МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МАЖ; International Organization of Journalists). Існавала ў 1946—92. Засн. на кангрэсе ў Капенгагене (Данія). Правапераемніца Міжнар. федэрацыі журналістаў саюзных і свабодных краін (засн. ў 1941). Аб’ядноўвала журналісцкія арг-цыі 34 краін, а таксама індывід. членаў з 30 краін. Штаб-кватэра знаходзілася ў Празе. Мела друкаваны орган «Le Journaliste démocratique» («Дэмакратычны журналіст») на рус., англ., франц., ісп. мовах. Саюз журналістаў СССР уваходзіў у МАЖ з 1959. У 1946 група журналістаў зах. краін выйшла з МАЖ і стварыла Міжнародную федэрацыю журналістаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ ФЕДЭРА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МФЖ; International Federation of Journalists). Засн. ў 1952 як альтэрнатыва Міжнароднай арганізацыі журналістаў (МАЖ) журналісцкімі арг-цыямі дзяржаў, якія ў 1946 выйшлі з МАЖ. Яе мэты: абарона свабоды друку, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў, збор, захаванне, публікацыя статыстычных і інш. дакументаў, што ўяўляюць цікавасць з прафесійнага пункту погляду. Вышэйшы орган — кангрэс, паміж кангрэсамі — кіруючае бюро. Штаб-кватэра ў Бруселі (Бельгія). Выдае штоквартальны інфармацыйны бюлетэнь «IFJ Information» («Інфармацыя МФЖ») на англ., ням. і франц. мовах, а таксама неперыядычныя выданні пераважна прафес. характару.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІ́НСКАЯ ПРА́ЎДА»,
грамадска-паліт. газета, орган Мінскага аблвыканкома і абл. Савета дэпутатаў. Выдаецца з 1.11.1950 у Мінску; спачатку на бел., з 1990 — на бел. і рус. мовах 3—5 разоў на тыдзень. Асвятляе пытанні грамадска-паліт., эканам. і культ. жыцця Мінска і Мінскай вобласці. Матэрыялы змяшчаюцца пад рубрыкамі: «Ідэя, пошук, прадпрымальніцтва», «Спажывецкі рынак», «Галерэя», «Спадчына», «Тэатральны бінокль», «Анонс» і інш. З публіцыстычнымі артыкуламі выступаюць вядомыя дзеячы культуры, мастакі, крытыкі, друкуюцца новыя творы майстроў слова, творы маладых аўтараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З ПРАДПРЫМА́ЛЬНІКАЎ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ, Беларускі саюз прадпрымальнікаў,
арганізацыя, якая аб’ядноўвае кіраўнікоў прыватных прадпрыемстваў і грамадскіх аб’яднанняў, прадпрымальнікаў, журналістаў, эканам. і юрыд. экспертаў, абараняе іх правы-і законныя інтарэсы. Створаны ў чэрв. 1991. Кіруючы орган — з’езд, які выбірае савет, прэзідэнта і віцэ-прэзідэнтаў саюза. Асн. кірункі дзейнасці: прадстаўленне інтарэсаў прыватнага бізнесу ў перагаворах з урадам, парламентам і прафсаюзамі; стварэнне прававога механізму забеспячэння абароны правоў прадпрымальнікаў; наладжванне кантактаў з міжнар. аб’яднаннямі прадпрымальнікаў і работадаўцаў; садзейнічанне экспарту прадукцыі і паслуг чл. саюза і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІ́ДЫЯ (ад грэч. basidion фундамент),
орган палавога споранашэння ў базідыяльных грыбоў. Утвараецца на канцах дыкарыятычных гіфаў з двух’ядровых клетак. Бываюць: аднаклетачныя (холабазідыі), складзеныя з дзвюх частак (гетэрабазідыі), падзеленыя на 4 клеткі папярочнымі перагародкамі (фрагмабазідыі, або склерабазідыі). У прымітыўных відаў узнікаюць непасрэдна на міцэліі або пры прарастанні спец. клетак (тэліяспораў), у больш высокаарганізаваных — на паверхні ці ў сярэдзіне пладовых цел. На кожнай з іх экзагенна развіваюцца па 2—4 базідыяспоры. У час развіцця базідыя нагадвае сумку. У базідыі завяршаецца палавы працэс — зліваюцца ядры дыкарыёна і дыплоіднае ядро рэдукцыйна дзеліцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНК МІЖНАРО́ДНЫХ РАЗЛІ́КАЎ (Bank for International Settlements; БМР),
