БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЫН ВАДЗЯНЫ́,
мукамольны млын, які прыводзіўся ў рух энергіяй вады. Будаваўся на беразе ракі ці праточнага возера. Рабочы орган — пастаў з пары круглых апрацаваных камянёў з верт. воссю вярчэння; верхні камень прыводзіўся ў дзеянне ад вадзянога кола (сілай падаючай вады), у наплаўных М.в. (ставіліся на палі, паром ці баржу) — ад плыні (цячэння) вады.
Вядомыя са стараж. часоў (у краінах Усходу, Стараж. Грэцыі і Рыме), калі вынайдзенае для мэт арашэння вадзяное кала было прыстасавана круціць жорны. На Беларусі М.в. вядомы з часоў Кіеўскай Русі, найб. пашыраны ў 16—18 ст. (пераважна колавыя). У канцы 19 ст. пачалі выкарыстоўваць турбінныя М.в., у якіх замест кола ставілася вадзяная турбіна. Для млына звычайна рабілі зрубную, радзей каркасную прамавугольную ў плане пабудову на некалькі паверхаў, накрытую двух- або шматсхільным дахам з драніцы, гонты, саломы. У гарадах, некат. мястэчках, пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах і буйных маёнтках М.в. будавалі з цэглы і каменю. Буйныя млыны часам абсталёўваліся абарончымі прыстасаваннямі, жылымі памяшканнямі, каморамі і крамамі. М.в., як і ветракі, выкарыстоўваліся да 1-й пал. 20 ст. (заменены млынамі спачатку з паравым, пазней з эл. прыводам). Захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ДАМЛЬСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага р-на Магілёўскай вобл.Археал. даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш як 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбенепадобным вале з Пн, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невял. «брамку-фортку» ў тоўшчы абарончых сцен быў выхад з замка да ракі. У 14—17 ст. драўляныя абарончыя сцены ставіліся тут на вале ў выглядзе вастракола і традыц. гародняў, абмазаных глінай. У паўднёвай, найб. ахаванай частцы замка, быў стараж. калодзеж, неабходны на час аблогі. 12.9.1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вял. князем ВКЛ і каралём Польшчы Жыгімонтам I Старым кн. М.І.Жаслаўскаму. У 1535 у час аблогі Р.з. моцна пацярпеў, але быў адноўлены. На працягу 1552—65 для пастаяннага гарнізона ў замак прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 тут фарміраваўся бел. казацкі полк К.Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Важнай ролі ў вайне Р.з. не адыгрываў і пасля 17 ст. ў гіст. крыніцах не ўпамінаецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ПУЦЬ,
рака ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл., Добрушскім і Гомельскім р-нах Гомельскай вобл., Смаленскай і Бранскай абл. Расіі, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 437 км (у межах Беларусі 64 км). Пл. вадазбору 10 900 км². Пачынаецца за 800 м на З ад в. Нядзведзь Клімавіцкага р-на. Асн. прытокі Надва, Унеча (злева), на Беларусі — Няцёша, Харапуць (злева), Ачоса (справа). Вярхоўе ракі на Аршанска-Магілёўскай раўніне, прывусцевыя ўчасткі ў Гомельскім Палессі. Даліна трапецападобная, шыр. ў вярхоўі 1—1,5 км, ніжэй 2,5—3,5 км, на ўчастку ад г. Сураж да вусця 4—8 км. Пойма двухбаковая, у нізоўі перасечаная старыцамі з азёрамі старычнага тыпу, шыр. ад 200 м да 3,5 км. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да мяжы з Расіяй на працягу каля 24 км, ніжэй звілістае, шыр. яго ў вярхоўі 1,5—12 м, на астатнім працягу 20—50 м. Берагі стромкія і абрывістыя, выш. да 2 м. Замярзае ў 1-й пал.снеж., крыгалом у канцы сак. — пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 55,6 м³/с. На рацэ каля в. Цімошкі Клімавіцкага р-на плаціна і сажалка, плаціна ў г. Добруш. Гарады: Сураж (Расія), Добруш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКІЯ ЗА́МКАВА-ПАЛА́ЦАВЫЯ КО́МПЛЕКСЫ.
