнасці водаправода вада падаецца спец.пажарнай тэхнікай з вадаёмаў і ёмістасцей. З вонкавых водаправодаў вада падаецца з пажарных гідрантаў перасоўнай пажарнай тэхнікай па пажарных рукавах або спец. трубаправодах з лафетнымі стваламі або арашальнікамі. Пажарныя водаправоды ўнутры будынкаў прызначаны ў асн. для тушэння пажару на пач. стадыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛІ́СТЫКА,
навука пра рух артыл. снарадаў, куляў, авіябомбаў, некіроўных ракет і інш. целаў. Грунтуецца на законах механікі, газадынамікі, тэрмадынамікі, тэорыі імавернасцяў і інш.
Узнікла пад уплывам прац італьян. вучонага Н.Тартальі (16 ст.), а таксама грунтоўных даследаванняў Г.Галілея, І.Ньютана, Л.Эйлера. Тэрмін балістыка прапанаваў франц. вучоны М.Мерсен (1644). Важкі ўклад у развіццё балістыкі зрабілі выхадзец з Беларусі К.Семяновіч, расійскія вучоныя М.В.Астраградскі, М.У.Маіеўскі, вучоныя б.СССР А.М.Крылоў, Д.А.Вентцэль, С.А.Хрысціяновіч і інш., а таксама вучоныя Дэ Сакр, П.Шарбанье (Францыя), Д.Біянкі (Італія) і інш.
Адрозніваюць унутраную і вонкавую балістыку. Унутраная балістыка вывучае рух снарадаў у канале ствала і заканамернасці працэсаў, што адбываюцца ў час выстралу (гарэнне пораху, газаўтварэнне пры яго згаранні і інш.). Выяўляе залежнасці змены ціску парахавых газаў, скорасці снарада і інш. параметраў на шляху снарада і ад часу яго руху па канале ствала. Уключае таксама балістычнае праектаванне зброі — вызначэнне канструкцыйных асаблівасцяў канала ствала, умоў зараджання, пры якіх снарад пэўнага калібру і масы атрымае пры вылеце зададзеную (дульную) скорасць. Вонкавая балістыка вывучае рух у прасторы снарадаў, куляў, некіроўных ракет і інш. пасля заканчэння сілавога ўзаемадзеяння іх са ствалом, пускавой устаноўкай, а таксама фактары, якія ўплываюць на гэты рух. Метадам вонкавай балістыкі карыстаюцца пры вывучэнні заканамернасцяў руху касм. апаратаў і кіроўных ракет, даныя балістыкі знаходзяць таксама практычнае выкарыстанне ў крыміналістыцы.
Літ.:
Серебряков М.Е. Внутренняя баллистика ствольных систем и пороховых ракет. 3 изд. М., 1962;
Иванов Н.М., Дмитриевский А.А., Лысенко Л.Н. Баллистика и навигация космических аппаратов. М., 1986.
Да арт.Балістыка. Рыс. 1. Крывыя змены ціску (P) парахавых газаў і скорасці (V) снарада ў залежнасці ад шляху (l) снарада (ln — адлегласць, на якой заканчваецца ўздзеянне парахавых газаў на снарад у перыяд паслядзеяння; lg — даўжыня шляху снарада да дульнага зрэзу). Рыс. 2. Крывыя перамены ціску (P) парахавых газаў і скорасці снарада ў залежнасці ад часу (t) (Po — ціск фарсіравання; Pm — максімальны ціск; Pg — дульны ціск; Vg — дульная скорасць). Рыс. 3. Элементы траекторыі і асноўныя сілы, якія дзейнічаюць на снарад у палёце; O — пункт вылету снарада; S — вяршыня траекторыі; C — пункт падзення; Vo — пачатковая скорасць снарада; θo — вугал кідання; x і y — бягучая гарызантальная далёкасць і вышыня палёту снарада; V — бягучая скорасць снарада; Y — вышыня траекторыі; X — поўная гарызантальная далёкасць палёту; Vc — канцавая скорасць снарада; θc — вугал падзення; R — сіла супраціўлення паветра; q — сіла цяжару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІЙ (лац. Helium),
He, хімічны элемент VII групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 2, ат. м. 4,0026. Прыродны гелій складаецца з 2 стабільных ізатопаў 4He (99,999862%) і 3He. Належыць да інертных газаў. Адзін з найб. пашыраных элементаў космасу (2-і пасля вадароду). Адкрыты ў 1868 астраномамі Ж.Жансэнам і Н.Лок’ерам у спектры сонечнай кароны (назва ад грэч. helios — Сонца). У атмасферы 5,27∙10−4% па аб’ёме (4He утвараецца пры α-распадзе радыенуклідаў торыю, урану і інш. элементаў). Ядры 4He — альфа-часціцы. Гелій маюць некат. прыродныя газы (да 2% па аб’ёме) і мінералы. Вылучаны ў 1895 У.Рамзаем з мінералу клевеіту.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -268,39 °C (самая нізкая сярод вадкасцей), шчыльн. 0,17847 кг/м³ (0 °C). Адзіны элемент, які не цвярдзее пры нармальным ціску нават пры т-ры, блізкай да 0 К, tпл -271,25 °C (ціск 3,76 МПа). Горш за інш. газы раствараецца ў вадзе, характарызуецца выключнай хім. інертнасцю. У прам-сці атрымліваюць з газаў прыродных гаручых метадам глыбокага ахаладжэння. Выкарыстоўваюць пры зварцы, рэзцы металаў, перапампоўванні ракетнага паліва, у вытв-сці цеплавыдзяляльных элементаў, паўправадніковых матэрыялаў (у якасці ахоўнага асяроддзя), у аэранаўтыцы, для кансервацыі харч. прадуктаў і інш. Гелій вадкі — квантавая вадкасць. Пры т-ры 2,17 К (-270,98 °C) і ціску пары 0,005 МПа (т.зв. λ-пункт) у вадкім 4He (бозэ-вадкасць) адбываецца фазавы пераход другога роду (ад He I да He II). He I бурна кіпіць ва ўсім аб’ёме, He II — спакойная вадкасць, якой уласціва звышцякучасць. Выкарыстоўваюць у крыягеннай тэхніцы як холадагент, вадкі 3He — адзінае рэчыва для вымярэння т-ры ніжэй за 1 К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТЫ́ЧНЫ ТРА́НСПАРТ,
сукупнасць установак і сістэм для перамяшчэння насыпных грузаў, кантэйнераў (патронаў) у струмені паветра ці інш. газу пад уздзеяннем перападу ціску. Устаноўкі звычайна складаюцца з загрузачнага прыстасавання, трансп. трубаправода (аэражолаба), пераключальнікаў патоку, аддзяляльнікаў матэрыялу, пылаўлоўніка, кампрэсарнай устаноўкі ці вакуум-помпы.