міжнароднае акцыянернае таварыства. Створана ў 1930. Члены — цэнтр. банкі 30 еўрап. краін, а таксама Аўстраліі, ЗША, Канады, ЮАР, Японіі. Вышэйшы орган — агульны сход кіраўнікоў банкаў. Месца знаходжання — Базель (Швейцарыя). Мэта: спрыяць супрацоўніцтву паміж цэнтр. банкамі і забяспечваць дадатковыя спрыяльныя ўмовы для міжнар. разлікаў. Праводзіць крэдытныя, валютныя і арбітражныя аперацыі з цэнтр. банкамі і міжнар.эканам. Арг-цыямі, з 1986 і міжнар. клірынгавыя разлікі ў ЭКЮ. З’яўляецца дапаможным еўрап. органам Міжнар. валютнага фонду і Міжнар. банка рэканструкцыі і развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХАІ́ЗМ, бехаізм,
рэлігійна-палітычнае вучэнне. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст. ў Іраку як форма бурж. рэфармацыі ісламу. Яго заснавальнік Мірза Хусейн Алі (1817—92) называў сябе Баха Алах і атаясамліваўся з богам, намагаўся стварыць універсальную рэліг. сістэму. У канцы 19 — пач. 20 ст. бахаізм распаўсюдзіўся па ўсім свеце, у т. л. ў Расіі. Існуе больш як у 160 краінах, на Беларусі зарэгістраваны ў 1992. Сучасныя бахаісты прапаведуюць ідэі касмапалітызму, грамадскай дыферэнцыяцыі, эканам. прагматызму. Цэнтр. кіруючы орган бахаізму — «Сусветны дом справядлівасці» знаходзіцца ў Хайфе (Ізраіль).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НІ́ВА»,
газета, органБеларускай сялянска-работніцкай грамады. Выдавалася з 18.11.1925 да 16.3.1926 у Вільні на бел. мове тры разы на тыдзень. Адна з самых паслядоўных газет грамады. Адлюстроўвала паліт. і эканам. становішча Зах. Беларусі, пісала пра школьную справу ў Зах. Беларусі, унутраную і знешнюю палітыку польскіх улад, заклікала да саюзу рабочых і сялян у барацьбе за свае правы. Змяшчала рэпартажы з залы пасяджэнняў польскага сейма, прамовы і запыты бел. паслоў. Мела каля 3 тыс. падпісчыкаў. Выйшла 35 нумароў, 4 канфіскаваны. Закрыта ўладамі.
Грамада, партыя сацыял-дэмакр. кірунку. Створана ў сак. 1991. Працягвае традыцыі Беларускай сацыялістычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. БСДГ заяўляе, што яна левацэнтрысцкая партыя парламенцкага тыпу, якая лічыць прыярытэтнымі кірункамі сваёй дзейнасці прапаганду і абарону агульначалавечых каштоўнасцяў, ідэалаў сацыял-дэмакратыі, сац. абарону чалавека працы. Мэта яе дзейнасці — пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сац.бел. дзяржавы як раўнапраўнага суб’екта еўрап. і сусв. супольнасці. Філіі і суполкі БСДГ дзейнічаюць ва ўсіх абл. цэнтрах і многіх гарадах Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ ЗВОН»,
газета, орган Цэнтральнага саюза бел. культурных і гаспадарчых арг-цый. Выдавалася штотыднёва з 6.1.1931 да 2.12.1932 у Вільні на бел. мове. Змяшчала матэрыялы пра паліт.-эканам. і культ. жыццё ў Польшчы, Зах. Беларусі, БССР, пра дзейнасць бел.культ. і навук. устаноў і арг-цый, артыкулы па гісторыі Беларусі, пра яе выдатных людзей. Выступала супраць КПЗБ. Напярэдадні прыходу да ўлады ў Германіі Гітлера заклікала падтрымліваць нацыянал-сацыялістаў Германіі. Мела матэрыяльную падтрымку ад улад. Рассылалася бясплатна. Выйшла 58 нумароў. Спыніла існаванне з-за распаду «Цэнтрасаюза».