лазер з паўправадніковым крышталём у якасці рабочага рэчыва. Асаблівасці — высокая эфектыўнасць пераўтварэння эл. энергіі ў энергію кагерэнтнага выпрамянення, малая інерцыйнасць, магчымасць перастройкі даўжыні хвалі выпрамянення і інш.
У П.л. ўзбуджаюцца і выпрамяняюць (калектыўна) атамы крышт. рашоткі, што вызначае малыя памеры і кампактнасць прылады. У адрозненне ад лазераў інш. тыпаў у П.л. выкарыстоўваюцца выпрамяняльныя квантавыя пераходы паміж дазволенымі энергет. зонамі крышталёў (гл.Зонная тэорыя, Цвёрдае цела): пры рэкамбінацыі электронаў і дзірак вызваляецца энергія, якая выпрамяняецца ў выглядзе квантаў святла (люмінесцэнцыя) ці перадаецца ўсяму крышталю, як цеплавая энергія. У некаторых паўправадніках, напр. у арсенідзе галію, доля выпрамененай энергіі набліжаецца да 100%. Важнейшы спосаб пампоўкі ў П.л. — інжэкцыя праз p-n-пераход ці гетэрапераход (інжэкцыйны П.л.), што дазваляе непасрэдна пераўтвараць эл. энергію ў кагерэнтнае выпрамяненне. Інш. спосабы пампоўкі: эл. прабой (стрымерны П.л.), бамбардзіроўка электронамі (П.л. з электроннай пампоўкай) і аптычная пампоўка. П.л. выкарыстоўваюцца ў аптычнай сувязі і лакацыі, спец. аўтаматыцы, оптаэлектроніцы, тэхніцы спец. асвятлення (напр., скарасной фатаграфіі), для вызначэння забруджванняў і дамешкаў у розных асяроддзях, для лазернага праекцыйнага тэлебачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́ШЧА,
архітэктурна арганізаваная прастора, уключаная ў вулічную сетку населенага пункта і абмежаваная будынкамі, скверамі, паркамі або натуральным рэльефам (бераг ракі, яр, гара). Бываюць П. адм.-грамадскія, тэатр., прывакзальныя, мемарыяльныя (ствараюцца ў гонар вял.гіст. падзей, дзярж. дзеячаў, вучоных, майстроў мастацтва), П. гандл., трансп. і інш.Гал. П. або сістэма П. уваходзяць у склад ядра цэнтра горада, звычайна маюць вял.памеры, значныя прылеглыя пабудовы (адм.-грамадскія будынкі); служаць месцам масавых мерапрыемстваў. П., у кампазіцыю якіх уключаюцца творы архітэктуры, манум. скульптуры і жывапісу, часам утвараюць асн.арх. ансамблі, якія і вызначаюць аблічча населеных месцаў. П. рознага прызначэння могуць мець азеляненне па перыметры, у цэнтр.ч. (партэр) або мяшанае. Партэрная частка П. бывае звычайна ў выглядзе газона ці спалучаецца з дрэва-кустовымі насаджэннямі, кронам якіх надаюць геам. форму, або з курцінамі зялёных масіваў, што абрамляюць П.
Правобразам гар. П. былі парадныя прамавугольныя ў плане двары палацавых і храмавых комплексаў Крыта, Егіпта, Вавілоніі, Асірыі. У Стараж. Грэцыі прамавугольныя ў плане П. — агоры, Рыме — форумы. У сярэдневяковых гарадах П. мела нерэгулярны план, у перыяд барока і класіцызму — чатырохвугольныя, круглыя, складаных абрысаў, шматвугольныя і інш формы, часта сіметрычныя (П. св. Пятра ў Рыме, Трафальгарская ў Лондане, дэ Голя ў Парыжы). У рас. гарадах ствараліся крамлёўскія, гар., саборныя, гандлёвыя плошчы. Выдатныя ўзоры П. у Расіі створаны архітэктарамі класіцызму 18—19 ст. (Тэатральная ў Маскве, Дварцовая плошча ў С.-Пецярбургу і інш.).
