КІ́ШКА Януш Станіслававіч (каля 1568—13.1.1654),

вайсковы і дзярж. дзеяч ВКЛ. З роду Кішкаў. Вучыўся ў Падуі (Італія, 1624—26). Кальвініст, перайшоў у каталіцтва. З 1604 на вайск. службе. Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, у т. л. Кірхгольмскай бітвы 1605, вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, вайны з Турцыяй, у т. л. Хацінскай бітвы 1621. З 1610 староста парнаўскі, з 1621 ваявода полацкі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 абараняў Полацк (1633), вёў баі пад Смаленскам. З 1635 гетман польны, з 1640 староста дрыскі, з 1646 гетман вялікі ВКЛ.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЕР (Kruger) Паўлус (10.10.1825, Ваалбанк каля г. Колсберг, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 14.7.1904),

паўднёваафрыканскі дзярж. дзеяч. З 1864 ген. камендант рэспублікі Трансвааль. Пад яго кіраўніцтвам у 1880 паўсталі афрыканеры (буры) Трансвааля і Аранжавай рэспублікі, якія ў 1881 дамагліся ад англічан прызнання сваёй незалежнасці. У 1883—1902 прэзідэнт Трансвааля. Імкнуўся абараніць бурскую рэспубліку ад калан. экспансіі Вялікабрытаніі. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 пасля акупацыі англічанамі сталіцы Трансвааля г. Прэторыя (чэрв. 1900), намагаўся знайсці падтрымку нац.-вызв. барацьбы бураў у краінах Еўропы. Ініцыятар стварэння нац. парку на У Трансвааля (1898). Аўтар мемуараў (1902).

т. 8, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЕ́ЙЧЫК Апанас Кузьміч (1900, в. Радуцічы Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 1921),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў час польскай інтэрвенцыі. З 1919 вёў падп. работу ў Слуцкім і Бабруйскім пав. Вясной 1920 у раёне Старых Дарог арганізаваў некалькі партыз. атрадаў, якія разбурылі чыг. ст. Дараганава, мост цераз Пціч, пусцілі пад адхон варожы эшалон, перадавалі камандаванню Чырв. Арміі звесткі разведкі, вялі агітац. работу сярод сялян. У чэрв. 1920 партыз. атрад П. разам з Чырв. Арміяй удзельнічаў у фарсіраванні Бярэзіны каля мяст. Ялізава і вызваленні Асіповіч. З ліп. 1920 на парт. рабоце. Забіты бандытамі.

т. 11, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РНЫЯ ДУ́ДКІ, парнёўка, дудкі,

старажытны бел. народны духавы муз. інструмент тыпу падоўжнай свістковай флейты. Інш. назвы: пасвісцелі, сапілка, гуслі. Складаюцца з 2 драўляных дудак рознай даўжыні з трыма ігравымі адтулінамі на кожнай. Тыповы гукарад сяміступенны, утвараецца 2 тэтрахордамі з 1 агульным гукам. Гучанне камернае, светлае, мяккага тэмбру. У час ігры дудкі трымаюць пад вуглом. П.д. гучалі на бяседах, хрэсьбінах, вяселлях, пры ваджэнні карагодаў. Выкарыстоўвалі звычайна як сольны інструмент і для суправаджэння спеваў, часам у ансамблі са скрыпкай. На іх выконвалі мелодыі абрадавых і пазаабрадавых песень, радзей танцавальныя. Былі найб. пашыраны на Магілёўшчыне.

Р.​Дз.​Назіна.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЧВА́РНАСЦЬ, тэратаморфа,

крайняя форма анамаліі развіцця, стойкія марфал., біяхім. і функцыян. парушэнні антагенезу, пераважна эмбрыягенезу. Вывучае тэраталогія. Да П. ў чалавека адносяць заечую губу, нераздзеленых блізнят, шасціпальцасць і інш. Бывае спадчынная (абумоўлена мутацыямі, неразыходжаннем храмасом, інш. зменамі генет. апарату) і неспадчынная (узнікае пад уздзеяннем тэратагенаў — агентаў хім., фіз. і біял. прыроды — на зародак у час развіцця). У жывёл трапляюцца двухгаловыя цяляты, парасяты; цяляты з двайным тулавам ці 2 парамі задніх канечнасцей; рыбы з падвоеным хвастом ці галавой; пчолы з недаразвітымі крыламі і інш. У раслін да П. адносяць анамальнае развіццё каранёў, лісця, кветак, суквеццяў, пладоў і інш.

