бел.нар. дзіцячая гульня. Гульцы становяцца ў рад адзін за адным нагнуўшыся, і кожны абнімае за паясніцу папярэдняга гульца. Апошні гулец садзіцца на папярэдняга, як на каня, і імкнецца хутка пры дапамозе рук пералезці далей на наступнага, з таго яшчэ далей, пакуль не перапаўзе ўсіх. Гульцы стараюцца «пералазчыка» трэсці, каб скінуць яго. Калі гулец перапаўзе ўсіх, ён становіцца наперадзе, а той, хто цяпер апошні, пачынае рабіць тое ж самае. Так працягваецца, пакуль кожны не паспрабуе прапаўзці па ланцужку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 851, 852).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЫ́ЛЬНЯ,
рака ў Гомельскім і Лоеўскім р-нах Гомельскай вобл. і Чарнігаўскай вобл. Украіны, левы прыток р. Сож (бас.р. Дняпро). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 380 км². Пачынаецца за 2 км на ПдЗ ад в. Глыбоцкае Гомельскага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Карпаўка Лоеўскага р-на. Рэчышча каналізаванае на працягу 3,5 км ад вытоку і на працягу 2,5 км на У ад в. Дзікалаўка Гомельскага р-на ўніз па цячэнні. Каля в. Дзікалаўка плаціна і сажалка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛУЖ,
рака ў Краснапольскім р-не Магілёўскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, правы прыток р. Беседзь (бас.р. Дняпро). Даўж. 46 км. Пл. вадазбору 343 км². Пачынаецца за 1 км на Пд ад в. Шалухоўка Краснапольскага р-на. Цячэ папаўд. частцы Аршанска-Магілёўскай раўніны. Вусце за 2 км на ПдУ ад в. Палужская Рудня Бранскай вобл.Даўж. ў межах Беларусі 30 км. Рэчышча каналізаванае ў вярхоўі на працягу 6,4 км (в. Мануйлы — в. Палуж 2-і), на астатнім працягу звілістае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭНЦЫЯ́ЛЬНЫ БАР’Е́Ру фізіцы,
абмежаваная частка прасторы, у якой патэнцыяльная энергія часціцы большая, чым па-за яе межамі. Дзеліць прастору на 2 часткі, дзе патэнцыяльная энергія часціцы меншая, чым унутры П.б. Характарызуецца вышынёй (найб. значэннем) патэнцыяльнай энергіі. Адпавядае сілам адштурхоўвання. У класічнай механіцы праходжанне часціцы праз П.б. магчыма толькі, калі яе поўная энергія перавышае вышыню П.б. У квантавай механіцы магчыма праходжанне часціц з энергіяй, меншай за вышыню П.б. (гл.Тунэльны эфект).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПІ́ЦА,
рака ў Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 36 км. Пл. вадазбору 360 км². Пачынаецца за 1,5 км на ПдУ ад в. Лагвошчы, вусце за 2 км на ПнЗ ад в. Перароў. Асн. прытокі Гніліца і Навуць (злева). Цячэ па нізіне Прыпяцкае Палессе. Даліна на ўсім працягу невыразная. Пойма роўная, на невял. участку ў сярэднім цячэнні ўзгорыстая. Рэчышча ад вытоку на працягу амаль 25 км каналізаванае, злучае ланцуг невял. старычных азёр у пойме р. Прыпяць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАХО́ДНЫ ПАДА́ТАК з грамадзян, від падатку, які бярэцца з сукупнага даходу грамадзян у грашовай (нац. або замежнай валюце) ці натуральнай формах, атрыманага на тэр. краіны або за яе межамі на працягу каляндарнага года. На Беларусі адносіцца да прамых падаткаў і бярэцца на аснове закона «Аб падаходным падатку з грамадзян» (1991). Уплывае на фарміраванне мясц. бюджэтаў або адносіцца да разраду ўласных (замацаваных) падаткаў і поўнасцю застаецца на тэр.мясц. Саветаў. Плацельшчыкамі П.п. з’яўляюцца грамадзяне краіны, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна або часова пражываюць на яе тэрыторыі. Законам прадугледжаны даходы, што не падлягаюць падаткаабкладанню (дапамога, аліменты, стыпендыі, пенсіі і г.д.), а таксама льготы, па якіх асобныя катэгорыі грамадзян ад выплаты падатку вызваляюцца поўнасцю або сума падатку паніжаецца (інваліды, слабазабяспечаныя грамадзяне, сем’і з дзецьмі і інш.), ільготы па падатку з даходаў, атрыманых ад рэалізацыі с.-г. прадукцыі, і інш. З 1999 уведзена сістэма ўсеагульнага дэкларавання пры налічэнні П.п., паводле якой кожны падаткаплацельшчык павінен зарэгістравацца ў падатковых органах па месцы жыхарства і кожны год падаваць дэкларацыю аб даходах, атрыманых за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРА́Д,
1) у цывільным праве дагавор, паводле якога адзін бок (падрадчык) абавязваецца на сваю рызыку выканаць пэўную работу па заданні другога боку (заказчык). Работы выконваюць з матэрыялаў падрадчыка або заказчыка, заказчык абавязваецца прыняць і аплаціць вынікі работы. Парадак заключэння дагавораў на падрад, правы і абавязкі іх удзельнікаў рэгламентуюцца заканадаўствам. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь грамадзянін можа прыняць на сябе выкананне работы па П. ў выпадку, калі гэта не забаронена законам. Падрадчык, які выконвае работу з свайго матэрыялу, нясе адказнасць за яго якасць. Калі з закона або з дагавора не вынікае, што падрадчык павінен выканаць работу асабіста, ён мае права прыцягнуць для выканання работ інш. асоб (субпадрадчыкаў). Са згоды генеральнага падрадчыка заказчык можа заключаць дагаворы на выкананне асобных работ. Спец. правілы існуюць для асобных відаў П. (бытавы П., П. на буд-ва, выкананне праектных, вышукальных работ і інш.).
