цэнтральная частка атама, у якой сканцэнтравана 99,95% яго масы. Я.а. складаецца з Z пратонаў і N нейтронаў, характарызуецца надзвычай высокай шчыльнасцю р ~1017кг/м³. Лінейныя памеры яго вызначаюцца радыусам R = (1,2 ÷ 1,4)∙A1/3∙10−15м (у дзесяткі тысяч разоў меншыя за памеры самога атама), дзе A = Z + N — масавы лік. Я.а. абазначаюць сімвалам хім. элемента з указаннем масавага ліку злева ўверсе, напр. 40Ca. Падзяляюцца на стабільныя і радыеактыўныя (гл.Радыеактыўныя элементы). Я.а. — адзін з асн. аб’ектаў даследаванняў ядзернай фізікі і ядзернай спектраскапіі.
Асн. характарыстыка Я.а. — дадатны эл. зарад Ze (е — элементарны зарад) і месца Я.а. ў перыяд. сістэме элементаў Мендзялеева вызначаюцца лікам Z пратонаў у ядры. Змена эл. зараду Я.а. заўсёды выклікае ператварэнне аднаго хім. элемента ў другі. Нуклоны ў Я.а. звязаны магутнымі блізкадзеючымі сіламі, якія наз.ядзернымі сіламі; паміж пратонамі, акрамя таго, дзейнічаюць кулонаўскія сілы адштурхоўвання (гл.Кулона закон). Устойлівасць Я.а. характарызуецца энергіяй сувязі. Сярэдняя энергія сувязі нуклона ў Я.а. ε = E/A для большасці ядраў каля 8 Мэв. Я.а. з аднолькавымі Ζ і рознымі N наз.ізатопамі; з аднолькавымі N і рознымі Z — ізатонамі, з аднолькавымі A і рознымі Z — ізабарамі. Ад суадносін колькасцей пратонаў і нейтронаў у Я.а. залежаць стабільнасць ядра, тып радыеактыўнага распаду (гл.Радыеактыўнасць), спін ядра, эл. квадрупольны і магн. дыпольны моманты (характарызуюць размеркаванне ў ядры адпаведна зараду і магн. моманту) і інш. ўласцівасці. Найб. устойлівыя і пашыраныя ў прыродзе Я.а. з цотнымі лікамі Z і N, т.зв. цотна-цотныя Я.а., найменш устойлівыя няцотна-няцотныя. Найб. трывалыя Я.а., у складзе якіх 2, 8, 20, 50 ці 82 пратоны або нейтроны, ці 126 нейтронаў. Пералічаныя значэнні Z і N наз. «магічнымі» лікамі, а Я.а. з такімі Z і N «магічнымі» ядрамі. Энергія сувязі пратона ці нейтрона ў «магічных» Я.а. на 10—20% большая, чым у звычайных. Для апісання сукупнасці эксперым. уласцівасцей Я.а. сучасная тэорыя шырока выкарыстоўвае ядзерныя мадэлі, якія з’яўляюцца мадыфікацыямі класічных абалонкавай і абагульненай мадэлей.
Літ.:
Бор О., Моттельсон Б. Структура атомного ядра: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1971—77;
Соловьев В.Г. Теория атомного ядра: Ядерные модели. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).
Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал.сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн.дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн.дол.).
