РЭКУРЭ́НЦЫЯ [ад лац. recurrens (recurrentis) які вяртаецца],
1) паўторнае паяўленне ў працэсе эвалюцыі падобных форм, а ў палеанталогіі — цэлых фларыстычных або фауністычных комплексаў у розных стратыграфічных гарызонтах. З’ява Р. звязана з міграцыяй флор і фаун, якія былі выцеснены з месцаў першапачатковага пасялення і існавалі нейкі час па-за яе межамі, а потым пры аднаўленні адпаведных умоў вярнуліся на былое месца без істотных змен.
2) Паўтор саставу прадуктаў вулканічнага вывяржэння, форм магматычнай дзейнасці, якія адпавядаюць больш раннім стадыям яе эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПТЫМО́НЦЫУМ (лац. Septimontium ад septem сем + mons узгорак),
7 узгоркаў на левым беразе р. Тыбр (Авенцін, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Палацін, Эсквілін, Цэлій), на якіх узнік Рым. Напачатку горад склаўся на Капітоліі і Палаціне (6 ст. да. н. э.), потым пашырыўся на суседнія ўзгоркі, нізіну да лукавіны р. Тыбр (Марсава поле) і перакінуўся на яе правы бераг (3 ст. да н. э.). Яго грамадскімі цэнтрамі былі Капітолій і комплексы Рымскага форума. У сучасным Рыме ўзгоркі С. адзначаюць гіст. цэнтр горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЕНЬКІЯ,
удзельнікі рэв. руху, браты. Нарадзіліся ў в. Свержань Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.
Яўхім Якаўлевіч (парт.псеўд.Сяргей; 1875—25.6.1967). Далучаўся да Бунда. З 1901 чл. іскраўскай групы ў Мінску. Адзін з заснавальнікаў Мінскай арг-цыі РСДРП. Удзельнічаў у стварэнні падп. друкарні Паўн.-Зах.к-таРСДРП. У снеж. 1905 чл. Мінскага кааліцыйнага савета па кіраўніцтве забастоўкай чыгуначнікаў. У 1906 сакратар Магілёўскага акр.к-таРСДРП, потым на парт. рабоце ў Кіеве, Екацярынаславе. У 1902 і 1904 арыштаваны, у 1907 сасланы ў Валагодскую губ. З 1909 у Пецярбургу. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917. У 1918—21 працаваў у ВСНГ, у 1922—39 у Наркамфіне СССР.
Абрам Якаўлевіч (1883—1941). Працаваў у Харкаве, быў чл. рабочага гуртка. У 1903 арыштаваны, зняволены ў харкаўскую турму, потым высланы ў Оршу. З 1904 у Францыі, уваходзіў у Парыжскую групу бальшавікоў. З 1917 у Расіі: заг. друкарні ЦКРСДРП у Петраградзе, удзельнік падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі 1917. Са снеж. 1917 камісар ВЧК і супрацоўнік Аддзела па барацьбе са службовымі злачынствамі, памочнік Ф.Э.Дзяржынскага. У 1919—24 нач. аховы Леніна, чл. калегіі ВЧК—АДПУ, потым у НКУССССР. У 1937 рэпрэсіраваны, памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1954.
Рыгор Якаўлевіч (парт.псеўд.Грыша, Бялінскі; 1885—1938). З 1899 у Мінску. У 1904 арганізатар і прапагандыст Мінскай групы РСДРП. З 1905 на парт. рабоце ў Вільні, з 1906 у Пецярбургу. У 1908 дэлегат 5-й (Агульнарасійскай) канфер.РСДРП у Парыжы. У 1903, 1907 і 1910 быў арыштаваны і сасланы. З 1912 у Францыі, у 1914—17 сакратар Парыжскай секцыі бальшавікоў. Дэлегат Бернскай канфер.РСДРП 1915. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Маскве. Чл.ВЦВК і ЦВКСССР у 1919—27. З 1926 у Камінтэрне. У 1925—27 далучаўся да трацкісцкай апазіцыі, за што ў 1926 і выключаўся з партыі. У 1936—37 дырэктар Ін-та павышэння кваліфікацыі гаспадарнікаў і інж.-тэхн. работнікаў мясц. прам-сці ў Маскве. У 1937 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕПАТЫ́Т ІНФЕКЦЫ́ЙНЫ, Боткіна хвароба,
вострая інфекц. хвароба чалавека з пераважным пашкоджаннем печані. Узбуджальнікі гепатыту інфекцыйнага — РНК-змяшчальныя вірусы A, C, E, D (дэльта-агент, які складаецца з антыгену і малекулы РНК) і ДНК-змяшчальны вірус B (часціца Дэйна). Адрозніваюць гепатыт інфекцыйны — A і E, якім характэрны фекальна-аральны механізм перадачы (харч. прадукты, вада, быт. кантакты), і парэнтэральныя (сываратачныя) гепатыт інфекцыйны — B, C і D, што перадаюцца пры пераліваннях крыві ці сывараткі. Крыніца інфекцыі — хворыя на гепатыт і вірусаносьбіты.
