Мілаш Тэадоравіч (7.3.1780, Сярэдня-Дабрыня, Сербія — 14.9.1860), князь Сербіі [1815—39, 1858—60], заснавальнік дынастыі Абрэнавічаў. Удзельнік 1 -га сербскага паўстання 1804—13 супраць тур. няволі. Пасля яго паражэння дамогся ад тур. султана прызначэння кнезам (князем) Паўд.-Зах. Сербіі. Узначаліў 2-е сербскае паўстанне 1815, у выніку якога паводле пагаднення з тур. ўладамі стаўвярх. кнезам усёй Сербіі. Арганізаваў забойства Г.Карагеоргія (1817). У 1826 дамогся аўтаноміі для Сербіі, а для сябе ў 1830 спадчыннага тытула кнеза. Імкнуўся да аб’яднання паўд.-слав. зямель пад эгідай Сербіі, стварыў бюракратычна-паліцэйскую сістэму праўлення, цалкам ігнаруючы Скупшчыну (парламент). У 1839 пацярпеў паражэнне ў барацьбе з апазіцыяй (падпісаў канстытуцыю, якая абмяжоўвала яго ўладу), адрокся ад прастола на карысць свайго сына Міхаіла і эмігрыраваў. У 1858 Скупшчына Сербіі скінула кн. А.Карагеоргіевіча і вярнула прастол М.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСЯЛО́ЎСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Агончык». Паходзілі з Польшчы, дзе неаднаразова займалі сенатарскія пасады, з 1780 графы «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У ВКЛ перасяліўся абозны каронны Пётр (1482—1556), які стаў старостам мсцібаўскім і мяцельскім; ад жонкі атрымаў у пасаг Беласток. Пётр (?—1620), сын Пятра. Каралеўскі сакратар, падскарбі надворны ВКЛ з 1590, маршалак надворны з 1598, маршалак вялікі з 1615. На яго сынах Крыштофе і Мікалаю перарвалася галіна роду на Беларусі і ў Літве. Крыштоф (?—19.4.1637), падстолі ВКЛ з 1600, стольнік з 1604, крайчы з 1620, маршалак надворны з 1622, маршалак вялікі з 1635. Удзельнічаў у войнах з туркамі і шведамі. Разам з жонкай А.М.Сабескай заснаваў Гродзенскі кляштар брыгітак. Мікалай (?—19.10.1634), кухмістр ВКЛ з 1611, стольнік з 1623, крайчы з 1626, падчашы з 1630, кашталян жмудскі з 1633.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛА́НЫ (позналац. vilani ад лац. villa сядзіба, маёнтак),
розныя катэгорыі феад.-залежнага сялянства ў краінах Зах. Еўропы ў сярэднія вякі. 1) У Францыі, Германіі, Італіі віланы былі ў параўнальна лепшым юрыд. і маёмасным становішчы, чым інш. катэгорыі сялянства (адсутнасць спадчынных асабістых павіннасцей, большая свабода ў адчужэнні надзелаў, больш шырокія магчымасці перасялення і інш.). Катэгорыя віланаў склалася тут у 9—10 ст. У 13—15 ст. тэрмін «віланы» стаў ужывацца таксама для абазначэння ўсяго сялянства.
2) У Англіі віланы — катэгорыя сялян, якія знаходзіліся ў адной з самых жорсткіх формаў феад. залежнасці (павіннасці «паводле волі лорда», цяжкая паншчына, строгае абмежаванне права пакідаць надзел і інш.). Юрыд. афармленне ін-та віланства завяршылася тут да сярэдзіны 12 ст. У 15—16 ст. віланства паступова ператварылася ў капігольд і як катэгорыя феад. залежнасці віланы ў Англіі зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАВА АБАРО́НА 1707.
Адбывалася ў час Паўночнай вайны 1700—21 супраць рас. войскаў. Пасля ўзяцця Старога Быхава казакамі і войскамі ВКЛ у кастр. 1702 (гл.Быхава аблога 1702) ген. артылерыі К.Сяніцкі (Сініцкі-Бонч) фактычна стаў адзіным правіцелем Быхаўшчыны. Пасля прыбыцця ў Быхаў войскаў яго брата — падстолія ВКЛ, палкоўнікаў Ліндорфа і Берлінкурта Сяніцкі ўзняў мяцеж супраць Аўгуста II. Пра сваё выступленне Сяніцкія паведамілі прыхільнікам Сапегаў і шведскаму каралю Карлу XII і прасілі яго прыйсці на Бел. Падняпроўе. У адказ Пётр I накіраваў некалькі дзесяткаў рас. палкоў. Некалькі дзён кругласутачна вялася бамбардзіроўка Быхава. Вял. разбурэнні, пажары і адсутнасць дапамогі ад Сапегаў і Карла XII вымусілі Сяніцкіх пайсці на перагаворы аб капітуляцыі. Пасля здачы горада і замка Сяніцкіх вывезлі ў ссылку, артылерыя Быхава адпраўлена ў Кіеў. Рас. гарнізон стаяў у Быхаве больш за 7 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш.акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬМА́РСКАЯ У́НІЯ,
міждзяржаўнае аб’яднанне Даніі, Нарвегіі (з Ісландыяй) і Швецыі (з Фінляндыяй) пад уладай дацкіх каралёў у 1397—1523. Падрыхтавана дацка-нарвежскай (1380) і дацка-шведскай (1389) асабістымі уніямі. Ініцыіравана каралевай Маргарытай Дацкай, якая дамаглася абвяшчэння ў 1397 у г. Кальмар (Швецыя) каралём трох дзяржаў яе траюраднага пляменніка герцага Эрыка Памеранскага. Праект акта уніі (ніколі не быў зацверджаны, па-рознаму інтэрпрэтуецца ў гістарыяграфіі) прадугледжваў выбары адзінага манарха, правядзенне агульнай знешняй палітыкі, абаронны саюз пры захаванні ўнутр. самастойнасці кожнай з трох дзяржаў. Спроба дацкіх каралёў выкарыстаць унію для ўстанаўлення свайго панавання над Швецыяй прывяла да нар. паўстання і фактычнай ліквідацыі уніі ў 1448. К.у. тройчы аднаўлялася (1457—67, 1497—1501, 1520—21) у ходзе дацка-шведскіх войнаў 15 — пач. 16 ст. Канчаткова ліквідавана ў 1523, калі каралём Швецыі стаўГустаў I Ваза. Нарвегія заставалася пад уладай Даніі да 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),
чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.