Літ.:
Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;
Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ.М., 1993;
Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;
Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІЯ
На Беларусі геахімічныя даследаванні заснаваў К.І.Лукашоў у БДУ (1953) і АН Беларусі (з 1957). Ён стварыў бел. геахімічную школу, дзе пад яго кіраўніцтвам і з яго ўдзелам распрацаваны кірункі геахім. даследаванняў гіпергенезу, покрыўных адкладаў і ландшафтаў. У 1960-я г. вылучаны геахім. правінцыі і дадзена іх комплексная характарыстыка (К.І.Лукашоў і інш.), распрацаваны геахім. паказчыкі для пошукаў нафты, мінеральных солей і інш. карысных выкапняў (В.А.Лапуць, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач і інш.). У 1970-я г. развіваліся кірункі геахім. даследаванняў: геахімія гіпергенезу, геахімія генет. тыпаў асадкавага літагенезу і парод крышталічнага фундаменту; павысілася роля геахім. даследаванняў у адкрыцці радовішчаў нафты, газу, расолаў; пашырылася выкарыстанне геахім. метадаў у вырашэнні праблем засалення глеб, гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, земляробства і аграхіміі, медыцыны, стварэння водна-мінеральнай базы для лячэбна-прафілактычных устаноў. — курортаў, санаторыяў, прафілакторыяў і інш. (Л.Ф.Ажгірэвіч, Л.А.Дземідовіч, У.А.Кузняцоў, В.А.Лапуць, В.К.Лукашоў, К.І.Лукашоў, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, А.М.Пап і інш.). З 1980-х г. у галіне геахіміі гіпергенезу развіліся асобныя кірункі даследаванняў — геахімія азёрных, алювіяльных і ледавіковых адкладаў, геахімія глеб, геахімія тэхнагенезу (Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, В.Б.Кадацкі, У.А.Кузняцоў, Л.І.Лосева, К.І.Лукашоў, Н.Н.Петухова, Т.М.Сімуткіна і інш.). Наступствы Чарнобыльскай катастрофы вымусілі больш увагі звярнуць на размеркаванне і міграцыю радыенуклідаў у сістэме мацярынская парода — глеба, глеба — расліннасць, у грунтавых і падземных водах (Я.І.Аношка, В.А.Генералава, В.Б.Кадацкі, В.П.Кальнянкоў, А.В.Кудзельскі, У.А.Кузняцоў, В.І.Пашкевіч, Н.Н.Петухова, А.М.Шпакаў і інш.). Створаны атлас геахім. карт (выд. ў 1990) і даведнік па геахіміі Беларусі (выд. ў 1995; К.Ц.Альхавік, Я.І.Аношка, У.Я.Бардон, Л.І.Матрунчык, М.Д.Міхайлаў і інш.). У Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі развіваюцца кірункі: геахімія парод крышталічнага фундаменту, асадкавых парод, радыеізатопаў, гідра- і літагідрагеахімія, экагеахімія і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі атрымала развіццё экагеахімія, у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» — геахімія глеб, у БДУ — радыегеахімія. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінеральна-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Літ.:
Лукашев К.И., Лукашев В.К. Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967;
Геохимические провинции покровных отложений БССР. Мн., 1969;
Лукашев В.К. Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭАРАЛОГІЯ І КЛІМАТАЛОГІЯ
Фарміраванне сеткі метэаралагічных станцый на тэр. Беларусі пачалося ў пач. 19 ст. У ліку першых станцыі створаны ў Магілёве (1809), Віцебску (1810), Брэсце (1834), Бабруйску і Свіслачы (1836), Горках (1841), Мінску (1849). Матэрыялы іх назіранняў публікаваліся ў штогодніках Гал.фіз. абсерваторыі (з 1924 Гал.геафіз. абсерваторыя). У выніку зах. экспедыцыі па асушэнні балот на Палессі арганізаваны станцыі ў Пінску (1871) і Васілевічах (1878). Па ініцыятыве Паўн.-Зах. аддзела Геагр.т-ва створаны метэаралаг. станцыі ў Маладзечне (1870), Слоніме (1872), Полацку (1885), Гомелі (1891). Даныя назіранняў гэтых станцый абагульнены ў працах А.І.Ваейкава («Клімат Палесся», 1899). У канцы 19 ст. створаны метэастанцыі ў Баранавічах, Барысаве, Мазыры, Калінкавічах, Лепелі, Сянне, Дрысе (зараз Верхнядзвінск), Мар’інай Горцы, Стоўбцах, Чэрыкаве, Чачэрску, Асіповічах, Лідзе, Пружанах. У 1-й пал. 20 ст. амаль уся тэр. Беларусі пакрыта сеткай метэастанцый. На шматгадовых матэрыялах іх даследаванняў А.І.Кайгарадавым закладзены асновы кліматалогіі, метэаралогіі і службы надвор’я Беларусі, складзены «Кліматычны атлас Беларусі» (1927). У пасляваенныя гады ў Мінскай гідраметэаралагічнай абсерваторыі створаны аддзелы клімату, аграметэаралогіі, актынаметрыі, атмасфернай оптыкі, гідралогіі і сіноптыкі; вывучана размеркаванне паступлення сонечнай радыяцыі і радыяцыйнага балансу на тэр. рэспублікі, альбеда с.-г. культур, радыяцыйны рэжым у лесе, асветленасць і паступленне фотасінтэтычна актыўнай сонечнай радыяцыі, даследаваны клімат абл. гарадоў, выдадзены кліматычныя і агракліматычныя даведнікі і інш.