На Беларусі П. вядомы са старажытнасці. З развіццём гар. паселішчаў як цэнтраў рамяства і гандлю, гал. ролю ў структуры гарадоў адыгрывалі гандл. П., вядомы яны і ў мястэчках. У 18 ст. ў гарадах на гал. П. узводзілі адм., гандл. і культавыя будынкі, стваралася ансамблевая забудова (Варнянскі архітэктурны ансамбль, Гарадніца, Пастаўскі архітэктурны ансамбль, Полацкая Парадная плошча). У канцы 18 — пач. 19 ст. многія гарады (Барысаў, Бабруйск, Віцебск, Мінск і інш.) былі распланаваны паводле рэгулярнай схемы, кампазіцыйныя восі іх складалі гал. вуліцы, на перасячэнні якіх ствараліся цэнтр. П. З 2-й пал. 20 ст. П. выконваюць ролю грамадскіх цэнтраў, маюць значныя памеры, вылучаюцца ансамблевасцю забудовы (Перамогі плошча, Якуба Коласа, Кастрычніцкая, Прывакзальная ў Мінску, Перамогі плошча ў Віцебску, пл. Цырыманіялаў у Брэсцкай крэпасці-героі, Тэатральная ў Магілёве, Будаўнікоў у Наваполацку).
Літ.:
Заславский Е.Л. Проблема формирования архитектурных ансамблей главных городских площадей // Стр-во и архитектура Белоруссии. 1981. №4;
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.
Плошча святога Пятра ў Рыме.Плошча Кастрычніцкая ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФРА́КЦЫЯ РЭНТГЕ́НАЎСКІХ ПРАМЯНЁЎ,
з’ява, што выяўляецца пры пругкім рассеянні рэнтгенаўскіх прамянёў крышталямі (або малекуламі вадкасцей і газаў), пры якім з першаснага пучка прамянёў узнікаюць другасныя адхіленыя пучкі той жа даўжыні хвалі.
Д.р.п. эксперыментальна выяўлена ням. фізікамі М.Лаўэ, В.Фрыдрыхам і П.Кніпінгам (1912) як доказ хвалевай прыроды рэнтгенаўскіх прамянёў. Крышталь з’яўляецца натуральнай трохмернай дыфракцыйнай рашоткай (адлегласці паміж атамамі аднаго парадку з даўжынёй хвалі λ); напрамак дыфракцыйных максімумаў у агульным выпадку падпарадкоўваецца ўмовам Лаўэ: a(cosα − cosα0) = hλ, b(cosβ − cosβ0) = kλ, c(cosγ − cosγ0) = lλ, дзе a, b, c — памерыкрышт. рашоткі, α0, β0, γ0 — вуглы, што ўтварае падаючы прамень, α, β, γ — рассеяны прамень з восямі крышталя, h, k, l — цэлыя лікі (індэксы Мілера). Дыфракцыйную карціну назіраюць на нерухомым крышталі з выкарыстаннем поліхраматычнага выпрамянення (Лаўэ метад), пры вярчэнні або ваганнях крышталя, а таксама на полікрышталях пры асвятленні монахраматычным выпрамяненнем (гл.Дэбая—Шэрэра метад). Д.р.п. выкарыстоўваецца для даследаванняў атамнай структуры рэчыва, рашэння задач матэрыялазнаўства, у рэнтгенаўскай спектраскапіі. Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз, Рэнтгенаграфія матэрыялаў.