т. 12, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКІ́ТНЫ Мікола (сапр. Новікаў Мікалай Ісакавіч; 15.4.1920, в. Петрыцкае Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 2.8.2000),

бел. пісьменнік. Скончыў Віцебскае маст. вучылішча (1940).

З 1946 працаваў у газ. «Звязда», у 1949—80 у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1944. Аўтар зб-каў апавяд. «Ранняй вясною» (1952), «Вячэрнія зоры» (1956), «Селькоры» (1958), «Пад адным дахам» (1961), «Была вясна...» (1964), «Сярод людзей сваіх» (1967), «Вясковыя навелы» (1969), «Засмужаная далеч» (1979), «У буйным свеце лотаці» (1989). Апавяданні вызначаюцца псіх. дакладнасцю, цэласнасцю задумы, выразнай мовай герояў. Аўтар нарысаў, фельетонаў.

Тв.:

Выбранае. Мн., 1972;

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1980.

т. 13, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНІ́Т, насмарк,

запаленне слізістай абалонкі носа. Бывае востры, хранічны, алергічны. Часта з’яўляецца сімптомам інфекц. хвароб (адру, грыпу, дыфтэрыі і інш.). Востры Р. узнікае пад уплывам агульнага і мясц. пераахаладжэння, мех. і хім. раздражняльнікаў, суправаджаецца чханнем, агульнай слабасцю, серознымі выдзяленнямі з носа. Хранічны Р. бывае пасля шматразовага вострага Р. і прыводзіць да разрастання (гіпертрафіі) або атрафіі слізістай. Прычына алергічнага Р. — уплыў на слізістыя абалонкі носа алергенаў рознага паходжання (бактэрыяльных, быт., грыбковых, расл., жывёльных і інш.). Яго працяканне прыступападобнае; у час прыступу — сверб у носе, частае чханне, вадзяністыя выдзяленні, заложанасць. Лячэнне: тэрапія, фізіятэрапія. Сярод жывёл на Р. часцей хварэе маладняк.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВА́СТЫКА (санскр.),

знак у выглядзе крыжа з загнутымі пад прамым вуглом канцамі. Першапачаткова меў культавае значэнне ў некат. стараж. народаў; атрымаў распаўсюджанне як арнаментальны матыў у мастацтве Індыі, Кітая, Японіі, Грэцыі, на в-ве Сіцылія і інш. (выявы С. на стараж. вазах, манетах, помніках сярэдневяковага мастацтва). Некат. гаршкі 11—13 ст., знойдзеныя пры раскопках стараж. гарадоў Беларусі, мелі на донцах рэльефнае кляймо ў выглядзе С. Напярэдадні і ў час 2-й сусв. вайны (1939—1945) С. выкарыстоўвалася як цэнтр. элемент кампазіцыі дзярж. сцяга фаш. Германіі, стала эмблемай нацызму, сімвалам варварства, насілля, генацыду.

т. 14, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКАЯ Вера Кліменцьеўна (сапр. Берта Браніславаўна; 17.9.1874, Мінск — 12.11.1917),

удзельніца рэв. руху на Беларусі. З 1901 чл. Бунда, з 1902 чл. РСДРП(б). У 1898 зняволена, потым жыла ў Мінску пад наглядам паліцыі, у 1901 за рэв. агітацыю выслана ў мяст. Мір, у рэвалюцыю 1905—07 у Мінску. З 1909 у эміграцыі. З 1913 на парт. рабоце ў Пецярбургу. У 1917 чл. Петраградскага гар. к-та, сакратар Васільевостраўскага райкома РСДРП(б), чл. жаночага бюро ЦК РСДРП(б), чл. выканкома Петраградскага Савета. Загінула каля Царскага Сяла ў час наступлення войск Керанскага—Краснова на Петраград. Яе імем названа вуліца ў Мінску.

т. 15, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́ЙКАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1941—жн. 1943 у в. Стайкі і Свістуны Багушэўскага (цяпер Аршанскага) р-на Віцебскай вобл. пад кіраўніцтвам Багушэўскага падп. райкома КП(б)Б. Падпольшчыкі (59 чал., кіраўнікі М.​М.​Дзятлоўскі, У.​Т.​Рыжыкаў) вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, зрывалі аднаўленне чыгункі Орша — Віцебск, работу лесапільні, захапілі нарабаваныя акупантамі і перадалі партызанам адзенне і абутак, ратавалі людзей ад вывазу ў Германію, збіралі і перадавалі партызанам боепрыпасы, медыкаменты, харч. прадукты, разведданыя. За час дзейнасці загінулі 23 падпольшчыкі, астатнія пайшлі да партызан.

т. 15, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)