У арганізме чалавека вірусы пранікаюць ў лімфатычныя вузлы, потым у кроў з наступнай генералізацыяй інфекцыі (першасная вірусемія) і інтэнсіўным размнажэннем іх у печані («гепатагенная фаза»). З печані вірусы трапляюць у кроў, што значна павялічвае аб’ёмы вірусеміі (другасная стадыя) і абумоўлівае хвалепадобнае цячэнне, абвастрэнні і рэцыдывы хваробы. Інкубацыйны перыяд пры гепатыце інфекцыйным — 20—45, пры парэнтэральным — 60—160 сутак. У пераджаўтушны перыяд (1—2 тыдні) пры гепатыце інфекцыйным назіраецца страта апетыту, ірвота, адчуванне цяжару ў падмышачнай вобласці, пры парэнтэральным — болі ў суставах і мышцах. Іншы раз гепатыт інфекцыйны пачынаецца з жаўтухі, якая напачатку ахоплівае склеры, паднябенне, потым скуру. Прыкметы хваробы: павялічаная печань, магчымы сверб скуры, парушэнне сну, галаўныя болі, мача цёмная, кал ахалічны. Жаўтушны перыяд цягнецца 2—4 тыдні. Лячэнне: спец. рэжым і харчаванне, вітаміны, кіслародатэрапія і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці, якая займаецца вытв-сцю лакафарбавых матэрыялаў: лакаў і эмалей, розных фарбавальнікаў, пакосту і інш. Алейныя фарбы звычайна вырабляюцца з тонказдробненага пігменту, які размеркаваны ў масе плёнкаўтваральнага рэчыва — пакосту (раней атрымлівалі толькі з расліннага алею). Разам з натуральным пакостам наладжана вытв-сцьсінт. і паўсінт. (гліфталевага) пакосту. Сыравіна для атрымання фарбавальнікаў і пігментаў разнастайная, найб. значнай з’яўляюцца араматычныя вуглевадароды — бензол, талуол, нафталін, антрацэн, ксілол і іх вытворныя. Шырока выкарыстоўваліся бітумныя лакі — растворы прыродных або штучных бітумаў ва ўайт-спірыце, ксілоле, шкіпінары і інш. растваральніках. У 1-й пал. 20 ст. з’явіліся лакі на аснове эфіраў цэлюлозы, потым — сінт. смол. Цяпер выкарыстоўваюцца лакі на аснове палімераў (алкідных смол), якія ўтвараюцца пры ўзаемадзеянні мнагаатамных спіртоў з многаасноўнымі кіслотамі.
На Беларусі лакі і фарбы пачалі вырабляць у 1920-я г., напачатку ў арцелях па вырабе хім. прадукцыі, потым на прамысл. прадпрыемствах. У 1960-х г. пабудаваны буйныя Мінскі лакафарбавы завод і Лідскі лакафарбавы завод. Усяго на Беларусі каля 30 прадпрыемстваў і вытв-сцей Л.п. У 1994 прадпрыемствы Беларусі вырабілі 16,1 тыс.т лакаў на кандэнсацыйнай аснове, 2,9 тыс.т алейных фарбаў, 3,9 тыс.т пакосту. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.
Г.С.Смалякоў.
