клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў. 3 падкласы: пярэдняшчэлепныя (Prosobranchia), задняшчэлепныя (Opisthobranchia) і лёгачныя (Pulmonata). Каля 90 тыс. марскіх, прэснаводных і наземных відаў, каля палавіны з іх выкапнёвыя. На Беларусі 51 від, у т. л. 20 відаў наземных і 31 водных смаўжоў. Найб. пашыраны балацянікі, бітынія, жывародкі, вальваты, вінаградны смоўж, катушкі, слізнякі, хмызняковы смоўж.
Цела асіметрычнае, укрыта ракавінай розных памераў (выш. 0,5 мм — 70 см) і формаў (высокаканічныя, плоскаспіральныя, сподачкападобныя), складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай-мантыяй, нагі. Галаву ўцягваюць у ракавіну. Нага з поўзальнай падэшвай; плаўнае слізганне па субстраце аблягчаецца сліззю. Органы дыхання — шчэлепы або лёгачныя мяшкі. Стрававальны тракт — рот з цёркай (радула), стрававод, страўнік са страўнікавай залозай, кішка з анальнай адтулінай. Сэрца мае жалудачак і 1—2 перадсэрдзі. Крывяносная сістэма незамкнёная, нерв. складаецца з 5 пар нерв. гангліяў (вузлоў). Ёсць органы зроку, раўнавагі, дотыку (шчупальцы), хім. адчувальнасці. Раздзельнаполыя або гермафрадыты; ганада адна, апладненне ўнутранае. Расліннаедныя, дэтрытаедныя, драпежнікі і паразіты. Водныя бруханогія малюскі — корм для рыб; удзельнічаюць у біял. ачышчэнні вадаёмаў, прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей. Некаторыя бруханогія малюскі — аб’ект промыслу, наземныя — шкоднікі с.-г. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТАБАЛІ́ЗМ (ад грэч. katabolē скіданне, разбурэнне),
дысіміляцыя, сукупнасць хім. працэсаў у жывым арганізме, якія забяспечваюць раскладанне ў ім уласных і тых, што паступілі з ежай (кормам), складаных арган. рэчываў на больш простыя. Непарыўна звязаны з анабалізмам і абменам энергіі ў арганізме. Суправаджаецца паступовым вызваленнем назапашанай у хім. сувязях буйных малекул энергіі, якая выкарыстоўваецца ў арганізме на сінтэз новых арган. злучэнняў, забеспячэнне працэсаў жыццядзейнасці (скарачэнне мышцаў, правядзенне нерв. імпульсаў, падтрыманне т-ры пела, асматычнага ціску і інш.) або назапашваецца ў форме багатых энергіяй фасфатных сувязей, пераважна адэназінфосфарнай кіслаты (гл.Акісленне біялагічнае). Цэнтр. месца ў К. займаюць гліколіз, браджэнне і працэс дыхання. Асн. канчатковыя яго прадукты — вуглякіслы газ, вада, аміяк, мачавіна, малочная кіслата. Як правіла, К. забяспечваецца спецыфічным наборам ферментаў. Шэраг прамежкавых прадуктаў, якія пры гэтым утвараюцца (напр. ацэтылкаэнзім А), звязваюць К. і анабалізм у адзінае цэлае, абумоўліваюць іх узаемазалежнасць і ўзаемаабумоўленасць. У высокаарганізаваных арганізмаў у рэгуляцыі К. акрамя ферментаў удзельнічаюць гармоны і інш. біялагічна актыўныя злучэнні, нерв. сістэма (гл.Нейрагумаральная рэгуляцыя). Паталагічнае павышэнне ўзроўню К. выяўляецца схудненнем, дыстрафіяй і інш. знешнімі прыкметамі і станам арганізма. Многія прыродныя і сінтэтычныя рэчывы, здольныя павышаць ці паніжаць інтэнсіўнасць К., выкарыстоўваюць як лек. сродкі ў тэрапіі хвароб абмену рэчываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАК ((Bacq) Зянон Марсель) (н. 31.12.1903, г. Ла-Луўер, Бельгія),
бельгійскі фізіёлаг, фармаколаг і радыебіёлаг. Чл. Каралеўскай бельг. акадэміі навук, л-ры і выяўл. мастацтва і Бельгійскай каралеўскай мед. акадэміі (1946). Замежны чл.АНСССР (1958). Праф. (1934). Скончыў Брусельскі ун-т (1927). У 1929—30 у Гарвардскай мед. школе (ЗША), з 1932 у Льежскім ун-це. Заснавальнік параўнальнай фармакалогіі. Стварыў школу радыебіёлагаў-патолагаў. Навук. працы па таксікалогіі і біяхіміі нерв. працэсаў.