Прынцып дзеяння П.т. залежыць ад прынятай сістэмы ўтварэння паветр. патоку. Выраб сістэмы абумоўлены відам матэрыялу, што транспартуецца, яго вільготнасцю, неабходнай прадукцыйнасцю і ўмовамі функцыянавання. Адрозніваюць усмоктвальныя (ціск да 0,05 МПа), нагнятальныя (0,6 МПа) і камбінаваныя сістэмы. Ва ўсмоктвальнай сістэме вакуум-помпа стварае разрэджанне і пад уздзеяннем атм.ціску паветра разам з матэрыялам усмоктваецца ў трубаправод і паступае ў пункт прызначэння (асаджвальнік), дзе скорасць паветр. патоку рэзка памяншаецца і матэрыял асаджваецца. Дыяметр трансп. трубаправода ў такіх сістэмах ад 50 да 200 мм. У нагнятальнай сістэме кампрэсар нагнятае сціснутае паветра ў трубаправод, куды адначасова спец. сілкавальнік прымусова падае матэрыял. Паветраны паток уцягвае матэрыял і транспартуе яго ў аддзяляльнік, з якога паветра праз фільтр выкідваецца ў атмасферу. Дыяметр трансп. трубаправода 50—100 мм. У камбінаваных сістэмах (вакуумна-нагнятальных) падача матэрыялу ў трубаправод і асаджвальнік ажыццяўляецца ўсмоктваннем, а да месца прызначэння — нагнятаннем. Дыяметр трансп. трубаправода дасягае 250 мм. Выкарыстоўваюць у прам-сці (напр., на металург. з-дах для сувязі плавільных аддзяленняў з экспрэс-лабараторыямі), сельскай гаспадаркі (напр., для разгрузкі-пагрузкі зерня), буд-ве, сферы абслугоўвання, як від сувязі (пнеўмапошта) у друкарнях, б-ках, на складах.
Літ.:
Хрусталев Б.М., Кислов Н.В. Пневматический транспорт. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВЫ КАНДЭНСА́Т,
прыродная сумесь узаемараствораных газападобных і лёгкакіпячых вадкіх вуглевадародаў (C5H12 + вышэйшыя), якія знаходзяцца ў зямных нетрах у газа- або парападобным стане. Ахалоджванне і зніжэнне ціску да атмасфернага пры эксплуатацыі газакандэнсатных пакладаў вядзе да выпадзення з сумесі вадкай фазы — кандэнсату. Газавая частка газавага кандэнсату належыць да катэгорыі тлустых газаў. Утрыманне вадкіх вуглевадародаў (кандэнсату) залежыць ад саставу газу, пластавых тэрмабарычных умоў, асаблівасцей міграцыі газавага кандэнсату і вагаецца ад 5—10 да 500—1000 г/м³. Генетычна газавы кандэнсат неаднародны. Фракцыйны і вуглевадародны састаў разнастайны (бензінавыя, газныя, метанавыя і інш. кампаненты). Газавы кандэнсат і яго састаўныя часткі выкарыстоўваюць як паліва для рухавікоў і як сыравіну для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМАНІТО́Р (ад гідра... + манітор),
апарат для стварэння магутнага вадзянога струменя і кіравання ім; адзін з сродкаў гідрамеханізацыі. Выкарыстоўваецца для разбурэння і змывання горных парод, грунту, штучных масіваў (зацвярдзелых шлакаў, попелу і інш.).
Найб. пашыраны ў гідратэхн. і прамысл. буд-ве, пры адкрытай і падземнай распрацоўцы радовішчаў (напр., пры гідраўлічнай здабычы вугалю), пры свідравіннай гідраздабычы. Асн. частка гідраманітора — ствол са зменнай насадкай. Вада падаецца ў гідраманітор з напорнага трубаправода. Адрозніваюць гідраманітор нізкага (да 1 МПа), сярэдняга (1—5 МПа) і высокага (5—35 МПа) ціску; са стацыянарным і пульсоўным струменем; ручным і дыстанцыйным (праграмаваным) кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),
раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.
Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл.Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл.Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.