Літ.:
Иверонова В.И., Ревкевич Г.П. Теория рассеяния рентгеновских лучей. 2 изд. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРААЎТАМА́ТЫКА,
комплекс тэхн. сродкаў для стварэння сістэм аўтаматычнага кіравання аб’ектамі і тэхнал. працэсамі з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам. Забяспечвае збор і апрацоўку інфармацыі, фарміраванне каманднага сігналу і пераўтварэнне яго ва ўздзеянне кіравання аб’ектам ці тэхнал. працэсам. У склад сродкаў гідрааўтаматыкі ўваходзяць помпы, фільтры, комплексныя ўстаноўкі забеспячэння рабочай вадкасцю, прыстасаванні для стабілізацыі рабочага ціску і інш. У якасці рабочай вадкасці выкарыстоўваюцца мінер. (найб. пашырана) і сінт. маслы, гліцэрына, вада.
Сістэмы і элементы гідрааўтаматыкі маюць высокую надзейнасць, невял. памеры і масу, забяспечваюць самазмазвальнасць агрэгатаў, бесступеньчатае рэгуляванне скарасцей (на хаду) з малой інерцыйнасцю і аўтам. засцярогай ад перагрузак, магчымасць работы ў цяжкіх знешніх умовах (напр., на машынах з высокімі ўзроўнямі вібрацый і ўдарных нагрузак) і інш.; часта спалучаюцца з пнеўматычнымі, эл., электроннымі прыладамі і прыстасаваннямі, напр., гідраўл. ўзмацняльнік з эл. кіраваннем (электрагідраўзмацняльнік); выкарыстоўваюцца ў мабільных с.-г. (напр., для аўтам. рэгулявання глыбіні апрацоўкі глебы, стабілізацыі работы сістэм крутасхільных трактароў), буд. і дарожных машынах, трансп. сродках, станках і інш.
На Беларусі праблемамі гідрааўтаматыкі займаюцца ў БПА, Гомельскім ВА «Гідрааўтаматыка» і інш.
Літ.:
Автоматика и автоматизация производственных процессов. Мн., 1985;
Гидропневмоавтоматика и гидропривод мобильных машин. Мн., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́БР (франц. calibre ад араб. форма),
1) К. зброі — адна з асн. велічынь, якая вызначае яе магутнасць. К. агнястрэльнай зброі — дыяметр канала ствала (у наразной зброі ў краінах СНД і інш. — адлегласць паміж процілеглымі выступамі нарэзаў, у ЗША, Вялікабрытаніі і інш. — паміж паглыбленнямі нарэзаў), а таксама найб. дыяметр снарада (міны, кулі). К. вызначаюць: у дзюймах (25,4 мм), лініях (2,54 мм) і міліметрах, часам у сотых (ЗША) або тысячных (Вялікабрытанія) долях дзюйма (напр., .22 азначае 5,6 мм). К. авіяц. бомбы — яе маса ў кілаграмах; К. паляўнічага ружжа — лік шаравых куль, адлітых з 1 англ. фунта (453,6 г) свінцу і ўкладзеных у адзін рад у канал ствала.
2) К. у метралогіі — бясшкальны вымяральны інструмент для кантролю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей. Бываюць гранічныя (для праверкі найбольшых і найменшых дапушчальных памераў гладкіх цыліндрычных, конусных, разьбовых і шліцавых паверхняў) і нармальныя, або шаблоны (для кантролю складаных профіляў).
3) К. у пракатнай вытворчасці — профіль адтуліны, утворанай выразамі (ручаямі) двух спалучаных валкаў пракатных. Прапусканнем праз такі К. надаюць металу, які пракатваецца, патрэбную форму і памеры.
У.М.Сацута.