2) Форма арг-цыі працы, заснаваная на замацаванні за пэўным калектывам часткі або ўсяго аб’ёму работ па вытв-сці прадукцыі, аказанні паслуг (напр., калектыўны П., брыгадны П.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т МІНІ́СТРАЎ ЗАМЕ́ЖНЫХ СПРАЎ (СМЗС),
міжнародны орган у складзе міністраў замежных спраў СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Кітая, які існаваў пасля 2-й сусв. вайны «для правядзення неабходнай падрыхтоўчай працы па мірным урэгуляванні». Засн. паводле рашэнняў Патсдамскай канферэнцыі 1945. За час існавання Савета адбылося 6 яго сесій: 1-я 11.9—2.10.1945 у Лондане, 2-я 25.4—16.5 і 15.6—12.7.1946 у Парыжы, 3-я 4.11—12.12.1946 у Нью-Йорку, 4-я 10.3—24.4.1947 у Маскве, 5-я 25.11—15.12.1947 у Лондане, 6-я 23.5—20.6.1949 у Парыжы. Да 1947 правёў значную работу па выпрацоўцы праектаў мірных дагавораў з краінамі, што ўдзельнічалі ў 2-й сусв. вайне на баку нацысцкай Германіі — Італіяй, Балгарыяй, Венгрыяй, Румыніяй і Фінляндыяй (гл.Парыжскія мірныя дагаворы 1947). Аднак з-за рознагалоссяў бакоў не ўдалося падрыхтаваць праекты мірных дагавораў з Германіяй і Японіяй. Разглядаў і справы, перададзеныя яму па ўзгадненні паміж урадамі — членамі Савета (пытанні пра спагнанне рэпарацый з Германіі, пра перамешчаных асоб, пра дату склікання і працэдуру працы Парыжскай мірнай канферэнцыі 1946 і інш.). Спыніў дзейнасць у 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЛАМ (ад нарв. slalåm літ. след, які спускаецца) гарналыжны, спуск на лыжах з гары па звілістай трасе з варотамі. Даўж. трасы для мужчын 500—700 м з перападам вышынь паміж стартам і фінішам 180—220 м, для жанчын — адпаведна да 550 м і 130—180 м. На трасе парамі расстаўляюцца сцяжкі (вароты), праз якія трэба праехаць і не збіць.
Зарадзіўся ў 1920-я г.; спаборніцтвы праходзілі ў Аўстрыі, Італіі, Францыі, Швейцарыі Чэмпіянаты свету з 1930. У праграме Алімп. гульняў з 1936. Адрозніваюць таксама С. гіганцкі (даўж. трасы больш за 2000 м, перапад вышынь 250—400 м у мужчын і 250—350 м у жанчын) і С. супергіганцкі (розніца вышынь 500—600 м у мужчын і 350—500 м у жанчын). Найб. пашыраны ў Аўстрыі, Германіі, ЗША, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі.
С. на водных лыжах (адной або двух) — спаборніцтва водных лыжнікаў на буксіровачным тросе за катэрам па абходзе буёў, размешчаных на вызначанай трасе. С. вяслярны, на байдарках і каноэ — спаборніцтвы ў спуску па рацэ або спец. канале з хуткай плынню і натуральнымі або штучнымі перашкодамі.