Найб. поўнае і глыбокае абагульненне дадзеных метэаназіранняў ажыццявіў А.Х.Шкляр, які прааналізаваў умовы ўвільгатнення на тэр. Беларусі ў перыяд вегетацыі культурных раслін, распрацаваў аптымальныя тэрміны сяўбы с.-г. культур, зрабіў агракліматычнае раянаванне і інш.
У 1970—90-я г. распрацавана методыка арганізацыі і правядзення мікракліматычных даследаванняў прыродных і прыродна-антрапагенных геасістэм. Вывучаны фітаклімат, клімат глебы і прыземнага слоя паветра, цепла- і вільгацеабмен паміж імі, распрацавана методыка пабудовы буйнамаштабных мікракліматычных карт, выкарыстанне якіх дазваляе вырошчваць с.-г. культуры ў адпаведнасці з асаблівасцямі мікраклімату гаспадаркі і канкрэтнага поля (П.А.Каўрыга).
Фундаментальнае абагульненне матэрыялаў метэаралагічных назіранняў на аснове сучасных метадаў аналізу праведзена пад кіраўніцтвам В.Ф.Логінава. Даследавана выкарыстанне колькасных і матэматычных метадаў, камп’ютэрнага мадэліравання пры аналізе структуры гідраметэаралагічнага рэжыму Беларусі (Р.І.Сачок), аграэкалагічнае даследаванне клімату і кліматычных рэсурсаў (А.М.Вітчанка), метэаралагічныя асновы фарміравання экалагічных умоў (Л.М.Ражкоў). Шматбаковая характарыстыка клімату і яго рэсурснага патэнцыялу адлюстравана на 100 кліматычных і агракліматычных картах Нац. атласа Беларусі (2002).
Метэаралагічныя звесткі збіраюць і аналізуюць рэсп. цэнтры: гідраметэаралагічны, цэнтр радыяцыйнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, авіяцыйна-метэаралагічны, у складзе якіх 9 авіяметэаралагічных станцый, 6 абласных гідраметэастанцый, 33 метэастанцыі, 5 аграметэастанцый, 3 гідралагічныя станцыі, 137 гідралагічных пастоў, станцыя фонавага маніторынгу («Бярэзінскі біясферны запаведнік»), азёрная станцыя «Нарач», балотная станцыя «Палеская». Каардынуюцца даследаванні Дэпартаментам гідраметэаралогіі Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
Літ.:
Шкляр А.Х. Климатические ресурсы Белоруссии и использование их в сельском хозяйстве. Мн., 1973;
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995;
Климат Беларуси. Мн., 1996;
Изменение климата и использование климатических ресурсов. Мн., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАТАГРА́ФІЯ (ад фота... + ...графія),
атрыманне фотавідарысаў аб’ектаў на святлоадчувальных матэрыялах; галіна навукі, тэхнікі і мастацтва, якая распрацоўвае і выкарыстоўвае тэорыю і метады атрымання фотаздымкаў. Адрозніваюць чорна-белую (монахраматычную) і каляровую фатаграфію, сярэбраную (галагенідасярэбраную) і несярэбраную, плоскую (звычайную) і аб’ёмную (стэрэаскапічную), мастацкую (гл.Фотамастацтва) і навукова-тэхн. (аэра-, мікра-, астрафатаграфію, рэнтгенаўскую, інфрачырвоную і інш.), а таксама лічбавую фатаграфію, заснаваную на выкарыстанні лічбавай формы атрымання і захоўвання відарыса. Асобны від аб’ёмнай Ф. — галаграфія (падабенства яе са звычайнай Ф. у выкарыстанні святлоадчувальных слаёў для запісу відарыса). Ф. — найважнейшы сродак дакументавання і захоўвання інфармацыі, складае аснову кінематаграфіі, з’яўляецца асн.тэхн. сродкам паліграфіі, фоталітаграфіі і фотатэлегр. тэхнікі, факсімільнай сувязі.