У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял.кн.літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ А́НГЛІІ 1066,
уварванне ў Англію нармандскага і франц. рыцарства на чале з герцагам Нармандыі Вільгельмам, які прэтэндаваў на англ. прастол пасля смерці англасаксонскага караля Эдуарда Спаведніка (1066). Войскі Вільгельма пераплылі на парусніках Ла-Манш і высадзіліся на Паўд. узбярэжжы Англіі. У вырашальнай бітве паміж войскамі Вільгельма і новага англасаксонскага караля Гаральда II 14 кастр. каля Гастынгса нармандская конніца перамагла пешых англасаксаў. Гаральд загінуў. Вільгельм стаў каралём Англіі (гл.Вільгельм I Заваёўнік). У выніку Н.з.А. англасаксонская знаць была пазбаўлена б.ч. зямель і адхілена ад улады, яе месца заняло дваранства нарманафранц. паходжання. Вільгельм стварыў цэнтралізаваную дзяржаву, якая ўключала вял. тэрыторыі і ў Англіі, і на мацерыку. Усе землеўладальнікі павінны былі прынесці каралю васальную прысягу вернасці («Салсберыйская прысяга»), У 1086 паводле загаду Вільгельма быў складзены кадастр усіх зямель Англіі — т. зв. «Кніга страшнага суда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СКЕ ((Noske) Густаў) (9.7.1868, г. Брандэнбург, Германія — 30.11.1946),
германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1886 член С.-д. партыі Германіі, у 1893—1918 рэдагаваў шэраг с.-д. газет. У 1906—18 дэп. рэйхстага, дзе лічыўся спецыялістам па ваен., марскіх і калан. пытаннях. У Лістападаўскую рэвалюцыю 1918 губернатар г. Кіль, потым чл. Савета нар. упаўнаважаных, адказны за армію і флот (снеж. 1918 — люты 1919); кіраваў задушэннем паўстання «Спартака саюза» ў Берліне (студз. 1919) і ліквідацыяй Брэменскай сав. рэспублікі. У лют. 1919 — сак. 1920 міністр рэйхсвера, за пасіўнасць у час Капаўскага путчу 1920 членамі сваёй партыі змушаны пайсці ў адстаўку. У 1920—33 обер-прэзідэнт прускай прав. Гановер. У 1939 і 1944 зняволены нацыстамі. Аўтар твораў «Якім я стаў» (1919), «Ад Кіля да Капа. Да гісторыі германскай рэвалюцыі» (1920), «Перажытае з узвышэння і падзення дэмакратыі» (1947) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ЦЦА (італьян. palazzo ад лац. palatium палац),
тып гар. палаца-асабняка, характэрнага для італьян. Адраджэння. Склаўся ў 15 ст. пераважна ў Фларэнцыі [арх. Ф.Брунелескі (П.Піці), Мікелоца і інш.]. Класічнае П. ўяўляла сабой 3-павярховы (радзей 2- ці 4-павярховы) будынак, які фасадам выходзіў на вуліцу. Кампазіцыйным цэнтрам яго быў унутр. двор, абнесены арачнымі галерэямі. Раннія П. вылучаліся маналітнасцю аб’ёму, суровым вонкавым выглядам, мелі фасады, апрацаваныя буйным рустам. З 16 ст. ў афармленні фасадаў узмацнілася роля ордэрных элементаў і скульпт. дэкору; кампазіцыя набыла большую сувязь з гар. забудовай і прыродным асяроддзем (П.Фарнезе ў Рыме, 1513—89, арх. А. да Сангала Малодшы, Мікеланджэла, Дж. дэла Порта). Да задніх фасадаў стаў прылягаць тэрасны сад (арх. Д.Брамантэ, Рафаэль і інш.). У розных абласцях Італіі склаліся мясц. разнавіднасці П.