Калібры: 1, 2 — гранічныя для праверкі гладкіх і разьбовых адтулін; 3 — калібр-скаба для праверкі гладкіх валоў; 4 — профільны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭМЛЬ,
цэнтральная ўмацаваная частка стараж.-рус. гарадоў. Упершыню згадваецца ў летапісе як «крэмнік» каля 1331. Да 14 ст. К. называлі дзядзінцам, у 16—17 — горад, град. Звычайна размяшчаўся на высокім месцы, часцей на беразе ракі ці возера. Спачатку ўзводзіліся земляныя і драўляныя ўмацаванні, з 11 ст. — мураваныя (з каменю ці цэглы, напр., у Ноўгарадзе з 1044, у Старой Ладазе з 1116, Пскове з 13 ст.), часта абкружаліся ровам з вадой. Плошча К. мела значныя памеры, тут звычайна знаходзіліся палац князя, гал. сабор, двары баяр і царк. знаці. Падкрэслены рэльефам, К. дамінаваў у забудове, быў градаўтваральным ядром стараж.-рус. горада, вызначаў яго сілуэт. Горад рос за кошт пасадаў і звязваўся з К. радыяльнымі вуліцамі. Шырокае буд-ва мураваных К. вялося ў 16—17 ст. Вядомы К. ў Пскове, Каломне, Туле, Ніжнім Ноўгарадзе, Казані, Смаленску, Растове, Суздалі, Ноўгарадзе, Табольску, Крэмль Маскоўскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́ДЗІ «НЕПАХО́ЖЫЯ»,
феадальна-залежныя сяляне ў ВКЛ, пазбаўленыя права на пераход ад аднаго феадала да другога. Юрыдычнае афармленне прыгоннага становішча Л.«н.» пачалося з прывілея 1447. Складалі асн. катэгорыю сельскага насельніцтва. У залежнасці ад павіннасцей падзяляліся на цяглых, чыншавых і інш. У некат. дакументах ВКЛ называліся отчычамі. У 15 ст. складалі ўжо значную частку сельскага насельніцтва, але яшчэ не большасць яго. Некат. дакументы 15 ст. разглядаюць Л.«н.» як прыналежнасць феад. маёнткаў. Гэта катэгорыя залежнага сялянства папаўнялася рознымі шляхамі найперш за кошт неаплатных даўжнікоў, якія не маглі разлічыцца з панам. Яшчэ адной крыніцай папаўнення Л.«н.» было закладніцтва. Паступова ў 16 ст. феадалы пашыралі права 10-гадовай земскай даўнасці на людзей«пахожых», якія, «засядзеўшы земскую даўнасць», пазбаўляліся права пераходу ў інш. мясцовасць. Так, катэгорыя Л.«н.» пашыралася за кошт скарачэння «пахожых» людзей. Калі паншчына стала асн. павіннасцю прыгоннага сялянства, Л.«н.» ўсё часцей у дакументах называюцца «людзьмі цяглымі», «людзьмі прыгоннымі». У канцы 16—1-й пал. 17 ст. пасля правядзення агр. рэформы вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста і аналагічнага правядзення валочнай памеры ў прыватнаўласніцкіх маёнтках Л.«н.» і людзі «пахожыя» зліліся ў адну групу прыгоннага сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15—18 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. У 15—16 ст. выраблялі гаршковую кафлю з крыжападобным, квадратным або круглым вусцем, пазней — каробчатую тэракотавую і паліваную (паліхромную і размаляваную), пакрытую зялёнай, светла- і цёмна-карычневай палівай. Тэракотавая кафля 16—17 ст. з рэльефнай вонкавай пласцінай без рамкі была паліхромная (пераважалі зялёны, сіні і белы колеры) або з 2-прыступкавай рамкай і раслінным арнаментам на вонкавай пласціне. У сярэдзіне — 3-й чвэрці 17 ст. яна мела рамку па краі вонкавай пласціны, багата аздаблялася раслінным арнаментам, у канцы 17 ст. рамка адсутнічала, аздаблялася барэльефным дывановым арнаментам; з пач. 18 ст. мела вял.памеры, з тоўстай вонкавай пласцінай, упрыгожанай раслінным або геральдычным арнаментам (высокі рэльеф). У кафлі 2-й пал. 18 ст. малюнак на вонкавай пласціне адсутнічаў. Паводле прызначэння М.к. падзялялася на сценную, карнізную (простую, складаную і вуглавую), паясную, каронкі (гарадкі). У аздабленні пашыраны расл., геральдычны, геам., зааморфны, сюжэтны арнаменты. У 2-й пал. 17 ст. мсціслаўскія цаніннікі (найб. вядомы С.Палубес) працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выраблялі арх. кафлю.