Заснавана на здольнасці святла ствараць у фатаграфічных матэрыялах, якім уласціва святлоадчувальнасць (напр., у фатагр.плёнках, ПЗС-матрыцах), скрыты фатагр. відарыс аб’екта пры яго фотаздымцы з дапамогай фатаграфічнага апарата. Пасля хіміка-фатагр. апрацоўкі (праяўлення фатаграфічнага, замацавання фатаграфічнага і інш.) або камп’ютэрнай апрацоўкі гэты відарыс пераўтвараецца ва ўстойлівы да дзеяння святла бачны вобраз аб’екта — спачатку ў негатыў, а потым у пазітыў (адбітак з негатыва, на якім размеркаванне яркасцей або колераў такое ж, як на аб’екце здымкі). Фотаадбіткі друкуюць на паперы фатаграфічнай, павялічаныя адбіткі атрымліваюць з дапамогай фатаграфічнага павелічальніка У некаторых фатагр. працэсах выкарыстоўваюць абарачальныя матэрыялы, якія даюць пасля адпаведнай апрацоўкі непасрэдна пазітыўны відарыс. Створаны аднаступенны дыфузійны фатагр. працэс — адначасовае хуткае атрыманне негатыўнага і пазітыўнага відарысаў у самім фотаапараце (у выніку дыфузіі галагенідаў серабра негатыўнай плёнкі ў святлоадчувальны слой папяровай або палімернай асновы). Да аднаступенных працэсаў адносяць і ксераграфію.
Адкрыццё Ф. адносяць да 1839, калі франц. мастак Л.Дагер з франц. вучоным Ж.Ньепсам удасканалілі вынайдзены Ньепсам спосаб замацавання відарыса. атрыманага ў камеры-абскуры. Гэты фатагр. працэс (дагератыпія) дазваляў атрымліваць адразу пазітыўныя (перавернутыя) відарысы, што спрашчала працэс здымкі, аднак не дазваляла рабіць з іх копіі. У 1841 англ. вучоны У.Толбат вынайшаў калатыпію, паводле якой на святлоадчувальнай паперы напачатку атрымлівалі негатыў, а з яго рабілі любую колькасць пазітываў. Важныя этапы ў развіцці Ф.: пераход ад камеры-абскуры да фотаапарата са спец. аб’ектывам (створаны ў 1840 венг. вучоным І.Пецвалем), атрыманне каляровых фотавідарысаў (1868—69, Л.Дзюко дзю Арон, Францыя), адкрыццё з’явы фатагр.сенсібілізацыі (1873, Г.Фогель, Германія), стварэнне плёначных і бессярэбраных матэрыялаў. З 1950-х г. пачалося шырокае выкарыстанне несярэбранай Ф., у 2-й пал. 20 ст. адбыўся масавы пераход да каляровай Ф., з 1990-х г. пашырылася прамая пазітыўная чорна-белая Ф. без прамежкавага негатыва — на абарачальных святлоадчувальных матэрыялах. Узніклі новыя галіны выкарыстання Ф. — рэпраграфія, фоталітаграфія, фазавая рэльефаграфія і інш.
Літ.:
Поллак П. Из истории фотографии: Пер. с англ.М., 1983;
Чибисов К.В., Шеберстов В.И., Слуцкин А.А. Фотография в прошлом, настоящем и будущем. М., 1988;
Митчел Э. Фотография: Пер. с англ.М., 1988;
Вартанов А.С., Луговьер Д.А. Учись фотографировать. М., 1988;
Федин Л.А., Барский И.Я. Микрофотография. Л., 1971;
Вокулер Ж. Астрономическая фотография: Пер. с англ.М., 1975;
Власенко В.И. Техника объемной фотографии. М., 1978;
Гибсон Х. Фотографирование в инфракрасных лучах: Пер. с англ.М., 1982;
Слуцкин А.А. Электростатическая фотография. М., 1984;
Хокинс Э., Эйвон Д. Фотография: Техника и искусство: Пер. с англ.М., 1986;
Перспективы и возможности несеребряной фотографии. Л., 1988;
Морозов С.А. Творческая фотография. 3 изд. М., 1989;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІКА ПАЎПРАВАДНІКОЎ
Першыя работы ў гэтай галіне на Беларусі пачаліся ў канцы 1930-х г. у БДУ (І.Р.Некрашэвіч), сістэматычныя даследаванні — у канцы 1950-х г. у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АН Беларусі пад кіраўніцтвам М.М.Сіраты і ў БДУ, крыху пазней — у Ін-це фізікі і Ін-це электронікі Нац.АН Беларусі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі; прыкладныя даследаванні вядуцца таксама ў навукова-даследчых структурах НВА «Інтэграл».