Існавалі ў 17—19 ст. у г. Камянец Брэсцкай вобл. Пабудаваны недалёка ад Камянецкай вежы на беразе р. Лясная. Комплекс драўляных збудаванняў 1-й пал. 17 ст. быў умацаваны земляным валам і абкружаны вадзяным ровам, праз які з боку Камянца быў мост. У цэнтры дзядзінца стаяў 2-павярховы рэнесансавы палац з аркаднай галерэяй на гал. фасадзе, уваход быў праз двух’ярусную браму. Каля брамы стаялі 2 жылыя флігелі, гасп. пабудовы, за межамі ўмацаванняў на беразе ракі — бровар і вял. 2-павярховы свіран. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. комплекс перабудаваны. Складаўся з дзядзінца і ўмацаванага драўлянай абарончай сцяной «перадзамачча». Дзядзінец быў умацаваны земляным валам і астрогам. У цэнтры знаходзіўся невял. 1-павярховы палац, за ім — жылыя флігелі і гасп. пабудовы. «Перадзамачча» злучалася з дзядзінцам праз вадзяны роў мостам з 2 брамамі. У ніжнім ярусе замкавай брамы была турма, у верхнім — лямус з адкрытай галерэяй. У 18 ст. комплекс перабудаваны ў барочны палацавы комплекс, які захаваў ранейшыя вонкавыя ўмацаванні і 2-ярусную браму. Насупраць брамы стаяў 2-павярховы драўляны палац. Дзверы яго былі аздоблены арнаментальнай разьбой, сцены — шпалерамі, падзеленымі разнымі ліштвамі. Каля брамы размяшчаліся дом аканома, кухня, гасп. пабудовы. У канцы 18 — пач. 19 ст. комплекс заняпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),
адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл.Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл.Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.
Літ.:
Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НА,
рака ў Іванаўскім і Пінскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 2460 км². Пачынаецца каля в. Пераруб Іванаўскага р-на (паводле інш. звестак — каля в. Дубай Пінскага р-на з даўж. рэчышча 27 км), вусце ў межах г. Пінск. Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: канавы Выценская, Таўкачыха, Кобельская, без назвы каля в. Хамічава (справа), рэкі Струга, Няслуха, Піліпаўка (злева). На тэр. вадазбору пад азёрамі 1% (найб. Пясчанае, Скорань, Завішчанскае), пад балотамі і забалочанымі землямі 31%, пад лесам 28%, разарана 25%. Даліна слабавыразная. Рэчышча слабазвілістае, шыр. 30—40 м. У выніку каналізацыі лукавіны выпрастаны, рэчышча паглыблена на перакатах. Берагі нізкія, стромкія, выш. 1—1,5 м, складзеныя з пясчаных і тарфяністых грунтоў, месцамі насыпаныя. Жыўленне мяшанае: снегавое, дажджавое, грунтавое.
Сярэднегадавы расход вады ў вусці 8,6 м³/с. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае каля 50% гадавога сцёку. Ледастаў з сярэдзіны снеж. да 2-й пал. сакавіка. Веснавы ледаход 4 сут. Сярэдняя вышыня найб. ўзроўню веснавога разводдзя над межанным 1,8 м, воднасць ракі падтрымліваецца перакідам часткі сцёку з р. Прыпяць праз сістэму Выжаўскага і Белаазерскага каналаў. П. з’яўляецца ч.Дняпроўска-Бугскага канала. Суднаходная. У сутоках П. і Прыпяці г. Пінск (порт).
французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв. вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв.рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.
Тв.:
Рус.пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.
Літ.:
Андреев Л.Г. М.Пруст. М., 1968;
Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;
Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РА,
рака ў Рэспубліцы Комі і Ненецкай аўт. акрузе Архангельскай вобл. Расіі. Даўж. 1809 км, пл. басейна 322 тыс.км². Пачынаецца на Паўн. Урале, цячэ па Пячорскай нізіне, упадае ў Пячорскую губу Баранцава м. У верхнім цячэнні даліна вузкая, з высокімі і стромкімі берагамі; у сярэднім цячэнні — шырокая пойма занята лясамі і лугамі, у рэчышчы — перакаты, мелі, астравы. Ніжэй вусця р. Уса П. становіцца паўнаводнай ракой (шыр. рэчышча да 500—1500 м) са шматлікімі рукавамі, астравамі, пратокамі, азёркамі і старыцамі. У нізоўях (за 130 км ад вусця) падзяляецца на рукавы — усходні — Вялікая П. і заходні — Малая П. Ніжэй П. ўтварае вял. дэльту шыр. да 45 км. Асн. прытокі: Паўн. Мылва, Кожва, Іжма, Піжма, Цыльма, Сула (злева), Ілыч, Шчугар, Уса, Лая, Шапкіна (справа). Жыўленне снегавое і дажджавое. Веснавое разводдзе і летнія паводкі. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Сярэдні гадавы расход вады каля с. Усць-Цыльма 3400 м³/с. Рыбалоўства (сіг, сёмга, чыр, нельма). Суднаходная ад с. Усць-Унья, рэгулярнае суднаходства ад г.п. Троіцка-Пячорск, марскія судны падымаюцца да г. Нар’ян-Мар. Сплаўная. На П. гарады Вуктыл, Пячора, Нар’ян-Мар. У бас. П. радовішчы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басейн), нафты і газу (Цімана-Пячорская нафтагазаносная правінцыя). У вярхоўі П. — Пячора-Ілыцкі запаведнік.