археалагічныя помнікі (селішча і курганны могільнік 10—11 ст.) каля в. Дворыцкая Слабада Мінскага р-на. На селішчы выяўлены рэшткі каля 100 жытлаў, знойдзена шмат прывазных рэчаў, вырабаў мясц. рамеснікаў, прадметы ўзбраення, кераміка з клеймамі «трызубец». Магчыма, селішча абслугоўвала валокі ці сухапутны адрэзак шляху ад р. Лошыца да гарадзішча на Менцы і прыйшло ў заняпад з пабудовай новага дзядзінца Мінска на сутоках Свіслачы і Нямігі. На курганным могільніку (21 насып), пераважна дрыгавічоў, пахавальны абрад трупапалажэнне. Сярод знаходак пярсцёнкападобныя скроневыя кольцы, пацеркі з металу, шкла і сердаліку, ганчарны посуд, драўлянае вядро з мёдам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗВІН, Вастан Дзвін,
рамесна-гандл. горад, цэнтр транзітнага гандлю Арменіі ў 4—13 ст. (за 35 км на Пд ад Ерэвана). У 330-я г.арм. цары Аршакіды пабудавалі тут крэпасць і перанеслі туды сваю рэзідэнцыю. Пасля падзення Арм. царства ў 428 Дз. стаў рэзідэнцыяй перс. правіцеляў Арменіі. З 640 — цэнтрам араб. эмірата — Армінія. У 1236 разбураны манголамі. Раскопкі Дз. праводзяцца з 1937. У крэпасці адкрыты руіны палацаў, жылыя дамы і ганчарныя майстэрні 10—13 ст. У цэнтры горада — рэшткі сабора (перабудаваны ў 7 ст.), палац каталікоса (5 ст.), будынак вял. караван-сарая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬМЕ́Н (франц. dolmen ад брэтонскага tol стол + men камень),
старажытнае пахавальнае збудаванне, адзін з відаў мегалітычных збудаванняў. Складзены з вялізных каменных глыб і пліт да некалькіх дзесяткаў тон, пастаўленых вертыкальна і накрытых адной або некалькімі плітамі зверху. Найчасцей у Д. рэшткі некалькіх памерлых з каменнымі або бронзавымі прыладамі і ўпрыгожаннямі. Некат. Д. выкарыстоўваліся для пахаванняў на працягу дзесяткаў і нават соцень гадоў. Пашыраны ў прыморскіх абласцях Паўн. Афрыкі, Еўропы, у т. л. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і ў Крыме (бронзавы век), і Азіі (жалезны век).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЗЭ́Р,
старажытны горад у Паўд. Палесціне (цяпер г. Эль-Гезэр). Узнік у 3-м тыс. да н.э. на месцы паселішча эпохі неаліту на караванным шляху ад узбярэжжа Міжземнага мора ў Сірыю і Аравію. Першапачатковае насельніцтва — хурыты і ханансі. У сярэдзіне 10 ст. да н.э. захоплены егіпцянамі, якія перадалі яго іудзейскаму цару Саламону. З 44 н.э. адзін з цэнтраў рымскай правінцыі Іудзея. У выніку раскопак выяўлены рэшткі брамы, пабудаванай Саламонам, чарапок пасудзіны 18—17 ст. да н.э. з адным з першых узораў ужывання алфавіта, гезерскі каляндар 11—10 ст. да н.э. — найб.стараж. надпіс на раннім іўрыце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЛІСЕ́ЕВІЧЫ,
археалагічная стаянка эпохі палеаліту ў в. Елісеевічы Бранскай вобл. (Расія), на правым беразе р. Судасць. Адкрыў у 1930 К.М.Палікарповіч, даследавалі Л.В.Грэхава і бел. археолагі А.Дз.Будзько і Палікарповіч. У культурным пласце на глыбіні 1,2—1,3 м выяўлена вял. колькасць касцей маманта (чарапы, буйныя трубчастыя косці), верагодна, рэшткі жытлаў ці гасп. пабудоў. Знойдзены крамянёвыя прылады працы, прылады з касцей маманта, ваўка, ліса, пясца, зайца і інш. жывёл, сусветна вядомыя маст. вырабы з касцей маманта (статуэтка жанчыны, выявы рыб, пласціны са складаным геам. арнаментам). Стаянка датуецца 12 970—17 340 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДЗІ́ТАЎ,