Распрацаваны фізічныя асновы тэхналогіі сінтэзу і вырошчвання монакрышталёў паўправадніковых злучэнняў A2B6, A3B5, A4B6; праведзены даследаванні іх уласцівасцей (У.І.Асінскі, Э.І.Балвановіч, І.В.Боднар, М.М.Корань, У.І.Леўчанка, Л.А.Макавецкая, М.М.Сірата). Вывучана размеркаванне электронных шчыльнасцей у крышталях і злучэннях крэмнію, германію, у антыманідах і арсенідах індыю, галію (М.М.Аляхновіч, Я.М.Галалобаў, М.М.Сірата, А.У.Шэлег). Распрацаваны метады атрымання святлодыёдаў на аснове паўправадніковых злучэнняў A3B5 (У.І.Асінскі, У.У.Міхневіч, М.М.Сірата). Створаны фотапрыёмнікі на аснове эпітаксіяльных плёнак злучэнняў A2B6, A4B6, A1B3C62 (В.Ф.Грамянок, У.І.Леўчанка). Распрацаваны метады нейтронна-актывацыйнага аналізу дамешкаў у паўправадніках і прыладных структурах (А.Р.Дутаў, Я.М.Лабанаў). Развіты навуковыя асновы радыяцыйнай фізікі паўправаднікоў і іонна-прамянёвых тэхналогій прыладных структур на іх аснове (У.Б.Аджаеў, Ф.Ф.Камароў, Ф.П.Коршунаў, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, П.Ф.Лугакоў, У.В.Пятроў, В.Дз.Ткачоў, А.Р.Чалядзінскі). Даследавана дзеянне нейтроннага, электроннага і гама-выпрамянення на ўласцівасці крышталёў крэмнію, арсеніду галію; прапанаваны метады павышэння радыяцыйнай устойлівасці паўправадніковых прылад і інтэгральных схем (Ю.У.Багатыроў, Г.В.Гатальскі, Ф.П.Коршунаў, М.Ф.Курыловіч, П.В.Кучынскі, В.М.Ламака, С.Б.Ластоўскі, П.Ф.Лугакоў, А.І.Макарэвіч, І.Г.Марчанка, Т.А.Прахарэнка, Л.Ю.Райнес, М.М.Сірата, У.Т.Трашчынскі). Распрацаваны магнітарэзанансныя, люмінесцэнтныя, п’езаспектраскапічныя метады дыягностыкі крышталёў крэмнію, германію, алмазу, злучэнняў A3B5 і A2B6 (Дз.С.Даманеўскі, А.П.Ермалаеў, А.М.Зайцаў, В.М.Ламака, Н.М.Лапчук, А.В.Мудры, Л.І.Мурын, М.А.Паклонскі, А.А.Патрын, В.Ф.Стэльмах, В.Дз.Ткачоў, Р.Р.Федарук, А.В.Юхневіч, А.М.Янчанка, В.Б.Яржамбіцкі). Даследаваны аптычныя і электрычныя ўласцівасці шэрагу паўправадніковых злучэнняў і квантавапамерных святловыпрамяняльных структур на іх аснове (С.В.Гапоненка, В.П.Грыбкоўскі, А.Л.Гурскі, В.К.Кананенка, Г.П.Яблонскі). Устаноўлены механізмы тэрмічнага і аптычнага адпалу іонна-імплантаваных слаёў крэмнію, вывучаны ўласцівасці тунэльных прыладных структур (І.І.Абрамаў, В.У.Баранаў, В.Я.Барысенка, А.П.Дастанка, Ф.Ф.Камароў, У.А.Лабуноў, У.А.Піліпенка, В.А.Сокал). Праведзены даследаванні лакалізацыі і міграцыі электронаў і фатонаў у паўправадніковых сістэмах з нізкапамерным структураваннем (У.М.Барздоў, В.Я.Барысенка, С.В.Гапоненка, В.П.Дабрэга, П.В.Жукоўскі, М.А.Паклонскі, В.Ф.Стэльмах, А.К.Фядотаў).
Літ.:
Коршунов Ф.П. Физика полупроводников // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;
Актуальные проблемы физики твердого тела. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + ...логія),
галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.
Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш.Вял.геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл.Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.М.Бэра, А.П.Багданава, Дз.М.Анучына, М.М.Міклухі-Маклая і развіты В.В.Бунаком, Ф.Боасам, Г.Ф.Дэбецам, Ф.Лушанам, Л.Нідэрле, Я.Я.Рагінскім, Г.А.Бонч-Асмалоўскім, М.Р.Левіным, М.М.Чабаксаравым, В.П.Аляксеевым, А.А.Зубавым і інш.
Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.А.Янчук, К.М.Ікаў, А.Н.Раждзественскі, А.Л.Здраеўскі, А.А.Піянткоўскі, Я.Мыдлярскі, Ю.Д.Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.А.Іваноўскі (1905), Я.М.Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.К.Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.М.Верамецкая, А.Я.Вішнеўская, А.А.Смірноў, Д.Н.Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г.антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс.н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АНСССР Дэбец, Т.А.Трафімава, потым В.В.Сядоў, Т.І.Аляксеева, М.С.Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.У.Вітоў, Р.Я.Дзянісава, Бунак, У.Дз.Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.І.Салівон, А.І.Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.І.Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.І.Цягака), размеркавання груп крыві і інш. фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.І.Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.У.Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.
Літ.:
Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).
Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл.Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл.Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл.Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл.Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.
Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз.каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.В.Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл.лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш.газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.А.Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.М.Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.В.Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.
Літ.:
Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;
Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;
Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;
Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;
Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;
Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;
Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;
Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;
Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.
В.В.Валяўка, У.М.Сацута.
Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст.н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБШЧЫ́НА,
устойлівая форма сацыяльнай арганізацыі, якая характарызуецца пэўнай ступенню калектыўнай уласнасці на сродкі вытворчасці, асаблівасцямі працэсу вытворчасці і сацыяльна-грамадскага жыцця. Узнікла як арг-цыя крэўных родзічаў (радавая, сямейная абшчына) у першабытнаабшчынную эпоху, калі прымітыўны ўзровень развіцця прадукц. сіл і вытв. адносін не дазваляў людзям паасобку здабываць неабходныя для існавання сродкі. Першабытнай абшчыне ўласцівыя калект. ўласнасць на сродкі вытв-сці, калект.размеркаванне прадуктаў працы, роўнасць усіх членаў. Базісам радавой абшчыны была зямля як уласнасць усяго калектыву. З узнікненнем прыватнай уласнасці радавая абшчына паступова трансфармавалася ў суседскую (тэрытарыяльную). У ходзе яе развіцця адбывалася вылучэнне ў якасці сямейна-індывід. уласнасці асобных надзелаў зямлі, жывёлы, прылад працы, жылля. Але абшчына заставалася вярх. уласнікам усёй тэрыторыі вёскі, лясоў, пашаў і інш. зямель агульнага карыстання. Члены суседскай абшчыны некаторыя работы выконвалі сумесна, але кожная сям’я вяла асобную гаспадарку. Абшчына існавала як адносна самастойны адм.-прававы інстытут, якому належалі значныя судовыя, павіннасныя, гасп. і інш. паўнамоцтвы т.зв.