А.А.Трусаў.
Да арт.Мсціслаўская кафля. Паліваная кафля з геральдычнай выявай. 18 ст.Да арт.Мсціслаўская кераміка. Фрагменты керамічнага посуду сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАА́ТАМ,
атам, у якім адзін з электронаў абалонкі заменены адмоўнымі мюонам (μ–) ці адронам (π–-, K−-мезонамі ці інш.). Існаванне М. прадказаў амер. фізік Дж.Уілер у 1949 (эксперыментальна даказана ў 1970).
Утвараюцца пры тармажэнні пучкоў зараджаных часціц у рэчыве і захопе іх кулонаўскім полем ядра на мезаатамныя ўзроўні энергіі. Пры гэтым М. знаходзіцца ў высокаўзбуджаным стане, з якога ён пераходзіць у асн. стан з выпрамяненнем гама-квантаў або электронаў. У М. мезоны знаходзяцца ў сотні разоў бліжэй да ядра, чым электроны, напр., радыус бліжэйшай да ядра арбіты μ– у М. свінцу амаль удвая меншы за радыус ядра, г. зн., што ў такім М. μ асн. частку часу праводзіць унутры ядра атама. Найб. вывучаны М., якія складаюцца з пратона і μ-, π–- ці K−-мезона. Такія М. могуць пранікаць унутр электронных абалонак атамаў, набліжацца да іх ядраў і выклікаць шматлікія працэсы: утварэнне мезамалекул, каталіз ядз. рэакцый, перахоп мезонаў ядрамі інш. атамаў. Спецыфіка захопу і выпрамянення мезонаў дазваляе вывучаць хім. структуру малекул, памеры і форму ядраў, размеркаванне пратонаў і нейтронаў у ядрах.
Літ.:
Ким Е.М. Мезонные атомы и ядерная структура: Пер. с англ.М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМЕННАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,
сукупнасць метадаў апрацоўкі сыравіны, матэрыялаў і вырабаў патокамі плазмы. Працэсы П.т. грунтуюцца на фіз., хім. і змешаным механізмах уздзеяння кампанентаў плазмы на апрацаваны матэрыял; выконваюцца пры нармальным (атмасферным) ці павышаным ціску, а таксама ў вакууме.
Дазваляе змяняць форму, памеры, структуру апрацаванага вырабу, стан яго паверхні. Уключае плазменнае нанясенне на паверхню цвёрдых цел тонкіх плёнак металаў, паўправаднікоў, дыэлектрыкаў і інш. матэрыялаў, змены фіз. або хім. уласцівасцей, а таксама выдаленне (траўленне) плёнак і прыпаверхневых слаёў. У тэхналогіі электроннага машынабудавання найб. пашыраны плазменныя працэсы, якія ажыццяўляюцца ў вакууме, што забяспечвае найменшыя забруджванні матэрыялаў і вырабаў, добрую ўзнаўляльнасць вынікаў і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах П.т. распачаты ў 1950-я г. ў БДУ і Фіз.-тэхн. ін-це Нац.АН; вядуцца ў Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі, Ін-це цепла- і масаабмену Нац.АН, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, БПА і інш. Распрацаваны метады і створана апаратура для электрадугавога сінтэзу і перапрацоўкі розных матэрыялаў, у т. л. для утылізацыі ядахімікатаў, плазменныя прылады для атрымання ахоўных і дэкар. слаёў на паверхні буд. матэрыялаў, плазменнага нанясення на вырабы алмазападобных пакрыццяў і інш.