Да арт.Лакафарбавая прамысловасць. У цэху прыгатавання эмалей на Мінскім лакафарбавым заводзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ПРУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1806—07,
вайна паміж 4-й кааліцыяй (склалася ў вер. 1806 з Вялікабрытаніі, Расіі, Прусіі, Саксоніі, Швецыі) і Францыяй (гл.Напалеонаўскія войны). У адказ на ультыматум Прусіі аб адводзе франц. войск за Рэйн армія Напалеона I імгненна ўварвалася ў Саксонію і Прусію. 14 кастр. ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 пруска-саксонскія войскі разбіты. 24 кастр.франц. войскі занялі сталіцу Прусіі Берлін, дзе 21 ліст. Напалеон падпісаў дэкрэт аб кантынентальнай блакадзе Вялікабрытаніі. Потым Напалеон накіраваў свае войскі супраць рас. арміі (3 корпусы, каля 160 тыс.чал., галоўнакамандуючы фельдмаршал М.Ф.Каменскі), якая да гэтага часу сканцэнтравалася ў раёне Пултуск—Астралэнка—Брэст-Літоўск. 28 ліст. французы занялі Варшаву. Паражэнне корпуса маршала Ж.Лана 26 снеж. каля Пултуска прымусіла Напалеона часова прыпыніць наступленне. 1 лют. ён накіраваў свае гал. сілы у напрамку Кёнігсберга, каб абысці левы фланг рас. арміі і потым акружыць яе. 7—8 лют. каля Пройсіш-Эйлаў адбылася бітва, якая сарвала першапачатковыя планы Напалеона. 14 чэрв.франц. войскі перамаглі рас. армію (галоўнакамандуючы з 13 студз.ген. Л.Л.Бенігсен) у бітве пры Фрыдландзе. Гэта прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць 7 ліп. з Напалеонам Тыльзіцкі мір 1807. 9 ліп. мірны дагавор з Францыяй падпісала і Прусія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЕРМАН ((Bassermann) Альберт) (7.9.1867, г. Мангейм, Германія — 15.5.1952),
нямецкі акцёр. Сцэн. дзейнасць пачаў у гар. т-ры Базеля (1889). Працаваў у буйнейшых т-рах краіны. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Гельмер («Нора» Г.Ібсена), Крамптан («Калега Крамптан» Г.Гаўптмана), Лір, Атэла, Мальволіо, Петручыо («Кароль Лір», «Атэла», «Дванаццатая ноч», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра). З 1915 акцёр-гастралёр. У 1933 эмігрыраваў у Швейцарыю, потым у ЗША. З 1913 здымаўся ў кіно: «Лукрэцыя Борджыя» (Германія), «Рапсодыя ў стылі блюз» (ЗША), «Чырвоныя чаравічкі» (Вялікабрытанія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХМЕ́ЦЬЕВА ПРА́ВІЛА,
раптоўны скачок т-ры ўверх на вызначаным участку цела ў халаднакроўных (пайкілатэрмных) жывёл пры рэзкім зніжэнні т-ры асяроддзя, а потым новае глыбокае яе падзенне. Правіла ўстанавіў у 1899 П.І.Бахмецьеў. Тэмпературны скачок прыпадае на момант замярзання тканкавай вадкасці, які суправаджаецца вылучэннем скрытай цеплыні плаўлення. За ім настае далейшае ахаладжэнне тканак, у выніку паступовае ахаладжэнне вядзе да ўтварэння крышт. лёду, які парушае структуру тканак; пры вельмі хуткім ахаладжэнні (100 °C за 1 с) узнікае аморфны лёд, які не парушае структуры тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯРЭДУЦЭ́НТЫ (ад бія... + рэ... + лац. duco вяду),
біядэструктары, арганізмы, што кормяцца мёртвым арган. рэчывам і раскладаюць яго на больш простыя неарган. злучэнні (напр., двухвокіс вугляроду, вада, аміяк і інш.), якія потым выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі; заключнае звяно ў трафічным ланцугу. Да біярэдуцэнтаў належаць пераважна мікраарганізмы (бактэрыі, сапрафітныя грыбы), сапрафагі, некрафагі і інш. і некат. жывёлы (напр., дажджавыя чэрві), у працэсе жыццядзейнасці якіх адбываецца мінералізацыя арган. рэчываў, — кансументы. Біярэдуцэнты ажыццяўляюць замкнутасць біялагічнага кругавароту рэчываў, удзельнічаюць у працэсах самаачышчэння навакольнага асяроддзя, выкарыстоўваюцца пры біялагічнай ачыстцы сцёкавых водаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕА́РЫЙ [Olearius; сапр.Эльшлегер
(Ölschläger)] Адам (16.8.1603, Саксонія — 23.2.1671),
нямецкі вучоны, падарожнік. Вучыўся, потым выкладаў у Лейпцыгскім ун-це. Прыдворны матэматык і бібліятэкар у герцага Фрыдрыха III Шлезвіг-Гальшнтэйнскага. Ведаў рус. і араб. мовы. Наведаў Расію ў складзе пасольства герцага ў 1633—34. Аўтар «Апісання падарожжа ў Масковію...» (выд. 1647, рус.пер. 1906) са звесткамі па геаграфіі, гісторыі Расіі, яе населеных пунктах, народах і іх звычаях; мае шмат картаў і малюнкаў. У 1654 выдаў на ням. мове зб-кіперс. і араб. паэтаў.