свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэмесац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМУНАПАТАЛО́ГІЯ,
навука пра імуналагічныя хваробы; раздзел імуналогіі; адзін з кірункаў паталогіі. Таксама паталагічныя змены ў арганізме, абумоўленыя парушэннямі імунітэту. Суправаджаюцца імунадэфіцытам — паніжэннем ахоўных магчымасцей арганізма пад уплывам антыгенаў. Бываюць пры марфал. і функцыян. зменах у сістэме неспецыфічнага і спецыфічнага імунітэту, закранаюць генет., сістэмныя, клетачныя, малекулярныя і інш. механізмы рэагавання арганізма на чужародныя субстанцыі. Аснову для развіцця імунадэфіцыту складаюць разбалансаванасць сістэмы кіравання імунітэтам, уздзеянне на яго клеткі вірусаў, бактэрый, хім. (у т. л.лек.) рэчываў, прадуктаў дысметабалізму і інш. Імунадэфіцыт бывае прыроджаны, або першасны (генет. абумоўлены), другасны, або набыты, транзіторны (пераходны). Прыкметы І. залежаць ад прычыны ўзнікнення, закранаюць гумаральную, марфал. і інш. сферы. Найб. небяспечныя віды І. — сіндром набытага імунадэфіцыту (СНІД), асобныя аўтаімунныя хваробы, алергічныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ ТАВАРЫ́СТВА МУЗЫКАЗНА́ЎСТВА (франц. Société Internationale de musicologie; CIM),
міжнародная арг-цыя музыказнаўцаў. Створана ў 1927 у Базелі (Швейцарыя), з 1949 у сістэмеМіжнароднага музычнага савета пры ЮНЕСКА. Мае на мэце стымуляванне даследчай працы ў розных галінах муз. навукі, падтрымку буйных міжнар. музыказнаўчых мерапрыемстваў, устанаўленне кантактаў паміж вучонымі розных краін свету. Праводзіць кангрэсы (з 1930, з 1967 праз кожныя 5 гадоў), выдае час. «Acta musicologica», з Міжнар. асацыяцыяй Муз. б-к выпускае бібліягр. выданні («Міжнародны каталог музычных крыніц», «Міжнародны каталог музычнай літаратуры» і «Міжнародны каталог музычнай іканаграфіі»), Дырэкторыя т-ва выбіраецца на кангрэсах ад краін, якія маюць не менш як 30 членаў т-ва. Рас. музыказнаўцы і вучоныя інш. краін СНД і Балтыі ўдзельнічаюць у рабоце т-ва з 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел.нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАКА́ДА НАВАКАІ́НАВАЯ,
метад абязбольвання, які грунтуецца на часовым выключэнні праводнасці болевых імпульсаў па перыферычнай нерв.сістэме і на ўздзеянні навакаіну на рэгулятарныя функцыі ц. н. с. Праводзяць блакаду навакаінавую 0,25—0,5%-ным растворам навакаіну. Слабыя растворы навакаіну здымаюць боль і лечаць. Блакаду навакаінавую выкарыстоўваюць адпаведна характару захворвання. Напр., кароткую блакаду навакаінавую робяць на першай стадыі вострых запаленчых працэсаў (абсцэсы і флегмоны), пры лячэнні ран. Цыркулярная блакада навакаінавая выкарыстоўваецца пры лячэнні ран, гнойных і асептычных запаленняў, адмаражэнняў, укусаў змей у вобласці канечнасцяў. Надплеўральную блакаду навакаінавую робяць пры хваробах органаў брушной і тазавай поласцяў (перытаніты, гастраэнтэрыты, колікі, халецыстыты, выпадзенне маткі), пры хваробах тазавых канечнасцяў і ў пасляаперацыйны перыяд пры хірург. умяшаннях на органах брушной поласці. Паранефральная блакада навакаінавая ўжываецца ў тых жа выпадках, што і надплеўральная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ ПА ПРАМЫСЛО́ВЫМ РАЗВІЦЦІ́ (United Nations Industrial Development Organization; ЮНІДО),
міжурадавая арг-цыя ў сістэмеААН. Створана ў 1966. Паводле статута (прыняты ў 1979 у Вене) ЮНІДО аўтаномная спецыялізаваная ўстанова (з 1986). Чл. арганізацыі з’яўляюцца 147 дзяржаў (1990).
Асн. мэты і віды дзейнасці: дапамога краінам, што развіваюцца, у правядзенні і паскарэнні індустрыялізацыі, распрацоўка і каардынацыя з гэтай нагоды мерапрыемстваў ААН; садзейнічанне ва ўмацаванні супрацоўніцтва паміж індустрыяльна развітымі краінамі і тымі, што стаяць на шляху развіцця; правядзенне адпаведных кансультацый і перагавораў, падтрымка інвестыцыйных працэсаў, перадача тэхналогій і г.д. Аказвае тэхн. дапамогу, распрацоўвае праграмы падрыхтоўкі кадраў для прам-сці, выступае як цэнтр па зборы, сістэматызацыі і распаўсюджванні прамысл. інфармацыі.