старажытны горад. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. Найб. верагодна, што першапачаткова горад размяшчаўся за 4 км на Пд ад сучаснай в. Здзітава Бярозаўскага р-на, каля в. Старамлыны, дзе на правым беразе р. Ясельда захаваліся рэшткі гарадзішча 11—13 ст. Гарадзішча займала ізаляваны ўзгорак пл. больш за 1 га ў нізіннай, месцамі забалочанай пойме ракі. З усх. і зах. бакоў да яго прымыкае стараж. селішча пл. каля 3 га. У выніку археал. раскопак (1971, Я.Г.Звяруга) на гарадзішчы выяўлены прадметы, блізкія да матэрыяльнай культуры гарадоў Тураўскай зямлі і Бел. Панямоння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫЯСПА́ЗМА (ад грэч. kardia, тут — уваход у страўнік + ...спазмаў хвароба. якая праяўляецца спазмай стрававода ў месцы пераходу яго ў страўнік. Асн. прыкмета — загрудзінны боль, пачуццё распірання. У пачатку хваробы — цяжкасць пры глытанні (дысфагія), іншы раз першых порцый ежы, асабліва халоднай. У большасці хворых лепш праходзіць цёплая вадкая ежа, у некаторых — цвёрдая. Непрыемныя адчуванні ўзмацняюцца пры хуткай ядзе. Боль бывае і пры пустым страваводзе. Пры зрыгванні застаялыя ў страваводзе масы (сліна, рэшткі ежы, слізь) могуць зацякаць у дыхальныя шляхі і выклікаць аспірацыйныя запаленні, абсцэсы лёгкіх і інш. Лячэнне: дыетатэрапія, спазмалітыкі, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Я АТРУЧЭ́ННІ,
захворванні жывёл, што ўзнікаюць у выніку прыёму няправільна падрыхтаваных або недабраякасных кармоў ці парушэння норм кармлення жывёл. Выклікаюцца хім. ядамі, што ўтвараюцца ў кармах пры іх няправільным прыгатаванні або захоўванні. К.а. выклікаюць кармы, пашкоджаныя таксікаінфекцыяй, напр.батулізмам або таксічнымі грыбамі (фузарыятаксікоз, стахібатрыятаксікоз і інш.), ядамі сінт. паходжання (карбамід або вял. доза бялкова-вітамінна-мінер. дабавак, рэшткі пестыцыдаў і нітратаў пры захоўванні іх у кармах звыш дапушчальных нарматываў). К.а. выклікае таксама парушэнне рэжыму кармлення, напр. рэзкі пераход на інш. кармы, на пашавае або стойлавае ўтрыманне жывёл, залішняе кармленне галодных жывёл. Гл. таксама Атручэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РМЕЛЬ,
гара на Пд Палесціны (тэр. Ізраіля), на зах. схіле якой у пячорах Табун і Схул у 1929—34 выяўлены касцявыя рэшткі людзей разам з каменнымі прыладамі і касцямі выкапнёвых жывёл. У пячоры Табун знойдзены амаль поўны шкілет жанчыны неандэртальскага тыпу і ніжняя сківіца мужчынскага чэрапа. У пячоры Схул знойдзены косці 10 шкілетаў рознай захаванасці са спалучэннем неандэртальскіх і сучасных асаблівасцей будовы чэрапа і інш. частак шкілета. Жылі 35—40 тыс. гадоў таму назад. Адны вучоныя лічаць, што насельніцтва пячор К. — вынік змешвання людзей неандэртальскага і сучаснага тыпаў; іншыя бачаць у іх эвалюцыйны пераход ад стараж. людзей да новых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКУЦЕ́НІ (Cucuteni),
энеалітычнае пасяленне ў Румыніі. Выяўлена за 12 км ад г. Ясы. Ранняя фаза датуецца 3380, позняя — 3000 да н.э. Выяўлены рэшткі глінабітных дамоў. Для ранняй фазы К. характэрна кераміка з трохколернай спіральнай размалёўкай і з паглыбленым спіральным арнаментам, грубы кухонны посуд, прылады працы з крэменю, косці, рогу і медзі, гліняныя схематызаваныя жаночыя статуэткі. Позняя фаза адметная керамікай з аднаколернай (чорнай) размалёўкай па аранжава-жоўтай паверхні, грубым кухонным посудам і керамікай са шнуравым арнаментам, глінянымі жаночымі статуэткамі з чорнай размалёўкай, фігуркамі жывёл, меднымі кінжаламі, сякерамі, нажамі, шыламі, бранзалетамі. Тэрмінам «К.» наз. культуру размаляванай керамікі, аналагічную трыпольскай культуры.