НАЗАЛІЗА́ЦЫЯ ГУ́КАЎ (франц. nasal насавы ад лац. nasus нос),
набыццё гукам насавой афарбоўкі як вынік дадатковай артыкуляцыі, якая заключаецца ў апусканні мяккага паднябення. Назалізацыя галосных вельмі пашырана. У шэрагу моў, напр., у франц. мове, можа служыць адрознівальнай прыкметай фанем. У некат. мовах абумоўлена суседствам з насавымі зычнымі і не мае фаналагічнага значэння (параўн.рус. «мак» — «бак»). Аб’ектыўныя метады даследавання Н.г. — рэнтгенаграфія і кіназдымка з дапамогай валаконнай оптыкі.
Літ.:
Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973;
Скалозуб Л.Г. Динамика звукообразования по данным кинорентгенографирования. Киев, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),
старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.Шафарык, П.Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб.пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІТУ́ХІ, рапухі-павітухі (Alytes),
род бясхвостых земнаводных сям. круглаязычных. 2 віды: П. звычайная (A. obstetricans), якая пашырана ў Сярэдняй Еўропе і ўсх.ч. Пірэнейскага п-ва, і П. іберыйская, або іспанская (A. cisternasii), — у Іспаніі і Партугаліі. Жывуць ва ўзгорыстых і гарыстых мясцовасцях. Актыўныя ўначы. Пракопваюць доўгія хады ў глебе.
Даўж. да 5 см. Скура бародаўчатая, папяліста-шэрая Кормяцца беспазваночнымі Самка адкладвае (на сушы) ікру 2 слізістымі шнурамі даўж. да 1,7 м (у кожным да 75 яец), самец намотвае іх на свае сцёгны (адсюль назва) і носіць да вылуплівання апалонікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,
фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́ЛЯДЗЬ, сырок (Coregonus peled),
рыба роду сігаў сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў вадаёмах паўн. Еўразіі. Мае 3 экалагічныя формы: рачная хуткарослая, азёрная звычайная і азёрная карлікавая (з прыгнечаным ростам). Чародная рыба. Акліматызавана ў некат. краінах Еўропы. У азёрах Беларусі (Віцебская вобл.) з 1957.
Даўж. да 55 см, маса да 3 (зрэдку да 5) кг. Цела падоўжанае, высокае, цёмна-серабрыстае. Верхняя сківіца даўжэйшая за ніжнюю. На галаве і спінным плаўніку невял. чорныя плямы. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі ёсць тлушчавы плаўнічок. Корміцца зоапланктонам (пераважна ракападобнымі). Аб’ект промыслу і гадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАШЧАНО́СНАЯ Я́ШЧАРКА (Chlamidosaurus kingi),
паўзун сям. агам; адзіны від аднайменнага роду. Пашырана на Пн і ПнЗ Аўстраліі і в-ве Новая Гвінея. Жыве пераважна на дрэвах, па зямлі можа бегаць на задніх нагах.
Даўж. да 80 см. Мае шырокую лускаватую складку скуры ў выглядзе каўняра—«плашча» (адсюль назва) шыр. да 15 см. У самцоў на каўняры каляровыя плямы; грудзі і горла чорныя. Раскрывае «плашч» пры абароне, небяспецы, узбуджэнні, у час гону. Корміцца пераважна насякомымі, а таксама інш. беспазваночнымі, дробнымі паўзунамі і млекакормячымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛА,
старажытная ворыўная прылада, папярэдніца сахі і плуга. Пашырана ва ўсіх земляробчых народаў. Складалася з рабочай часткі — ральніка, на канец якога насаджваўся жал. наральнік, градыля (дышля) і ручак для кіравання. Паводле канструкцыі падзяляліся на Р. з полазам і без яго, прама- і крываградзільнае, якія ў сваю чаргу мелі шэраг варыянтаў. Ва Усх. Еўропе Р. паявілася ў 1-й пал. 1-га тыс.н.э. Самае стараж. на Беларусі Р. знойдзена каля в. Капланавічы Клецкага р-на Мінскай вобл., якое належала плямёнам зарубінецкай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб.пашыранабел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦЫ (Enterobius),
род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.
Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСЬМІРАДКО́ЎЕ, актэт,
страфа з 8 вершаваных радкоў, для якіх характэрны сэнсавая, кампазіцыйная, інтанацыйна-рытмічная закончанасць і ўпарадкаванасць рыфмы. Радкі ў васьмірадкоўі могуць спалучацца адной — чатырма рыфмамі. Упершыню 8-радковую страфу ў бел. паэзіі выкарыстаў Сімяон Полацкі ў вершы «Стиси краесогласнии ко пресветлейшему... царю и великому князю Алексию Михайловичю...». Сустракаюцца васьмірадкоўе ў творах В.Дуніна-Марцінкевіча («Гапон»), Ф.Багушэвіча («Дурны мужык, як варона», «Мая хата»), Я.Лучыны («Што думае Янка, везучы дровы ў горад»). Пашырана ў сучаснай бел. паэзіі — «Маім гераіням» П.Панчанкі, «Відаць, і ў цябе...» Р.Барадуліна, «Калыханка маме» Н.Мацяш і інш.