Тв.:
Рус.пер. — Химическая защита от ионизирующей радиации. М., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́РШТАНАС (Birštonas),
горад у Літве, на р. Нёман (Нямунас), за 39 км ад Каўнаса. Вядомы з 14 ст. 4,1 тыс.ж. (1992). Бальнеалагічны і кліматычны курорт. 2 санаторыі. Краязнаўчы музей. Мінер. крыніцы вядомы з 18 ст.; інтэнсіўна выкарыстоўваюцца з 19 ст. ў лек. мэтах (піццё, ванны, арашэнні) пры хваробах страўнікава-кішачнага тракту, печані, з тарфянымі гразямі мясц. радовішчаў — пры лячэнні хвароб гінекалагічнай, апорна-рухальнай, перыферычнай нерв.сістэм.Вял. маляўнічы парк з гарой Вітаўтаса. Побач з Бірштанасам заказнік Пунайскі бор, турбаза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЙТАН (Brighton),
горад на Пд Вялікабрытаніі, на беразе праліва Ла-Манш. Засн. ў 1750. З 1782 тут была рэзідэнцыя прынца Уэльскага, пазней караля Георга IV. 143 тыс.ж. (1989). Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. эл.-тэхн.), харч., мэблевая, паліграф., швейная, фармацэўтычная. Ун-т. Прыморскі кліматычны курорт. Мяккі, умерана вільготны клімат спрыяльны для лячэння органаў дыхання, руху і апоры, расстройстваў нерв. сістэмы. Шматлікія санаторыі, атэлі, вілы, палацы. Арх. помнікі 18 — пач. 19 ст., у т. л. Каралеўскі павільён (1811).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТАНІ́Я (ад гіпер... + грэч. tonos напружанне),
павышэнне напружанасці (тонусу) мышцаў і інш. тканак і органаў. Бывае пры парушэнні метабалізму і электралітнага абмену ў мышачных валокнах ці пры расстройствах нерв.-эндакрыннай рэгуляцыі тонусу. Тэрмін гіпертанія азначае таксама павышаны крывяны (артэрыяльны) ціск, сімптом гіпертанічнай хваробы і інш. сасудзістых хвароб. Адрозніваюць гіпертанію пры гіпертанічнай хваробе, сімптаматычную, якая з’яўляецца сімптомам асн. хваробы (нырачная, эндакрынная, цэрэбральная і інш.), і часовую (гіпертэнзію) ад псіхічных, тэмпературных, болевых уздзеянняў і фіз. працы. Часовая гіпертанія не выклікае гемадынамічных і марфалагічных змен.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАФАМІ́Н, 3,4-дыоксіфенілэтыламін,
медыятар нерв. сістэмы з групы катэхоламінаў, нейрагармон, C6H3(OH)2CH2CH2(NH2). У многіх беспазваночных нейроны, якія выкарыстоўваюць Д. як медыятар (дафамінэргічныя), часта канцэнтруюцца ў перыферычных чуллівых утварэннях, у больш высокаарганізаваных прадстаўнікоў уключаюцца ў склад цэнтр. гангліяў (інтэрнейроны). Дафамінэргічныя нейроны пазваночных утвараюць некалькі скопішчаў, пераважна ў сярэднім мозгу і гіпаталамусе, ёсць у нюхальных цыбулінах і сятчатцы. Д. — прадуцэнт храмафінных клетак, радзей — клетак іншага паходжання (напр., клеткі злучальнай тканкі ў жвачных). Функцыя Д. ў міжклетачных узаемадзеяннях ажыццяўляецца праз дафамінавыя рэцэптары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ГЕЛЬ (Іван Міхайлавіч) (19.3.1830, маёнтак Залессе, Віцебская вобл. — 29.8.1916),
расійскі фармаколаг. Ганаровы чл.Ваен.-мед. акадэміі, Казанскага і Тартускага ун-таў, замежных акадэмій і таварыстваў. Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1854). З 1869 праф. Казанскага ун-та. Навук. працы па праблемах уздзеяння лек. сродкаў на сардэчна-сасудзістую і нерв. сістэмы. Упершыню вызначыў магчымасць рэфлекторнага спынення дзейнасці сэрца шляхам раздражнення слізістай абалонкі носа парай хлараформу.
Тв.:
Сравнительная анатомия, физиология и фармакология сердца. Казань, 1895;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЫЯСІНКРАЗІ́Я (ад грэч. idios свой, своеасаблівы + synkrasis змешванне),
празмерная індывідуальная рэакцыя на раздражняльнікі, якія ў большасці людзей не выклікаюць падобных з’яў. У аснове І. прыроджаная павышаная адчувальнасць вегетатыўнай нерв. сістэмы да пэўных раздражняльнікаў ці рэакцыя арганізма на паўторныя слабыя ўздзеянні рэчываў, што не здольныя выпрацоўваць у ім антыцелы. У адрозненне ад алергіі І. можа развівацца і ад першага кантакту з раздражняльнікамі. Прыкметы І.: галаўны боль, павышэнне т-ры цела, часам псіхічнае ўзбуджэнне, расстройствы функцыі органаў стрававання, ацёк слізістых абалонак і скуры, крапіўніца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬСНАЯ ТЭРАПІ́Я,
лячэнне хвароб з выкарыстаннем імпульсаў эл. току, ультрагуку, светлавых, механічных, эл.-магнітных і інш.). Віды І.т.: электрастымуляцыя нерв.-мышачнага апарату, кардыястымуляцыя (у т. л. з мэтай дэфібрыляцыі сэрца пры цяжкіх парушэннях рытму сардэчнай дзейнасці), ультрагукавая тэрапія, электрасон і інш. Таксама І.т. называюць выкарыстанне высокіх доз гармонаў, часцей глюкакартыкоідаў, з мэтай «тэрапіі адчаю», калі тэрмінова неабходна памяняць вострае, пагражальнае для жыцця цячэнне хваробы на непагражальнае. Ужываецца пры цяжкай форме астматычнага статусу, анафілактычнага шоку, дысемінаванай ваўчанкі і інш.