звычаёвага права. Ва ўсх. славян станаўленне суседскай абшчыны («вервь», «мір») адбывалася ў 1-й пал. 1-га тысячагоддзя. У 9—12 ст. абшчына была адносна самаст. арг-цыяй сельскага насельніцтва, яе члены лічыліся свабоднымі людзьмі. З паступовым падпарадкаваннем абшчыны княжацкай уладзе з’явілася праслойка людзей, якія абаранялі інтарэсы гэтай улады (цівун, агнішчанін і інш.). На землях Беларусі ў перыяд яе знаходжання ў Вялікім княстве Літоўскім абшчына (называлася грамада) выконвала значную ролю ў арганізацыі сял. землекарыстання, самакіравання і выплаты феад. рэнты. На чале грамады стаяў старац, яму дапамагалі дзесяцкія. Поруч са старцамі ў гаспадарскіх валасцях прызначаліся велікакняжацкія намеснікі. Грамада перашкаджала феадалам павялічваць павіннасці, рэгулявала парадак карыстання абшчыннымі ўгоддзямі і выплаты падаткаў, чыніла конны суд. У ходзе агр. рэформы сярэдзіны 16 ст. роля грамады паменшала, асабліва ў зах. і цэнтр. Беларусі, дзе была праведзена валочная памера, якая ўводзіла падворнае землекарыстанне. Але яе роля павялічвалася ў часы войнаў, эпідэмій, ва ўмовах гасп. разрухі. У 18 ст. грамада яшчэ карысталася пэўнай самастойнасцю, аднак яна ўсё больш ператваралася ў залежны ад феадала орган. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (1772—95) «Палажэннем аб валасным і сельскім кіраванні» (1797) у дзярж. уладаннях уводзілася сістэма сельскага абшчыннага кіравання, аналагічная расійскай. Правы сял. абшчыны ў дзярж. маёнтках не ахоўваліся законам. У выніку сялянскай рэформы 1861 абшчына і яе выбарныя органы сталі ніжэйшым звяном адм. кіравання ў вёсцы на землях сялян усіх катэгорый. Функцыі абшчыны, абавязкі і правы валаснога і сельскага сходаў, выбраных імі валаснога старшыны і сельскага старасты, а таксама сял. валаснога суда вызначаны «Агульным палажэннем аб сялянах, якія выйшлі з прыгоннай залежнасці». На Беларусі ўтварэнне пав. устаноў па сял. справах (канец 1870-х г.) і ўвядзенне інстытута земскіх участковых начальнікаў (пач. 20 ст.) павялічвалі адм.-паліцэйскі кантроль над органамі абшчыннага самакіравання. З сярэдзіны 19 ст. пытанне аб сутнасці абшчыны займала прыкметнае месца ў гістарыяграфіі (гл.Абшчынная тэорыя), у ідэйным і грамадска-паліт. жыцці. Вялікае значэнне абшчыне надавалі народнікі, якія лічылі яе зародкам сацыяліст. адносін у вёсцы (гл.Народніцтва). Развіццё таварна-грашовых адносін, разлажэнне сялянства як класа (на сялян, буржуазію і сельскі пралетарыят) вялі да распаду абшчыну, што найбольш яскрава праяўлялася ў пазбаўленні збяднелых сялян зямлі. У Рас. імперыі, у т. л. ва Усх. Беларусі, абшчыннае землеўладанне моцна падарвала сталыпінская аграрная рэформапач. 20 ст. У многіх месцах Беларусі абшчыннае землекарыстанне існавала да канца 1920-х г. Абшчына як суседскае аб’яднанне сялян-аднаасобнікаў ліквідавана ў выніку суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Абшчына мела месца ў гісторыі многіх народаў (задруга ў паўд. славян, марка ў Германіі і інш.). Яна існавала да пранікнення ў земляробства капіталіст. адносін.
Літ.:
Энгельс Ф. Паходжанне сям’і, прыватнай уласнасці і дзяржавы // Маркс К., Энгельс Ф. Выбр.тв.Мн., 1952. Т. 2 (Соч. 2 изд. Т. 21);
Ковалевский М. Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв.Т. 3 (Полн. собр. соч.Т. 3);
Голубеў В.Ф. Сялянскае землеўладанне і землекарыстанне на Беларусі XVI—XVIII стст. Мн., 1992;
Панютич В.П. Социально-экономическое развитие белорусской деревни в 1861—1900 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ МЕХА́НІКА, хвалевая механіка,
тэорыя, якая ўстанаўлівае спосаб апісання і законы руху мікрачасціц (электронаў у атаме, атамаў у малекуле, нуклонаў у ядрах і інш.). Дае магчымасць апісаць структуру атамаў і зразумець іх спектры, устанавіць прыроду хім. сувязі, растлумачыць перыяд. сістэму элементаў і г.д. З’яўляецца тэарэт. асновай атамнай і ядз. фізікі, фізікі цвёрдага цела.
Мікрааб’ектам уласціва своеасаблівая дваістасць: у залежнасці ад умоў яны могуць паводзіць сябе як часціцы ці як хвалі (гл.Карпускулярна-хвалевы дуалізм). Таму тэарэт. апісанне мікраскапічных з’яў патрабуе аб’яднання ўзаемна несумяшчальных фіз. характарыстык, чаго нельга ажыццявіць у межах класічнай фізікі ўнутрана несупярэчлівым спосабам (гл.Дапаўняльнасці прынцып). Пры гэтым немагчыма адначасовае выкарыстанне некаторых фіз. велічынь, напр., каардынат і імпульсу часціцы. Для мікрачасціцы не мае сэнсу, напр., такое паняцце, як рух уздоўж траекторыі; усе тэарэт. сцвярджэнні адносна выніку пэўных узаемадзеянняў маюць імавернасны характар.
