СТЭГАЦЭФА́ЛЫ, панцырнагаловыя,
покрыўначарапныя (Stegocephala),
выкапнёвыя земнаводныя. Жылі ў палеазоі. Іх рэшткі знойдзены на ўсіх кантынентах Паходзяць ад кісцяпёрых рыб, продкі паўзуноў. Да С. адносяць батрахазаўраў, вымерлыя атр. падкл. лепаспандыльных і лабірынтадонтаў. Былі водныя і наземныя; жылі ў балотах, лагунах, забалочаных лясах.
Даўж. цела ад 10 см да 3—4 м. Форма разнастайная. С. былі саламандра-, трытона-, і кракадзілападобныя. Тулава ўкрыта касцявымі шчыткамі, чэрап зверху — масіўнай касцявой пласцінай (адсюль 2-я і 3-я назвы). Мелі адтуліны для вачэй, ноздраў і цемяннога вока. Драпежнікі.
т. 15, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)