Асн. органы — Ген. Канферэнцыя, Савет па прамысл. развіцці і К-т па праграме і бюджэце. Штаб-кватэра арг-цыі ў Вене.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАБА́ННАЯ ПО́ЛАСЦЬ,
поласць у сістэме сярэдняга вуха наземных пазваночных і чалавека. Асн. функцыя — слыхавая: перадае гукавыя ваганні ад барабаннай перапонкі праз слыхавыя костачкі і акно пераддзвер’я ў вушны лабірынт, узмацняе іх, ахоўвае акно ўліткі ад вонкавых гукавых ваганняў. Аб’ём у чалавека каля 0,75 см³.
Сценкі барабаннай поласці з касцявой тканкі, за выключэннем вонкавай, большую ч. якой утварае барабанная перапонка. Унутры выслана слізістай абалонкай. Запоўнена паветрам. Праз адтуліну ў барабаннай перапонцы і слыхавую (еўстахіеву) трубу злучаецца з насаглоткай (праз трубу ажыццяўляюцца змена паветра ў поласці і адцяканне слізі ў насаглотку). На задняй сценцы ёсць уваход у самую вял. поласць сярэдняга вуха — антрум. Ад поласці чэрапа аддзяляецца тонкай касцявой пласцінкай. Інервуецца слыхавым нервам. Пашкоджанні барабаннай поласці вядуць да зніжэння або страты слыху. Іл.гл. да арт.Вуха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕ́РБАЛА,
цэнтральная крывая 2-га парадку; адно з канічных сячэнняў, уяўляе сабой мноства пунктаў плоскасці, рознасць адлегласцей ад якіх да двух пэўных пунктаў (фокусаў гіпербалы) пастаянная (па модулі). Кананічнае ўраўненне гіпербалы ў прамавугольнай сістэме каардынат: x2/a2 − y2/b2 = 1, дзе a, b — даўжыні паўвосяў, b2 = c2 − a2, c — фокусная адлегласць гіпербалы (гл.Аналітычная геаметрыя). Мае 2 бясконцыя галіны, сіметрычныя адносна гал. восяў Ox і Oy (сапраўднай, ці факальнай, і ўяўнай); 2 асімптоты y = ±bx/a. Пры a = b гіпербала наз. раўнабочнай і яе ўраўненне мае выгляд x2 − y2 = a2; яе асімптоты ўзаемна перпендыкулярныя, і калі іх прыняць за восі каардынат, то ўраўненне набудзе выгляд xy = a2/2 (графік адваротнай прапарцыянальнасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) абагульненне, лагічны пераход ад частковага да агульнага, падпарадкаванне асобных з’яў агульнаму прынцыпу.
2) У фізіялогіі — распаўсюджванне ўзбудлівасці па цэнтральнай нервовай сістэме чалавека і жывёл. Узнікае пад уздзеяннем імпульсаў, якія прыходзяць з перыферыі ў выніку дзеяння моцнага раздражняльніка (напр., харчовага, болевага і інш.). Генералізацыя ўзбудлівасці па кары вял. паўшар’яў мозга адбываецца на першых этапах утварэння ўмоўнага рэфлексу. Адрозніваюць генералізацыю аферэнтную і эферэнтную. Пры аферэнтнай многія стымулы выклікаюць аднолькавую рэакцыю. Пры эферэнтнай аднолькавы стымул выклікае розныя рухі; яна выразна праяўляецца пры загашэнні аднаго з рухаў і пры выпрацоўцы новага руху. Па меры ўтварэння ўмоўнага рэфлексу стадыя генералізацыі змяняецца стадыяй спецыялізацыі.
3) У паталогіі — ператварэнне абмежаванага спачатку інфекц. або пухліннага працэсу ў пашыраны з узнікненнем метастатычных ачагоў у інш. органах. Адбываецца па крывяносных і лімфатычных шляхах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́КА,
асноўная зямельная мера і адзінка абкладання сялян павіннасцямі ў ВКЛ у 16—18 ст. На Беларусі ўведзена ў час валочнай памеры. Як адзінка плошчы падзялялася на 30 маргоў, або 9000 прутоў (21,36 га). Павінна была складацца з 3 роўных палёў, што адпавядала трохпольнай сістэме земляробства. Часта да палявога надзелу дадавалі 3 маргі на сядзібу і агарод. «Устава на валокі» 1557 прадугледжвала валоку ў 33 маргі, па 11 маргоў у кожным полі. Пры кепскай зямлі практыкаваліся т.зв. «наддаўкі», таму памер валокі вагаўся ад 30 да 46 маргоў, але ўсе валокі абкладаліся аднолькавымі павіннасцямі. Паводле ўмоў плацяжу адрознівалі валокі цяглыя (паншчына), асадныя (грашовы чынш), вольныя ад павіннасці. Былі валокі аселыя (знаходзіліся ў пастаянным карыстанні сялян), прыёмныя, або бакавыя (у часовым карыстанні), пустыя (не ўзятыя ў карыстанне).