К.м. ўзнікла як развіццё ўяўленняў М.Планка (1900) адносна квантавання дзеяння, А.Эйнштэйна (1905, 1916) пра карпускулярныя ўласцівасці святла (гл.Планка закон выпрамянення), напаўкласічнай мадэлі атама Н.Бора (1913, гл.Бора тэорыя), ідэі Л. дэ Бройля адносна хвалевых уласцівасцей мікрачасціц (гл.Хвалі дэ Бройля). Фундаментальнае развіццё К.м. атрымала ў працах В.Гайзенберга (1925), Э.Шродынгера і П.Дзірака (1926). Паводле К.м. ўсю інфармацыю пра фіз. стан мікрасістэмы змяшчае хвалевая функцыя. Яна вызначае размеркаванне імавернасці для розных фіз. велічынь, якія характарызуюць сістэму (становішча ў прасторы, імпульс, энергія і г.д.; М.Борн, 1926). Кожнай класічнай фіз. велічыні ў К.м. адпавядае пэўны аператар, уласныя значэнні якога супадаюць з назіральнымі значэннямі фіз. велічыні (гл.Аператары). Магчымыя станы сістэмы апісваюцца адпаведнымі ўласнымі функцыямі. У залежнасці ад таго, дыскрэтную ці неперарыўную паслядоўнасць утвараюць уласныя значэнні аператара, адпаведная фіз. велічыня з’яўляецца квантаванай ці неквантаванай (гл.Квантаванне). Калі аператары 2 фіз. велічынь (L і M) не камутуюць, г. зн. што вынік дзеяння аператараў L і M на хвалевую функцыю Ψ залежыць ад парадку іх дзеяння
, то рэалізацыя такіх станаў мікрасістэмы, у якіх адпаведныя фіз. велічыні адначасова мелі б пэўнае значэнне, немагчыма; найперш гэта датычыць аператараў каардынат і імпульсу (гл.Неазначальнасцей суадносіны). Камутатыўнасць аператараў пэўных фіз. велічынь з аператарам энергіі азначае, што гэтыя фіз. велічыні з цягам часу не мяняюцца, г. зн. з’яўляюцца інтэграламі руху. Асн. інтэграл руху ў К.м. — энергія. Для дакладнага вызначэння стану мікрасістэмы неабходна ведаць энергію і інш. ўзаемна камутатыўныя інтэгралы руху, якімі, напр., для часціцы ў полі цэнтральных сіл з’яўляюцца квадрат моманту імпульсу і адна з яго праекцый. Калі інтэгралы руху маюць дыскрэтны спектр, стан сістэмы вызначаецца з дапамогай квантавых лікаў.
Прадказанні К.м. пераходзяць у адпаведныя вынікі класічнай механікі, калі для фіз. сістэмы велічыні размернасці дзеяння становяцца значна большымі, чым пастаянная Планка h (гл.Адпаведнасці прынцып). Абагульненне асн. ідэй К.м. на выпадак, калі энергія руху часціц параўнальная з энергіяй спакою (гл.Адноснасці тэорыя), дало магчымасць прадказаць існаванне антычасціц, стварыць тэорыю ўласнага моманту колькасці руху (гл.Спін) і інш. К.м. з’яўляецца мех. тэорыяй, таму не можа паслядоўна разглядаць працэсы паглынання святла і эл.-магн. выпрамянення. Яна дае набліжаныя метады разліку, дастатковыя для патрэб атамнай і часткова ядз. фізікі. Паслядоўную тэорыю ўзаемадзеяння фатонаў з электрычна зараджанымі часціцамі дае квантавая электрадынаміка. Ураўненні К.м. даюць магчымасць дакладна вылічыць магчымыя ўзроўні энергіі (гл.Шродынгера ўраўненне) мікрасістэмы, а таксама імавернасць пераходаў паміж імі. Гл. таксама Квантавая тэорыя поля, Абменнае ўзаемадзеянне.
На Беларусі работы па К.м. пачаты ў 1930-я г. ў БДУ (Ф.І.Фёдараў), у пасляваен. гады вядуцца пераважна ў БДУ і Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Фейнман Р., Лейтон Р., Сэндс М. Фейнмановские лекции по физике: Пер. с англ.Вып. 8—9. М., 1966—67;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;